— Ага, доктар, што наконт нашых цыгарэтаў? Якое яна мае права трымаць цыгарэты — нашыя цыгарэты — у кучы ў сябе на стале, быццам гэта ейная маёмасьць, і даваць нам пачак, як падачку, калі ёй пажадаецца? Мне ня дужа падабаецца ідэя купляць блок цыгарэтаў, каб потым нехта казаў мне, калі я магу іх курыць.
Доктар нахіляе галаву, каб паглядзець на Вялікую Сястру праз акуляры. Ён яшчэ ня ў курсе, што яна забірае цыгарэты, каб спыніць азартныя гульні.
— Што там з цыгарэтамі, міс Брыдар? Мне здаецца, я ня чуў...
— Я мяркую, доктар, што тры, ці чатыры, ці часам пяць пачкаў цыгарэтаў на дзень — гэта ўжо абсалютна занадта для аднаго чалавека, каб курыць. А менавіта гэта назіралася на мінулым тыдні... пасьля зьяўленьня містэра Макмэрфі... І таму я палічыла, што будзе найлепш схаваць пад замок цыгарэты, набытыя ў сталовай, і абмежаваць спажываньне пачкам на дзень.
Макмэрфі нахіліўся наперад і гучна прашаптаў Чэзўіку:
— Зара яна скажа, што наступнае рашэньне — наконт паходаў у сарцір; цяпер трэба будзе ня толькі браць з сабой сямёх прыяцеляў, але ўводзіцца абмежаваньне — дзьве ходкі на дзень, і толькі тады, калі яна загадае.
Ён зноў адкінуўся ў крэсьле і так рагатаў, што амаль хвіліну ніхто больш нічога ня мог вымавіць.
Макмэрфі дужа весяліла рабіць увесь гэты цырк, і, мне здаецца, яго крыху дзівіла, што пэрсанал на яго асабліва ня ціснуў, а найбольш дзівіла тое, што Вялікая Сястра гэтак стрымана зь ім размаўляла. Ён аднойчы сказаў Гардынгу пасьля сходу:
— Я дык думаў, што нашая каня старая больш пораху мае. Мо ёй хапіла аднаго аблому, каб супакоіцца. Але тут такая штука, — нахмурыўся ён, — яна сябе так паводзіць, быццам у яе ўсе казыры засталіся ў рукаве.
Ён так весяліўся да серады наступнага тыдня. А тады даведаўся, чаму Вялікая Сястра так упэўненая ў сваіх картах. Серада — такі дзень, калі яны бяруць за шкірку ўсіх, хто ня мае нейкай хваробы, каб адчапіцца, і цягнуць у басэйн. Калі ў аддзяленьні быў туман, я звычайна ў ім хаваўся, каб толькі туды не ісьці. Басэйн мяне заўжды палохаў; я заўсёды баяўся, што зайду на глыбіню і патану, што мяне зацягне ў вадасьцёк і выкіне ў мора. Калісьці я зусім не баяўся вады, калі быў яшчэ хлопчыкам на Каламбіі, разам зь іншымі хадзіў па мастках над вадаспадамі, нават бяз ботаў з падбітымі падэшвамі, якія абувалі дарослыя. Вакол мяне раўла бела-зялёная вада, а ў імжы пырскаў стаялі вясёлкі. Але калі я пабачыў, што Тата пачаў палохацца ўсяго, я таксама спужаўся, стаў баяцца нават малой сажалкі.
Мы выйшлі з разьдзявальні; басэйн гойдаўся і плёскаўся, напоўнены голымі мужыкамі; воклічы і крыкі адскоквалі ад высокай столі, як гэта заўжды бывае ў закрытых басэйнах. Чорныя загналі нас у ваду, як быдла. Вада была прыемна цёплая, але я не хацеў адплываць на сярэдзіну (чорныя хадзілі ўздоўж басэйну з доўгімі бамбукавымі палкамі і штурхалі цябе, калі ты хапаўся за борцік) таму я трымаўся каля Макмэрфі, бо ведаў, што таго ня будуць прымушаць плысьці на глыбіню, калі ён сам не захоча.
Ён размаўляў з ратавальнікам, а я быў ад іх недзе за мэтар. Макмэрфі, відаць, трапіў на нейкае глыбокае месца, бо ён мусіў падграбаць, а я проста стаў на дно. Ратавальнік стаяў ля борціка, на ім была футболка з нумарам палаты, а на шыі — сьвісток. Яны з Макмэрфі загаманілі пра розьніцу паміж шпіталем і турмой, і Макмэрфі казаў, наколькі шпіталь лепшы. Ратавальнік не зусім пагаджаўся. Я пачуў, як ён гаворыць Макмэрфі, што, напрыклад, прымусовае накіраваньне сюды — зусім ня тое, што прысуд.
— Калі табе даюць турэмны тэрмін, дык наперадзе ёсьць дата, калі ты ведаеш, што цябе выпусьцяць.
Макмэрфі спыніў плёскацца. Ён павольна падплыў да борціка і ўзяўся за яго, гледзячы на ратавальніка.
— А калі трапіў сюды прымусова? — спытаўся ён пасьля паўзы.
Ратавальнік паціснуў мускулістымі плячыма і пацягнуў за сьвісток на шыі. Ён быў стары футбаліст-профі са сьлядамі шыпоў на лобе, і час ад часу, калі ён быў не ў палаце, у ягонай галаве нешта шчоўкала, вусны пачыналі плявацца лічбамі, а сам ён падаў на карачкі ў позу лінейнага, ляцеў на якую мэдсястру, што ішла па калідоры, і ўразаўся плячом ёй у ныркі ў самы час, каб даць паўабаронцу ззаду зону для праходу. Таму яго й трымалі сярод агрэсіўных, бо калі ён не дзяжурыў у басэйне, дык у любы момант мог нешта такое зрабіць.
Ён зноў паціснуў плячыма на пытаньне Макмэрфі, потым агледзеўся, каб пабачыць, ці няма побач чорных, і прысеў каля борціка. Потым працягнуў да Макмэрфі далонь.
— Бачыш гэты гіпс?
Макмэрфі паглядзеў на вялікую руку:
— Няма ніякага гіпсу, братка.
Ратавальнік толькі пасьміхнуўся:
— Гэты гіпс наклалі, бо ў мяне быў сур’ёзны пералом у апошняй гульні з «бурымі». Я формы не магу надзець, пакуль пералом не зрасьцецца і гіпсу ня здымуць. Мэдсястра ў палаце кажа, што яна ўпотай лечыць мне руку. Ага, братан, яна кажа, калі я буду асьцярожны з рукой, ня буду яе занадта напружваць і ўсё такое, дык яна здыме гіпс, і я змагу вярнуцца ў каманду.
Ён упёрся кулакамі ў халодную плітку і стаў на тры кропкі, каб праверыць, што з рукой. Макмэрфі хвілінку назіраў за ім, а потым спытаўся, колькі той ужо чакае, каб яму сказалі, што рука выздаравела і можна выпісвацца з шпіталю. Ратавальнік павольна падняўся і пацёр руку. Выглядала, што яго пакрыўдзіла такое пытаньне, быццам яго абвінавацілі, што ён слабак і доўга залечвае раны:
— Я тут прымусова, — патлумачыў ён. — Мяне б тут ужо не было, калі б гэта ад мяне залежала. Мо з такой рукой пакалечанай я б і ня мог гуляць за аснову, але ручнікі для каманды складаць я б здолеў, правільна? Мог бы хоць нешта рабіць. Але гэтая мэдсястра ўсё кажа доктару, што я не гатовы. Нават ручнікі складаць у якой разьдзявальні вашывай, і тое не гатовы.
Ён павярнуўся і пайшоў да свайго ратавальніцкага крэсла, забраўся на яго па лесьвіцы, як гарыла пад наркозам, і ўперыўся ў нас зьверху, выпнуўшы ніжнюю губу:
— Мяне забралі за хуліганку па п’яні, і вось я тут ужо восем гадоў і восем месяцаў.
Макмэрфі адштурхнуўся ад борціка і пачаў павольна заграбаць на месцы, абдумваючы гэта: ён атрымаў прысуд шэсьць месяцаў на папраўчай фэрме, адбыў два месяцы, яшчэ чатыры заставаліся — і ён не зьбіраўся дзе-кольвечы сядзець пад замком больш за гэтыя чатыры месяцы. Ён ужо амаль месяц быў у нашай вар’ятні. Можа тут і было нашмат лепей, чым на «хіміі»: добрыя ложкі, апэльсінавы сок на сьняданак, — але не настолькі, каб яму захацелася прабавіць тут пару гадоў.
Ён паплыў да прыступак на плыткім баку басэйну і сядзеў там да канца заняткаў, тузаючы свой пучок поўсьці на шыі і хмурачыся. Назіраючы, як ён там сядзіць і хмурыцца сам сабе, я прыгадаў, што казала Вялікая Сястра на сходзе, і адчуў страх.
Калі прагучаў сьвісток, каб мы пакінулі басэйн, і мы ўсе пабрылі да разьдзявальні, там ужо былі іншыя пацыенты, якія прыйшлі на свой час у раскладзе. І ў басэйнчыку для ног, празь які трэба было ісьці ў душ, ляжаў хлопец зь іншага аддзяленьня. У яго была вялікая ружовая галава, як губка, і распухлыя сьцёгны ды ногі — быццам нехта ўзяў шарык, напоўнены вадой, і сьціснуў яго пасярэдзіне. Ён ляжаў на баку і рабіў гукі, нібы сонны цюлень. Чэзўік з Гардынгам дапамаглі яму падняцца, але ён адразу ж лёг назад у басэйнчык. Ягоная галава боўталася ў дэзынфэкцыйнай вадкасьці. Макмэрфі назіраў, як яны зноў паднялі яго.
— Што гэта за халера? — спытаўся Макмэрфі.
— Ён гідрацэфал, — адказаў яму Гардынг. — Наколькі я разумею, гэта нейкая лімфатычная хвароба. Галава напаўняецца вадкасьцю. Памажы нам патрымаць яго.
Калі яны адпусьцілі хлопца, той зноў лёг у басэйнчык; выгляд у яго на твары быў цярплівы, бездапаможны і ўпарты; ён сычэў і пускаў ротам бурбалкі ў мутным, як малако, растворы. Гардынг зноў папрасіў Макмэрфі дапамагчы, і яны з Чэзўікам зноўку нахіліліся да хлопца, але Макмэрфі праціснуўся наперад і пераступіў праз хлопца ў душ.
— Хай ляжыць, — прабурчаў ён і пачаў мыцца. — Мо яму не падабаецца глыбокая вада.
Я ўжо бачыў, да чаго ўсё йдзе. На наступны дзень ён зьдзівіў усіх у аддзяленьні, падняўшыся рана і адшмараваўшы прыбіральню так, што тая ажно блішчала, а потым пайшоў мыць падлогі ў калідоры, калі яму сказалі чорныя. Ён зьдзівіў усіх, акрамя Вялікай Сястры; яна паводзілася так, быццам у гэтым няма нічога дзіўнага.