Прыбіраць у пакоі для пэрсаналу заўсёды пагана. Ніхто не паверыць, якія рэчы мне даводзілася прыбіраць на гэтых сходах: жахлівыя атруты, якія выпрацоўваюцца проста з пораў скуры, а ў паветры кіслотная пара, якая можа разьесьці чалавека. Бачыў і такое.
Я быў на сходах, дзе ножкі сталоў расьцягваліся і выгіналіся, крэслы завязваліся вузламі, а сьцены церліся адна аб адну так, што з пакою можна было пот выкручваць. Быў на сходах, дзе яны так доўга гаварылі пра пацыента, што той зьяўляўся з паветра, голы на стале перад імі, і яны маглі задавальняць на ім любыя пачварныя фантазіі; яго шмаравалі невядома якой брыдотай да канца сходу.
Вось таму я й патрэбны на такіх сходах, бо там можа быць столькі бруду, што некаму трэба прыбіраць. Пакой для пэрсаналу адчыняецца толькі падчас сходаў, таму прыбіраць павінны нехта, каго яны лічаць няздольным расказаць іншым, што тут адбываецца. А гэта якраз я. Я гэтым займаюся ўжо так доўга — падціраю, мяту і мыю гэты пакой, як калісьці драўляны пакой для пэрсаналу ў старой больніцы, — што звычайна яны мяне нават не заўважаюць. Я рухаюся па сваіх абавязках, а яны глядзяць скрозь мяне, быццам мяне няма — калі б я там не зьявіўся, яны б хіба толькі заўважылі, што ў паветры ня боўтаюцца вядро і губка.
Але гэтым разам, калі я грукаюся ў дзьверы і Вялікая Сястра зазірае ў вочка, яна ўглядаецца ў мяне і адчыняе пазьней, чым звычайна, каб упусьціць мяне ў пакой. Яе твар набыў ранейшую форму, мне ён здаецца не слабейшым, чым дасюль. Усе астатнія кладуць цукар у каву і «страляюць» цыгарэты, як звычайна перад сходам, але ў паветры напруга. Спачатку думаю, што гэта празь мяне. Потым заўважаю, што Вялікая Сястра нават не прысела, нават не ўзяла сабе кавы.
Яна прапускае мяне ў дзьверы і зноў коле вачыма, калі я праходжу побач. Замыкае дзьверы, разварочваецца і яшчэ крыху глядзіць на мяне. Ведаю, што яна мяне падазрае. Я спадзяваўся, што яна будзе занадта ўстурбаваная непакорай Макмэрфі, каб зьвяртаць нейкую ўвагу на мяне, але яна зусім не выглядае расхваляванай. Галава ў яе працуе цьвяроза, і яе дзівіць, як жа ж гэты містэр Бромдэн пачуў, што пацыент Макмэрфі заклікае яго падняць руку, каб прагаласаваць? Яе дзівіць, як ён дацяміў адкласьці швабру і сесьці разам з вострымі перад тэлевізарам. Ніхто іншы з хронікаў так не зрабіў. Яна задае сабе пытаньне, ці ня час ужо зрабіць невялічкую праверку гэтаму Правадыру Бромдэну.
Паварочваюся да яе сьпінай і ўгрызаюся губкай у кут пакою. Падымаю губку над галавой, каб усе бачылі, якой зялёнай гразюкай яна пакрытая і як упарта я працую; потым нагінаюся і шарую мацней, чым калі. Але як бы цяжка я ні працаваў і як бы ні спрабаваў зрабіць выгляд, што не заўважаю ейнай прысутнасьці ззаду, я ўсё роўна адчуваю, як яна стаіць ля дзьвярэй і сьвідруе мне чэрап. Праз хвіліну яна ўжо амаль прабівае яго наскрозь — я ўжо амаль здаюся і гатовы крычаць, расказаць ім усё, калі яна не адвядзе ад мяне вачэй.
Тут яна заўважае, што на яе таксама глядзяць — увесь астатні пэрсанал. Як яна задае сабе пытаньні пра мяне, гэтак астатнія ў думках пытаюцца пра яе і пра тое, што яна зьбіраецца рабіць з тым рудым у дзённым пакоі. Глядзяць, каб даведацца, што яна скажа пра яго, і іх не хвалюе нейкі індзейскі прыдурак на карачках у куце. Яе чакаюць, таму яна адводзіць ад мяне позірк, ідзе, бярэ сабе кавы, сядае і памешвае цукар у кубачку так акуратна, што лыжачка нават ні разу не кранаецца сьценак.
Сход запускае доктар.
— Так, грамада, ці можам мы нарэшце пачынаць?
Ён усьміхаецца, аглядаючы практыкантаў, якія пацягваюць каву. Намагаецца не глядзець на Вялікую Сястру. Яна сядзіць так ціха, што ён ад гэтага нэрвуецца і тузаецца. Выцягвае акуляры, надзявае іх, каб паглядзець на гадзіньнік, і пачынае заводзіць яго, прамаўляючы.
— Ужо пятнаццаць хвілінаў. Даўно пара пачынаць. Так. Міс Брыдар, як большасьць з вас ведае, склікала гэтую нараду. Яна мне затэлефанавала перад сходам тэрапэўтычнай супольнасьці і сказала, што, на ейную думку, Макмэрфі будзе ствараць беспарадкі ў аддзяленьні. Як заўсёды, інтуіцыя яе не падвяла, калі ўзяць пад увагу, што адбылося некалькі хвілінаў таму, хіба ня так?
Доктар перастае падкручваць гадзіньнік, бо ад яшчэ аднаго абароту той можа разьляцецца па ўсім пакоі. Ён сядзіць і ўсьміхаецца, стукае маленькімі ружовымі пальцамі па тыльным баку далоні і чакае. Звычайна прыкладна ў гэты час яна пераймае кіраўніцтва сходам, але цяпер яна нічога ня кажа.
— Пасьля сёньняшняга, — працягвае доктар, — ніхто ня можа сказаць, што мы маем справу са звычайным чалавекам. Не, вядома ж не. І ён сапраўды ёсьць фактарам беспарадкаў, гэта відавочна. Таму, э-э-э, як я гэта бачу, нашай мэтай у цяперашнім абмеркаваньні зьяўляецца рашэньне, якія крокі ў адносінах яго зрабіць. Мне здаецца, галоўная мэдсястра склікала гэты сход (папраўце мяне, калі я памыляюся, міс Брыдар), каб абмеркаваць гэтую сытуацыю і выпрацаваць агульнае меркаваньне пэрсаналу наконт таго, што трэба зрабіць зь містэрам Макмэрфі?
Ён глядзіць на яе з мальбой у вачах, але яна ўсё яшчэ маўчыць. Падняла твар да столі, відаць, правярае, ці няма там бруду, і выглядае, што яна ня чуе ні слова з таго, што ён кажа.
Доктар паварочваецца да шэрагу практыкантаў у іншым канцы пакою; у іх ва ўсіх адна нага закінутая на другую, а на каленях — па кубачку кавы.
— Ну а вы, сябры, — пытаецца доктар, — я разумею, што ў вас не было дастаткова часу, каб паставіць пацыенту паўнавартасны дыягназ, але ж вы мелі магчымасьць паназіраць яго ў дзеяньні. Што вы думаеце?
Ад пытаньня іхныя галовы падскокваюць. Цяпер ён хітра паставіў ужо іх у ролю вучняў на іспыце. Яны пераводзяць позіркі зь яго на Вялікую Сястру. Нейкім чынам яна вярнула сабе ўсю былую ўладу за некалькі хвілінаў. Проста седзячы там, пасьміхаючыся ў столь і нічога ня кажучы, яна зноўку аднавіла кантроль і дала ўсім зразумець, што яна тут сіла, зь якой трэба лічыцца. Калі гэтыя хлопцы зробяць няправільны крок, дык могуць скончыць навучаньне ў портлэндзкай больніцы, дзе прымусова лечаць п’янтосаў. Яны пачынаюць тузацца, як і доктар.
— Ён робіць даволі нэгатыўны ўплыў, дэстабілізуе, так-так. — Першы з практыкантаў ня хоча рызыкаваць.
Яны ўсе пацягваюць каву і абдумваюць гэтую фразу. Потым наступны кажа:
— І ён можа ствараць рэальную небясьпеку.
— Гэта праўда, гэта праўда, — пагаджаецца доктар.
Практыканту здаецца, што ён намацаў правільную сьцяжынку, і ён працягвае:
— Сур’ёзную небясьпеку, калі ўжо на тое пайшло, — кажа ён і пасоўваецца наперад у крэсьле. — Не забывайцеся, што гэты чалавек зьдзяйсьняў акты гвалту з адзінай мэтай: пакінуць працоўную фэрму і трапіць у адносны камфорт шпіталю.
— Загадзя сплянаваныя акты гвалту, — дадае першы практыкант.
А трэці зь іх мармыча:
— Вядома ж, сам па сабе такі плян можа сьведчыць, што ён проста хітры злачынца, а зусім не псыхічна хворы.
Ён азіраецца, каб паглядзець, як гэта падзейнічае на Вялікую Сястру, і бачыць, што тая нават не паварушылася і не падала ніякага знаку. Але астатнія ўтаропіліся ў яго так, нібыта ён мацюкнуўся. Ён бачыць, што зайшоў занадта далёка, і спрабуе ператварыць гэта ў жарт, хіхікнуўшы і дадаўшы:
— Ну, як кажуць, той, хто крочыць не ў нагу, проста чуе іншы барабан, — але ўжо запозна. Першы практыкант паварочваецца да яго, ставіць свой кубачак кавы і выцягвае з кішэні люльку памерам з кулак.
— Па праўдзе, Элвін, — кажа ён трэцяму практыканту, — я ў табе расчараваны. Нават калі не чытаць ягонага дасье, дастаткова проста зьвярнуць увагу на ягоныя паводзіны ў аддзяленьні, каб зразумець, наколькі гэта абсурднае дапушчэньне. Гэты чалавек ня проста вельмі-вельмі хворы, але, на маю думку, у яго відавочны патэнцыял гвалтоўных дзеяньняў. Я думаю, што менавіта гэта і падазравала міс Брыдар, склікаючы наш сход. Няўжо ты не пазнаеш архетып псыхапата? Я ніколі ня чуў пра больш відавочны выпадак. Гэты чалавек Напалеон, Чынгіс-хан, Атыла.
Яшчэ адзін практыкант далучаецца да гутаркі. Ён прыгадвае заўвагу мэдсястры наконт аддзяленьня для агрэсіўных: