Литмир - Электронная Библиотека

Ягоныя пальцы яшчэ пахнуць Таяй, яе фальшывым ладанам. Заўчора ён прыехаў на лецішча ледзь не на першым цягніку. Доўга мераў крокамі дом: высветлілася, што ад дзьвярэй да вакна пяць Стахавых крокаў, ад сьцяны да сьцяны — шэсьць, высьветліў, якую ноту дае кожная з палавінаў, і нават зграў на падлозе вальс «Гуканьне Таі». Час ішоў страшэнна марудна, як ні дзьмуў Стах на замерзлыя стрэлкі. Ля запацелага вакна разьюшана рвалася ў вырай позьняя муха. Пасёлак быў амаль бязьлюдны, нібы Пампеі, яго заносіла хрусткай белай ляваю. Чаканне было ідыёцкім і ад гэтага яшчэ больш пакутлівым. Прадвызначанае начное чаканьне вартаўніка, што ахоўвае пусты склад на ўскраіне гораду. Чаканьне Гадо. Гадачаканьне, гадзіны йдуць, маўчыць пустая дачка. І лезе з пачка наступная цыгарэта.

Яна зьявілася на пачатку чацьвертай, калі Стах ужо памёр. Увайшла быццам нехаця, пальчаткаў замш ня мучыла, затое трымала пад пахаю празрыстую папку. Задумліва кінула прывітанне, прысела на край ложку, коратка спытала «Як маешся?» і не чакаючы адказу прамовіла:

— Я прынесла тое, ты памятаеш, я казала — кнігу, якую пішу. Прачытай, тут пакуль сорак восем лістоў…

Ён пацягнуўся да яе, няўклюдна, быццам маці, абняў, паклаў руку на калена. Яна спыніла яго — «на самым цікавым месцы».

— Перастань. Я табе, а ты… Гэта вельмі…

Яна паглядзела яму ў вочы, як афтальмоляг. Ён убачыў, як згасае ў ейных жаданне пранізьлівасьці.

— …вельмі важна для мяне. Ты мусіш разумець такія рэчы. Ты разумееш?

Стах у расчараваньні падняўся, узяў яе руку, памацаў, пагладзіў пальцы. Прывід вялікага ашуканства рагатаў па-над ім, сцякаючы сьлінай. Ён пашкадаваў, што праца на прадпрыемстве пакрысе адвучыла яго лаяцца. Сытуацыя вымагала словаў.

— Чаму ты так позна сёньня? — запытаўся ён віскліва, і сам зморшчыўся, пачуўшы свой голас. Яна раздражнёна хітнула галавой, на лоб успырхнула гняўлівая пасмачка валасоў.— Я пытаюся… — пачаў ён, яна нецярпліва адмахнулася, гледзячы на Стаха са зьдзіўленьнем. Стах прысеў каля яе на калені, паклаў гарачы твар на яе пакрытыя гусінай скурай рукі.

— Тая, — зьмяніў ён тон. — Ну паслухай. Я чакаў, мы дамовіліся… Ты была занятая? Я ж…

— Нічым я не была занятая, — адказала яна змрочна. — Тэлевізар сёньня глядзела, і навогул… Ты будзеш чытаць?

— Спачатку… — Стах штурхнуў яе перад сабой на ложак. — Спачатку спачатку.

Яна стамлёна ўзьняла вочы.

— Ну Тая… Потым я ўсё прачытаю. Мне вельмі цікава, павер.

Паміж ног пякло аж да болю. Тая ўздыхнула:

— А можа, спачатку пачытаеш?

Але ён ужо таропка расшпільваў прарэх, гузікі блішчалі ў паўзмроку, падобныя да манэтаў, якімі Стах зьбіраўся расплочвацца. Яна ўздыхнула яшчэ раз і пачала флегматычна й мэтадычна распранацца. Стаха калаціла, але хутка перад ім ужо ляжала іншая Тая, і ймя гэтае было адно мянушкай цёплага, зморшчанага зьвераняці. І паляўнічы кінуў на яго свой цень, бы сетку, і зьвераня задрыжэла пад ім, а тая Тая беспакойна пазірала на гадзіннік, задзіраючы галаву, бо рука яе лунала недзе высока ў паветры. Усведамляючы ўсю ненатуральнасьць гэтай мэханічнай валтузьні й той пачварны падман, які быў над ім зьдзейсьнены ў гэты дзень, Стах тым ня меней зрабіў ўсё што хацеў і ўпаў упоперак ложку, задыхаючыся хутчэй ад крыўды, чым ад задавальнення.

— А цяпер чытаць!

Яна павесялела, усьміхнулася, дакранулася сухімі вуснамі да ягонага падбародзьдзя, уселася Стаху на жывот, азваўшыся рэхам у яго пад лапаткамі. Ён сам і не заўважыў, як пакой асьвяціла катавальная лямпачка, а яны — два іншаплянэтнікі, якія ставяць загадзя наканаваны на няўдачу экспэрымэнт спароўваньня — апынуліся апранутымі й зашпіленымі на ўсе, усе гузікі, пад самае горла.

— Давай я вазьму з сабой, — сказаў ён млява. — Дома пачытаю, а…

— Не, — адказала яна зь летуценнай усмешкай. — Чытай. А я пайду зраблю кавы. І каб пакуль я прыйду, ты ўжо прачытаў пятнаццаць… дваццаць! не, пятнаццаць, ладна, дзесяць старонак.

…Прадпрыемства чарговы раз унесла ў ягоную душу спакой. Цяпер, ствараючы сьценгазэту і ўзгадваючы тую дзіўную суботу, Стах ужо не адчуваў ані крыўды, ані прагі, ані злосьці. Фраза, якую ён столькі разоў чуў ад маці й за якую ён так маці ненавідзеў: праца — лепшы лек, была, як высветлілася, цалкам слушнай. Перад вэнджаным і мудрым тварам прадпрыемства, які зазіраў зараз у вакно малярскага пакоя, праблема «Тая — ня Тая» станавілася дробнай і нязначнай. Сьценгазэта атрымлівалася зусім неблагой. Стах акуратна адарваў кавалачак картону, раскрышыў на ім чырвоны грыфель, зьмяшаў кучку зь зялёным і заняўся цудоўнай справаю — расьціраньнем гэтага радаснага пылу па тым урачыстым у сваёй парушанай белаце лісьце, які ў выніку мусіў стаць Малярскаю Сьценгазэтай. І субота закруцілася наноў.

…Спачатку ён доўга ня мог засяродзіцца, першы аркуш чытаў хвілінаў дзесяць, вачам зусім не хацелася ўспрымаць накрэмзаную нейкай дзеўкай муць. Аднак паступова Таіна пісаніна зацягнула яго, і раптам узьніклы зь цямрэчы інтарэс зачыніў за Стахавай сьпінай дзьверы. Прычым усё было ня так ужо блага, адно памылак у ахайна запоўненых тэкстам лістох прысутнічала трохі больш, чым належыць мець пачаткоўцу. Паводле формы гэта было нешта кшталту аповесьці-маналёгу. На месцы назвы пагрозьліва тырчэў тлусты пытальнік. Рэч пачыналася кароткім, але стратэгічна правільна абраным сказам: «Я ненавіджу свайго мужа». Далей разгортвалася бясконцае апісаньне Юры, апісаньне дастаткова падрабязнае й цікавае. Стах чамусьці адразу паверыў у ягоную ісьціннасьць. Тэкст быў напісаны сапраўды зь нянавісьцю, але гэта была халодная нянавісьць, яна біла не празьмернай эмацыйнасцю, а наадварот — халоднай бесстароннасьцю, прыцэльнай дэталёвасьцю, можна было падумаць, што з чалавека проста пішуць партрэт, як з натуршчыка, на прыкладзе якога трэба паказаць, што ўмееш маляваць цела й ведаеш прапорцыі, але не — чытачу прапаноўвалася тут зьняць дах зь Юрынага дому, паназіраць за паддоследным у прыбіральні, у лазьніцы, у ложку, перад тэлевізарам, з ныючым страўнікам, з пальцам у носе, з налітай гарэлкаю галавой, паслухаць, якія словы ён кажа Таі ў ложку, як размаўляе з маці, якія стогны булькаюць у ягоных грудзёх падчас аргазму, якія песенкі напявае ды якія танцы танчыць перад люстэркам, калі думае, што знаходзіцца ў вадзіноце. Усьведамленьне таго, што перад ім, Стахам, асабістае жыцьцё жывога, рэальнага чалавека, які зараз займаецца чымсьці ды не падазрае нават пра Стахава існаваньне, што перад ім усе звычкі гэтага чалавека і ўсе павадкі той жывёлы, што жыве ў гэтым чалавеку, давала проста жудаснае адчуваньне. Гэта як чытаць любоўныя цыдулкі прэм'ер-міністра. Зрэшты, адчуваньне Стаху было знаёмае. Прыкладна тое ж адбывалася, калі Стах упершыню пранік у Таю, у чужую таямніцу, у яе загадкавую похву, выпадкова знойдзеную ім сярод гэтай восені.

Прыкладна ўсё гэта ён выказаў Таі, зрэдку падносячы да вуснаў гарачы кубачак і абпальваючы гнюсныя балячкі, якія чырванелі там ужо трэці дзень. Тая патрабавала словаў яшчэ і яшчэ. Цыгарэта ў яе руцэ дрыжэла, язык раз-пораз на імгненне выскокваў са свайго ўкрыцьця і, аблізнуўшы куточак роту, хаваўся назад.

— Ты ня ведаеш, — сказала яна, калі запас словаў Стаха скончыўся. — Ня ведаеш, чаму я гэта пішу. Юрка мне здраджвае. Прычым адразу з дзьвюма бабамі. Проста як у кіно, а?

Тая нэрвова ўсхліпнула, пагасіла цыгарэту й тут жа запаліла яе наноў.

— Я прыйшла неяк у клініку, да свайго доктара, там дзьве дзеўкі такія сядзяць. Сядзім, трэплемся… Яны мне пра мужыкоў сваіх давай распавядаць. Слухаю, прыкалваюся, потым разумею…

Яна сьціснула ў кулаку кубачак, потым нагбом укінула ў сябе гарачую каву, скрывілася й працадзіла:

— Гэта мой Юрачка. Муж мой, блін, Юрачка-чэляс. Кабель сраны. Не магу. І тады я вырашыла, ведаеш, яно неяк само прыйшло, што адпомшчу менавіта так. Па-мойму, гэта страшна, калі зь цябе зрываюць усе твае таямніцы. Любы чалавек хоча мець асабістае жыцьцё, такія, ведаеш… ну, такое, каб туды ніхто не суваўся…

Стах слухаў, не адрываючы вачэй ад чытаньня, хітаў галавой, пазногцем падкрэсьліваў памылкі.

29
{"b":"825743","o":1}