Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Выбраўшы вольную хвілінку паміж двума набегамі на кухню, Мэгі з заміраннем сэрца, з набожным страхам пазірала на пажар. Была ў ім нейкая свая прыгажосць, прыгажосць незямная, бо ён быў параджэннем нябёсаў, сонцаў, такіх далёкіх, што святло іх прыходзіць да нас халоднае, сланнем бога і д’ябла. Фронт пажару пранёсся на ўсход, сядзіба аказалася ў кальцы, і цяпер Мэгі магла распазнаць да драбніц тое, што раней у шалёнай оргіі агню нельга было разгледзець. Цяпер выразна вылучаліся колеры — чорны і аранжавы, чырвоны і белы, жоўты; чорны сілуэт вялікага дрэва мігціць і свеціцца па краях аранжавым; у паветры носяцца і куляюцца, як гарэзлівыя здані, чырвоныя вугольчыкі; жоўтае святло то загараецца, то меркне ў выгаралых з сярэдзіны дрэвах быццам у такт біццю іх зняможаных сэрцаў; снапамі пунсовых іскраў раптам узрываецца смалісты эўкаліпт; дзе-нідзе ўспыхваюць новыя языкі полымя — там, дзе нарэшце скарылася агню тое, што дагэтуль упарта яму супраціўлялася. Ох і прыгожа ж усё гэта выглядае ноччу, на ўсё жыццё запомніць Мэгі.

Раптам вецер яшчэ памацнеў, і ўсе жанчыны, закруціўшыся ў мяшкі, палезлі па доўгім голлі гліцыніі на бліскучы, як срэбра, бляшаны дах — мужчыны ж усе былі на Прысядзібным лузе.

Рукам і каленям было горача нават праз дзяругу, але, узброеныя мокрымі мяхамі, жанчыны збівалі галавешкі і вуголле з моцна нагрэтага даху — баяліся, што дах можа не вытрымаць удараў, і тады галавешкі і вуголле праваляцца на драўлянае перакрыцце. Але найбольш пажар цяпер лютаваў за дзесяць міль на ўсход, у Біл-Біле.

Вялікі дом Драгеды стаяў усяго за тры мілі ад усходняй, самай блізкай ад Джылі, мяжы маёнтка. Тут да яе прылягаў Біл-Біл, а за ім, яшчэ далей на ўсход, знаходзіўся Наранганг. Калі хуткасць ветру дасягнула ўжо не сарака, а шасцідзесяці міль у гадзіну, уся Джыланбаўнская акруга зразумела: калі не ліне дождж, пажар будзе бушаваць яшчэ некалькі тыдняў і шмат соцень квадратных міль вельмі ўрадлівай зямлі ператворыць у пустыню.

Дамы каля рэчкі вытрымалі наскокі агню ў самы разгар пажару — Том як апантаны безупынна напаўняў сваю цыстэрну і паліваў іх са шланга. Але калі вецер набраў яшчэ больш моцы, дамы ўсё ж загарэліся, і Том, заліваючыся слязамі, пагнаў машыну прэч.

— Падзякуйце лепш богу, што вецер не падзьмуў мацней, калі агонь ішоў на нас з захаду, — сказаў Марцін Кінг. — Тады не толькі ўся сядзіба, але і ўсе мы ператварыліся б у попел. Госпадзі, каб хоць у Біл-Біле народ уцалеў!

Фія падала яму шклянку чыстага рому; Марцін, далёка ўжо не малады чалавек, змагаўся з агнём да апошняга і вельмі ўмела распараджаўся.

— Нават сорамна гаварыць, — прызналася яму Фія, — але калі я падумала, што ўсё ўжо прапала, нейкія дзіўныя думкі палезлі ў галаву. Пра смерць не думала, пра дзяцей таксама, і што такі прыгожы і добры дом ператворыцца ў руіны. Адно толькі наўме — мой рабочы кошык, няскончанае вязанне і шкатулачка з усялякімі гузічкамі — я іх столькі гадоў збірала, і формачкі сэрцайкам на пячэнне — мне іх некалі Фрэнк зрабіў. Як буду я жыць без іх? Разумееце, усякая такая драбяза, якой нічым не заменіш і ў краме не купіш.

— Ды гэта ж, паслухайце, з усімі жанчынамі так.

Хіба не забаўна, як мазгі працуюць? Памятаю, у дзевяцьсот пятым жонка мая раптам кінулася назад у дом, я, як звар’яцелы, крычу ёй наўздагон, а яна выскоквае з агню з пяльцамі, на якіх пачатае вышыванне. — Марцін усміхнуўся. — Усё ж такі мы паспелі ўратавацца, але дом згарэў. А калі я новы паставіў, жонка перш-наперш узялася канчаць тое вышыванне. Такі, ведаеце, узор старамодны і словы: «Мілы родны кут». — Ён паставіў на стол пустую шклянку і пакруціў галавой, дзівячыся з недарэчных жаночых прыхамацяў. — Ну, мне пара. Мы неўзабаве спатрэбімся Гэрату Дэвісу ў Нарангангу і, калі не памыляюся, Энгусу ў Радна-Ханішы таксама.

— Што вы, Марцін! Няўжо так далёка?

— Усім ужо далі знаць, Фія. З Буру і Берка ідзе падмога.

Тры яшчэ дні агонь шалёна мчаўся на ўсход, усё шырачыся і шырачыся па фронце, а потым раптоўна хлынуў праліўны дождж, ліў амаль чатыры дні і патушыў усё да апошняга вугольчыка. Але на сваім больш як стомільным шляху пажар пакінуў выпаленую, чорную паласу шырынёй у дваццаць міль — пачыналася яна амаль пасярэдзіне драгедскіх земляў і абрывалася каля межаў апошняй фермы на ўсходзе Джыланбаўнскай акругі — Радна-Ханіша.

Пакуль не паліў дождж, ніхто не чакаў вестак ад Пэдзі — думалі, што ён жывы і здаровы сядзіць недзе па той бок пажарышча, адрэзаны ад дому не астылай яшчэ зямлёй і жарам яшчэ не датлелых дрэў. Калі б пажар не абарваў тэлефоннай лініі, думаў Боб, Марцін Кінг пазваніў бы і паведаміў пра Пэдзі, бо бацька, зусім верагодна, шукаў бы прыстанішча на захадзе, у Бугеле. Але дождж ішоў ужо шэсць гадзін, а Пэдзі ўсё яшчэ не падаваў весткі пра сябе, і ў Драгедзе занепакоіліся. Амаль чатыры дні яны пераконвалі сябе, што трывожыцца няма прычыны, што, ведама ж, ён проста адрэзаны ад іх і вырашыў пачакаць, калі можна будзе праехаць дамоў, замест таго, каб накіравацца ў Бугелу.

— Пара б ужо яму вярнуцца, — сказаў Боб, мераючы крокамі гасціную пад позіркамі ўсіх астатніх Кліры; быццам у насмешку, ад дажджу паветра зрабілася золкім, халодным, і ў мармуровым каміне зноў загуў агонь.

— Пра што ты думаеш, Боб? — запытаўся Джэк.

— Думаю, самы час ехаць шукаць яго. Можа, ён паранены ці цягнецца дадому ў такую даль пеша. Можа, конь з перапуду скінуў яго, і цяпер ён недзе ляжыць, не маючы сілы падняцца. Яды ў яго толькі на суткі, а на чацвёра — няма чаго і гаварыць, хоць з голаду памерці яшчэ не мог. Пярэпалах паднімаць рана, і пакуль што я нашых людзей з Наранганга назад клікаць не буду. Але калі дацямна мы яго не знойдзем, я на кані паскачу да Домініка і заўтра мы ўсю акругу на ногі паднімем. Госпадзі, каб хоць аварыйшчыкі хутчэй тэлефонную сувязь наладзілі!

Фію ўсю калаціла, у вачах ліхаманкавы, нейкі дзікі бляск.

— Пайду надзену брыджы, — сказала яна. — He магу я тут сядзець і чакаць.

— Застанься дома, мама! — узмаліўся Боб.

— Калі ён паранены, дык невядома куды, Боб, можа, што-небудзь вельмі сур’ёзнае. Аўчароў ты паслаў у Наранганг, і для пошукаў нас і так вельмі мала. Калі я паеду з Мэгі, мы ўдзвюх справімся, што б там з ім ні здарылася, а без мяне каму-небудзь з вас давядзецца шукаць яго з ёю, а ад яе якая карысць? А я дапамагчы вам, седзячы дома, не змагу.

Боб здаўся:

— Ну добра. Вазьмі каня Мэгі, на ім ты ездзіла на пажар. I ўсе вазьміце з сабой стрэльбы і што больш патронаў.

Пераехалі цераз рэчку і пусціліся ў самую глыб пажарышча. Нідзе ніводнага зялёнага ці хоць бы карычневага лапіка зямлі, адна чорная бяскрайняя пустыня, укрытая мокрым вуголлем, і нават вачам не верылася — яно яшчэ дымілася параю, хоць дождж ліў ужо некалькі гадзін. Ад кожнага лісточка на дрэвах застаўся толькі паніклы чорны жгуцік, а на месцы травы дзе-нідзе віднеліся чорныя купіны — астанкі згарэлых авечак, і зрэдку грудок большы — тое, што некалі было валом ці дзіком. Твары коннікаў былі мокрыя ад дажджу і слёз.

Боб з Мэгі ехалі наперадзе, за імі Джэк з Х’югі, ззаду — Фія і Сцюарт. Фія са Сцюартам ехалі моўчкі — адно тое, што яны разам, крыху супакойвала, суцяшала, словы былі лішнія, даволі таго, што яны побач. Коні то сыходзіліся амаль усутыч, то шарахаліся ў бакі, убачыўшы яшчэ нешта страшнае, але апошняя пара коннікаў быццам не заўважала гэтага. Па размоклай зямлі коні ішлі павольна, з цяжкасцю, і ўсё ж знаходзілі апору — спаленая, зблытаная трава ўкрывала глебу як цыноўкай з валокнаў какосавай пальмы. I праз кожныя некалькі крокаў коннікі з надзеяй узіраліся ў далягляд — ці не пакажацца на раўніне Пэдзі, але час ішоў, а ён усё не паяўляўся.

Ва ўсіх зайшлося сэрца, калі стала ясна, што пажар пачаўся далей, чым яны думалі, — на выгане Вілга. Відаць, дым зліваўся з навальнічнымі хмарамі, і таму пажар заўважылі не адразу. Уразіла ўсіх яго мяжа. Праведзена яна як пад лінейку: з аднаго боку — бліскучы чорны вар, з другога — звычайная раўніна, палава-карычневая, шызая, панылая ў гэты дождж, але жывая. Боб спыніў каня і павярнуўся да спадарожнікаў.

59
{"b":"828993","o":1}