У паветры паступова разлівалася страхотлівае, нібыта тагасветнае святло, паветра ўжо не было нябачнае, а само быццам падсвечвалася знутры фасфарычным бляскам — ружовым, бэзавым, зеленавата-жоўтым, і ад яго ішоў назойлівы саладжавы пах, нейкі невыразны, ні на што не падобны. Дрэвы мігатліва паблісквалі, рыжыя валасы на галовах у Кліры ззялі вогненным арэолам, валаскі на руках сталі тарчма. Так прайшоў цэлы дзень, і толькі пад вечар бура нехаця адступіла на ўсход, і на захадзе сонца гэтае жудаснае насланнё, нарэшце, пакінула іх, але і тады не прыйшло супакаення — усе былі ўсхваляваныя, узбударажаныя. Дажджу не выпала ні кроплі. Перажыць гэту лютасць стыхіі і застацца жывым і здаровым — усё роўна што памерці і зноў вярнуцца да жыцця; цэлы тыдзень толькі пра гэта і гаварылі.
— Будзе яшчэ не адзін раз, — паныла сказала Мэры Карсан.
Яна ведала, што кажа. Наступная зіма выдалася яшчэ халаднейшая, Кліры і не думалі, што можа настаць такая сцюжа, калі зіма без снегу; за ноч зямлю ўкрываў тоўсты пласт інею, сабакі, дрыжучы ад холаду, скручваліся клубкамі ў сваіх будках і не замярзалі толькі таму, што наядаліся мяса кенгуру і лою і сала забітай свойскай жывёлы. Цяпер можна было хоць пад’есці ялавічыны і свініны замест усім абрыдлай бараніны. У доме палілі няшчадна, ва ўсіх топках гуў агонь, і мужчыны, калі толькі маглі, вярталіся з выганаў — начамі яны там зусім застывалі. Затое стрыгалі з’ехаліся вясёлыя — у холад працуецца спарней і не так абліваешся потам. У велізарнай стрыгальні на дашчаным насціле пляцовак для кожнага майстра рэзка вылучаўся светлы круг — месца, дзе цэлых паўстагоддзя стрыгалі, адзін за адным, выбельвалі потам масніцы.
Ад даўняй паводкі яшчэ засталася трава, але яна злавесна парадзела. Дзень за днём было пахмурна, неба зацягвала хмарамі, а дажджу ўсё не было. Паныла завываў і скуголіў вецер на авечых пашах, гнаў перад сабой бурыя віхры, завесы пылу, як звычайна ён гоніць дождж, томячы душу і ўяўленне прывідам дажджу. Яны так нагадвалі дождж, гэтыя рваныя, гнаныя ветрам кудлы пылу.
У дзяцей на скалелых пальцах палопалася скура, яны стараліся не ўсміхацца патрэсканымі губамі, вечарамі асцярожна аддзіралі гольфы ад пятак і шчыкалатак. Упарты жорсткі вецер не даваў зберагаць цяпло ў пакоях, бо дамы тут будавалі так, каб у іх мог лёгка пранікнуць самы слабы подых ветру, а не каб адгарадзіцца ад яго. У ледзяных спальнях клаліся спаць, у ледзяных спальнях уставалі, і дзеці цярпліва чакалі, калі мама налье ім крышачку гарачай вады з вялікага чайніка, што стаяў на прымурку, так што ўмыванне цяпер не было цяжкай пакутай, ад якой у іх аж зуб на зуб не пападаў.
Аднаго дня маленькі Хэл пачаў з прысвістам дыхаць і кашляць, кожны дзень яму рабілася горш. Густа замяшаўшы гарачай вадой попелу, Фія зрабіла яму на грудзі прыпарку, але малы дыхаў усё роўна пакутліва цяжка. Спачатку яна не так каб ужо вельмі трывожылася, але цягнуўся дзень, хлопчыку рабілася ўсё горш і горш, і Фія зусім разгубілася, а Мэгі сядзела каля яго, бясконца ўзносячы малітвы богу і ўсім святым. А шостай гадзіне, калі вярнуўся Пэдзі, хрыплае дыханне Хэла чутно было з веранды, губы ў малога зрабіліся сінія.
Пэдзі адразу кінуўся ў Вялікі дом, да тэлефона, але доктар, які жыў за сорак міль ад іх, як на тую бяду, паехаў да другога хворага. На патэльні запалілі трохі серы і трымалі над ёю Хэла, спадзеючыся, што ад моцнага кашлю з зева выскачыць плеўка, якая паволі душыла хлопчыка, але ў грудзях у яго не было ўжо сілы адкашляць яе. Ён зусім пасінеў, дыхаў перарывіста. Мэгі сядзела, трымала яго на руках і ўсё малілася, сэрца разрывалася ад болю — горка глядзець, як няшчаснае дзіця змагаецца за кожны глыток паветра. Ён быў ёй даражэйшы за любога з братоў — яна ж была яго маці. Ніколі дагэтуль ёй так не хацелася быць сапраўднай, дарослай мамай: ёй здавалася, што, каб яна была такой сталай жанчынай, як Фія, у ёй знайшлася б сіла вылечыць Хэла. Фія не можа яго вылечыць, бо яна яму не маці. Разгубленая, апанаваная жахам, дзяўчынка прыціскала да сябе цельца Хэла, якое сутаргава ўздрыгвала, стараючыся памагчы яму дыхаць.
У Мэгі і ў думках не было, што ён можа памерці, нават тады, калі Фія з Пэдзі, ужо зусім не ведаючы, што рабіць, апусціліся на калені перад ложкам і пачалі маліцца. Апоўначы Пэдзі ўзяў з рук дачкі нерухомае цела дзіцяці і асцярожна паклаў пасярод груды падушак.
Мэгі адразу расплюшчыла вочы — яна задрамала, заспакоеная тым, што Хэл перастаў біцца ў яе на руках.
— Ой, татачка, яму лепш! — сказала яна.
Пэдзі адмоўна патрос галавой; здавалася, ён увесь усохся і пастарэў, у святле лямпы паблісквалі шэранню валасы на галаве і шчацінне ўжо тыдзень не голенай барады.
— He, дзетка, Хэлу не лепш у тым сэнсе, як ты разумееш, але ён супакоіўся. Бог узяў яго, і ён ужо больш не пакутуе.
— Тата хоча сказаць, што ён памёр, — роўным голасам сказала Фія.
— Ой, татачка, не! Ён не мог памерці!
Але хлапчанё, што ляжала ва ўтульным гняздзечку з падушак, было мёртвае. Мэгі зразумела гэта, як толькі зірнула на яго, хоць ніколі яшчэ не бачыла смерці. Быццам не дзіця ляжыць, а лялька. Мэгі паднялася і выйшла на кухню да сваіх братоў — яны сядзелі ўнураныя, паапускаўшы галовы, каля пліты ў трывожным чаканні, а побач на драўляным крэсле сядзела місіс Сміт, не зводзячы вачэй з блізнят, ложачак якіх перанеслі на кухню, бо там было цяплей.
— Вось так, Хэл узяў і памёр, — сказала Мэгі.
Сцюарт ачнуўся ад сваіх далёкіх мрояў, падняў галаву.
— Так лепш, — прамовіў ён. — Цяпер яму спакойна. — У дзвярах паявілася Фія, і Сцюарт устаў, падышоў да маці, але не дакрануўся да яе. — Ты, мама, відаць, стамілася. Ідзі, ляж, я распалю ў спальні камін. Ідзі ж, адпачні.
Фія моўчкі павярнулася і пайшла ўслед за ім. Боб таксама падняўся з крэсла і выйшаў на веранду. Астатнія хлопчыкі пакруціліся ў крэслах і далучыліся да яго. Пэдзі не паказваўся. Hi слова не гаворачы, місіс Сміт выкаціла з кута веранды дзіцячую каляску і клапатліва паклала ў яе сонных Джыма і Пэтсі. Калі яна павярнулася да Мэгі, па шчоках у яе каціліся слёзы. Сказала:
— Я вяртаюся ў Вялікі дом, Мэгі, і бяру з сабой Джыма і Пэтсі. Раніцай прыйду, а пакуль што маленькія пабудуць са мной, з Міні і Кэт. Маме скажы.
Мэгі села, склала рукі на каленях. Яе, яе быў ён і памёр! Маленькі Хэл, яна так яго песціла і любіла. Месца, якое ён займаў у яе душы, яшчэ не апусцела, Мэгі і цяпер яшчэ адчувала на руках яго цёплы цяжар. Страшна падумаць — чатыры доўгія гады яна адчувала цяжар яго цела, а цяпер ужо ніколі не возьме на рукі. He, тут плакаць не трэба; яна пралівала слёзы ад крыўды за Агнесу, ад ран, ад якіх не ўберагла яе крохкая шкарлупінка пачуцця ўласнай годнасці; плакаць можна было ў дзяцінстве, а яно ўжо мінула і ніколі не вернецца. Гэту новую ношу ёй давядзецца несці да канца сваіх дзён і жыць насуперак ёй. У адных людзей воля да жыцця вельмі модная, у другіх — слабейшая. У Мэгі яна была тонкая і трывалая, як сталёвы трос.
Так і застаў айцец Ральф дзяўчынку, калі прывёз доктара. Мэгі моўчкі паказала ім на калідор, але за імі не пайшла. I толькі праз доўгі час свяшчэнніку ўдалося зрабіць тое, што яму так захацелася пасля таго, як Мэры Карсан пазваніла яму ў Джылі — падысці да Мэгі, пабыць з ёю, аддаць ёй, гэтай беднай маленькай парыі ў сям’і, часцінку чалавечай цеплыні. Ён амаль не сумняваўся, што ніхто, акрамя яго, не зразумеў да канца, што для Мэгі значыў Хэл.
Але жаданне яго здзейснілася не хутка. Трэба было справіць апошні абрад — на выпадак, калі душа яшчэ не пакінула цела, і пагаварыць з Фіяй, з Пэдзі, даць ім добрыя парады. Доктар паехаў ад іх у засмучэнні, але ён даўно ўжо звыкся з гэтымі трагедыямі, непазбежнымі пры такім вялікім участку, як яго. Зрэшты, мяркуючы па тым, што яму расказалі, ён усё роўна не мог бы, напэўна, нічым памагчы так далёка ад бальніцы і вопытнага медыцынскага персаналу. Гэтыя людзі самі ідуць на рызыку, выпрабоўваюць лёс і ўпарта стаяць на сваім. У пасведчанні аб смерці ён напіша: «Круп». З гэтай хваробай жарты дрэнныя.