Тут яна спынілася, бо пабачыла, што Макмэрфі ўжо ня слухае. Ён глядзеў на доктара. А доктар утаропіўся ў футболку бляндынкі, быццам нічога іншага не існавала. Па твары Макмэрфі расплылася ўсьмешка, калі ён пабачыў, у якім той трансе. Ён пасунуў кепку на патыліцу, падышоў да доктара і зьнянацку паклаў яму руку на плячо.
— Паслухайце, доктар Спайві, вы калі-небудзь бачылі, як бярэ ласось-чавыча? Адно з самых захапляльных відовішчаў на моры-акіяне. Слухай, Кэндзі, сонейка, чаму б табе не расказаць доктару пра марскую рыбалку і ўсё такое...
Разам Макмэрфі і дзяўчыне спатрэбілася ня болей за дзьве хвіліны, і вось ужо доктар замкнуў свой кабінэт і вяртаўся па калідоры, запіхваючы паперы ў партфэль.
— Можна плённа папрацаваць з дакумэнтацыяй, пакуль мы будзем на катэры, — патлумачыў ён Вялікай Сястры і прайшоў паўзь яе так хутка, што тая нават не пасьпела адказаць. Рэшта экіпажу рушыла за ім, павольней, з усьмешкамі пазіраючы, як яна стаіць у дзьвярах Сястроўні.
Тыя вострыя, што з намі ня ехалі, сабраліся ля дзьвярэй і наказвалі нам не прывозіць рыбы нячышчанай, а Эліс адарваў рукі, прыбітыя цьвікамі да сьцяны, паціснуў руку Білі Бібіту і пажадаў таму зрабіцца лаўцом чалавекаў.
А Білі пабачыў, як яму падміргнулі медныя клёпкі на джынсах гэтай жанчыны, калі яна рушыла з пакою, і адказаў Элісу, што быць лаўцом людзей-чалавекаў няма ахвоты — во каб налаўчыцца дзяўчат лавіць… Ён дагнаў нас ля дзьвярэй; найменшы з чорных выпусьціў нас і замкнуў за намі, і вось мы ўжо былі вонкі, на волі.
Сонца вызірала праз аблокі і асьвятляла цагляны фасад шпіталю ружовым. Парывы ветру абразалі апошнюю лістоту з дубоў і акуратна складалі яе ля агароджы з дротавай сеткі. Часам на агароджу сядалі маленькія рудыя птушкі, якія адляталі зь ветрам, калі сетку выцінаў павеў лістоты. На першы погляд здавалася, што лісты б’юцца аб агароджу, ператвараюцца ў птушак і адлятаюць.
Быў цудоўны восеньскі дзень, поўны паху дыму, гукаў дзяцей, якія ганялі футбольны мяч, і павольных самалёцікаў далёка ў небе, так што ўсе мелі б радавацца, што ў такі дзень мы выйшлі вонкі. Але мы стаялі моўчкі, засунуўшы рукі ў кішэні, пакуль доктар хадзіў па машыну. Наша маўклівая кампанія пазірала, як людзі з гораду, што ехалі на працу, запавольвалі машыны, каб падзівіцца з вар’ятаў у зялёнай уніформе. Макмэрфі бачыў, якія мы зьбянтэжаныя, і паспрабаваў падняць нам настрой жартамі і цьвяленьнем дзяўчыны, але ад гэтага мы неяк адчулі сябе нават горш. Усе думалі, як лёгка было б вярнуцца ў палату і сказаць, што мэдсястра мела рацыю; з такім ветрам на моры будзе надта штарміць.
Пад’ехаў доктар, мы загрузіліся і паехалі: я, Джордж, Гардынг і Білі Бібіт у машыне з Макмэрфі і дзяўчынай, Кэндзі; Фрэдрыксан, Сэфэлт, Скэнлан, Марціні, Тэдэм і Грэгары ехалі за намі ў машыне доктара. Усе маўчалі, як нямыя. Мы заехалі на запраўку за пару кілямэтраў ад шпіталю; доктар пад’ехаў сьледам. Ён выйшаў першы, і работнік запраўкі з усьмешкай бадзёра пакрочыў да яго, выціраючы рукі анучай. Тут усьмешка спаўзла з твару запраўшчыка, і ён прайшоў міма доктара паглядзець, што ж унутры гэтых машынаў, потым зрабіў крок назад, праціраючы рукі заплямленай анучай і хмурачыся. Доктар нэрвова ўхапіў яго за рукаво, дастаў дзесяцідаляравую паперку і засунуў яму ў руку, быццам садзіў памідоры.
— Э-э, ці не маглі б вы заправіць абедзьве да поўных бакаў стандартным? — спытаўся доктар. Апынуўшыся па-за сьценамі шпіталю, ён паводзіўся гэтак жа зьбянтэжана, як і ўсе мы. — Э-э, калі ласка?
— Гэтая ўніформа, — спытаўся запраўшчык, — яна з больніцы, што тут непадалёк, так? — Ён азіраўся навокал, каб знайсьці манціроўку ці нешта такое. Нарэшце пасунуўся да скрыні з пустымі бутэлькамі: — Вы тут усе з дурдому!
Доктар пачаў круціць у руках акуляры і таксама паглядзеў на нас, нібы ўпершыню пабачыў нашую ўніформу.
— Так. Не, я маю на ўвазе. Мы... Яны сапраўды са шпіталю, але яны пэрсанал, не пацыенты, вядома ж не. Абслугоўваючы пэрсанал.
Мужык скасавурыўся на доктара і на нас і адышоўся, каб нешта прашаптаць свайму напарніку, які стаяў ля калёнак. Яны хвіліну пагутарылі, і другі мужык гучна спытаўся ў доктара, хто мы такія. Той паўтарыў, што мы абслуговы пэрсанал, і абодва запраўшчыкі зарагаталі. Па гэтым сьмеху я зразумеў, што яны ўсё ж прададуць нам бэнзін — пэўна, самы горшы, разбаўлены, і каштаваць будзе ўдвая — але мне ад гэтага не палягчала. Я бачыў, што ўсе нашыя пачуваліся пагана. Ад таго, што доктар схлусіў, нам было кепска як ніколі — але хутчэй не настолькі ад хлусьні, колькі ад праўды.
Другі мужык падышоў да доктара з ухмылкай:
— Дык вы сказалі поўныя бакі «люксу», сэ-эр? Няма праблемаў. А як наконт праверыць фільтры і дворнікі?
Гэты мужык быў здаравейшы за свайго напарніка. Ён прыхіліўся да доктара, нібы казаў яму нешта па сакрэце:
— Не паверыце: статыстыка паказвае, што васьмідзесяці васьмі адсоткам аўтамабіляў на нашых дарогах неадкладна трэба новыя фільтры і дворнікі.
Ягоная ўхмылка пакрытая слоем вугалю — відаць, шмат гадоў даставаў зубамі запальныя сьвечкі. Ён усё навальваецца на доктара, сваёй ухмылкай змушае таго курчыцца ад сораму, чакае, пакуль той прызнае, што загнаны ў кут.
— Дарэчы, а як у вашага пэрсаналу з сонечнымі акулярамі? У нас тут ёсьць файныя палароіды.
Доктар зразумеў, што той яго прыціснуў да сьценкі. Але як толькі ён адкрыў рот, каб здацца і сказаць «так, усё, што хочаце», раптам пачулася гудзеньне, і верх нашай машыны пачаў ад’яжджаць назад. Макмэрфі кляў гэты дах-гармонік і змагаўся зь ім, спрабуючы адсунуць хутчэй, чым дазваляў мэханізм. Усе бачылі, як Макмэрфі раззлаваўся, па тым, як ён лупцаваў кулакамі гэты павольны дах. Калі ён урэшце з праклёнамі дамалаціў і даціснуў яго куды трэба, ён адразу ж вылез празь дзяўчыну і праз борцік машыны, зайшоў паміж доктарам і запраўшчыкам і, прымружыўшыся, паглядзеў таму ў чорны рот.
— Добра, баец, мы возьмем стандартнага, як доктар казаў. Два поўныя бакі стандартнага. І ўсё. На халеру ўсю гэную астатнюю лухту. І для нас яшчэ зьніжка на тры цэнты, бо ў нас паездка за кошт дзяржавы.
Мужык нават не зварухнуўся.
— Ат як? А мне здалося, ваш прахвесар сказаў, што вы не пацыенты?
— Слухай, баец, ты што, ня бачыш, што гэта была проста гуманітарная засьцярога, каб вы, хлопцы, ад страху ў штаны не наклалі? Док бы ня стаў так хлусіць пра абы-якіх пацыентаў, але мы ня проста шызікі; нас кожнага толькі вось-вось выпусьцілі з аддзяленьня для псыхічна хворых злачынцаў і вязуць у Сан-Кўэнтынскую каталажку, бо там у іх больш надзейныя памяшканьні. Бачыш вунь таго рабаціністага малога? Ён мо й выглядае, быццам з вокладкі часопісу, але нажом працуе шалёна, траіх зарэзаў. Мужык побач зь ім вядомы як Псыха-бацька-атаман, непрадказальны, як дзік. А бачыш гэнага здаравілу? Ён індзеец і забіў шасьцёх белых рыдлёўкай, калі яны паспрабавалі яго надурыць з хахулёвымі шкуркамі. Падыміся, каб на цябе паглядзелі, Правадыр.
Гардынг тыцнуў мяне пальцам, і я падняўся ў машыне. Запраўшчык прыкрыў вочы ад сонца далоньню і моўчкі паглядзеў на мяне зьнізу ўгару.
— Ага, кампанія не з прыемных, прызнаю, — працягваў Макмэрфі, — але гэта законная паездка за кошт дзяржавы, так што нам паводле закону належыць зьніжка, не раўняй фэбээраўцам якім.
Мужык зноў паглядзеў на Макмэрфі, а той засунуў адзінцы ў кішэні і гойдаўся, пазіраючы на яго паўз шнар на носе. Тады запраўшчык павярнуўся паглядзець, ці ягоны прыяцель усё яшчэ стаіць каля пустых бутэлек, а потым зноў ухмыльнуўся Макмэрфі.
— Крутыя кліенты, ты пра гэта кажаш, так, Руды? Такія крутыя, што нам лепей тут па струнцы хадзіць і рабіць што загадаюць, га? А скажы мне, Руды, за што загрэблі цябе? Замах на прызідзента?
— На гэта ў іх доказаў не хапіла, баец. Мяне проста падставілі. Замачыў там аднаго на рынгу, цяміш? А потым ужо цяжка было бяз гэтага, уцягнуўся неяк.
— Ага, забойца ў баксёрскіх пальчатках, ат ты значыць хто, Руды?
— Хіба я такое казаў? Ніколі ня мог прызвычаіцца да гэных падушачак на кулакі. Не, у мяне былі баі ня з тых, што ў суботу па тэлеку паказваюць. Я хутчэй баксёр па завулках.