Калі яна вывесіла на дошку расклад заданьняў, у якім прызначыла яго чысьціць прыбіральні, ён пайшоў да Сястроўні, пагрукаў у шыбу і асабіста падзякаваў за гонар, сказаўшы, што будзе думаць пра яе штораз, шаруючы пісуар. Яна адказала, што гэта не абавязкова; проста рабіце сваю працу, і гэтага будзе дастаткова, дзякуй.
Усё, што ён там рабіў, дык гэта па пары разоў церануў тую кераміку, сьпяваючы ва ўсю глотку ў такт посьвісту шчоткі; потым лінуў туды трохі «Хлораксу» і на гэтым спыніўся.
— Ужо дастаткова чыста, — сказаў ён чорнаму, які вычытваў яго за пасьпешлівую працу, — мо недастаткова для некаторых, але я туды сікаць зьбіраюся, а ня суп зь іх есьці.
Калі Вялікая Сястра ў адказ на адчайную мальбу чорнага прыйшла асабіста праверыць, як Макмэрфі выканаў заданьне, яна прынесла маленькае люстэрка і падносіла яго пад кожны ўнітаз. Яна ішла, круцячы галавой і паўтарала:
— Але ж гэта жах... жах...
Макмэрфі бачком цягнуўся за ёй, падміргваў і пярэчыў:
— Не, гэта ж унітаз... проста ўнітаз.
Але гэтым разам яна ня страціла кантролю над сабой і нават не пакарала яго, хоць і магла. Яна дапякала яго з прыбіральняй, карыстаючыся тым самым жудасным, павольным, цярплівым ціскам, які ўжывала супраць любога, а ён стаяў перад ёй, як маленькі хлопчык перад настаўніцай, павесіўшы галаву, наступіўшы нагой на нагу, і казаў:
— Я вельмі намагаюся, праўда, але баюся, што так ніколі і ня быць мне сапраўдным унітазным начальнікам.
Аднойчы ён напісаў нешта на аркушыку паперы — дзіўныя літары выглядалі, як іншамоўны альфабэт — і прыклеіў гэта пад адным з унітазных бачкоў кавалкам жуйкі; калі яна падышла туды са сваім люстэркам, дык папярхнулася, прачытаўшы словы ў адлюстраваньні, і выраніла люстэрка ва ўнітаз. Але яна і тут захавала над сабой кантроль. На ейным лялечным усьмешлівым твары застыў выраз поўнай упэўненасьці. Яна выпрасталася, кінула на яго позірк, якім можна было фарбу са сьценаў зьдзіраць, і сказала, што ягоная праца — рабіць прыбіральню чысьцейшай, а не бруднейшай.
Але, па праўдзе, у аддзяленьні асабліва не было калі што чысьціць. Як толькі ў абед прыходзіў час на ўборку паводле раскладу, прыходзіў і час на бэйсбол па тэлеку, і ўсе ішлі, ставілі крэслы ў шэраг перад тэлевізарам і не сыходзілі адтуль да вячэры. Не было розьніцы, што з кабінэту мэдсястры адключалі электрычнасьць, і мы бачылі толькі пусты шэры экран, бо Макмэрфі забаўляў нас гадзінамі, седзячы там і апавядаючы ўсялякія гісторыі, як ён аднойчы зарабіў тысячу баксаў за месяц, калі працаваў кіроўцам на лесапавале, а потым усё да цэнта спусьціў нейкаму канадцу, паспрачаўшыся, хто лепей кідае сякеру, ці як ён з прыяцелем угаварыў нейкага хлопца на радэо ў Олбані сесьці на быка з завязанымі вачыма.
— Не ў быка, я маю на ўвазе, у хлопца вочы былі завязаныя. Яны сказалі хлопцу, што павязка дапаможа, каб яму ня стала млосна, калі бык пачне круціцца; а потым, калі на вочы яму завязалі хустку, каб ён ня мог нічога пабачыць, пасадзілі яго на быка задам наперад. — Макмэрфі расказваў пра гэта пару разоў, пляскаючы па сьцягну кепкай, і рагатаў штораз, калі прыгадваў: — З павязкай і задам наперад... І каб мне хрэн у вочы, калі ён не пратрымаўся колькі трэба і ня выйграў прызу. А я быў другім; калі б ён зьляцеў, я быў бы першым і атрымаў бы няхілыя бабкі. Клянуся, наступным разам, калі буду такую штуку рабіць, я лепей быку вочы завяжу.
Плясь па назе, галаву назад і сьмяецца, сьмяецца, тыцкае адзінцом пад рэбры, хто б там зь ім поруч ні сядзеў, спрабуе і таго прымусіць сьмяяцца.
Былі моманты ў той тыдзень, калі я пачую гэты сьмех без тармазоў, пабачу, як ён чухае жывот, пацягваецца, пазяхае і адхіляецца назад, каб падміргнуць кожнаму, з кім жартуе, і ўсё гэта ў яго так натуральна выходзіць, як удых-выдых, і вось я ўжо не хвалююся, што ёсьць Вялікая Сястра, а за ёй Камбінат. Я ўжо думаю, што ў яго досыць моцы, бо ён застаўся сам сабой і таму ніколі ня здасца, як яна на гэта разьлічвае. Ужо думаю, што мо ён сапраўды нейкі надзвычайны. Ён проста не прыкідваецца, ён такі, як ёсьць, вось у чым штука. Мо гэта й робіць яго дастаткова моцным — тое, што ён такі, як ёсьць. Камбінат не дастаў яго за ўсе гэтыя гады; чаму мэдсястра лічыць, што яна здолее гэта зрабіць за некалькі тыдняў? Ён не дазволіць ім перакруціць і перапрацаваць сябе.
А потым, хаваючыся ў прыбіральні ад чорных, я пазіраў на сябе ў люстэрка і думаў, як так можа быць, што нехта здольны на такі вялікі чын — быць тым, кім ён ёсьць. У люстэрку быў мой твар, цёмны і грубы, зь вялікімі скуламі, нібыта шчокі пад імі нехта пасклюдаваў сякерай, вочы спрэс чорныя, жорсткія і пагрозьлівыя, такія ж, як у Таты ці ў нейкага з тых крутых, страшных індзейцаў у фільмах, і я думаў: гэта ня я, гэта не маё аблічча. Гэта быў ня я, нават калі я спрабаваў быць гэтым тварам. Я нават тады быў не сапраўды я; проста быў такім, як выглядаў, такім, якога іншыя хацелі бачыць. Здаецца, я ніколі ня быў сабой. Як Макмэрфі можа быць, кім ён ёсьць?
Я бачыў яго па-іншаму, чым калі ён упершыню тут зьявіўся, бачыў у ім болей, чым проста вялікія рукі, рудыя бакенбарды і ўсьмешку са зламаным носам. Бачыў, як ён рабіў нешта, што не пасавала да ягонага твару і рук, калі ён маляваў на працатэрапіі карціну сапраўднымі фарбамі на чыстым аркушы паперы без усялякіх лініяў ці лічбаў, якія б паказвалі яму, дзе маляваць, ці калі ён пісаў лісты некаму прыгожым хуткім почыркам. Як мог чалавек, які выглядае, як ён, маляваць карціны, ці пісаць людзям лісты, ці быць засмучаным і занепакоеным, як я пабачыў яго аднойчы, калі ён атрымаў ліст у адказ? Такіх рэчаў чакаеш ад Білі Бібіта ці Гардынга. У Гардынга рукі выглядаюць так, быццам яны павінны маляваць карціны, хоць насамрэч ніколі не малявалі — Гардынг злавіў свае рукі і прымусіў пілаваць дошкі для сабачых будак. Макмэрфі быў не такі. Ён не дазволіў свайму выгляду кіраваць жыцьцём у той ці іншы бок, гэтаксама як не дазволіў Камбінату перамалоць сябе і загнаць у тую форму, якой ім хацелася.
Я шмат што бачыў па-іншаму. Відаць, туман-машына ў сьценах зламалася, калі яе занадта раскачагарылі для таго сходу ў пятніцу, таму цяпер яны ўжо не маглі ганяць туман і газ і блытаць выгляд рэчаў. Упершыню за шмат гадоў я бачыў людзей бяз чорных абрысаў, якія заўсёды былі раней, а аднойчы ўвечары я нават здолеў пабачыць нешта за вакном.
Як я тлумачыў, раней вечарамі мяне часьцей за ўсё заганялі ў ложак, давалі пігулку, вырубалі і трымалі непрытомным. Ці калі неяк хібілі з дозай і я прачынаўся, дык вочы ўсё роўна былі залепленыя, а пакой быў поўны дыму; правады ў сьценах, нагружаныя ўшчэнт, круціліся ды іскрылі сьмерць і нянавісьць у паветра — гэтага ўсяго я ня мог вытрымаць, таму зарываўся галавой пад падушку і спрабаваў зноў заснуць. Штораз, як я адтуль намагаўся зірнуць вонкі, я адчуваў пах абсмаленых валасоў і чуў гук, як ад скваркі на гарачай патэльні.
Але ў тую ноч, празь некалькі начэй пасьля вялікага сходу, я прачнуўся, а пакой быў чысты і бязгучны; акрамя ціхага дыханьня людзей і бразгату нейкага хламу пад крохкімі рэбрамі двух старых кабачкоў больш ані гуку. Вакно было адчыненае, і паветра ў пакоі было чыстае, а на смак такое п’янкое, што я ажно самлеў, і раптам закарцела ўстаць з ложка і нешта зрабіць.
Я высьлізнуў спаміж прасьцінаў і пакрочыў басанож па халоднай кафлі між ложкаў. Адчуваў плітку ступакамі і думаў, колькі ж разоў, колькі тысячаў разоў я мыў швабрай гэтую самую кафляную падлогу і зусім ніколі не адчуваў яе. Гэтае мыцьцё цяпер мне здавалася сном, нібы я ня верыў, што сапраўды былі ўсе гэтыя гады, калі я такім займаўся. Цяпер толькі гэтая халодная кафля пад нагамі была сапраўднай, толькі гэты момант.
Я асьцярожна крочыў між людзей, складзеных у доўгія белыя шэрагі, нібы сьнежныя сумёты, намагаўся не штурхнуць нікога, пакуль нарэшце не дабраўся да сьцяны з вокнамі. Прайшоў уздоўж вокнаў да таго, на якім фіранка ціха калыхалася ад ветрыку, і прыхіліўся лобам да мэталёвай сеткі. Дрот быў халодны і востры, і я перакочваў галаву з боку ў бок, каб адчуць яго шчокамі, і ўдыхаў гэты ветрык. Восень ідзе, падумаў я, адчуваю гэты кісла-патакавы пах сіласу, які бразгае ў паветры, як звон, — пах, быццам нехта паліць дубовае лісьце, пакінуў яго смылець на ноч, бо яно яшчэ надта зялёнае.