Я бачу, што Гардынг заваліўся ля Макмэрфі і таксама сьмяецца. І Скэнлан сьмяецца на ніжняй палубе. Сьмяюцца зь сябе і з усіх нас. І дзяўчына, у якой яшчэ сьлязяцца вочы, калі яна пераводзіць позірк зь белай цыцкі на чырвоную, таксама засьмяялася. І Сэфэлт, і доктар, і ўсе мы.
Гэта пачалося павольна і разгарнулася напоўніцу, надзімаючы людзей усе больш і больш. Я назіраў, адзін зь іх, сьмяяўся разам зь імі — і ўсё ж ня зь імі. Я быў па-за катэрам, лунаў па-над вадой, коўзаўся на хвалі ветру разам з чорнымі птушкамі, высока над сабой, і я мог паглядзець долу і ўбачыць сябе разам з астатнімі, пабачыць, як катэр калыхаецца пасярод птушак-нырцоў, пабачыць Макмэрфі ў атачэньні яго тузіну людзей, і назіраць, як яны, мы, раскручваюць гэты сьмех, як ён разьбягаецца па вадзе ўсё шырэйшымі коламі, усё далей, далей, пакуль не абрынецца на пляжы па ўсім узьбярэжжы, па ўсіх узьбярэжжах сьвету, хваляй за хваляй за хваляй.
У доктара нешта чаплянула на донку. Усе на катэры, акрамя Джорджа, ужо былі злавілі па рыбіне, калі ён пацягнуў лёску і мы гэта пабачылі: у вадзе зьявілася толькі бялёсая пляма, а потым дала нырца на дно, як ні намагаўся доктар яе ўтрымаць. Як толькі ён зноў падцягваў гэтую істоту да паверхні, падымаў і намотваў на шпулю з кароткімі ўпартымі стогнамі, адмаўляючыся ад любой дапамогі, яна зноўку сыходзіла долу, пабачыўшы сьвятло.
Джордж ня стаў зноў заводзіць катэра, але падышоў і паказаў нам, як чысьціць рыбу і вырываць у яе шчэлепы, каб мяса даўжэй захавала смак. Макмэрфі прывязаў па кавалачку мяса да двух канцоў мэтровай вяроўкі, падкінуў яе ў паветра, і дзьве птушкі з пранізьлівым клёкатам сышлі ў штопар, «пакуль сьмерць іх не разлучыць».
Уся карма катэра і большасьць з нас былі пярэстыя ад чырвоных і срэбных плямак. Некаторыя зьнялі кашулі і спрабавалі адмыць іх за бортам. Гэтак мы бавілі час да абеду — паціху лавілі рыбу, выпілі другую скрыню піва, кармілі птушак, катэр ляніва калыхаўся на хвалях, а доктар змагаўся са сваёй пачварай з глыбіняў. Наляцеў вецер і разьбіў мора на зялёныя і срэбныя кавалкі, быццам поле са шкла і хрому, а катэр пачаў мацней гойдацца і завальвацца. Джордж сказаў доктару, што той мусіць альбо выцягнуць рыбіну, альбо адпусьціць яе, бо на нас насоўваецца злая хмара. Доктар нічога не адказаў, толькі стаў яшчэ мацней цягнуць вуду, нахіліўся наперад, падматаў лёску і зноў пацягнуў.
Білі і дзяўчына залезьлі на нос катэра, размаўлялі і глядзелі ўніз на ваду. Білі крыкнуў, што нешта бачыць; мы ўсе падбеглі на той бок, і шырокая белая пляма на глыбіні трох-чатырох мэтраў стала набываць абрысы. Было дзіўна назіраць, як яна падымаецца: спачатку толькі няясны колер, потым белая пляма, як туман пад вадой, потым яна робіцца цэльнай, жывой...
— А божачкі ж вы мае, — выгукнуў Скэнлан, — гэта ж доктарава рыбіна!
Яна была зь іншага боку катэра, але было відаць, што лёска ад доктаравай вуды скіраваная да плямы пад вадой.
— Мы такога ня выцягнем, — уздыхнуў Сэфэлт. — А вецер мацнее.
— Гэта галібут, вялікая камбала, — патлумачыў Джордж. — Часам яны важаць сто — сто трыццаць кіляў. Іх трэба лябёдкай выцягваць.
— Давядзецца абрэзаць лёску, док, — сказаў Сэфэлт і паклаў руку доктару на плячо. Той нічога не адказаў; на ягоным пінжаку паміж плячэй праступалі плямы поту, а вочы былі ярка-чырвоныя, бо ўжо так доўга без акуляраў. Ён усё цягнуў, пакуль рыбіна не зьявілася зь ягонага боку катэра. Мы яшчэ некалькі хвілінаў глядзелі на яе ля паверхні, а потым пачалі рыхтаваць вяроўку і бусак.
Нават засадзіўшы бусак у яе, мы яшчэ цэлую гадзіну выцягвалі рыбіну на борт. Давялося чапляць яе яшчэ трыма, а Макмэрфі нахіліўся за борт, засунуў ёй руку ў пашчу, і з нашымі высілкамі яна прасьлізнула на катэр, празрыста-белая, пляскатая, і плюхнулася на палубу разам з доктарам.
— Во гэта было нешта, — засоп доктар, лежачы на палубе, бо ўжо ня меў моцы зьняць зь сябе вялізную рыбіну. — Во гэта было... сапраўды нешта.
Катэр гойдаўся і рыпеў усю дарогу да берагу, а Макмэрфі расказваў змрочныя байкі пра караблекрушэньні і акулаў. Чым бліжэй мы падплывалі да прыстані, тым большыя рабіліся хвалі, і зь іх грабянёў вецер зрываў камякі белай пены, якія віравалі ў паветры разам з каўкамі. У затоцы ля прыстані хвалі дыбіліся вышэй за катэр, і Джордж загадаў нам нацягнуць ратавальныя камізэлькі. Я заўважыў, што іншыя вадаплавы ўжо стаялі ў гавані.
Нам не хапала трох камізэлек, таму пачалася мітусьня, хто будуць трое сьмелых без ратавальных сродкаў. Нарэшце падрадзіліся Білі Бібіт, Гардынг і Джордж, які ўсё роўна нічога б не надзеў, бо баяўся бруду. Усе былі крыху зьдзіўленыя, што сярод добраахвотнікаў апынуўся Білі, які адразу ж зьняў камізэльку і дапамог нацягнуць яе дзяўчыне, як толькі мы даведаліся, што іх не хапае. Але ўсіх зьдзівіла яшчэ болей, што Макмэрфі не намагаўся быць адным з герояў; падчас усёй гэтай мітусьні ён стаяў, прыхінуўшыся сьпінай да каюты, змагаючыся з гайданкай і паглядаючы на ўсіх моўчкі. Толькі ўсьміхаўся і пазіраў.
Мы зайшлі на мелізну і ўваліліся ў цясьніну вады: нос катэра тырчаў угару перад грэбнем шыпучай хвалі, а карма нахілілася долу ў ценю хвалі, што навісла за намі. Усе ўчапіліся за парэнчы і пазіралі то на гару, што за намі гналася, то на цякучыя чорныя скалы прыстані за дзесяць мэтраў улева, то на Джорджа за стырном. Той стаяў, нібы мачта. Ён усё паварочваў галаву ўзад-уперад, даваў газу, запавольваў катэр, зноў разганяў, увесь час трымаючы нас на пад’ёме хвалі сьпераду. Ён нам раней быў сказаў, што калі мы перагонім грэбень хвалі сьпераду, дык нас панясе, бы шкарлупіну, як толькі пяро стырна і вінт выйдуць з вады, а калі мы надта запаволімся і нас дагоніць хваля ззаду, яна абрынецца на карму і ўлупіць у катэр дзесяць тонаў вады. Ніхто не жартаваў і не рабіў ніякіх заўваг пра тое, як Джордж увесь час узад-уперад круціў галавой, быццам яна сядзела на шарніры.
За молам ад хваляў засталася адна рабізна на паверхні, а на нашай прыстані ля рыбацкай крамы мы пабачылі капітана, які чакаў разам з двума паліцыянтамі. Яны стаялі ля вады, а ўсе разявакі тоўпіліся за імі. Джордж скіраваў катэр на іх поўнаю хадою, так што капітан ажно замахаў рукамі і закрычаў, а паліцыянты з разявакамі рушылі нагару па прыступках. Калі ўжо здавалася, што зараз нос катэра разарве прыстань, Джордж крутануў стырно, даў заднюю хаду і з магутным ровам прытуліў катэр да пакрышак на краі прыстані, нібы дзіця паклаў у ложак. Мы ўжо прывязвалі катэр, калі наш кільватэрны паток дагнаў нас, нахіліў усе вадаплавы ля берага і накрыў прыстань белай пенай, быццам мы прывезьлі мора з сабой.
Капітан, паліцыя і разявакі рушылі назад уніз па прыступках да нас. Доктар адразу ж сам пайшоў у наступ, заявіўшы паліцыянтам, што яны ня маюць над намі ніякай юрысдыкцыі, бо мы законная экспэдыцыя, ухваленая дзяржавай, і калі нехта хоча з намі разьбірацца, дык гэта павінна быць на фэдэральным узроўні. Акрамя таго, магчыма, варта правесьці расьсьледаваньне наконт колькасьці ратавальных камізэлек на катэры, калі ўжо капітан зьбіраецца тут пачынаць разборкі. Хіба паводле закону не прадугледжана, што на кожнага чалавека на борце вадаплава павінна прыпадаць як мінімум адна ратавальная камізэлька? Калі капітан змаўчаў у адказ, паліцыянты запісалі некалькі прозьвішчаў і сышлі з разгубленым мармытаньнем. Як толькі яны зьніклі з прыстані, Макмэрфі і капітан пачалі сварыцца і штурхацца. Макмэрфі быў досыць п’яны і ўсё яшчэ рухаўся, нібы на катэры ў гайданку, таму ён коўзаўся на мокрым дрэве і двойчы падаў у акіян, перш чым знайшоў дастаткова апірышча, каб вытнуць капітана бакавым у лысую галаву і разьвязаць спрэчку. Усе былі радыя, што з гэтым разабраліся, і капітан разам з Макмэрфі пайшлі ў краму, каб узяць яшчэ піва, а астатнія пачалі выцягваць рыбу. Разявакі стаялі зьверху на прыстані, назіралі і курылі самаробныя люлькі. Мы чакалі, што яны зноў скажуць нешта пра Кэндзі, нават, па праўдзе, спадзяваліся на гэта, але калі адзін зь іх нарэшце нешта прамовіў, гэта было не пра дзяўчыну, а пра тое, што нашая рыбіна — найвялікшы галібут, якога ён калі бачыў на Арэгонскім узьбярэжжы. Астатнія заківалі, што гэта сапраўды так. Яны падышлі і нахіліліся паглядзець. Спыталіся ў Джорджа, дзе ён навучыўся так прыставаць, і мы даведаліся, што Джордж ня толькі кіраваў рыбацкімі вадаплавамі, але і служыў капітанам на тарпэдным катэры ў Ціхім акіяне і атрымаў Крыж ВМС.