Ён падыходзіць да Сястры, трасучы кулаком:
— А, во як? Во як яно, га? Вы старога Сэфа ўкрыжаваць гатовыя, быццам ён гэта робіць вам на злосьць, ці што?
Яна супакаяльна кладзе далонь яму на руку, і ён расьціскае кулак.
— Усе ў парадку, Брус. З вашым сябрам усё будзе ў парадку. Выглядае, што ён не прымаў свайго дылянтыну. Нават ня ведаю, што ён зь ім робіць.
Яна ведае ня горш за іншых: Сэфэлт трымае пігулкі ў роце, а пазьней дае іх Фрэдрыксану. Сэфэлту ня хочацца іх глытаць, бо ён кажа пра «жахлівыя пабочкі», а Фрэдрыксан рады падвойнай дозе, бо ён да сьмерці баіцца прыпадку. Мэдсястра гэта ведае, лёгка зразумець па голасе, але толькі паглядзіце на яе, такая спагадлівая і лагодная, можна падумаць, што ёй нічога не вядома пра Фрэдрыксана і Сэфэлта.
— Та-а-ак, — кажа Фрэдрыксан, але ўжо ня можа сабраць сілаў для новага нападу. — Ага, добра, ня трэба сябе так паводзіць, быццам усё так проста, глытаць гэтыя штукі ці не глытаць. Вы ж ведаеце, як Сэф хвалюецца за свой выгляд, і што жанчыны палічаць яго брыдкім і ўсё такое, і вы ж ведаеце, як ён думае, што ад дылянтыну...
— Я ведаю, — адказвае яна і зноў дакранаецца да ягонай рукі. — Ён вінаваціць прэпарат і ў тым, што ў яго выпадаюць валасы. Бедны стары.
— Ён не такі ўжо стары!
— Ведаю, Брус. Чаму вы так расхваляваліся? Ніколі не магла зразумець, што такое адбываецца паміж вамі і вашым сябрам, што вы гэтак хваравіта рэагуеце!
— А-а, чорт, што тут! — мармыча ён і ўпіхвае кулакі ў кішэні.
Мэдсястра нахіляецца, вымятае сабе месьцейка на падлозе, абапіраецца на калена і пачынае ляпіць Сэфэлта ў нейкую форму. Яна кажа чорнаму, каб той пабыў зь няшчасным старым, а яна сходзіць дашле каталку, каб таго закацілі ў палату і далі яму сёньня выспацца. Калі яна падымаецца, то зноў суцяшальна дакранаецца да Фрэдрыксанавай рукі, і той бурчыць:
— Так, мне таксама трэба прымаць дылянтын, вы ж ведаеце. Таму я разумею, праз што Сэфу даводзіцца прайсьці. То бок, я таму — а-а, чорт...
— Я разумею, Брус, праз што вам абодвум даводзіцца прайсьці, але хіба вам не здаецца, што як заўгодна будзе лепш за вось гэта?
Фрэдрыксан глядзіць, куды яна паказвае. Сэфэлт напалову вярнуўся ў нармальны стан, надзімаецца і зьдзімаецца вялікімі вільготнымі сіпатымі глыткамі паветра. З таго боку галавы, на які ён прызямліўся, вытыркаецца гузак; вакол дошчачкі ў роце — чырвоная пена, а бялкі вачэй пакрысе закочваюцца назад у вачніцы. Рукі паабапал прыбітыя да падлогі далонямі ўгару, а пальцы сутаргава сьціскаюцца і расьціскаюцца. Якраз гэтак торгаліся людзі, якіх я бачыў у Шок-Блоку прышпіленымі да крыжовага стала, і зь іхных далоняў ад току віўся дым. Сэфэлт і Фрэдрыксан ніколі не былі ў Шок-Блоку. Іх зрабілі так, каб яны выпрацоўвалі ўласны ток, накоплівалі яго ў хрыбетніку, а калі ня будуць слухацца, ток можна выпусьціць дыстанцыйна, з пульта ў сталёвых дзьвярах у Сястроўні — ад такога жарціка яны здранцьвеюць, быццам іх маланкай жахнула ў крыж хрыбетніка. Нават няма патрэбы цягаць іх на шок.
Сястра крыху трасе Фрэдрыксану руку, нібыта ён заснуў, і паўтарае:
— Нават калі ўзяць пад увагу пабочныя эфэкты прэпарату, хіба вы ня лічыце, што так лепш, чым вось гэта?
Ён узіраецца ў падлогу, і бялявыя бровы падымаюцца, быццам Фрэдрыксан упершыню пабачыў, як ён выглядае прынамсі раз на месяц. Мэдсястра ўсьміхаецца, кранае яму руку і крочыць да дзьвярэй, злосна паглядаючы на вострых, каб прысароміць іх за тое, што яны сабраліся паглядзець на такое; калі яна сыходзіць, Фрэдрыксан дрыжыць і спрабуе ўсьміхнуцца.
— Нават ня ведаю, чаго я на цётку раззлаваўся, яна ж нічога не зрабіла, каб у мяне была прычына гэтак разьятрыцца, праўда ж?
Ня тое, каб ён чакаў адказу; хутчэй ён проста паскардзіўся, што ня можа намацаць прычыны. Ён зноў уздрыгвае і сыходзіць убок ад астатніх. Макмэрфі падыходзіць да яго і ціха пытаецца, што яны такое прымаюць?
— Дылянтын, Макмэрфі, гэта лек супраць канвульсіяў, калі табе ўжо так трэба ведаць.
— Ён што, не спрацоўвае ці што?
— Не, здаецца спрацоўвае нармальна... Калі яго прымаць.
— Дык з чаго гэныя ваганьні, прымаць ці не прымаць?
— Глядзі, калі хочаш ведаць! Вось чаму чортавы ваганьні, ці прымаць.
Фрэдрыксан адцягвае двума пальцамі ніжнюю губу, каб паказаць дзясны, блякла-ружовыя і зношаныя вакол доўгіх бліскучых зубоў.
— Дзясмы, — гугнявіць ён, трымаючы губу. — Ад дылямтыму дзясмы гміюць. А калі ў цябе прыпадак, ты скрыгочаш зубамі. І тады...
З падлогі чуецца шум. Яны глядзяць туды, адкуль даносяцца Сэфэлтавы стогны і хрыпы, і якраз у гэты момант чорны выцягвае два зубы разам са сваёй дошчачкай.
Скэнлан бярэ паднос і сыходзіць са словамі:
— Во жытка клятая. І так кепска, і гэтак пагана. Чалавека круціць у заблытаны вузел, я б сказаў.
Макмэрфі ківае:
— Так, разумею, пра што ты. Ён глядзіць уніз, назірае, як вяртаецца ў ранейшую форму Сэфэлтаў твар. Аблічча Макмэрфі пакрысе робіцца такое ж змарнелае і прыціснутае, як і твар на падлозе.
Што б там ні сапсавалася ў мэханізьме, яны гэта ўжо амаль адрамантавалі. Ясны, пралічаны аднастайны рух вяртаецца: шостая трыццаць — пад’ём, а сёмай — у сталоўку, а восьмай зьяўляюцца складанкі для хронікаў і карты для вострых... Я бачу, як у Сястроўні белыя рукі Вялікай Сястры лунаюць над пультам кіраваньня.
Мяне часам бяруць разам з вострымі, а часам не. Аднойчы мяне бяруць разам зь імі ў бібліятэку, і я кіруюся да сэкцыі тэхнічнай літаратуры, стаю там, разглядаю назвы кніжак — кніжак, якія пазнаю яшчэ з таго году, калі хадзіў у коледж; я памятаю, што ўнутры гэтыя кніжкі поўныя схемаў, ураўненьняў і тэорыяў — строгія, пэўныя, бясьпечныя рэчы.
Хачу паглядзець адну з кніжак, але баюся. Я ўвогуле баюся нешта рабіць. Мне здаецца, нібы я лунаю ў пыльным жоўтым паветры бібліятэкі пасярэдзіне паміж падлогай і стольлю. Кніжныя паліцы нада мной гойдаюцца, шалёныя, перакошаныя, пастаўленыя пад рознымі вугламі адна да адной. Адна паліца загінаецца крыху налева, другая — направа. Некаторыя нахіляюцца нада мной, і я не магу ўцяміць, як кнігі не выпадаюць. Яны ўсё вышэйшыя, вышэйшыя, так што вокам не акінуць, хісткія паліцы, змацаваныя разам ліштвай і цьвічкамі, падпёртыя шастамі, прыхіленыя да драбінаў, з усіх бакоў вакол мяне. Калі б я нейкую кнігу выцягнуў, невядома які б тут жах пачаўся.
Чую, як нехта заходзіць: гэта чорны з нашага аддзяленьня, а зь ім Гардынгава жонка. Яны размаўляюць і пасьміхаюцца адно аднаму.
— Зыр сюды, Дэйл, — кліча чорны Гардынга, які чытае кнігу, — зыр сюды, хто да цябе прыйшоў. Я ёй гаварыў, цяперака не пускаем наведнікаў у гэты час, але ж ты знаеш, як яна мяне ўгаварыла-ўлагодзіла прывесьці яе адразу сюды. — Ён пакідае яе каля Гардынга і сыходзіць з загадкавымі словамі. — Цяпер ужо не забудзьцеся, чуеце?
Яна пасылае чорнаму паветраны пацалунак, потым паварочваецца да Гардынга, выставіўшы сьцёгны:
— Прывітаньне, Дэйл.
— Сонейка, — кажа ён, але не падыходзіць да яе. Ён азіраецца на ўсіх, хто на іх глядзіць.
Яна аднаго зь ім росту. На ёй чаравікі на высокіх абцасах, і яна трымае чорную сумачку не за раменьчык, але як трымаюць кнігу. Ейныя пазногці чырвоныя, як кроплі крыві на фоне лякаванай чорнай скураной сумачкі.
— Гэй, Мак, — Гардынг кліча Макмэрфі, які сядзіць на іншым канцы пакою, разглядаючы коміксы ў кніжцы. — Калі вы на хвілінку адарвяцеся ад сваіх літаратурных досьледаў, я вас пазнаёмлю са сваёй спадарожніцай жыцьця і Нэмэзыдай. Я мог бы сказаць банальна, «з маёй лепшай палавінай», але мне здаецца, гэтая фраза прадугледжвае нейкі больш-менш роўны падзел, як вы лічыце?
Ён спрабуе засьмяяцца; два тонкія белыя пальцы ныраюць у кішэню кашулі па цыгарэты і крыху падрыгваюць, дастаючы апошнюю з пачка. Цыгарэта трасецца, калі ён засоўвае яе паміж вуснаў. Яны з жонкай па-ранейшаму не падышлі адно да аднаго.