А ўдзень на сходзе Чэзўік сказаў, што ўсе дамовіліся неяк вырашыць сытуацыю з цыгарэтамі, і выгукнуў:
— Я не дзіця малое, каб ад мяне цыгарэты хавалі, як цукеркі! Мы хочам, каб з гэтым нешта зрабілі, правільна, Мак? — ён чакаў, што Макмэрфі яго падтрымае, а ў адказ атрымаў толькі цішыню.
Ён паглядзеў у кут на Макмэрфі. Усе туды паглядзелі. Макмэрфі быў на месцы, вывучаў тальлю, якая то зьнікала, то зьяўлялася ў яго руках. Ён нават не падняў вачэй. Было страх як ціха; чуваць толькі пляскач засаленых картаў і цяжкае дыханьне Чэзўіка.
— Я хачу, каб нешта зрабілі! — раптам зноў закрычаў Чэзўік. — Я не дзіця малое! — ён тупнуў нагой і агледзеўся з такім выглядам, нібы згубіўся і вось-вось расплачацца. Сьціснуў кулакі і падняў іх да круглых пукатых грудзей, як маленькія ружовыя мячыкі на зялёным фоне. Яны былі сьціснутыя так моцна, што ён ажно трэсься.
Ён ніколі не здаваўся вялікім; ён быў нізкі і затлусты, і на патыліцы ў яго была пляшына, як ружовая манэтка, але стоячы так у адзіноце пасярод дзённага пакою ён выглядаў малюпаценькім. Ён паглядзеў на Макмэрфі, не атрымаў погляду ў адказ і пайшоў уздоўж шэрагу вострых, шукаючы дапамогі. Штораз, калі адзін зь іх адводзіў вочы і адмаўляўся яго падтрымаць, паніка ў яго на твары падвойвалася. Ягоны позірк нарэшце спыніўся на Вялікай Сястры. Ён ізноў тупнуў нагой.
— Я хачу, каб нешта зрабілі! Чуеце мяне? Я хачу, каб нешта зрабілі! Нешта! Нешта! Не!..
Двое вялікіх чорных заламалі яму рукі ззаду, а найменшы накінуў на яго адмысловую папругу. Чэзўік абвіс, быццам зь яго выпусьцілі паветра, і два вялікія санітары пацягнулі яго да агрэсіўных; можна было пачуць, як яго абмяклае цела падскоквае на прыступках. Калі чорныя вярнуліся і селі, Вялікая Сястра павярнулася да шэрагу вострых і агледзела іх. Ніхто нічога не сказаў з моманту сыходу Чэзўіка.
— Ці ёсьць яшчэ жаданьне абмеркаваць, — прамовіла яна, — нормы выдачы цыгарэтаў?
Гледзячы на парадзелы шэраг твараў, завіслых насупраць мяне ля сьцяны, я нарэшце спыняю вочы на Макмэрфі на ягоным крэсьле ў куце, ён усё паўтарае здым тальлі адной рукой... І белыя лямпы ў столі зноў пачынаюць пампаваць замерзлае сьвятло... Я адчуваю гэта, прамяні дабіраюцца ажно мне ў вантробы.
Пасьля таго, як Макмэрфі перастае за нас заступацца, некаторыя вострыя ў размовах міжсобку кажуць, што ён па-ранейшаму дурыць Вялікую Сястру, кажуць, што яму перадалі, быццам яна зьбіралася паслаць яго да агрэсіўных, таму ён наважыўся крыху прыкінуцца паслухмяным, каб не даваць ёй падставаў. Іншыя мяркуюць, што ён дае ёй расслабіцца, а потым выкіне супраць яе нешта новае, яшчэ больш шалёнае і нахабнае, чым раней. Яны гуртуюцца, абмяркоўваюць гэта, дзівяцца.
Але я, я ведаю чаму. Я чуў ягоную размову з ратавальнікам. Ён нарэшце робіцца хітрэйшым, вось і ўсё. Гэтак, як Тата нарэшце пахітрэў, калі зразумеў, што ня зможа перамагчы тых гарадзкіх, якія хацелі, каб урад паставіў дамбу, бо гэта прынясе грошы і працу, і ад вёскі можна будзе пазбавіцца: хай племя індзейцаў-рыбакоў бярэ свае сьмярдзючыя манаткі і дзьвесьце тысяч даляраў, якія ім плоціць урад, і сыходзіць зь імі адсюль куды хоча! Тата зрабіў разумна, падпісаўшы паперы; супрацівам нічога б не дабіўся. Улады ўсё роўна атрымалі б што хацелі, раней ці пазьней, а так племені хоць добра заплацілі. Гэта было разумна. І Макмэрфі рабіў разумна. Я гэта бачыў. Ён паддаваўся, бо гэта быў самы разумны выбар, а ня зь нейкіх тых іншых прычынаў, што выдумлялі вострыя. Ён пра гэта не казаў, але я гэта ведаў і тлумачыў сабе, што гэта разумны выбар. Я паўтараў сабе зноў і зноў: гэта бясьпечна. Як хавацца. Гэта разумны выбар, ніхто тут ня можа запярэчыць. Я ведаю, што ён робіць.
А потым неяк ранкам усе вострыя таксама даведаліся — даведаліся сапраўдную прычыну ягонай асьцярожнасьці і тое, што іншыя прычыны, якія яны навыдумлялі, гэта проста хлусьня, каб падмануць сябе. Ён не сказаў ані слоўца пра размову з ратавальнікам, але яны даведаліся. Мяркую, што мэдсястра абвясьціла пра гэта ўначы праз маленькія правадкі ў падлозе палаты, бо яны ведалі ўсе адначасова. Разумею гэта па тым, як яны глядзяць на Макмэрфі той раніцай, калі ён заходзіць у дзённы пакой. Глядзяць ня так, нібы на яго злуюцца ці нават расчараваныя ў ім, бо яны цямяць ня горш за мяне, што для яго адзіны спосаб дамагчыся, каб Вялікая Сястра скасавала яму прымусовую шпіталізацыю, — гэта паводзіцца так, як ёй хочацца. Але ўсё роўна яны глядзяць на яго, быццам шкадуюць, што ўсё так атрымалася.
Нават Чэзўік гэта зразумеў і не злаваўся на Макмэрфі за тое, што той не падтрымаў яго і не падняў вэрхалу наконт цыгарэтаў. Ён вярнуўся ад агрэсіўных у той жа дзень, калі мэдсястра перадала інфармацыю ў ложкі, і ён сам сказаў Макмэрфі, што разумее ягоныя паводзіны і што гэта, вядома ж, самае правільнае, і што калі б ён сам памятаў, што Мак тут прымусова, ён бы ніколі яго не падстаўляў, як тады на сходзе. Ён патлумачыў гэта Макмэрфі, калі нас усіх павялі ў басэйн. Але як толькі мы туды прыйшлі, ён сказаў, што хацеў бы, каб хоць нешта можна было зрабіць, і нырнуў у ваду. І неяк уплішчыў пальцы ў краты над вадасьцёкам на дне басэйну, і ані вялікі ратавальнік, ані Макмэрфі, ані двое чорных ня здолелі яго выцягнуць, а калі яны прынесьлі адвёртку, адкруцілі шрубы і паднялі Чэзўіка разам з кратамі, сьціснутымі пукатымі ружова-сінімі пальцамі, ён ужо захлынуўся.
Перад сабой у чарзе па абед бачу, як у паветры ляціць паднос, зялёная плястыкавая хмара, зь якой дажджом ліецца малако, і гарох, і суп з гародніны. Сэфэлт вылузваецца з чаргі на адной назе з паднятымі рукамі і падае назад здубянелай дугой; бялкі ягоных вачэй мінаюць мяне, перакуленыя. Ягоная галава б’ецца аб кафлю зь ляскатам, нібы камяні пад вадой, і ён трымае дугу, быццам дрыготкі, сутаргавы мост. Фрэдрыксан і Скэнлан падскокваюць да яго, каб дапамагчы, але вялікі чорны адштурхоўвае іх і выцягвае з задняй кішэні абматаную ізаляцыйнай стужкай дошчачку зь вялікай рудой плямай. Ён расьціскае Сэфэлту рот, засоўвае дошчачку таму паміж зубоў, і я чую, як яна трэскаецца ад ціску сківіцаў. У мяне ў роце смак стрэмак. Сэфэлтава дрыганіна запавольваецца, мацнее, набірае разгон і ператвараецца ў магутныя тугія ўдары, якія падымаюць яго мостам, а потым ён падае — падымаецца і падае, павольней і павольней, і тут прыходзіць Вялікая Сястра, становіцца над ім, а ён, абмяклы, расьцякаецца па падлозе шэрай лужынай.
Яна складае перад сабой рукі, нібы трымае сьвечку, і глядзіць, як тое, што ад яго засталося, выцякае з нагавіцаў і кашулі.
— Містэр Сэфэлт? — пытаецца яна ў чорнага.
— Ага, гэты чарцяка, — чорны торгаецца, каб забраць назад сваю дошчачку. — Міста Сіі-філ.
— А містэр Сэфэлт яшчэ сьцьвярджаў, што больш не патрабуе лекаў. — Сястра ківае і адступае на крок ад яго, размазанага па падлозе перад ейнымі белымі чаравікамі. Яна падымае галаву і аглядае кола вострых, якія падышлі паглядзець. Зноў ківае і паўтарае: «...больш не патрабуе лекаў». На ейным твары — усьмешка, шкадаваньне, цярплівасьць і агіда ў адным фляконе: натрэніраваны выраз.
Макмэрфі ніколі такога ня бачыў.
— Што зь ім такое? — пытаецца ён.
Яна затрымлівае позірк на лужыне, не паварочваючыся да Макмэрфі.
— Містэр Сэфэлт — эпілептык, містэр Макмэрфі. Гэта значыць, што зь ім у любы час можа здарыцца такі прыпадак, як цяпер, калі ён ня будзе выконваць рэкамэндацыяў мэдыкаў. Ён гэта добра ведае. Мы патлумачылі яму, што здарыцца, калі ён ня будзе прымаць сваіх лекаў. І ён усё роўна працягвае паводзіць сябе неразумна.
З чаргі, натапырыўшы бровы, выходзіць Фрэдрыксан. Гэта мускулісты бледны хлопец зь бялявымі валасамі, такімі ж бялявымі густымі бровамі і доўгай сківіцай. Час ад часу ён задзіраецца, як спрабаваў Чэзўік: раве, крычыць і кляне нейкую з мэдсясьцёр, кажа, што сыдзе з гэтай установы вашывай! Яму заўсёды дазваляюць пакрычаць і патрэсьці кулаком, пакуль ён не супакоіцца, а потым пытаюцца, ці вы скончылі, містэр Фрэдрыксан, мы ўжо ідзем афармляць выпіску — а потым б’юцца аб заклад у кабінэце, праз колькі часу ён пагрукае ў шкло зь вінаватым выглядам і пачне прасіць прабачэньня, маўляў, ці нельга проста забыцца на ўсе гэтыя штукі, што ён нагаварыў у запале, проста пакладзіце гэтыя паперы ў шуфляду на дзень ці два, добра?