Яна ведала, што людзі, па сваёй прыродзе, рана ці позна пачнуць падазраваць любога, хто праяўляе крыху больш шчодрасьці, чым прынята, — Санта-Клаўсаў, місіянэраў і тых, хто дае грошы на дабрачыннасьць, — ды пачнуць пытацца: а што ён з гэтага мае? Будуць пасьміхацца ў кулак, калі, напрыклад, малады адвакат прывязе мех арэхаў у школу ў сваім раёне — якраз перад вылучэньнем кандыдатаў у сэнат штату — і будуць гаварыць адзін аднаму: «Гэтаму пальца ў рот не кладзі».
Яна ведала, што зусім ня цяжка зрабіць, каб нашыя пачалі дзівіцца, з чаго гэта сапраўды, як вы кажаце, Макмэрфі столькі часу і энэргіі траціць, каб арганізаваць марскую рыбалку ці гульню ў бінга альбо каб трэніраваць баскетбольную каманду. З чаго раптам ён лётае, быццам яму куды маторчык засунулі, калі ўсім астатнім у аддзяленьні заўсёды хапала гульняў у тысячу і мінулагодніх часопісаў? З чаго б гэты ірляндзкі задзірака, якога суд паслаў на папраўчыя работы за азартныя гульні і хуліганства, раптам павязвае на галаву хустку, буркуе, як падлетак, і добрых дзьве гадзіны гуляецца ў дзяўчынку, спрабуючы навучыць Білі Бібіта танцаваць, так што ўсе вострыя ў аддзяленьні ажно ў ладкі пляскаюць? Ці з чаго раптам такому рэцыдывісту — старому профі, які дурыў людзей на кірмашах, разважліваму гульцу — рызыкаваць удвая падоўжыць сабе тэрмін у вар’ятні, усё больш і больш варагуючы з жанчынай, якая мае вырашальнае слова, каго выпісваць, а каго не?
Вялікая Сястра запусьціла такія разважаньні, вывесіўшы справаздачу пра фінансавы стан пацыентаў за апошнія месяцы; ёй, відаць, давялося некалькі гадзінаў пакорпацца ў дакумэнтах. Папера паказвала відавочнае зьмяншэньне рахункаў усіх вострых, акрамя аднаго. Ягоны рахунак не абы-як вырас з часу, калі ён сюды трапіў.
Вострыя пачалі жартаваць з Макмэрфі, што той іх да галечы давядзе, а ён нічога і не адмаўляў. Ані кропелькі. Наадварот, ён хваліўся, што калі прабудзе ў шпіталі які год, дык яго выпішуць ужо з добрым капіталам, і ён зможа пасяліцца ў Флорыдзе і жыць сабе спакайненька. Яны ўсе сьмяяліся разам зь ім, але калі ён сыходзіў з аддзяленьня на працэдуры ці калі ў Сястроўні яму рабілі за нешта вымову, а ён адказваў на яе нерухомую плястыкавую ўсьмешку сваёй вялікай наравістай ухмылкай, яны ўжо зусім не сьмяяліся.
Яны пачалі пытацца адзін у аднаго, чаму ён апошнім часам гэтак нястомна і зацята дабіваецца для пацыентаў розных зьменаў, напрыклад, адмены правіла, што ісьці куды заўгодна можна толькі ў тэрапэўтычных групах па восем чалавек («Білі тут усё кажа, што зноў хоча жылы перарэзаць, — сказаў ён на сходзе, дзе выступаў супраць правіла восемак. — Дык ці ёсьць сярод вас сем чалавек, хто хацеў бы далучыцца і надаць гэтаму тэрапэўтычную каштоўнасьць?»), ці як ён пераканаў доктара, які з часу рыбалкі зблізіўся з пацыентамі, наладзіць падпіску на Nugget, Мan ды Playboy і пазбавіцца старых нумароў «Хатняй гаспадыні», што прыносіў з дому мурлаты дзядзька для сувязяў з грамадзкасьцю і клаў стосам, пазначыўшы зялёным артыкулы, на якія раіў зьвярнуць увагу. Макмэрфі нават даслаў поштай пэтыцыю некаму ў Вашынгтоне, каб яны праверылі выпадкі лябатаміі і электрашоку, якія дагэтуль выкарыстоўваюць ва ўрадавых шпіталях. Мне проста цікава, пачалі пытацца нашыя, што з гэтага будзе мець дружа Мак?
Вялікая Сястра пачакала, пакуль такія думкі паходзяць па аддзяленьні недзе з тыдзень, а потым паспрабавала зрабіць свой ход на групавым сходзе. Першая спроба была ў ягонай прысутнасьці, але Макмэрфі перагуляў Сястру, перш чым яна нават пасьпела нешта распачаць (пачала казаць, як яна шакаваная і абураная з таго, у які жалюгодны стан прыйшло аддзяленьне пры агульным патураньні: паглядзіце навокал, Божа мой; на сьценах сапраўдная парнаграфія, выразаная з гэтых часопісаў — маўляў, яна плянуе зрабіць запыт, каб вышэйшае кіраўніцтва правяло расьсьледаваньне, як гэты бруд занесьлі ў шпіталь. Яна сядзела ў сваім крэсьле, гатовая працягваць і паказаць, хто і чаму ў гэтым вінаваты, выседжвала, нібы на троне, пару сэкундаў цішыні пасьля сваёй пагрозы, і тут Макмэрфі зьнішчыў ейныя чары раскатамі рогату, сказаўшы, каб яна абавязкова нагадала вышэйшаму кіраўніцтву прынесьці гэныя свае малюпасенькія ручныя люстэркі, калі тыя прыйдуць рабіць расьсьледаваньне) — так што, каб зрабіць наступны ход, яна дачакалася, калі яго не было на сходзе.
Ён якраз чакаў званка з Портлэнду ля тэлефона ў калідоры разам з адным з чорных. А першай гадзіне мы пачалі пераносіць рэчы, рыхтаваць пакой да сходу, і найменшы з чорных спытаў у яе, ці трэба паклікаць Макмэрфі і Ўошынгтана, але яна сказала не, усё ў парадку, хай будуць там — акрамя таго, некаторыя прысутныя, магчыма, хацелі б скарыстацца шанцам абмеркаваць нашага Рэндла Патрыка Макмэрфі безь ягонай прысутнасьці і дамінаваньня.
Яны пачалі сход вясёлымі аповедамі пра яго і пра тое, што ён вырабляў, крыху пагаманілі, які ён файны хлопец, а яна моўчкі чакала, давала ім выгаварыцца. Потым пачаліся іншыя пытаньні. Дык што наконт Макмэрфі? Чаму ён так паводзіцца, чаму робіць тое, што робіць? Некаторыя з нашых сказалі, што мо гэта проста ягоная чарговая байка, быццам ён адмыслова нарываўся, каб яго паслалі сюды з працоўнай фэрмы, і мо ён сапраўды вар’ят, больш шалёны, чым усе думаюць. Тут Вялікая Сястра пасьміхнулася і прыўзьняла руку.
— Шалёны як ліс, — прамовіла яна. — Здаецца, вы гэта хочаце сказаць пра містэра Макмэрфі.
— Што вы м-м-маеце на ўвазе? — спытаўся Білі. Ён лічыў Макмэрфі сябрам і сапраўдным героем, і яму не спадабаўся прыхаваны намёк, зь якім яна гэта сказала. — Што вы м-м-маеце на ўвазе, як ліс?
— Гэта простае назіраньне, Білі, — лагодна адказала мэдсястра. — Можа быць, нехта з прысутных зможа патлумачыць вам, што яно значыць. Можа быць, вы, містэр Скэнлан?
— Яна мае на ўвазе, Білі, што Маку пальца ў рот не кладзі.
— А такога ніхто й не к-ка-казаў, — Білі садануў кулаком па падлакотніку крэсла, каб выпусьціць на волю апошняе слова. — Але міс Брыдар намякала…
— Не, Білі, я ні на што не намякала. Я проста заўважыла, што містэр Макмэрфі не такі чалавек, каб рызыкаваць без прычыны. З гэтым жа вы пагодзіцеся, праўда? Ці пагодзіцеся вы ўсе з гэтым?
Усе прамаўчалі.
— І ў той жа час, — працягвала яна, — выглядае, што ён робіць рэчы, зусім ня думаючы пра сябе, быццам бы ён пакутнік ці сьвяты. Магчыма, нехта з прысутных лічыць, што містэр Макмэрфі сьвяты?
Яна ведала, што тут можа спакойна ўсьміхнуцца ўсім у пакоі, чакаючы адказу.
— Не, не сьвяты і не пакутнік. Давайце паглядзім. Можа быць, зірнем больш уважліва на некаторыя прыклады ягонай дабрачыннасьці? — яна дастала са свайго кошыка жоўты аркуш паперы. — Паглядзім на некаторыя зь яго дарункаў, як іх могуць назваць ягоныя адданыя прыхільнікі. Па-першае, дарунак купальні. Хіба гэта быў ягоны пакой? Ці згубіў ён нешта ад таго, што гэтае памяшканьне ператварылася ў казіно? А зь іншага боку, як вы думаеце, колькі ён зарабіў за кароткі час працы круп’е ў сваім маленькім Монтэ-Карла тут, у нашым аддзяленьні? Колькі вы прагулялі, Брус? Містэр Сэфэлт? Містэр Скэнлан? Я думаю, вы прыкладна ведаеце свае асабістыя пройгрышы, але ці ведаеце вы, колькі ён агулам выйграў, калі меркаваць з тых сумаў, што ён паклаў на свой рахунак? Амаль трыста даляраў.
Скэнлан ціха прысьвіснуў, але астатнія маўчалі.
— Тут у сьпісе розныя іншыя пары`, якія ён ладзіў, можаце паглядзець, у тым ліку былі і спробы наўмысна вывесьці з раўнавагі работнікаў шпіталю. Усе гэтыя азартныя гульні былі і ёсьць відавочным парушэньнем правілаў аддзяленьня, і кожны з вас гэта ведаў, калі меў зь ім справу.
Яна зноў паглядзела ў паперку, потым паклала яе назад у кошык.
— А нядаўняя паездка на рыбалку? Як вы думаеце, які прыбытак атрымаў містэр Макмэрфі ад гэтага мерапрыемства? Наколькі я разумею, ён скарыстаўся машынай доктара Спайві, нават заплаціў доктаравымі грашыма за бэнзін і, як мне расказалі, яшчэ нямала атрымаў з гэтай паездкі, не заплаціўшы ані цэнта. Сапраўды, як ліс, я вам скажу, — яна падняла руку, каб спыніць Білі, які хацеў яе перабіць. — Калі ласка, Білі, зразумейце мяне. Я не крытыкую такую дзейнасьць саму па сабе. Я проста падумала, што будзе лепш, калі мы ня будзем мець аніякіх ілюзіяў наконт матываў гэтага чалавека. Але ў любым выпадку, магчыма, несправядліва рабіць такія абвінавачаньні ў адсутнасьць пацыента, пра якога мы гаворым. Давайце вернемся да праблемы, якую мы абмяркоўвалі ўчора... Што там было? — яна пачала гартаць паперы ў кошыку. — Што там было, вы памятаеце, доктар Спайві?