Восень ідзе, усё думаю я, ідзе восень; нібы гэта самае незвычайнае, што калі адбывалася. Восень. Зусім побач звонку нейкі час таму была вясна, потым лета, а цяпер восень — во дзіўная штука.
Я зразумеў, што дагэтуль адчуваю ўсё ўсьляпую. Быў заплюшчыў вочы, калі дакрануўся тварам да сеткі, нібы баяўся глядзець вонкі. Цяпер трэба было іх расплюшчыць. Я паглядзеў у вакно і ўпершыню пабачыў, што шпіталь месьціцца на прыродзе. Поўня вісела нізка ў небе над паплавамі; яе аблічча было падрапанае і пашкрабанае там, дзе яна толькі што вырвалася з вышчаранай пашчы нізкарослых дубоў і сунічных дрэваў на гарызонце. Зоркі паблізу яе былі бляклыя; яны рабіліся ўсё ярчэйшыя і сьмялейшыя, чым далей яны сыходзілі з кола сьвятла, якім кіравала гіганцкая поўня. Мне гэта нагадала, як я заўважыў тое ж самае, калі хадзіў на паляваньне з Татам і дзядзькамі і ляжаў загорнуты ў коўдры, якія зьвязала бабуля, а мужчыны сядзелі на кукішках непадалёк ля вогнішча і моўчкі перадавалі па крузе літровую пляшку з кактусавай гарэлкай. Я назіраў, як вялікая поўня Арэгонскай прэрыі па-нада мной прысароміла ўсе зоркі навокал сябе. Я ўсё не заплюшчваў вачэй, каб пабачыць, ці не паблякне поўня альбо паярчэюць зоркі, пакуль у мяне на твары не пачала зьбірацца раса, і мне давялося накрыцца з галавой.
Нешта заварушылася на зямлі пад маім вакном — адкінула доўгі павучыны цень, прабягаючы праз траву, і зьнікла з вачэй за жываплотам. Калі яно зноўку зьявілася ў полі майго зроку, я пабачыў, што гэта сабака, малады нехлямяжы мяшанец, які зьбег з дому паглядзець, што дзеецца, як сьцямнела. Ён вынюхваў ля сусьлікавых нораў, не для таго, каб разрыць нейкую і схапіць сусьліка, а проста каб зразумець, чым яны ў такі час бавяцца. Засоўваў пысу ў норку — зад угару, хвост хадуном — а потым кідаўся да наступнай. Поўня іскрылася вакол яго на мокрай траве, і калі ён бег, дык пакідаў за сабой сьляды, як мазкі цёмнай фарбы, раскіданыя па блакітным лугавым зьзяньні. Несучыся ад адной дужа цікавай норкі да іншай, ён так захапіўся тым, што адбывалася: поўняй угары, ноччу, насычаным пахамі ветрыкам, ад якога малады сабака ажно п’янее, — што ня вытрымаў і пачаў качацца на сьпіне. Ён круціўся і торгаўся, быццам рыбіна — сьпіна выгнутая, жывот угару, — і калі зноў стаў на ногі і абтросься, пырскі разьляцеліся ў сьвятле поўні, як срэбная луска.
Ён зноўку па-хуткаму абнюхаў усе да адной норкі, каб добра злавіць пахі, а потым раптам застыў нерухома, з паднятай лапай і нахіленай галавой, прыслухоўваючыся. Я таксама прыслухаўся, але не пачуў нічога, акрамя ціхага плясканьня фіранкі. Я ўслухоўваўся доўга. Потым аднекуль здалёк пачуў высокае гергатаньне-сьмех, кволае, але яно набліжалася. Канадзкія гусі лятуць на поўдзень зімаваць. Прыгадаў, колькі мне давялося папоўзаць на пузе на паляваньнях, калі я спрабаваў забіць такую гусь, і ў мяне гэтак і не атрымалася.
Я спрабаваў глядзець туды ж, куды сабака, каб знайсьці чараду, але было занадта цёмна. Гагатаньне набліжалася і набліжалася, пакуль мне не здалося, што яны лятуць проста праз палату, проста ў мяне над галавой. Потым яны перасеклі поўню — чорная нізка караляў, якую першы гусак нацягваў літарай V. Нейкае імгненьне гэты першы быў у самым цэнтры поўні, большы за астатніх, чорны крыж, які разгортваўся і згортваўся, а потым ён зноўку выцягнуў свой клін з поля зроку ў неба.
Я слухаў, як яны заціхаюць удалечыні, ажно пакуль мог чуць толькі свой успамін пра гук. Сабака чуў яшчэ доўга пасьля мяне. Ён усё яшчэ стаяў з паднятай лапай; не паварухнуўся і ні разу не брахнуў, пакуль яны праляталі. Калі ён таксама ўжо згубіў іхны гук, ён пабег подскакам у тым кірунку, куды яны зьніклі, да шашы. Скакаў роўна і ўрачыста, быццам на спатканьне. Я затрымаў подых і слухаў плясканьне ягоных вялікіх лапаў аб траву; потым пачуў, як машына разганяецца за паваротам. Сьвятло фараў навісала над узгоркам і зазірала наперад уздоўж шашы. Я глядзеў, як сабака і машына імкнуцца ў адно і тое ж месца на ўзбочыне.
Сабака быў ужо амаль ля агароджы, калі я адчуў, што нехта спатыкнуўся ў мяне за сьпінай. Двое. Я не павярнуўся, але ведаў, што гэта чорны на імя Гівэр і мэдсястра з радзімай плямай і крыжыкам. Я пачуў у галаве зумканьне страху. Чорны ўзяў мяне за руку і пацягнуў.
— Я зь ім разьбяруся, — вымавіў ён.
— Там каля вакна холадна, містэр Бромдэн, — зьвяртаецца да мяне мэдсястра. — Хіба ня лепш вярнуцца ў прыемную цёплую пасьцельку?
— Ён жа ня чуе, — кажа ёй чорны. — Я зь ім разьбяруся. Ён заўсёды разьвязвае прасьціны і блукае тут.
Я раблю рух, і яна адступаецца на крок і кажа чорнаму:
— Так, калі ласка.
Яна круціць ланцужок — той, што аббягае вакол шыі. Дома яна запіраецца адна ў купальні, здымае зь сябе ўсё і трэ крыжыкам гэтую радзімую пляму, якая бяжыць ад кутка ейнага рота тонкай рысай долу па плячах і грудзях. Яна трэ і трэ, і зацята ўзносіць малітвы да Багародзіцы, але пляма не сыходзіць. Глядзіць у люстэрка і бачыць, што пляма яшчэ цямнейшая. Нарэшце бярэ жалезны ёршык, якім фарбу з лодак здымаюць, і сашкрабае гэтую пляму, нацягвае начнушку на абадраную да крыві скуру і запаўзае ў ложак.
Але яна поўніцца гэтым. Пакуль яна сьпіць, яно падымаецца ў горле, выцякае з кутка рота, як барвовая сьліна, сьцякае па шыі і далей па ўсім целе. Раніцай яна бачыць, што зноўку заплямленая, і чамусьці думае, што гэта не знутры яе — як такое можа быць? у яе, добрай каталічкі? — яна вырашае, што гэта ад працы па начах сярод такіх, як я. Гэта нашая віна, і яна з намі за гэта разьбярэцца любым коштам. Хай бы прачнуўся Макмэрфі і дапамог мне.
— Прывяжыце яго да ложка, містэр Гівэр, а я пастаўлю ўкольчык.
На групавых сходах пачалі вылазіць скаргі, якія былі так доўга прыхаваныя, што тое, аб чым скардзіліся, даўно ўжо зьмянілася. Цяпер, калі тут быў Макмэрфі, які мог іх падтрымаць, нашыя пачалі разборкі з усім для іх непрыемным, што некалі адбылося ў аддзяленьні.
— Чаму палаты трэба зачыняць на выходныя? — пытаўся Чэзўік ці нехта яшчэ. — Няўжо чалавеку на выходныя нельга пабыць самому?
— Ага, міс Брыдар, — далучаўся тут Макмэрфі, — чаму?
— Калі пакінуць палаты адчыненымі, як мы пераканаліся з ранейшага досьведу, вы ўсе пазалазіце ў ложкі пасьля сьняданьня.
— А гэта што, сьмяротны грэх? Сьпяць жа нармальныя людзі ў нядзелю дапазна.
— Вы ў гэтым шпіталі, — прамаўляла яна, нібы паўтараючы соты раз, — бо давялі сваю няздольнасьць прыстасоўвацца да грамадзтва. Доктар і я лічым, што кожная хвіліна, праведзеная ў кампаніі іншых, зь некаторымі выняткамі, мае тэрапэўтычную каштоўнасьць, а кожная хвіліна перажываньняў на самоце толькі павялічвае вашу адчужанасьць.
— Дык гэта таму трэба ісьці прынамсі па восем чалавек на працоўную тэрапію, ці на фізіятэрапію, ці на любую іншую тэрапію?
— Менавіта.
— То бок гэта знак хваробы, калі хочацца пабыць аднаму?
— Я такога не казала...
— Вы маеце на ўвазе, калі я йду ў прыбіральню, мне трэба прыхапіць з сабой прынамсі сямёх прыяцеляў, каб я над ачком не сьперажываўся?
Перш як яна пасьпявала адказаць, Чэзўік падскокваў на ногі і крычаў на яе: «Ага, вы гэта маеце на ўвазе?», — а астатнія вострыя па ўсім пакоі пачыналі гаманіць: «Ага, ага, вы гэта маеце на ўвазе?»
Яна вычэквала, пакуль усё заціхне і на сходзе зноў усталюецца поўнае маўчаньне, потым ціха казала:
— Калі вы, хлопцы, можаце супакоіцца і паводзіцца як дарослыя падчас дыскусіі, а не як дзеці ў пясочніцы, мы можам спытаць доктара, ці лічыць ён, што было б карысна цяпер разгледзець магчымасьць зьменаў у правілах аддзяленьня. Доктар?
Усе ведалі, які адказ дасьць доктар, і перш чым ён нават меў магчымасьць нешта сказаць, Чэзўік выскокваў зь іншай скаргай:
— Тады што наконт нашых цыгарэтаў, міс Брыдар?
— Ага, з гэтым што рабіць, — бурчэлі вострыя.
Макмэрфі паварочваўся да доктара і гэтым разам ставіў пытаньне наўпрост яму, перш чым Вялікая Сястра пасьпявала адказаць: