Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Увайшоў Людвіг, прынёс паднос з чаем і ўсякаю ядою, сеў да стала, і архіепіскап коратка расказаў Мюлерам, як жыла Мэгі да таго, як стала Люкаваю жонкаю.

— Век бы нічога такога не падумала! Каб у Люка О’Ніла хапіла нахабства адарваць яе ад усяго гэтага і ператварыць у служанку! I яшчэ з умоваю, каб мы яе заробак клалі на яго рахунак! А вы ведаеце, што ў небаракі за ўвесь час, пакуль яна тут, у кішэні не было ні капейкі? На каляды я сказала Людвігу даць ёй трохі грошай, але да гэтага часу яна ўжо так абнасілася, што давялося іх адразу патраціць, а болей яна ў нас нічога браць не захацела.

— He шкадуйце Мэгі, — рэзкавата сказаў архіепіскап Ральф. — Я думаю, сама яна на свой лёс не наракае, ва ўсякім разе бяда не ў тым, што ў яе няма грошай. Урэшце, у грашах яна мала бачыла радасці. А калі б ёй спатрэбіліся грошы, яна ведае, дзе іх узяць. Думаю, відавочная Люкава абыякавасць раніць яе мацней, чым безграшоўе. Няшчасная мая Мэгі!

Потым Эн і Людвіг сталі расказваць, як жыве Мэгі ў іх у хаце, а дэ Брыкасар слухаў, паставіўшы рукі шатром, кончыкамі пальцаў адна да адной, і неадрыўна глядзеў на раскінутае шырокімі веерамі лісце прыгажуні пальмы перад домам. Hi разу нішто не зварухнулася ў яго на твары, нішто не перамянілася ў паглядзе прыгожых сініх вачэй. Папраўдзе, ён многаму навучыўся за гады службы Віторыё Скарбанца, кардынала ды Канціні-Верчэзе.

Даслухаўшы гэты расказ, Ральф дэ Брыкасар уздыхнуў і перавёў пагляд на заклапочаныя твары Мюлераў.

— Што ж, відаць, мы павінны ёй памагчы, калі гэтага не робіць Люк. Калі яна папраўдзе яму не патрэбная, лепей ёй вярнуцца ў Драгеду. Я разумею, вам шкада з ёю расставацца, але дзеля яе дабра пастарайцеся ўгаварыць Мэгі вярнуцца дахаты. Я вышлю ёй з Сіднея чэк, каб ёй не давялося прасіць грошай у брата. А дома яна ўсё растлумачыць сваім так, як сама пажадае. — Ён зірнуў у бок спальні, трывожна памахаў галавою. — Божа літасцівы, дай дзіцяці нарадзіцца шчасліва.

Але дзіця нарадзілася толькі праз суткі, і Мэгі, знясіленая, спакутаваная, ледзь не памерла. Доктар Сміт шчодра даваў ёй опіум, мяркуючы па даўняй звычцы, што гэта ў падобных выпадках самае правільнае, і яе зацягвала і кружыла ў віры няспынных жахаў, здаваліся страшыдлы, якія накідаліся на яе звонку і з сярэдзіны, драпалі, грызлі, ірвалі ікламі і кіпцюрамі, вылі, скавыталі, рыкалі. Часам на імгненне перад вачыма выплываў Ральфаў твар, і зноў яго змывала нахлынутым болем; але яна ўсё роўна помніла пра яго і ведала — пакуль ён яе ахоўвае, ні яна, ні дзіця не памруць.

Часам доктару Сміту ўдавалася ўлучыць хвіліну, каб перакусіць, падмацавацца ромам і пераканацца, што ніхто з іншых яго пацыентаў праз сваю неразважлівасць не памёр; ён пакідаў акушэрку адну і за гэты час дазнаваўся сёе-тое з гісторыі Мэгі — роўна столькі, колькі Эн і Людвіг палічылі патрэбным яму расказаць.

— Вы праўду кажаце, Эн, — згадзіўся ён, выслухаўшы ўсё гэта. — Напэўна, у яе цяперашніх пакутах вінаватая, апрача іншага, верхавая язда. Жанчынам, якім даводзіцца многа ездзіць верхам, вельмі кепска, што дамскае сядло выйшла з моды. Ад мужчынскае пасадкі развіваюцца не тыя мышцы, якія патрэбны для родаў.

— Я чуў, што гэта проста забабоны, — мякка заўважыў архіепіскап.

Доктар Сміт акінуў яго нядобрым паглядам. Доктар Сміт зусім не меў пяшчотных пачуццяў да каталіцкіх свяшчэннікаў, лічачы, што яны ўсе да аднаго — бязмозгія ханжы і крывадушнікі.

— Думайце што хочаце, — сказаў ён, — але адкажыце мне на адно пытанне, ваша праасвяшчэнства: калі ўзнікне выбар, зберагчы жыццё Мэгі ці дзіцяці, што падкажа вам ваша сумленне?

— У гэтым пытанні царква непахісная, доктар. Яна не дапускае ніякага выбару. Нельга загубіць дзіця дзеля выратавання мацеры, і нельга загубіць маці дзеля выратавання дзіцяці. — Ён адказаў доктару Сміту такою самаю нядобраю ўсмешкаю. — Але калі б да гэтага дайшло, доктар, я сказаў бы вам без ваганняў: выратуйце Мэгі, і ліха з ім, з дзіцем.

Доктар Сміт здзіўлена ахнуў, засмяяўся і ляпнуў архіепіскапу па спіне:

— Ды вы малайчына! Будзьце спакойныя, я не разбалбачу, што вы сказалі. Але пакуль што дзіця жывое, і, па-мойму, цяпер няма ніякага сэнсу яго забіваць.

А Эн падумала: хацела б я ведаць, што б вы адказалі, архіепіскап, калі б гэта было ваша дзіця?

Гадзін праз тры, калі сонца на захадзе маркотна хілілася да ўкрытай туманам гары-велікана Бартл-Фрыр, доктар Сміт выйшаў з спальні.

— Ну вось, скончылася, — сказаў ён, яўна задаволены. — У Мэгі яшчэ многа ўсялякага наперадзе, але, дасць бог, усё будзе добра. А нарадзілася дзяўчынка, худзенькая, слабенькая, усяго пяць фунтаў важыць, да пачварнасці галавастая, і з шалёнаю натураю, якраз падыходзіць да яе агніста-рыжых валасоў, я ніколі ў жыцці яшчэ не прымаў такога агніста-рыжага дзіцяці. Гэтую малечу нават сякераю не даб’еш, я-то ведаю, я амаль што паспрабаваў.

Радасны Людвіг адкаркаваў даўно прыхаваную пляшку шампанскага, наліў у бакалы, і ўсе пяцёра — свяшчэннік, доктар, акушэрка, фермер і яго калека жонка стоячы выпілі за здароўе і шчасце маладой мацеры і наравістага дзіцяці, якое моцна крычала. Было першага чэрвеня, першы дзень аўстралійскай зімы.

На змену акушэрцы прыехала сядзелка, яна павінна была заставацца ў Хімельхоху, пакуль Мэгі не пойдзе на папраўку. Доктар і акушэрка паехалі, а Эні, Людвіг і архіепіскап пайшлі зірнуць на Мэгі.

На гэтым двухспальным ложку яна здавалася такою маленькаю, такою худзенькаю, што архіепіскапу Ральфу давялося схаваць у далёкі куток памяці яшчэ і гэты боль — пазней трэба будзе дастаць яго на святло, і абдумаць, і сцярпець. Мэгі, бедная мая, спакутаваная, пацярпелая крушэнне Мэгі... я заўсёды буду цябе любіць, але я не магу даць табе таго, што даў, хоць і проці свае волі, Люк О’Ніл.

А прычына ўсяго — крыклівы камячок мяса — ляжала ў плеценай калысцы каля дальняй сцяны і ведаць не ведала тых, што абступілі яе і разглядвалі. Дзяўчынка сярдзіта крычала, крычала безупынку. Нарэшце сядзелка падняла яе разам з калыскаю і занесла ў пакой, які з гэтага часу стаў дзіцячы.

— Што-што, а лёгкія ў яе здаровыя, — сказаў архіепіскап Ральф, сеў з краю на ложку і ўзяў бяскроўную руку Мэгі ў свае.

— Па-мойму, жыццё ёй не вельмі спадабалася, — усміхнулася ў адказ Мэгі. Ён так пастарэў! Як і раней, моцны і стройны, але як быццам пражыў сто гадоў. Мэгі павярнула галаву да Эн і Людвіга, падала ім вольную руку. — Мілыя, добрыя мае сябры! Што б я рабіла без вас? А ад Люка няма весткі?

— Прыйшла тэлеграма, ён вельмі заняты, прыехаць не можа, але шле вам найлепшыя пажаданні.

— Гэта велікадушна з яго боку, — сказала Мэгі.

Эн хуценька нахілілася, пацалавала яе ў шчаку.

— Мы пойдзем, дарагая, не будзем вам замінаць. У вас з архіепіскапам напэўна ж ёсць пра што пагаварыць. — Эн абаперлася на мужаву руку, пальцам кіўнула сядзелцы: тая здзіўлена разглядвала свяшчэнніка, быццам вачам сваім не верыла. — Хадземце, Нэці, выпіце з намі чаю. Калі вы спатрэбіцеся Мэгі, яго праасвяшчэнства вас пакліча.

— Як жа ты назавеш сваю крыксу дачку? — папытаўся архіепіскап, калі дзверы зачыніліся і яны з Мэгі засталіся ўдваіх.

— Джасціна.

— Вельмі добрае імя, але чаму ты яго выбрала?

— Вычытала недзе, і мне спадабалася.

— Яна — нежаданае дзіця, Мэгі?

Мэгі страшна змарнела, на схуднелым твары засталіся, здаецца, адны вочы; гэтыя вочы, лагодныя, затуманеныя, ціха свяціліся, у іх не было нянавісці, але не было і любові.

— Мусіць, жаданае. Праўда, жаданае. Я столькі хітравала, каб мець яе. Але пакуль я яе насіла, толькі і адчувала: я ёй нежаданая. Мне здаецца, яна ніколі не будзе маім дзіцем або Люкаваю дачкою, яна будзе нічыя. Мне здаецца, яна заўсёды будзе сама па сабе.

— Мне пара, Мэгі, — нямоцна сказаў Ральф.

Яе вочы холадна бліснулі, губы скрывіла нядобрая грымаса.

— Так я і ведала! Дзіва, як мужчыны заўсёды спяшаюцца ўцячы ад мяне і схавацца ў шчыліну!

Ён зморшчыўся.

— He трэба гэтак злосна, Мэгі. Мне цяжка паехаць і помніць цябе такую. Некалі, што б з табою ні здарылася, ты заўсёды заставалася мілая і пяшчотная, і гэта было мне ў табе за ўсё даражэй. He здраджвай сабе, няхай усё, што здарылася, не робіць жорсткаю цябе. Я разумею, напэўна, гэта страшна, што Люк такі няўважлівы, нават не прыехаў, але не здраджвай сабе. Тады б ты перастала быць маёю Мэгі.

86
{"b":"828993","o":1}