— Гэта мая віна, — рашуча сказаў ён.
— Ваша? — з недаўменнем перапыталася Мэгі.
— Джасціна збіралася паехаць з Дэнам у Грэцыю, і яна перакананая, што, калі б паехала, Дэн быў бы жывы.
— Глупства! — сказала Мэгі.
— Вось іменна. Нам з вамі зусім зразумела, што гэта глупства, а ёй — не. I толькі вы можаце ёй гэта растлумачыць.
— Я? Вы не разумееце, містэр Хартгейм. Джасціна ніколі, за ўсё сваё жыццё, не прыслухоўвалася да маіх слоў. У свой час я яшчэ магла хоць неяк на яе паўплываць, але цяпер пра гэта і думаць няма чаго. Яна нават бачыць мяне не хоча.
Гэта прагучала безнадзейна, але без прыніжэння.
— Я трапіла ў тую самую пастку, што і мая маці, — проста, амаль суха гаварыла далей Мэгі. — Драгеда — гэта ўсё маё жыццё... гэты дом, кнігі... Тут я патрэбная, тут у маім існаванні яшчэ ёсць нейкі сэнс. Тут людзі, якім я — апора. Маім дзецям я ніколі не была апораю. Ніколі.
— Вы памыляецеся, місіс О’Ніл, калі б гэта была праўда, Джасціна зусім спакойна, без ніякіх дакораў сумлення, магла б прыехаць дадому. Вы недаацэньваеце яе любові да вас. Я сказаў, што Джасціна цяпер мучыцца дакорамі сумлення па маёй віне, гэта праз мяне яна засталася ў Лондане, яна хацела быць са мною. Але пакутуе яна праз вас, а не праз мяне.
Ад Мэгі дыхнула холадам.
— Яна не мае права пакутаваць праз мяне! Няхай перажывае за сябе, калі не можа інакш, але не за мяне! Толькі не за мяне!
— Значыць, вы мне верыце, што яна паняцця не мела пра Дэна і кардынала?
Злосць у Мэгі схлынула, нібы ён напомніў, што тут яшчэ многае пастаўлена на карту, пра што яна забылася.
— Ага, — адказала яна, — я вам веру.
— Я прыехаў да вас таму, што Джасціне трэба ваша дапамога, але яна не можа ў вас яе прасіць, — сказаў Ліан. — Вы павінны яе пераканаць, што трэба зноў жыць сапраўдным поўным жыццём... і не ў Драгедзе, у Джасціны сваё, асобнае жыццё, з Драгедай ніяк не звязанае.
Ён адхінуўся ў крэсле, заклаў нагу на нагу, зноў закурыў.
— Джасціна цяпер носіць нейкую валасяніцу, карае сябе і каецца ў грахах, якіх не было. Толькі вы адна і можаце ёй гэта растлумачыць. Але папярэджваю вас, калі вы вырашыце раскрыць ёй вочы, яна ўжо не вернецца дадому, a вось калі будзе прадаўжаць у тым самым кірунку, дык, бадай, вернецца назаўсёды.
Ліан крыху памаўчаў.
— Жанчыне з яе характарам сцэна — яшчэ не ўсё, і ўжо недалёкі той дзень, калі яна гэта зразумее. Ёй стануць патрэбныя блізкія людзі, і давядзецца выбіраць: або родныя і Драгеда, або я. — Ён усміхнуўся, гледзячы на Мэгі разумнымі вачыма. — Але толькі блізкія людзі — гэтага Джасціне таксама недастаткова. Калі яна выбера мяне, яна можа захаваць і сцэну, і гэтай вось перавагі Драгеда ёй не дасць. — Цяпер ён глядзеў на Мэгі сурова, як на праціўніка. — Я прыехаў прасіць вас пастарацца, каб яна выбрала мяне. Можа, мае словы здадуцца жорсткімі, але мне яна болей патрэбная, чым вам.
Але і да Мэгі вярнулася звычайная цвёрдасць.
— Драгеда таксама не такі благі выбар, — запярэчыла яна. — Вы гаворыце так, нібы на гэтым у Джасціны ўсё скончыцца, але вы вельмі памыляецеся. Яна і сцэну зможа захаваць. У нас тут ёсць выдатная аматарская трупа. Нават калі Джасціна выйдзе замуж за Боя Кінга — мы з яго дзедам многа гадоў на гэта спадзяёмся, — пакуль яна будзе ў раз’ездах, пра яе дзяцей паклапоцяцца не горай, чым калі б яна выйшла за вас. Тут яе родны дом! Наша тутэйшае жыццё ёй знаёмае і зразумелае. Калі яна выбера Драгеду, дык не ўсляпую, а добра ведаючы, што яе чакае. А ці можаце вы сказаць тое самае пра жыццё, якое чакае яе з вамі?
— He, — спакойна адказаў Ліан. — Але Джасціна сярод нечаканасцей як рыба ў вадзе. У Драгедзе яна задыхнецца ад аднастайнасці.
— Вы хочаце сказаць, што тут яна будзе нешчаслівая.
— He, не зусім. Я не сумняваюся — калі яна вырашыць вярнуцца і выйдзе за гэтага Боя Кінга... дарэчы, хто ён такі?
— Спадчыннік суседняга маёнтка, Бугелы, друг Джасцінінага дзяцінства, але ён хацеў бы стаць не толькі другам. Яго дзед хоча гэтага шлюбу, як кажуць, з дынастычных меркаванняў, а я — таму што, на мой погляд, іменна гэта Джасціне і трэба.
— Разумею. Што ж, калі яна вернецца сюды і выйдзе за Боя Кінга, яна навучыцца быць шчасліваю. Але і шчасце — паняцце адноснае. Наўрад ці тое жыццё прынясе ёй такое задавальненне, якое яна знайшла б са мною. Таму што Джасціна любіць не Боя Кінга, місіс О’Ніл, яна любіць мяне.
— Тады яна выбрала вельмі дзіўны спосаб даказваць сваё каханне, — заўважыла Мэгі і пазваніла, каб падалі чаю. — I потым, містэр Хартгейм, я ўжо гаварыла, вы пераацэньваеце мой уплыў на дачку. Джасціна ніколі ні ў грош не ставіла мае словы і тым больш — мае жаданні.
— Вы разумная жанчына, — сказаў Ліан. — Вы і самі ведаеце, што можаце паўплываць на яе, калі захочаце. Адзіная мая просьба — падумайце пра тое, што я сказаў. He спяшайцеся, часу хапае, і я таксама чалавек цярплівы і ўмею чакаць.
— Тады вы проста музейная рэдкасць, — усміхнулася Мэгі.
Болей ні ён, ні яна пра гэта не гаварылі. Хартгейм прабыў у Драгедзе тыдзень і ўвесь час трымаўся проста як госць, хоць Мэгі адчувала — ён стараецца, каб яна зразумела, што ён за чалавек. Братам ён вельмі спадабаўся, гэта зразумела — толькі на выпасах пачулі пра яго прыезд, усе яны сабраліся на Галоўнай сядзібе і заставаліся дома, пакуль ён не паехаў назад у Германію.
I Фіёне ён таксама спадабаўся; вочы яе ўжо кепска бачаць, і яна больш не вядзе драгедскай бухгалтэрыі, але розум у яе па-ранейшаму ясны, ні намёку на старасць. Мінулаю зімою, дажыўшы да глыбокай старасці, памерла ў сне місіс Сміт — і, не жадаючы навязваць Міні і Кэт, таксама ўжо не маладзенькім, але яшчэ пры сіле, новую эканомку, Фія перадала дачцэ ўсе кнігі і рахункі, а сама даволі паспяхова стала спраўляцца з абавязкамі місіс Сміт. He хто-небудзь, а Фія першая зразумела, што Ліан — сведка таго Дэнавага жыцця, якое было невядомае нікому з драгедскіх, і папрасіла расказаць пра гэтыя апошнія гады. Ліан ахвотна згадзіўся і вельмі хутка ўбачыў, што жыхары ў Драгедзе зусім не пазбягаюць гаварыць пра Дэна, насупраць, радыя пачуць кожны новы расказ пра яго, кожную дробязь.
А Мэгі, захоўваючы маску пачцівасці, не магла забыцца пра тое, што сказаў ёй Ліан, ёй не даваў спакою прапанаваны ім выбар. Яна даўно ўжо страціла ўсякую надзею на тое, што Джасціна вернецца — і раптам ён амаль заручыўся за такую магчымасць і нават прызнаў, што Джасціна можа тут быць шчаслівая. I яшчэ за адно яна вельмі яму ўдзячная. Ён збавіў яе ад вечнага неадчэпнага страху, што Джасціна нейкім чынам даведалася, кім даводзіўся Дэну Ральф.
Але што да шлюбу з Ліанам... незразумела, як падштурхнуць Джасціну на тое, чаго яна, мяркуючы па ўсім, не хоча. Ці сама яна, Мэгі, не хоча зразумець, як гэта зрабіць? Цяпер ужо яна ані не супраць яго, але, зразумела, яго шчасце не такое ўжо ёй дарагое, як шчасце дачкі і ўсіх драгедскіх і самое Драгеды. Галоўнае — ці так патрэбен гэты Ліан для будучага Джасцінінага шчасця? Хоць ён і заявіў, нібы Джасціна яго любіць, Мэгі нешта не прыпамінала ніводнага даччынога слова, з якога можна было б зразумець, што Ліан таксама многа значыць для яе, як значыў некалі Ральф для Мэгі.
— Трэба думаць, рана ці позна вы з Джасцінаю ўбачыцеся, — сказала яна Ліану, выпраўляючы яго ў аэрапорт. — Я лічыла б за лепшае, каб вы не гаварылі ёй пра гэту вашу паездку ў Драгеду.
— Як сабе хочаце. Я толькі прашу вас, падумайце пра тое, што я тады сказаў, і не спяшайцеся.
Але, паўтараючы гэту сваю просьбу, ён мімаволі адчуў, што Мэгі атрымала з яго прыезду намнога болей, чым ён сам.
У сярэдзіне красавіка, калі мінула два з паловай гады пасля Дэнавай смерці, Джасціну ахапіла неадольнае жаданне ўбачыць нешта яшчэ, апроч бясконцых гарадскіх вуліц і панурых незлічоных натоўпаў. Ясным днём, калі сонца яшчэ не грэла, але ў паветры ласкава павеяла вясною, каменны цэнтр у Лондане раптам стаў невыносны. I яна выправілася на метро ў К’ю-Гардэнс, вельмі задаволеная тым, што сёння аўторак і парк будзе амаль бязлюдны. Гэтым вечарам яна не выступае, няма чаго баяцца стомы і можна хадзіць па глухіх сцежках, пакуль трымаюць ногі.