— Ідзі спаць, Макмэрфі. Эта нікога не касаецца.
Вусны Макмэрфі расплыліся ў павольнай усьмешцы, але позірку ад сьвятла ён не адвёў. Прыкладна праз паўхвіліны чорнаму стала ніякавата так сьвяціць на Макмэрфі: на ягоны сьвежы бліскучы шнар, на гэтыя зубы, на татуіроўку пантэры на плячы, і ён прыбраў ліхтарык. Зноў нагнуўся, бурчыць і сапе, быццам гэта не абы-якія высілкі — абразаць засохлую жуйку.
— Абязанасьць начнога санітара, — тлумачыць ён у прамежку паміж бурчаньнем, спрабуючы гучаць прыязна, — падтрымліваць чысьціню ў палаце.
— Пасярод начы?
— Макмэрфі, у нас ёсьць такая штука — сьпісак абязанасьцей, дык там чысьціня — эта абязанасьць на круглыя суткі.
— А табе не здаецца, што ты мог бы адпрацаваць свае круглыя суткі да адбою, замест таго каб там сядзець і глядзець тэлек да паловы на адзінаццатую? Ці ведае бабулька Брыдар, што вы, хлопцы, большую частку зьмены тэлек гледзіцё? Як ты думаеш, што б яна зрабіла, калі б даведалася?
Чорны падняўся і сеў на край майго ложка. Ён зьлёгку пастукаў ліхтарыкам па зубах, пасьміхаючыся і хіхікаючы. Ягоны твар у сьвятле падобны да чорнага гарбуза са сьвечкай унутры на Гэлаўін.
— Давай я табе пра жуйку раскажу, — шэпча ён і нахіляецца бліжэй да Макмэрфі, як стары сябар. — Знаеш, я шмат гадоў дзівіўся, гдзе ж наш Правадыр бярэць жуйку, грошай жа ў яго ніколі няма. Ніколі ня бачыў, каб нехта яму даў хоць адну штучку, у цётачкі з Чырвонага Крыжа ён таксама ніколі не прасіў. Таму я ўсё назіраў і ўсё чакаў. І от паглядзі сюды. — Ён зноў становіцца на калені, падымае край майго пакрывала і сьвеціць пад ложак. — Бачыш? Магу аб заклад пабіцца, што ён этыя жуйкі тысячу разоў перажоўваў.
Гэта насьмяшыла Макмэрфі. Ён захіхікаў ад такога відовішча. Чорны патрос пакетам, і яны яшчэ разам пасьмяяліся. Потым чорны сказаў Макмэрфі дабранач, завязаў пакет, нібыта там ягоная ежа ляжала, і пайшоў некуды схаваць яго пра запас.
— Правадыр? — зашаптаў Макмэрфі. — Скажы мне нешта, калі ласка. — І тут ён пачаў напяваць старую песеньку, некалі вельмі папулярную: — Ці ня згубіць смаку жуйка, калі зь ёй у ложку спаць?
Спачатку я сапраўды раззлаваўся. Мне падалося, што ён зь мяне зьдзекуецца, як астатнія.
— Ці ня зломіш ранкам зубы, — сьпяваў ён шэптам, — як пачнеш яе жаваць?
Але чым больш я пра гэта думаў, тым сьмяшней мне рабілася. Я спрабаваў стрымацца, але адчуваў, што зараз зарагачу — ня зь песенькі Макмэрфі, а з самога сябе.
— Так даўно мяне хвалюе, хто б мне здолеў адказаць: ці ня згубіць смаку жуйка, калі зь ёй у лож-ку спааааааць?
Ён патрымаў апошнюю ноту і паказытаў мяне ёй, нібы пёркам. Я ня вытрымаў і хіхікнуў, і ад гэтага спалохаўся, што зараз засьмяюся і ня здолею спыніцца. Але якраз у гэты момант Макмэрфі саскочыў з ложка і зашамацеў, шукаючы нешта ў сваёй тумбачцы, і я змоўк. Сьціснуў зубы, думаў, што ж цяпер рабіць. Ужо даўно ніхто ад мяне ня чуў нічога акрамя мыканьня ці рову. Ён зачыніў тумбачку з такім рэхам, быццам ляснуў дзьверцамі бойлера ў качагарцы. Я пачуў, як ён кажа «трымай», і нешта заблішчэла ў мяне на ложку. Маленькае. Памерам зь яшчарку ці зьмейку.
— Пакуль што нічога лепшага за «Джусі фрут» ня маю, Правадыр. Выйграў у Скэнлана пачак у манэткі, — ён зноў лёг на ложак.
І перш чым я ўцяміў, што раблю, я сказаў яму: «Дзякуй».
Спачатку ён нічога не адказаў. Разглядаў мяне, абапёршыся на локаць, гэтак жа, як разглядаў чорнага, чакаў, пакуль я скажу яшчэ нешта. Я падняў з пакрывала пачак жуек, патрымаў у руцэ і прамовіў: «Дзякуй».
Прагучала гэта ня вельмі, бо ў мяне горла ўжо заржавела і язык рыпеў. Ён сказаў, што чуваць, як даўно я не практыкаваўся, і засьмяяўся. Я паспрабаваў пасьмяяцца разам зь ім, але атрымаўся нейкі клёкат, быццам курыца спрабуе каркаць. Гучала больш падобна да плачу, чым да сьмеху.
Макмэрфі параіў мне не сьпяшацца, бо да паловы сёмай ёсьць час, і ён можа паслухаць, калі я хачу папрактыкавацца. Чалавек, які маўчаў так доўга, як я, пэўна ж мае шмат пра што пагутарыць. Ён зноў прылёг на падушку і чакаў. Я недзе хвіліну думаў, што яму сказаць, але мне прыходзіла ў галаву толькі тое, чаго казаць нельга, бо словамі выходзіць іншае. Калі ён пабачыў, што я не магу нічога вымавіць, ён паклаў рукі пад галаву і загаварыў сам.
— Ведаеш, Правадыр, я якраз быў прыгадаў, як некалі зьбіраў гарох у даліне Ўілэміт, непадалёк ад Юджыну, і быў дужа шчасьлівы, што атрымаў такую працу. Тады, на пачатку трыццатых, няшмат хто з мальцоў мог працу знайсьці. Мяне ўзялі, бо я даказаў начальніку, што магу зьбіраць гарох гэтак жа хутка і чысьценька, як дарослыя. Карацей, я ў гэнай кампаніі быў адзіны малец. Навокал адны дзядзькі. Я паспрабаваў пару разоў зь імі пагутарыць, але пабачыў, што яны мяне ня слухаюць — што ім было да нейкага цыбатага рудога малога. Тады я змоўк. Я дужа ўжо раззлаваўся, што яны мяне ня слухалі, таму маўчаў усе тыя чатыры тыдні, калі працаваў на полі поруч зь імі, слухаў, што яны там балбочуць пра якога свайго кума ці свата. Ці калі нехта не выходзіў на працу, пляткарылі пра яго. За чатыры тыдні ад мяне не пачулі ані піску. Богам клянуся, урэшце яны забыліся, што я ўвогуле магу размаўляць, гэныя карчы старыя. Я вычэкваў, а потым у апошні дзень я ім выклаў усё, якая яны ўбогая кампанія гаўнюкоў. Я кожнаму расказаў, як сябры палівалі яго за сьпінай, калі яго не было на працы. Во тады ўжо яны слухалі, ды яшчэ як! Пачалі сварыцца міжсобку і пачаўся такі закалот, што я бяз прэміі застаўся, бо ў мяне ўжо была кепская рэпутацыя, і начальнік заявіў, што ўсе гэныя беспарадкі хутчэй за ўсё — мая віна, хоць ён і ня мог нічога даказаць. Я і яго абмацюкаў. Згубіў на гэтым баксаў дваццаць прэміі, але не шкадую.
Ён крыху пасьмяяўся ад успамінаў, а потым павярнуў галаву на падушцы і паглядзеў на мяне.
— Дык мне цікава, Правадыр, ты таксама вычэкваеш свайго дня, калі вырашыш усё ім выкласьці?
— Не. Я ня здолею.
— Ня здолееш іх паслаць? Гэта лягчэй, чым ты думаеш.
— Ты... Ты нашмат большы, мацнейшы за мяне, — прамармытаў я.
— Як гэта? Не зразумеў цябе, Правадыр.
Я зглынуў сьліну:
— Ты большы і мацнейшы за мяне. Ты можаш гэта зрабіць.
— Я? Ты што, цьвелісься? Халера, паглядзі на сябе: ты ж на галаву вышэйшы за ўсіх у аддзяленьні. Ты ж кожнага можаш раструшчыць, без праблемаў.
— Не, я замалы. Некалі быў вялікі, але цяпер ужо не. Ты ўдвая большы за мяне.
— Ух ты, дык ты сапраўды вар’ят, га? Ды я, як толькі сюды трапіў, адразу пабачыў, які ты здаравенны, як гара. Я шмат дзе жыў — і па ўсім Клэмаце, і ў Тэхасе, і ў Аклагоме, і па Гелапе нямала бадзяўся — і клянуся, што ніколі такога вялікага індзейца ня бачыў.
— Я зь цясьніны Каламбія, — вымавіў я. Ён чакаў працягу. — Мой бацька быў сапраўдны правадыр племені, яго звалі Тыi А Мілатуна. Гэта значыць Найвышэйшая Хвоя на Гары, а мы жылі не на гары. Ён быў сапраўды вялікі, пакуль я быў яшчэ дзіцём. Потым мая маці вырасла ўдвая большая.
— У цябе маман, відаць, была здаровая, як лось. Якога яна была памеру?
— О, вялікая, вялікая.
— Я ў сэнсе, колькі ў ёй было росту?
— Росту? На кірмашы дзядзька сказаў, што сто семдзесят пяць сантымэтраў і шэсьцьдзесят кіляграмаў вагі, але гэта таму, што ён толькі быў пабачыў яе. Яна расла ўвесь час.
— Праўда? І наколькі яна вырасла?
— Больш за нас з Татам разам.
— Проста аднойчы пачала расьці, га? Для мяне гэта нешта новенькае: ніколі ня чуў пра такую індзейскую цётку.
— Яна не была індыянка. Яна была гарадзкая, з Дэлзу.
— І як яе звалі? Бромдэн? Ага, разумею, пачакай крыху. — Ён трохі падумаў і спытаўся. — Калі гарадзкая выходзіць замуж за індзейца, гэта значыць за некага ніжэйшага, так? Здаецца, я разумею.
— Не. Гэта ня толькі яна зрабіла яго маленькім. Усе яго апрацоўвалі, бо ён быў вялікі, і не паддаваўся, і рабіў, што хацеў. Яны ўсе яго апрацоўвалі, гэтаксама як цяпер апрацоўваюць цябе.
— Хто яны, Правадыр? — пытаецца ён ціха, раптам пасур’язьнеўшы.
— Камбінат. Яго апрацоўвалі пяць гадоў. Ён быў досыць вялікі, каб нейкі час змагацца. Камбінат хацеў, каб мы жылі ў дамах пад наглядам. Хацеў забраць вадаспады. Нават у племя ён пралез, і яны яго апрацоўвалі. У горадзе яго зьбівалі ў завулках, а аднойчы яму абрэзалі валасы. О, Камбінат вялікі, велічэзны. Тата доўга змагаўся, пакуль мая маці не зрабіла яго замалым для змаганьня, і тады ён здаўся.