— Добра, вы кажаце, што я не магу яе падняць. Ну, Богам клянуся...
Макмэрфі саскоквае са стала і зьдзірае зь сябе зялёную шпітальную кашулю; татуіроўкі, што напалову вылазяць з-пад футболкі, жвава рухаюцца па цягліцах рук.
— Дык хто тады хоча пайсьці ў заклад на пяць баксаў? Ніхто мяне не пераканае, што я нечага не магу зрабіць, перш чым сам не паспрабую. Пяць баксаў...
— Макмэрфі, гэта такі ж неразважны заклад, як і наконт мэдсястры.
— Хто хоча пяць баксаў прайграць? Ставім і глядзім альбо сядзім і не трындзім...
Усе нашыя адразу ж робяць расьпіскі; ён столькі разоў у іх выйграваў у покер і ў ачко, што цяпер ім няймецца ўзяць рэванш, а тут стаўка на пэўны выйгрыш. Я не разумею, да чаго ён вядзе; які б ён ні быў здаровы і шырачэзны, трэба тры такіх, як ён, каб пасунуць гэты пульт, і ён сам гэта ведае. Дастаткова проста паглядзець на пульт, каб пабачыць, што Макмэрфі, пэўна, нават нахіліць яго ня зможа, ня тое што падняць. Каб падняць яго з падлогі, трэба сапраўдны гігант. Але калі ўсе вострыя дапісваюць свае цыдулкі, ён падыходзіць да пульта, здымае зь яго Білі, паплёўвае на шырокія мазолістыя далоні, пацірае іх і разьмінае плечы.
— Добра, трымайцеся на адлегласьці. Часам калі я напружваюся, дык скарыстоўваю ўсё паветра навокал, і здаровыя мужыкі трацяць прытомнасьць ад задухі. Не падыходзьце. Бо могуць лётаць сталёвыя аскепкі, і будзе трэскацца бэтон. Адвядзіце жанчын і дзяцей у бясьпечнае месца. Не падыходзьце...
— Божачкі, ён можа гэта зрабіць, — шэпча Чэзўік.
— Вядома ж, такі балбатун пэўна можа ўгаварыць гэтую штуковіну падняцца, — адгукаецца Фрэдрыксан.
— Больш імаверна, што ён прыдбае прыгожую кілу, — кажа Гардынг. — Годзе ўжо, Макмэрфі, хопіць паводзіць сябе, як дурань; ніводны чалавек ня можа падняць гэтай штукі.
— Адыдзіце, слабакі, вы мой кісларод спажываеце.
Макмэрфі некалькі разоў перастаўляе ногі, каб мець надзейнае апірышча, зноў выцірае рукі аб штаніны, потым нахіляецца наперад і бярэцца за вагары з двух бакоў пульта. Калі ён напружваецца, нашыя пачынаюць гікаць і цьвяліцца. Ён расслабляецца, выпрастоўваецца і зноў перастаўляе ногі.
— Здаесься? — усьміхаецца Фрэдрыксан.
— Толькі разаграваюся. Зараз будзе сапраўдная спроба, — і ён зноўку хапаецца за вагары.
Раптам ніхто ўжо ня гікае. Яго рукі пачынаюць надзімацца, і вены выпінаюцца з-пад скуры. Ён заплюшчвае вочы і выскаляе зубы. Галава нахіляецца назад, і сухажыльлі нацягваюцца, як скручаныя вяроўкі, ад напружанай шыі ўздоўж абедзьвюх рук да пясьцяў. Усё ягонае цела трасецца ад напругі, бо ён спрабуе падняць тое, пра што ведае, што падняць ня можа, пра што ўсе ведаюць, што ён ня можа гэтага падняць.
Але на адно імгненьне, калі мы чуем, як пад нагамі рыпіць бэтон, нам здаецца, божачкі, ён можа гэта зрабіць!
Потым паветра выплюхваецца зь яго, і ён адкідваецца на сьцяну, самлелы. На вагарах — кроў, там, дзе ён падзёр рукі. Ён цяжка і часта дыхае недзе хвіліну, абапершыся на сьцяну, з заплюшчанымі вачыма. Не чуваць нічога, акрамя ягонага сіпатага дыханьня; усе маўчаць.
Ён расплюшчвае вочы і азірае нас. Глядзіць на ўсіх па чарзе — нават на мяне, — потым выцягвае з кішэні ўсе расьпіскі за выйгрышы ў покер за апошнія некалькі дзён. Нахіляецца над сталом і спрабуе іх раскласьці, але ягоныя рукі здранцьвелі ў чырвоныя клюшні, пальцы ня слухаюцца. Нарэшце ён кідае ўвесь стос на падлогу — там відаць ад кожнага па сорак ці пяцьдзясят даляраў — паварочваецца і крочыць да выхаду. Ён спыняецца ля дзьвярэй, глядзіць назад на ўсіх, хто стаіць у пакоі.
— Але я хоць паспрабаваў, — кажа ён. — Халера, я хоць гэта зрабіў, праўда?
І сыходзіць, пакінуўшы запэцканыя паперкі на падлозе тым, хто захоча ў іх корпацца.
Доктар-кансультант, чый жоўты чэрап пакрыты шэрым павуціньнем, прамаўляе да практыкантаў у пакоі для пэрсаналу.
Праходжу каля яго, падмятаючы. «О, а гэта што тут такое?» Ён кідае на мяне такі позірк, нібы я нейкі жук. Адзін з практыкантаў паказвае сабе на вушы, робіць знак, што я глухі, і доктар працягвае.
Цягнуся мятлой да вялікай карціны, якую прынёс дзядзька для сувязяў з грамадзкасьцю, калі туман быў такі густы, што я яго нават не пабачыў. На карціне хлопец унакідку ловіць рыбу недзе ў гарах, падобна на кастрычнік у лясах Очака, каля Пэйнвілу — сьнег на горных вяршынях над хвоямі, высокія белыя камлі асінаў уздоўж ракі, рабінец расьце кіслымі зялёнымі лапікамі. Хлопец закідвае мушку ў нейкую азярыну за скалой. Тут ня месца, каб мушку кідаць, тут бы лавіць на матыля на кручок-шасьцёрачку — яму б лепей закінуць мушку на тых перакатах ніжэй па плыні.
Праз асіньнік бяжыць сьцежка, і я даволі доўга мяту ўздоўж яе, сядаю на камень і пазіраю назад праз раму на тое, як доктар размаўляе з практыкантамі. Бачу, як ён тыцкае пальцам у далонь, каб нешта ім давесьці, але ня чую, што ён кажа, бо халодны пеністы струмень з грукатам бяжыць долу па камянях. Адчуваю ў паветры пах сьнегу, там, дзе вецер зьдзімае яго зь вяршыняў. Бачу кратовыя норы з пукатымі горкамі зямлі пад травой і зарасьці амброзіі. Тут вельмі прыемнае месца, каб выцягнуць ногі і расслабіцца.
Ты забываесься — калі адмыслова ня робіш намаганьняў прыгадаць мінулае, — забываесься, як яно было ў старым шпіталі. Там на сьценах не было прыемных месцаў кшталту гэтага, куды можна залезьці. Не было ні тэлевізара, ні басэйнаў, ні кураціны два разы на месяц. Не было нічога, акрамя сьценаў, крэслаў і ўтаймавальных кашуляў, зь якіх даводзілася пакутліва выбірацца некалькі гадзінаў. Яны з таго часу шмат чаму навучыліся. «Прайшлі доўгі шлях», як кажа таўстамызы дзядзька для сувязяў з грамадзкасьцю. Усё пафарбавалі, аздобілі і паставілі храмаваную сантэхніку, таму жыцьцё выглядае вельмі прыемным. «Калі чалавек хоча зьбегчы з такога мілага месца, — кажа таўстамызы, — ну, зь ім дакладна нешта не ў парадку».
Звонку ў пакоі для пэрсаналу доктар-кансультант абхапіў рукамі локці і трасецца, быццам яму холадна, адказваючы на пытаньні маладых практыкантаў. Ён худы, скура ды косьці, на якіх трапеча адзеньне. Стаіць там, абхапіўшы локці, і трасецца. Можа, ён таксама адчувае халодную завею з горных вяршыняў.
Мне ўсё цяжэй знайсьці ўвечары свой ложак, даводзіцца поўзаць на карачках, мацаць зьнізу спружыны, пакуль не натыкнуся на прылепленыя шарыкі жуйкі. Ніхто ня скардзіцца на туман. Цяпер я ведаю чаму: які б ён ні быў кепскі, можна запаўзьці ў яго і адчуць сябе ў бясьпецы. Вось гэтага Макмэрфі ня можа зразумець: таго, што мы хочам быць у бясьпецы. Ён усё спрабуе выцягнуць нас з туману на адкрытую прастору, дзе на нас будзе лёгка напасьці.
Унізе прывезьлі замарожаны груз: сэрцы, ныркі, мазгі і ўсё такое. Я чую, як яны грукочуць, скочваюцца ў маразільнік па вугальным жолабе. Нейкі дзядзька, які сядзіць невядома дзе, расказвае, што ў палаце для агрэсіўных мужык забіў сябе. Гарлапан Роўлер. Адрэзаў сабе машонку і скрывавіўся да сьмерці на ўнітазе; у прыбіральні было паўдзясятка людзей, але яны заўважылі, толькі калі ён мёртвы зваліўся на падлогу.
Чаму людзі такія нецярпліўцы, вось чаго не магу зразумець; трэба было проста пачакаць.
Я ведаю, як яе запускаюць, туман-машыну. У нас цэлы ўзвод займаўся туман-машынамі на замежнай авіябазе. Як толькі выведка паведамляла пра небясьпеку бамбаваньня ці калі генэралам трэба было закруціць нешта сакрэтнае — каб ніхто не засек, каб нават шпіёны на базе не маглі пабачыць, — яны туманілі лётнішча.
Канструкцыя вельмі простая: звычайны кампрэсар смокча ваду з аднаго бака, адмысловы алей — з другога і кандэнсуе іх разам, а з чорнай трубы на канцы машыны выходзіць белае воблака туману, якое можа накрыць лётнішча за паўтары хвіліны. Першае, што я пабачыў, калі прызямліўся ў Эўропе, гэта туман, які рабілі такія машыны. Да нашага транспартавага самалёта прычапіліся перахопнікі, і, як толькі мы селі, туман-каманда запусьціла машыны. Мы глядзелі ў круглыя падрапаныя ілюмінатары і назіралі, як джыпы падцягваюць машыны да самалёта, і як туман клубіцца, паўзе па лётнішчы і заляпляе ілюмінатары, быццам мокрая вата.