Аднаго дня, на вялікім перапынку, Тэрэза павяла Мэгі ў кафэ, каб пазнаёміць з бацькамі, старэйшымі сёстрамі і братамі. Усе яны прыйшлі ў захапленне ад агністага золата яе валасоў, а яе ўразіла іх смуглая, цёмнавалосая прыгажосць, і, калі Мэгі ўзняла на іх свае вялікія шэрыя прамяністыя вочы, яна здалася ім маленькім анёлам. Ад маці Мэгі перадалася нейкая ледзь улоўная арыстакратычнасць — усе адразу яе адчувалі, і сям’я Анунцыо не была выключэннем. Як і Тэрэзе, ім захацелася чым-небудзь дагадзіць ёй, і яе пачаставалі вялікімі, тлустымі скрылікамі бульбы, падсмажанымі ў гаршчочках, дзе сквірчэў авечы лой, і надзіва смачнай, без ніводнай костачкі, рыбай, што смажылася, папярэдне абмакнутая ў рэдкае цеста, у дымлівым лоі тамсама, дзе і бульба. Мэгі ніколі яшчэ так смачна не ела, і яна б з ахвотай часта прыходзіла ў гэтае кафэ снедаць. Але каб мець такую прыемнасць, трэба было атрымаць дазвол маці і сясцёр-манашак.
Дома ад Мэгі толькі і чулі: «Тэрэза кажа» і «Ведаеце, што Тэрэза зрабіла?», пакуль Пэдзі не зазлаваў і не гаркнуў на ўсё горла, што досыць ужо наслухаўся пра гэту Тэрэзу.
— He ведаю, ці так ужо і добра вадзіцца з італьянчыкамі, — прабурчаў ён з чыста брытанскім, прыроджаным недаверам да цемнаскурых і да выхадцаў з Міжземнамор’я. — Італьянцы народ брудны, дачушка мая Мэгі, яны рэдка калі мыюцца, — запінаючыся, растлумачыў ён, звяўшы пад пакрыўджаным і дакорлівым позіркам Мэгі.
Апанаваны рэўнасцю, Фрэнк пагадзіўся з ім. I дома Мэгі ўжо радзей загаворвала пра сваю сяброўку. Але неадабрэнне бацькоў і брата не магло перашкодзіць гэтай дружбе, якая і без таго абмяжоўвалася сценамі школы, бо жылі яны далёка адна ад адной; а Боб з малодшымі хлопчыкамі толькі радаваліся, што ўвесь свой вольны час яна аддавала Тэрэзе, — на перапынках яны маглі бегаць на школьным двары, колькі душа пажадае, быццам сястрычкі іхняй там зусім не было.
Таемныя кручкі і рысачкі, якія сястра Агата бясконца выводзіла на класнай дошцы, пачыналі паступова набываць сэнс, і Мэгі даведалася, што, калі стаіць знак трэба скласці ўсе лічбы разам, а калі знак «—», дык ад таго, што напісана наверсе, трэба адкінуць тое, што стаіць унізе, і пад канец атрымаецца менш, чым было ў пачатку. Яна была дзяўчынка кемлівая і, магчыма, стала б выдатніцай, калі б толькі магла перамагчы страх перад сястрой Агатай. Але як толькі да яе паварочваліся гэтыя пранізлівыя вочы і сухі старэчы голас кідаў ён адрывістае пытанне, Мэгі пачынала мямліць і заікацца і ўжо нічога не цяміла. Арыфметыка давалася ёй лёгка, але калі яе выклікалі і трэба было ўголас паказаць, як хутка яна ўмее лічыць, дзяўчынка забывалася, колькі два ў два. Чытанне шырока расчыніла перад ёю дзверы ў цудоўны свет, такі дзівосны, што яна не магла ад яго адарвацца, але калі сястра Агата загадвала ўстаць і прачытаць якую-небудзь мясціну ў кнізе, Мэгі ледзьве магла вымавіць слова «кошка», не кажучы ўжо пра слова «мяўкаць». Ёй здавалася, што яна вечна будзе калаціцца ад з’едлівых заўваг сястры Агаты і залівацца чырванню ад сораму, што з яе смяецца ўвесь клас. Бо менавіта яе грыфельную дошку выстаўляла ўсім напаказ сястра Агата, яе старанна спісаныя лісты паперы паказвала ўсёй школе як прыклад брыдкай неахайнасці. Некаторыя вучні з багацейшых сем’яў былі шчаслівымі ўладальнікамі гумак, але ў Мэгі сціркай служыў кончык насліненага пальца, якім яна церла зробленую ад хвалявання памылку, пакуль папера не аддзіралася маленькімі скрутачкамі і напісанае не расплывалася бруднымі зацёкамі. Ад такога сцірання ў паперы прадзіраліся дзіркі, і яно было строга забаронена, але Мэгі ішла на ўсё, абы пазбегнуць суровага асуджэння сястры Агаты.
Да паяўлення Мэгі ў школе галоўнай мішэнню для дубца і злога языка сястры Агаты быў Сцюарт. Але Мэгі аказалася куды лепшай мішэнню, бо журботны спакой хлопчыка і яго ледзь не святая адчужанасць былі занадта цвёрдыя арэшкі нават для сястры Агаты. А Мэгі, хоць адчайна і старалася паводзіць сябе, як загадаў усім малым Кліры Фрэнк, калацілася ўсім целам і чырванела як бурак. Сцюарт моцна перажываў за сястру, стараўся аблегчыць яе пакуты, адцягваючы на сябе гнеў манашкі. Тая ўмомант разгадвала яго хітрыкі і толькі яшчэ больш злавала ад такой згуртаванасці племені Кліры — паміж хлопчыкамі яна даўно ўжо гэта заўважыла, а цяпер вось яшчэ і дзеўчанё гэтае. Калі б у сястры Агаты хто спытаўся, чым іменна яе абураюць гэтыя Кліры, яна не знайшла б адказу. Але ёй, старой манашцы, такой азлобленай і расчараванай тым, як склалася яе жыццё, нялёгка было праглынуць такую пілюлю — гэтых гордых і чуллівых Кліры.
Самым цяжкім грахом Мэгі аказалася тое, што яна была ляўша. Калі дзяўчынка баязліва ўзялася за грыфель на сваім самым першым уроку пісьма, сястра Агата абрушылася на яе, як Цэзар на галаў.
— Пакладзі грыфель, Мэген Кліры! — прагрымела яна.
I распачаўся жорсткі паядынак. Мэгі была безнадзейная, невылечная ляўша. Манашка сілай выгінала ёй пальцы правай рукі вакол грыфеля, паказваючы, як трэба яго трымаць, і падносіла яе руку да грыфельнай дошкі, а Мэгі не варушылася, галава пачынала кружыцца, і дзяўчынка не магла даўмецца, як прымусіць гэтую няшчасную руку зрабіць тое, чаго дамагаецца сястра Агата. Розумам яна глухла, слепла, нямела, і гэты бескарысны прыдатак — правая рука — меў такую ж слабую сувязь з мозгам, як і пальцы ног. Рука праводзіла каравую рысу, якая зрывалася з краю дошкі, бо Мэгі не магла ў патрэбны момант адвесці назад руку, і пальцы, як паралізаваныя, выпускалі грыфель; і як ні дамагалася сястра Агата, правая рука дзяўчынкі ніяк не магла вывесці літару «А». Тады Мэгі цішком перакладала грыфель у левую руку і, нехлямяжа засланіўшы з трох бакоў дошку сагнутай у локці рукой, выводзіла цэлы радок прыгожых, каліграфічных вялікіх літар «А».
I ўсё ж сястра Агата выйграла бой. На ранішніх пастраеннях яна прывязвала левую руку Мэгі да тулава і не дазваляла развязваць да трох гадзін дня, калі звон абвяшчаў канец заняткаў. Нават у вялікія перапынкі дзяўчынцы даводзілася хадзіць па двары і гуляць з дзецьмі з прывязанай намёртва левай рукой. Так цягнулася тры месяцы, і нарэшце Мэгі навучылася пісаць правай, адно што почырк у яе быў непрыгожы, такім і застаўся назаўсёды. Для пэўнасці, каб Мэгі ніколі ўжо не вярнулася да ранейшай звычкі, левую руку прывязвалі яшчэ два месяцы; а тады сястра Агата сабрала ўсю школу, і, перабіраючы пацеркі ружанцаў, вучні хорам падзякавалі ўсемагутнаму богу, які ў прамудрасці сваёй адкрыў вочы Мэгі на яе аблуды. Усе дзеці боскія робяць усё правай рукой, а леўшуны — д’яблава насенне, асабліва калі яны яшчэ і рыжыя.
У той першы школьны год Мэгі страціла сваю дзіцячую пухлявасць і моцна схуднела, хоць зусім мала падрасла. У яе з’явілася прывычка ледзь не да самага мяса абкусваць сабе пазногці, і ёй даводзілася цярпець, калі сястра Агата падводзіла яе з выцягнутымі рукамі да кожнай парты, каб усе бачылі, якія брыдкія бываюць пазногці, калі іх абгрызаць. Аднак жа амаль палавіна вучняў у школе ад пяці гадоў да пятнаццаці грызла пазногці не горш за Мэгі. Аднаго дня Фія дастала бутэльку з горкім слабільным з лісця альясу і памазала гэтай гадасцю кончыкі пальцаў Мэгі. Усім у доме было загадана сачыць, каб яна ўпотай не змыла гэтага горкага соку, і, калі ў школе дзяўчынкі заўважылі здрадніцкія бурыя плямы на яе пальцах, Мэгі адчула вялікую крыўду. Як толькі ўсунеш палец у рот, робіцца так агідна, аж жах бярэ — як ад таго сродку ад паразітаў, якім мыюць авечак; у роспачы Мэгі плявала на насоўку і церла пальцы, ледзь скуру не садрала, пакуль не сышла самая поскудзь. Тады Пэдзі ўзяў плётку, прыладу больш літасцівую, чым дубец сястры Агаты, і Мэгі заскакала па ўсёй кухні. Але насуперак горкаму альясу і кпінам вучаніц, наскокам сястры Агаты і бацькавай плётцы Мэгі не пераставала грызці пазногці. Дружба з Тэрэзай Анунцыо прыносіла ёй вялікую радасць, без яе школа ператварылася б дзяўчынцы ў пекла. На кожным уроку Мэгі нецярпліва чакала званка на перапынак, калі можна, цесна абняўшыся за талію, сядзець з Тэрэзай пад вялікай смоквай і гаварыць, гаварыць, гаварыць... Тэрэза расказвала пра сваю цудоўную чужаземную сям’ю, пра свае шматлікія лялькі і пра сапраўдны фарфоравы чайны сервіз з сінім кітайскім узорам.