Мужык засунуў адзінцы ў кішэні, каб перадражніць Макмэрфі:
— Па мне дык ты хутчэй брахло па завулках.
— Я ж не казаў, што ня маю здольнасьцяў да размоўнага жанру, праўда ж? Але ты лепей сюды паглядзі. — Ён працягнуў рукі мужыку да твару, амаль ушчыльную, і павольна паварочваў іх то далонямі, то костачкамі пальцаў угару. — Бачыў калі, каб нехта гэтак змуляў свае старыя граблі адной балбатнёй? Га, баец?
Ён доўга трымаў рукі ля твару запраўшчыка і чакаў, ці адкажа той нешта. Мужык паглядзеў на гэтыя рукі, на мяне, потым зноў на рукі. Калі стала зразумела, што нічога сапраўды сур’ёзнага той сказаць ня мае, Макмэрфі пайшоў ад яго да другога запраўшчыка, які прыхіліўся да лядоўні з напоямі, выцягнуў у таго з кулака доктараву дзесяцідаляравую паперчыну і пакрочыў да крамы непадалёк.
— Вы, хлопцы, падлічыце, колькі там выходзіць за паліва, і пашліце рахунак у шпіталь, — крыкнуў ён праз плячо. — Я за гатоўку лепей людзям чаго папіць-перакусіць куплю. Якраз пойдзе замест дворнікаў і фільтраў на восемдзесят восем адсоткаў.
Калі ён вярнуўся, усе нашыя ўжо пачуваліся, як байцовыя пеўні, і раздавалі загады запраўшчыкам, каб тыя праверылі ціск у запасках, працерлі шкло і, калі ласка, счысьціце гэты птушыны гной з капоту, быццам бы мы тут былі гаспадары. Калі вялікі запраўшчык ня выцер лабавога шкла так, як хацелася Білі, той адразу ж паклікаў яго назад.
— Вы ня выцерлі таго м-м-месца, дзе ж-ж-жук разьбіўся.
— Гэта ня жук быў, — змрочна сказаў мужык, пашкрабаўшы плямку пазногцем, — а птушка.
Марціні пракрычаў зь іншай машыны, што гэта ніяк не магла быць нейкая там птушка:
— Былі б костачкі ды пер’е, каб гэта птушка была.
Нейкі дзядзька на ровары спыніўся, каб спытацца, што тут за зялёная ўніформа, клюб нейкі? Гардынг адразу ж вылез з адказам.
— Не, мой дружа. Мы вар’яты са шпіталю па дарозе ў той бок, мы псыха-кераміка, біты посуд чалавецтва. Хочаце, я вам расшыфрую тэст Роршаха? Не? Вы сьпяшаецеся? Ах, ён зьехаў. Шкада. — Ён павярнуўся да Макмэрфі: — Я ніколі раней не разумеў, што псыхічная хвароба дадае магутнасьці і ўлады, так, улады. Толькі падумаць: магчыма, чым большы чалавек вар’ят, тым больш улады ён можа атрымаць. Гітлер тут добры прыклад. Ад такога сапраўды мазгі закруцяцца, праўда? Тут ёсьць над чым падумаць.
Білі адкрыў бляшанку зь півам для дзяўчыны, і яна так зьбянтэжыла яго сваёй жывой усьмешкай і сваім «дзякуй, Білі», што ён пачаў адкрываць піва ўсім нам.
А галубы мітусіліся сюды-туды на ходніку, заклаўшы рукі за сьпіну.
Я сядзеў там, пачуваўся выдатна і цэльна, пацягваў піва. Чуў, як піва ліецца ў мяне — зззс-зззс, вось так. Я ўжо быў забыўся, што могуць быць такія файныя гукі і смакі, як гук і смак піва, што ліецца ў глотку. Зрабіўшы яшчэ адзін вялікі глыток, я пачаў разглядацца вакол, каб пабачыць, што я яшчэ забыўся за дваццаць гадоў.
— Ух ты! — сказаў Макмэрфі, адсунуўшы дзяўчыну ад руля і прыціснуўшы яе да Білі — Толькі паглядзіце як Вялікі Правадыр жлукціць агнявую ваду! — і газануў так, што машына адразу ж апынулася ў плыні іншых на шашы, а доктару давялося нас даганяць.
Ён нам паказаў, чаго можна дабіцца, калі мець крыху мужнасьці і зухаватасьці, і нам здавалася, што мы ў яго навучыліся, як гэтым карыстацца. Усю дарогу да ўзьбярэжжа мы напускалі на сябе сьмеласьці. Калі людзі ля сьвятлафораў пяліліся на нас і на нашую зялёную шпітальную форму, мы рабілі дакладна як ён: сядзелі роўна, упэўнена, быццам мы моцныя крутыя хлопцы, усьміхаліся на ўсе зубы і ўглядаліся ім у вочы, пакуль у іх не здыхалі маторы і шыбы ня сьлеплі ад сонца, а яны заставаліся нерухомыя, калі загаралася зялёнае сьвятло, напалоханыя кампаніяй шалёных малпаў за які мэтар ад сябе, і няма каго паклікаць на дапамогу.
А Макмэрфі скіроўваў наш тузін да акіяну.
Думаю, што Макмэрфі лепей за нас разумеў, наколькі напускны гэты наш выгляд крутых хлопцаў, бо ён дагэтуль ня здолеў ні з кога выціснуць сапраўднага сьмеху. Мо ён яшчэ ня ўцяміў, чаму мы пакуль ня можам сьмяяцца, але ён ведаў, што нельга быць сапраўды моцным, пакуль ня бачыш у рэчах сьмешнага. Па праўдзе, ён так намагаўся паказаць нам нешта вясёлае, што мне часам здавалася: ён ня здольны пабачыць, ад чаго сьмех перасыхае глыбока ўнутры нас. Мо астатнія таксама ня бачылі, проста адчувалі ціск розных промняў і частотаў з усіх напрамкаў, тое, як цябе штурхаюць і гнуць туды альбо сюды, адчувалі, як працуе Камбінат, — але я быў здольны бачыць гэта.
Гэтак сама можна пабачыць зьмены ў чалавеку, які доўга быў недзе далёка, а тыя, хто яго бачыў штодня, безь перапынку, не заўважаюць, бо зьмены паступовыя. Па ўсім узьбярэжжы я бачыў знакі, чаго дасягнуў Камбінат за той час, што мяне тут не было: напрыклад, цягнік спыняецца на станцыі і адкладае, нібы лічынкі нейкай жамяры, нізку дарослых людзей у аднолькавых гарнітурах і капелюшах, як з канвэеру, паўжывыя аб’екты вылазяць з апошняга вагона, фт-фт-фт, а потым сыгналіць электрычны сьвісток, і цягнік рухаецца далей па зьнявечанай зямлі, каб адкласьці іншую нізку лічынак.
Ці пяць тысячаў аднолькавых дамкоў, адштампаваных на канвэеры і расьцягнутых па ўзгорках ля гораду; іх толькі што завезьлі з фабрыкі, і яны ўсё яшчэ злучаныя міжсобку, як сасіскі, з надпісам «Пабудуй гнязьдзечка ў дамах па-над рэчкай — вэтэранам зьніжка», дзіцячая пляцоўка долу ля дамкоў, агароджаная дротавай сеткай з шыльдай «Школа сьв. Лукі для хлопчыкаў», — там пяць тысячаў дзяцей у зялёных вэльвэтавых штоніках і белых кашулях пад зялёнымі швэдрамі гулялі ў зьмейку на паўгектары жвіру. Ланцужок малых матляўся, выгінаўся і торгаўся, як гадзюка, і ад кожнага рыўка нейкі хлопчык адрываўся ад хваста і куляўся да агароджы, быццам перакаці-поле. Ад кожнага рыўка. І гэта заўжды быў той самы хлопчык, зноў і зноў.
Усе гэтыя пяць тысячаў малых жылі ў пяці тысячах дамкоў, дзе гаспадарамі былі тыя, зь цягніка. Будынкі былі такія аднолькавыя, што зноўку і зноўку дзеці памылкова вярталіся ў іншыя дамы да іншых сем’яў. Ніхто ніколі і не заўважаў. Яны вячэралі і клаліся спаць. Адзіны, каго заўважалі, гэта той маленькі хлопчык з канца зьмейкі. Гэты хлопчык заўсёды быў такі абадраны і ў сіняках, што ён быў чужы, куды б ні пайшоў. Ён таксама ня мог расслабіцца і засьмяяцца. Цяжка засьмяяцца, калі адчуваеш ціск ад усіх гэтых промняў з кожнай машыны, што праяжджае паўзь цябе, ці з кожнага дому, які мінаеш.
— Мы б нават маглі займець лабістаў у Вашынгтоне, — працягваў тым часам Гардынг, — арганізацыю, Нацыянальную асацыяцыю ў падтрымку вар’ятаў. Групы ўплыву на грамадзкую думку. Велічэзныя рэклямныя шчыты каля шашы, на якіх ачмурэлы шызафрэнік кіруе сьценабітнай машынай, і надпіс вялікімі чырвона-зялёнымі літарамі: «Наймайце вар’ятаў». Нас чакае сьветлая будучыня, джэнтэльмэны.
Мы пераехалі мост цераз Саюсла. У паветры было якраз досыць туману, каб я мог адчуць высунутым на вецер кончыкам языка смак акіяну, перш чым мы яго пабачылі. Усе ведалі, што мы набліжаемся, і маўчалі ўсю дарогу да прыстані.
Капітан, зь якім мы меліся плыць, быў з лысай шэрай мэталічнай галавой, што вытыркалася з чорнай вадалазкі, як гарматная вежа на субмарыне; затушаная цыгара ў роце, нібы радар, сканавала нас. Ён стаяў поруч з Макмэрфі на драўляным пірсе і падчас размовы глядзеў на мора. За ім на лавачцы над сходамі перад крамай для рыбакоў сядзелі чалавек шэсьць ці восем мужыкоў у вятроўках. Капітан размаўляў гучна, зьвяртаўся напалову да гэтых разявакаў, а напалову да Макмэрфі, страляў сваім кулямётным голасам недзе пасярэдзіне.
— А мне пляваць. Я ж вам канкрэтна сказаў у лісьце. Калі няма дазволу, заверанага ў адпаведнай інстанцыі, дзе зь мяне здымаецца адказнасьць, я нікуды не плыву. — Круглая галава крутнулася на шарнірах у гнязьдзе швэдра, скіравала цыгару на нас: — Вы толькі паглядзіце. Такая вось кампанія ў моры можа пачаць ныраць за борт, як пацукі. Іх сваякі ў мяне ўсю маёмасьць адсудзяць. Я так рызыкаваць не магу.