Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Дык расталкуй ёй надалей, Роберт, што існуюць рэчы, пра якія сапраўдныя лэдзі і джэнтльмены ніколі не ўпамінаюць. Hi пры якіх абставінах мы ніколі, ніколі не называем прадметы нашага сподняга адзення, і дзеці з прыстойных сем’яў ведаюць гэта з пялёнак. А цяпер дайце сюды вашы рукі, усе вы, усе.

— Але ж, сястра Агата, я адна ва ўсім вінаватая! — ледзь не заплакала Мэгі, працягваючы рукі далонямі ўгору. Дома яна тысячу разоў бачыла, як хлопчыкі строяць такія сцэны.

— Маўчаць! — прашыпела, павярнуўшыся да яе, манашка. — Мяне зусім не цікавіць, хто з вас вінаваты. Вы ўсе спазніліся, і ўсе будзеце пакараныя. Шэсць удараў, — з халодным задавальненнем вынесла яна прысуд.

З жахам пазірала Мэгі на выцягнутыя рукі Боба — яны зусім не дрыжалі, і раптам убачыла, як са свістам мільгануў у паветры дубец і ляснуў па самай сярэдзіне далоні, па найбольш далікатным і чуллівым месцы. На скуры імгненна ўспыхнуў барвовы рубец; другі ўдар прыйшоўся туды, дзе пачыналіся пальцы — яшчэ больш адчувальнае месца, а трэці — па кончыках пальцаў, там скура была больш шчодра надзелена нервамі, чым дзе-небудзь, акрамя, можа, вуснаў. Вока ў сястры Агаты было меткае. Яшчэ тры ўдары дасталіся другой далоні Боба, і тады сястра Агата адарыла ўвагай Джэка, наступнага ў чарзе. Бобаў твар збялеў, але хлопчык ні разу не войкнуў, нават не варухнуўся, калі яго білі, таксама як і яго браты, калі падышла іхняя чарга, нават ціхі і кволы Сцю.

Дзеці ўбачылі, як узляцеў у паветра дубец над рукамі Мэгі, яна міжволі заплюшчыла вочы і не бачыла, як ён апусціўся. Але боль быў як выбух — нібы агнём прапаліла далонь да самых костачак; не паспела балючая хваля дакаціцца да локця, на руку Мэгі абрушыўся другі ўдар, і, калі пякучы боль скалануў плячо, трэці ўдар, па кончыках пальцаў, працяў болем цела дзяўчынкі да самага сэрца. Яна моцна сціснула зубы, прыкусіўшы ніжнюю губу, ад сораму і гордасці не плакала, ад гневу і абурэння такой несправядлівасцю не пажадала расплюшчыць вочы і зірнуць на сваю мучыцельку; урок яна засвойвала старанна, хай нават зразумела з яго не тое, чаму хацела навучыць манашка.

Да перапынку на снеданне боль у руках Мэгі нарэшце суняўся. Раніца прайшла як у тумане — спалоханая і разгубленая, дзяўчынка не разумела, што гаворыцца і робіцца навокал. У класе для самых малодшых яе штурхнулі на парту ў апошнім радзе, але суседку сваю яна заўважыла толькі пасля перапынку, які правяла ў зацішку на пляцоўцы для гульняў, скурчыўшыся за спінаю ў Боба і Джэка. Паслухаўшыся загаду Боба, яна нехаця з’ела хлеб з агрэставым джэмам, які дала ёй маці.

Калі пасля поўдня зноў празвінеў званок на заняткі і Мэгі знайшла сваё месца ў чарадзе вучняў, амаль знікла пялёнка туману, што засціла ёй вочы, і дзяўчынка пачала бачыць, што робіцца вакол яе. Вострая крыўда за ганебныя пабоі і цяпер яшчэ не прайшла, але Мэгі высока трымала галаву, робячы выгляд, быццам не заўважае, як таўкуць адна адну локцямі і перашэптваюцца дзяўчынкі.

Сястра Агата стаяла са сваім дубцом перад строем вучняў; сястра Дэклен хадзіла ўзад і ўперад за іх радамі; сястра Кэтрын села за фартэпіяна, што стаяла ля самых дзвярэй у класе для малодшых, і ў падкрэсленым рытме маршу зайграла «Наперад, Хрыстова воінства». Уласна кажучы, гімн гэты быў не каталіцкі, а пратэстанцкі, але вайна зрабіла яго агульным для ўсіх веравызнанняў. «Мілыя дзеткі маршыруюць пад яго, як маленькія салдацікі», — з гордасцю падумала сястра Кэтрын.

Трэцяя манашка — сястра Дэклен была дакладная копія сястры Агаты, толькі на пятнаццаць гадоў маладзейшая, але ў сястры Кэтрын засталіся яшчэ нейкія рэшткі чалавечнасці. Ёй пайшоў толькі чацвёрты дзесятак, — яна была, вядома, ірландка, — і ранейшы запал не зусім яшчэ астыў у яе душы, яна і цяпер яшчэ з радасцю вучыла дзяцей і ў павернутых да яе з захапленнем тварыках бачыла нятленны вобраз Хрыстоў. Але яна вяла заняткі са старэйшымі вучнямі, бо сястра Агата лічыла, што яны ўжо досыць палупцаваныя і будуць паводзіць сябе прыстойна нават у маладой і мяккасардэчнай настаўніцы. Сама сястра Агата ўзяла сабе малодшы клас, каб з падатлівай дзіцячай гліны вылепіць якія захоча розумы і душы, а сярэднія класы аддала сястры Дэклен.

Надзейна ўкрытая ў апошнім радзе партаў, Мэгі нарэшце адважылася скоса зірнуць на сваю суседку. Яе нясмелы позірк сустрэў бяззубую ўсмешку і вялікія круглыя чорныя вочы на смуглявым твары, які крыху ільсніўся. Твар дзяўчынкі зачараваў Мэгі — яна прывыкла да светлай скуры і да вяснушак, бо нават у Фрэнка з яго чорнымі валасамі і вачамі твар быў зусім светлы; і Мэгі вырашыла, што яе суседка па парце самая прыгожая з усіх людзей, якіх яна бачыла.

— Як цябе завуць? — краем вуснаў прашаптала смуглявая прыгажуня, не перастаючы грызці кончык алоўка і выплёўваць пажаваныя шчэпачкі ў пустое гняздо для чарніліцы.

— Мэгі Кліры, — таксама шэптам адказала Мэгі.

— Гэй, ты там! — раптам спераду данёсся да яе рэзкі і грубы воклік.

Мэгі аж падскочыла на парце і пачала разгублена азірацца. Пачуўся глухі стук і лёгкі шолах — гэта ўсе дваццаць вучняў, як адзін, паклалі алоўкі і адсунулі ўбок каштоўныя лісты паперы, каб можна было спадцішка аблакаціцца на парту. У Мэгі душа ўцякла ў пяткі — яна ўбачыла, што ўсе вочы павярнуліся ў яе бок. Сястра Агата шпарка крочыла да яе па праходзе між партамі, і Мэгі апанаваў такі страх, што, каб было як, яна б ратавалася ўцёкамі. Але за спінай была перагародка, што аддзяляла іхні клас ад сярэдняга, з бакоў яе цесна абступілі парты, а спераду стаяла сястра Агата. Ледзь не задыхаючыся ад жаху, Мэгі ўтаропіла на манашку шырока расплюшчаныя вочы — здавалася, яны занялі сабой увесь яе запалы тварык; далоні рук, што ляжалі на парце, безупынна сціскаліся і расціскаліся.

— Ты нешта сказала, Мэген Кліры.

— Так, сястра.

— I што?

— Сваё імя, сястра.

— Сваё імя? — усміхнулася сястра Агата і павярнулася да дзяцей, быццам была зусім упэўнена, што і яны падзяляюць яе пагарду. — Ці не праўда, дзеці, які гонар усім нам? Яшчэ адна Кліры ў нашай школе, і ёй не церпіцца хутчэй абвясціць усім сваё імя! — Манашка зноў павярнулася да Мэгі: — Падыміся, калі з табой гавораць, маленькая ты цёмная дзікунка! I працягні, калі ласка, рукі.

Мэгі насілу адарвалася ад лаўкі, доўгія кудзеркі ўпалі на твар і зноў адскочылі. У роспачы яна пачала ламаць сабе пальцы, але сястра Агата стаяла нерухома і ўпарта чакала... Нарэшце Мэгі перасіліла сябе і выставіла наперад рукі, але калі над імі занёсся дубец, адхапіла іх, раскрыўшы рот ад жаху. Сястра Агата ўсадзіла свае пальцы ў густы пучок валасоў на макаўцы ў дзяўчынкі і прыцягнула яе твар да сябе, амаль усутыч са страшнымі акулярамі.

— Працягні рукі, Мэген Кліры.

Словы гэтыя былі сказаны далікатным, халодным і няўмольным тонам.

Мэгі раскрыла рот, і яе вырвала проста на ўбранне манашкі. Увесь клас спалохана ахнуў, а сястра Агата аслупянела, барвовая ад лютасці і ўтрапення, і гідкая жыжа паволі пацякла па складках чорнай тканіны на падлогу. I раптам па Мэгі заскакаў дубец, па чым папала, дзяўчынка ўскінула рукі, прыкрываючы твар, і, усё яшчэ адрыгваючы, забілася ў куток. Калі руцэ сястры Агаты не стала сілы размахваць дубцом, манашка паказала Мэгі на дзверы.

— Марш дамоў, агідная малая філістымлянка! — сказала яна, павярнулася на абцасах і прайшла ў клас сястры Дэклен.

Роспачны позірк Мэгі спыніўся на Сцю; той кіўнуў галавой, быццам кажучы: ідзі, раз загадана; у ласкавых вачах яго замільгацелі шкадаванне і спагада. Мэгі выцерла рот насоўкай, заплятаючыся нагамі, пайшла да дзвярэй і выйшла на школьны двор. Да канца заняткаў заставалася яшчэ два ўрокі; панура пабрыла дзяўчынка па вуліцы — ніякай надзеі на тое, што яе дагоняць хлопчыкі, не было, а пасля такога страшэннага ўзрушэння яна не магла сцяміць, дзе іх можна пачакаць. Давядзецца адной ісці дадому і самой усё сказаць маме.

Фія ледзь не пераляцела цераз Мэгі, калі, хістаючыся пад цяжарам поўнага мокрай бялізны кошыка, выйшла на задні ганак. Мэгі, унурыўшы галаву, сядзела на верхняй прыступцы, яе яркія кудзеркі зляпіліся, сукенка спераду ўся ў плямах. Фія апусціла непасільную ношу, глыбока ўздыхнула і адвяла ад вачэй Мэгі свавольную пасмачку валасоў.

8
{"b":"828993","o":1}