Трое чорных высьлізнулі аднекуль перада мной, прачыталі сьпіс сваімі шэрымі пальцамі, пабачылі там маё імя і цяпер ухмыляюцца на мяне.
— Ну-ну, і хто ж па-твойму, запісаў Правадыра на этую авантуру? Эскімосы ж ня ўмеюць пісаць.
— А з чаго ты ўзяў, што эскімосы ўмеюць чытаць?
Крухмал у такую рань быў яшчэ сьвежы, так што іхныя рукі ў белых жорсткіх уніформах шамацелі ад кожнага руху, нібы папяровыя крылы. Я прыкінуўся, што ня чую, як яны зь мяне сьмяюцца, зрабіў выгляд, быццам бы я нават нічога й ня ведаў, але калі яны тыцнулі мне швабру, каб я мыў за іх у калідоры, я разьвярнуўся і пайшоў назад у палату, сказаў сабе: «У сраку ўсё гэта. Чалавек, які едзе на рыбалку зь дзьвюма курвамі з Портлэнду, не павінны трываць такога гаўна».
Мне было крыху боязна вось так сыходзіць ад чорных, бо раней я ніколі не парушаў іхных загадаў. Я азірнуўся і пабачыў, што яны ідуць за мной са швабрай. Яны б, пэўна, і ў палату зайшлі, калі б не Макмэрфі: той нарабіў такога вэрхалу, віруючы сюды-туды, ляпаючы ручніком усіх, хто запісаўся на сёньняшнюю рыбалку, што чорныя вырашылі: відаць, сёньня небясьпечна заходзіць на гэтую тэрыторыю дзеля такой драбязы, як нямецены кавалачак калідору.
Макмэрфі нізка нацягнуў на рудыя валасы матацыклетную кепку, каб быць падобным да капітана карабля, а татуіроўкі, што вылазілі з-пад рукавоў ягонай футболкі, выглядалі, як зробленыя ў Сінгапуры. Ён гойдаўся, крочачы па падлозе, нібы гэта была палуба, і пасьвістваў у руку, быццам гэта боцманскі сьвісток.
— Сьвістаць усіх нагару, усіх нагару, альбо я вас марскім вузлом завяжу, ад кармы да якара!
Ён пагрукаў касьцяшкамі пальцаў па тумбачцы ля Гардынгава ложка.
— Шэсьць шклянак і з папутным ветрам ранак. Трымаць курс. Усім нагару. Аддаць канцы і працаваць, байцы.
Ён заўважыў, што я стаю ў дзьвярах, і падбег, каб пляснуць мяне па сьпіне, нібы барабан.
— Паглядзіце на Вялікага Правадыра; во прыклад добрага матроса і рыбака: падняўся да сьвітанку і пайшоў чарвякоў капаць. А вам, банда салабонаў і гультаёў, варта было б у яго павучыцца. Усім нагару. Прыйшоў наш час! Вылазім з-пад коўдраў, выходзім у мора!
Вострыя бурчэлі і хапаліся за ягоны ручнік, а хронікі папрачыналіся і круцілі пасінелымі галовамі, бо іх замоцна прывязвалі прасьцінамі пасярод цела, і кроў за ноч застойвалася. Яны азіраліся, а потым спынялі на мне слабыя вадкія старыя позіркі з маркотных цікаўных твараў. Лежачы, назіралі, як я цёпла апранаюся на рыбалку, так што мне было няёмка, і я пачуваўся крыху вінаватым. Яны адчувалі, што я адзіны хронік, якога абралі для падарожжа. Назіралі за мной — старыя, прыпаяныя да сваіх інвалідных крэслаў шмат гадоў таму, з катэтэрамі, што спаўзалі па нагах, як ліяны, і ўтрымлівалі іх да канца жыцьця на адным месцы — назіралі, ведалі, куды я зьбіраюся, і былі яшчэ здольныя крыху зайздросьціць, што яны не на маім месцы. Ведалі, бо ў іх загасілі чалавека нагэтулькі, каб імі авалодалі пракаветныя жывёльныя інстынкты (старыя хронікі часам нечакана прачыналіся ўначы, калі яшчэ ніхто іншы ня ведаў, што нехта ў аддзяленьні памёр, задзіралі галовы і пачыналі выць), і маглі зайздросьціць, бо ў іх заставалася досыць чалавечага, каб памятаць.
Макмэрфі выйшаў паглядзець на сьпіс, вярнуўся і паспрабаваў угаварыць яшчэ каго з вострых запісацца. Ён ішоў уздоўж шэрагу ложкаў і штурхаў нагамі тыя, у якіх яшчэ ляжалі пацыенты з нацягнутымі на галовы коўдрамі, казаў ім, як файна быць там, у кіпцюрах шторму, дзе сапраўдныя мужыкі з бутэлькай рому ў руках змагаюцца з шалёнай гайданкай:
— Ну, гультаі, нам трэба яшчэ адзін памочнік капітана, каб быў поўны экіпаж, трэба яшчэ адзін герой...
Але ён нікога ня здолеў пераканаць. Вялікая Сястра запалохала ўсіх астатніх сваімі гісторыямі пра тое, якія нядаўна былі штормы і колькі чаўноў затанула. Выглядала, што апошняга матроса мы так і ня знойдзем, але праз паўгадзіны да Макмэрфі ў чарзе на сьняданак падышоў Джодж Сорэнсэн, мы ў гэты час чакалі, калі адчыняць сталоўку.
Высокі, бяззубы, вузлаваты стары швэд, якога чорныя завуць Джордж Цяры-Шаруй, бо ён зацыклены на чысьціні, соўгаўся па калідоры, нахіліўшыся назад, так што ногі былі далёка наперадзе галавы (ён так адкідваецца назад, калі зь некім размаўляе, каб твар быў як мага далей ад суразмоўцы). Ён спыніўся перад Макмэрфі і прамармытаў нешта сабе ў далонь. Джордж быў вельмі сарамлівы. Немагчыма было пабачыць ягоныя вочы, гэтак глыбока яны хаваліся пад лобам, а рэшту твару ён прыкрываў сваёй вялікай даланёю. Яго галава хісталася, як вароніна гняздо на канцы падобнага да мачты хрыбта. Ён усё бурчэў у далонь, пакуль нарэшце Макмэрфі не адсунуў яму рукі ад твару, даўшы словам выйсьці.
— Ну, Джордж, што ты там казаў?
— Чарвякі, — вымавіў той, — я про-о-оста думаю, што на іх няма толку лавіць, ча-вы-чу.
— Во як? — спытаўся Макмэрфі. — Чарвякі? Я мо з табой і пагаджуся, калі патлумачыш, з чаго ты тут раптам гаворыш пра чарвякоў.
— Здаецца, я чуў нядаўна, як вы тут казалі, што містэр Бромдэн пайшоў чарвякоў капаць, для рыбалкі.
— Аа, праўда, дзед, памятаю.
— Дык я про-о-оста казаў, што на чарвяка браць ня будзе. Цяпер якраз час, калі ідзе вялі-ікая ча-вы-ча. Вам на селядца трэба спрабаваць. То-о-олькі так. Налэмпаеце селядцоў, і тады ўжо будзе сапраўдная рыбалка.
Ягоны голас падымаўся ў канцы кожнага сказу — ры-балка — быццам ён задаваў пытаньне. Вялікае падбародзьдзе, якое ён ранкам ужо так вышкраб, што ажно скуру садраў, паківала Макмэрфі ўверх-уніз пару разоў, а потым завярнулася і пацягнула дзеда па калідоры ў канец чаргі. Макмэрфі паклікаў яго назад.
— Гэй, пачакай крыху, Джордж, ты так кажаш, быццам нешта цяміш у сапраўднай рыбалцы.
Джордж завярнуўся і зноў пашоргаў да Макмэрфі, так нахіліўшыся назад, што здавалася, ногі з-пад яго зьбягаюць.
— Вя-дома ж. Я дваццаць пяць гадоў адхадзіў на чавычу, паўсюль быў: ад Маладзіковай затокі да пратокі П’юджыт. Дваццаць пяць гадоў лавіў, пакуль ня стаў такі вось брудны, — ён працягвае рукі, каб мы пабачылі на іх бруд. Усе, хто быў паблізу, падышлі і паглядзелі. Я ніякага бруду ня ўбачыў, але заўважыў шнары, што глыбока ўеліся ў белыя далоні ад цяганьня тысячаў міляў лёскі ў моры. Ён даў нам крыху паглядзець, а потым склаў рукі і схаваў іх пад піжаму, нібы мы сваімі поглядамі маглі іх забрудзіць. Ён стаяў там і пасьміхаўся Макмэрфі, агаліўшы дзясны, выбеленыя, як засоленая сьвініна: — У мяне была добрая рыбацкая лодка, то-о-олькі дванаццаць мэтраў, але з асадкай больш за тры мэтры, цалкам зь ціку й дубу, — ён пагойдаўся так, што можна было засумнявацца, ці ня рухаецца падлога. — Эх, файная была лодачка, далібог!
Ён хацеў зноў разьвярнуцца, але Макмэрфі зноўку яго спыніў.
— Халера, Джордж, чаго ж ты не сказаў, што ты рыбак? Я тут усім заліваю пра гэную рыбалку, быццам я стары марскі воўк, але калі паміж намі, дык я толькі й быў, што на экскурсіі на лінкары «Місуры», а пра рыбу ўвогуле ведаю, толькі што яе лепей есьці, чым чысьціць.
— Чысьціць лёгка, калі нехта цябе правільна навучыць.
— Богам клянуся, ты будзеш нашым капітанам, Джордж, а мы будзем твой экіпаж.
Джордж нахіліўся назад і пакруціў галавой:
— Гэтыя лодкі цяпер страх якія брудныя, цяпер усё страх як бруднае.
— Што за трасца! Мы лодку для цябе адмыслова стэрылізуем, двойчы вычысьцім, як зуб сабачы. Ты не запэцкаесься, Джордж, бо ты ж будзеш капітанам. Прынады табе нават і чапаць ня трэба будзе; ты проста будзеш камандаваць намі, дурнымі салабонамі — ну, як табе такое?
Па тым, як Джордж заломваў рукі пад піжамай, я бачыў, што для яго гэта гучыць вельмі спакусьліва, але ён усё роўна казаў, што ня можа рызыкаваць так забрудзіцца. Макмэрфі з усяе моцы спрабаваў яго пераканаць, але Джордж усё яшчэ адмоўна круціў галавой, калі ключ Вялікай Сястры ўтыркнуўся ў замок сталоўкі, і яна выйшла зь дзьвярэй з рэзкім гукам, несучы свой плецены кошык, поўны сюрпрызаў. Яна крочыла ўздоўж чаргі, раздаючы кожнаму мэханічныя ўсьмешкі і вітаньні. Макмэрфі заўважыў, як Джордж адхіснуўся ад яе і насупіўся. Калі яна прайшла, Макмэрфі нахіліў галаву набок і падміргнуў Джорджу.