— Вы маглі б на дзяржаўную службу пайсьці, — прамовіў адзін з разявакаў.
— Там занадта брудна, — адказаў яму Джордж.
Яны адчувалі зьмену, пра якую большасьць з нас толькі падазравала; тут ужо не было той кампаніі слабакоў з дурдому, якая глытала іхныя зьнявагі раніцай. Прабачэньня ў дзяўчыны за ранейшае яны ўсё ж не папрасілі, але спыталіся дазволу паглядзець на ейную рыбіну ўжо ветліва, як цацы. І калі Макмэрфі з капітанам выйшлі з крамы, мы ўсе разам выпілі піва, перш чым зьехаць.
Было ўжо позна, калі мы вярнуліся ў шпіталь.
Дзяўчына спала, прытуліўшыся да грудзей Білі, і калі яна паднялася, то пачала расьціраць яму руку, якая зацякла ад доўгай дарогі ў такой нязручнай позе. Білі сказаў, што калі ў яе бываюць вольныя выходныя, ён хацеў бы прызначыць ёй спатканьне. Яна адказала, што можа прыехаць праз два тыдні, калі ён скажа ў які час, і Білі запытальна паглядзеў на Макмэрфі. Той абняў іх абаіх за плечы і прапанаваў:
— Хай будзе а другой роўна.
— У суботу ўдзень? — спыталася яна.
Той падміргнуў Білі і абхапіў дзяўчыне галаву згібам лакця:
— Не. А другой уночы з суботы на нядзелю. Прабярэсься і пагрукаеш у тое ж вакно, як сёньня ранкам. Я дамоўлюся з начным санітарам, каб цябе пусьціў.
Яна захіхікала і кіўнула:
— Чарцяка ты, Макмэрфі.
Некаторыя вострыя ў аддзяленьні яшчэ ня клаліся, стаялі ля прыбіральні, каб даведацца, ці мы не патанулі. Яны назіралі, як мы заходзім у калідор, загарэлыя, у плямках крыві, прасякнутыя пахам піва і рыбы, нясем нашых ласосяў, як героі-пераможцы. Доктар спытаўся, ці хочуць яны выйсьці паглядзець на галібута ў багажніку ягонай машыны, і ўсе пайшлі за ім, акрамя Макмэрфі. Той адказаў, што, відаць, дужа змарыўся і лепей адразу заваліцца спаць. Калі ён сышоў, адзін з вострых, што ня езьдзілі з намі, спытаўся, як гэта так, што Макмэрфі выглядае такім зьняможаным і змучаным, калі мы ўсе такія чырванашчокія і энэргічныя. Гардынг вытлумачыў гэта проста недахопам сонечнага сьвятла.
— Вы ж памятаеце, Макмэрфі прыбыў сюды, поўны сілаў ад спартанскага жыцьця на сьвежым паветры папраўчай фэрмы, румяны з твару і ў росквіце фізычнага здароўя. Мы проста сталі сьведкамі таго, як выцьвіў яго дзівосны псыхапатычны загар. Вось і ўсё. Сёньня ён сапраўды правёў некалькі цяжкіх гадзінаў — у прыцемках каюты, між іншага, — пакуль мы былі адкрытыя стыхіям і насычаліся вітамінам Д. Вядома ж, гэта магло яго ў нейкай ступені вычарпаць, гэтыя цяжкія намаганьні, там, у каюце, але задумайцеся, сябры. Я, напрыклад, лічу, што мог бы трохі ахвяраваць вітамінам Д узамен на крыху такіх намаганьняў. Асабліва калі намаганьнямі кіруе такая цукерачка, як Кэндзі. Хіба не?
Я нічога не сказаў, але падумаў, што можа ён і не памыляецца. Яшчэ раней я быў заўважыў, як Макмэрфі стаміўся — яшчэ па дарозе назад, калі ён настаяў, каб праехаць міма месца, дзе некалі жыў. Мы якраз дапілі піва, кінулі апошнюю бляшанку праз вакно ў дарожны знак і расьцягнуліся на сядзеньнях, каб адчуць гэты дзень, каб плыць у прыемнай санлівасьці, якая прыходзіць, калі цэлы дзень з усяе моцы робіш нешта, што табе падабаецца — напалову загарэлы, напалову п’яны — і не засынаеш толькі таму, што табе хочацца як мага даўжэй расьцягнуць гэтае адчуваньне. Я цьмяна заўважыў, што дайшоў ужо да такога стану, калі магу бачыць добрае ў навакольным сьвеце. Макмэрфі быў маім настаўнікам. Я так сябе не адчуваў зь дзяцінства, калі ўсё было добра і зямля яшчэ сьпявала мне дзіцячымі вершыкамі.
Каб праехаць празь мястэчка, у якім Макмэрфі найдаўжэй затрымаўся ў сваім жыцьці, назад мы паехалі не ўзьбярэжжам. Спускаліся па схілах аднаго ўзгорку за другім і ўжо думалі, што заблукалі, але вось... трапілі ў мястэчка, у якое ўлезла б хіба два такіх шпіталі, як наш. Пясчаны вецер задзьмуў сонца на вуліцы, дзе Макмэрфі спыніўся. Ён запаркаваў машыну сярод нейкага трысьнягу і паказаў пальцам праз дарогу.
— Вунь там. Во яна. Быццам яе пустазельлем падперлі... Юнацтва марнатраўнага гаротная сяліба.
Уздоўж вуліцы ў сутоньні я бачыў голыя дрэвы, якія ўтыркаліся ва ўзбочыну, як драўляныя маланкі; бэтон быў разламаны там, дзе яны ўдарылі, і ўсё гэта ў колцы агароджы. Жалезныя слупы высоўваліся шэрагам зь зямлі перад зарослым пустазельлем дваром, за якім стаяў вялікі каркасны дом з ганкам. Дом нахіліўся і наваліўся на вецер кволымі плячыма, каб той ня перасунуў яго на пару кварталаў, быццам кардонную скрынку. Вецер прынёс некалькі кропляў дажджу, і я пабачыў, што дом наглуха заплюшчыў вочы, а замкі на дзьвярах грукнулі на ланцугу.
А над ганкам вісела такая штуковіна, якую япончыкі робяць зь нітак і шкла — зьвініць і бразгае ад найменшага ветрыку — там засталося толькі чатыры шкляныя штучкі, і яны гойдаліся, біліся і са звонам сыпалі аскепкі на драўляны ганак.
Макмэрфі зноў завёў машыну.
— Я калісьці быў прыехаў сюды... Хрэн знае калі, у той год, як мы ўсе з карэйскай заварухі вярнуліся. Адведаў родныя мясьціны. Мае старыя яшчэ жывыя былі. Добры быў дом.
Ён адпусьціў счапленьне і паехаў, потым раптам затармазіў.
— Ну і ну, — вымавіў ён, — паглядзіце, бачыце сукеначку? — ён паказаў пальцам назад. — На тым дрэве? Такая жоўтая з чорным ануча?
Я пабачыў нешта падобнае на сьцяг, які трапятаў высока ў галінах над паветкай.
— Дзяўчына, якая першая зацягнула мяне ў ложак, насіла якраз гэную сукенку. Мне было гадоў дзесяць, а ёй, пэўна, яшчэ менш, і ў той час зь некім пераспаць здавалася такой сур’ёзнай штукай — я ў яе спытаўся, ці ня лічыць яна, ці не адчувае, што нам трэба пра гэта неяк абвясьціць? Кшталту сказаць бацькам: «Мама, мы з Джудзі сёньня заручыліся». Я гэта сур’ёзна казаў, гэткі ўжо быў дурань; думаў, што пасьля такога дзела мы ўжо юрыдычна ў шлюбе, адразу на месцы, хоцькі-няхоцькі, і што ніяк ужо законаў не парушыш. Але гэная курва маленькая — ёй было ня больш за дзевяць — нахілілася, падняла з падлогі сваю сукенку і сказала, што аддае яе мне, кажа: «Можаш павесіць, дзе хочаш, я пайду дахаты ў сподніках і так пра ўсё абвяшчу — яны зразумеюць». Божа мой, дзевяць гадоў, — сказаў ён, працягнуў руку і ўшчыкнуў Кэндзі за нос, — а ведала нашмат болей за некаторых профі.
Тая ўкусіла яго за руку і засьмяялася, а ён паглядзеў на сьлед ад укусу.
— Карацей, калі яна сышла дадому ў споднім, я чакаў, пакуль сьцямнее, каб выкінуць гэную сукенку клятую, але адчуваеце, які вецер? Злавіў тую сукеначку, як паветранага зьмея, і зьнёс некуды за дом, а наступным ранкам, Богам клянуся, яна вісела на гэным дрэве, і мне тады здавалася, што ўсе ў мястэчку яе бачаць.
Ён пасмактаў руку з такім няшчасным выглядам, што Кэндзі засьмяялася і пацалавала яго.
— Так што мой сьцяг лунаў высока, і з таго дня мне ўжо давялося апраўдваць рэпутацыю няўрымсьлівага каханка — як перад Богам кажу: ва ўсім вінаватая тая дзевяцігадовая дзяўчынка з майго дзяцінства.
Дом застаўся ззаду, і Макмэрфі пазяхнуў ды падміргнуў:
— Навучыла мяне кахаць, дзякуй ёй, лярвачцы.
І тут — калі ён размаўляў — заднія фары нейкай машыны, што нас абагнала, асьвяцілі ягоны твар, і на лабавым шкле адлюстраваўся выраз, які ён сабе дазволіў толькі таму, што ў машыне было цёмна і ён думаў, быццам ніхто не пабачыць — жудасна стомлены, напружаны і ўтрапёны, быццам яму ўжо не хапала часу на нешта, што трэба зрабіць...
А ў гэты час ягоны спакойны лагодны голас даваў нам перажыць ягонае жыцьцё, вясёлую мінуўшчыну, поўную сабутэльнікаў, каханак і боек у забягайлаўках праз розную драбязу — усё, каб мы маглі памроіць сябе такімі.
ЧАСТКА ІV
Вялікая Сястра распачала наступны манэўр ужо назаўтра па нашым вяртаньні з рыбалкі. Ідэя прыйшла ёй у галаву напярэдадні, калі яна размаўляла з Макмэрфі пра тое, колькі ён зарабіў на нашай паездцы на мора ды на іншым сваім прадпрымальніцтве. Яна абдумвала гэтую ідэю ўсю ноч, разглядала яе з усіх бакоў, пакуль не запэўнілася на ўсе сто, што тут памылкі быць ня можа, і ўвесь наступны дзень яна закідвала намёкі, каб запусьціць чуткі і добра разьдзьмуць іх, перш чым нешта такое сказаць.