Литмир - Электронная Библиотека

У цемры Стах ледзь не наляцеў на правадніка, у руцэ якога весела скакаў ліхтарык — гэткі самы, што выдаваў Стаху на лецішчы Дубраўскі.— Тэмп! — заскавытаў праваднік дзіка й выкінуў руку ў фашыстоўскім прывітанні. Насамрэч ён паказваў — Стах пасьпеў за некалькі сэкундаў трохі агледзецца й заўважыць, што будынкі расступіліся, а дарогу пераразае аднакалейная чыгунка — на пляскатую плятформу, якая, нягучна пагрукваючы, досыць хутка аддалялася ў правы ад дарогі бок. — Туды! — закрычаў праваднік, піхаючы Стаха да чыгункі. На шчасьце, плятформа, якую цягнуў маленькі, бадай што цацачны лякаматыў, запаволіла крыху ход, і Стах не без праблемаў, але ўскочыў на хісткую паверхню. Неўзабаве яны разагналіся, праваднік зьнік з поля зроку, і Стах паспрабаваў, праўда, марна, распаліць цыгарэту, сарамліва засланяючыся ад ветру. Добра, што ён павярнуў твар — на брудным насыпе, падсвечаны зьнізу, проста ў твар Стаху разгарнуўся стужкай указальнік, што не дапускаючы сумненьняў абвяшчаў: экспэрымэнтальны цэх знаходзіцца ў адваротным баку. Стах у вадчаі скочыў з плятформы на насып, вывіхнуў, відаць, нагу, плятформа атрэслася, быццам котка, якая вылезла зь ненавіснай вады, і хутка ад яе засталося толькі груканьне, што таяла ў прыцемках. Стах ляжаў тварам у цёплым гравіі, і адно гэта замінала яму зарагатаць. Вывіху ўсё ж, мяркуючы па ўсім, не было. Быў, відаць, моцны ўшыб, аматар сіняй, жоўтай і зялёнай фарбы, і Стах пасядзеў на насыпе, спакойна папаліў, скідаючы попел на канчаткова сапсаванае спэцадзеньне, у галаву ня лезла анічога, апрача партызанаў, рэйкавай вайны і аўстрыйскіх землямераў. Кульгаючы, ён рушыў у адваротным накірунку. Туды, адкуль прыйшоў.

Крокаў праз сто ў ягонай галаве гучалі ўжо млосныя маршы. Засынаючы на хаду, Стах брыў міма чыгункі, але патрэбнага скрыжаваньня ўсё не было. Ён паспрабаваў аблаяць мацюгамі казла-правадніка — атрымалася млява ды непераканаўча. Неўзабаве слых ягоны намацаў удалечыні раўнамерны шоргат, які, на шчасьце, не зьбіраўся йсьці супраць законаў фізыкі й па меры Стахавага пасоўваньня наперад усё гучнеў. «А магло й быць наадварот,»— абыякава падумаў Стах. — «Я пазнаю цябе, Таркоўскі. Ich kenne dich, Franz.»

Чыста вымеценую пляцоўку перад драўлянай будынінай, якую з двух бакоў падпіраў плот, падмятала, нізка сагнуўшыся, сівая старая.

— Не падкажаце, да экспэрымэнтальнага цэху далёка адсюль? — спужаў яе Стах, увадначас любуючыся кубкам, што стаяў на плоце, параю, якая прычэсвалася, купаючыся ў гэтым кубку, ліхтаром, што, падвешаны да брылёчку над ганкам, заліваў пляцоўку мірным сьвятлом. Кубак, пара, ліхтар, мяцёлка. Як чыста тут.

Старая разагнулася — паволі, велічна.

— А нашто табе? — спытала яна падазрона, агледзеўшы Стаха з усіх бакоў.

— Мне б знайсьці Васіля Васіліна.

— А нашто табе Васіль Васіліч?

— Не твая справа, старая, — адказаў Стах, губляючы цярпеньне.

— А ў руцэ ў цябе што?

— Дзе экспэрымэнтальны? — пайшоў на яе Стах, прыпадаючы на левую нагу, але ўзьняўшы ўгору драцяны скрутак. — Скажаш ці не, курва старая?

— А я падумала, пісталет, — з палёгкай прамовіла прыбіральшчыца, зірнуўшы на скрутак зблізку. — Ды не крычы ты, хлопец… Вось ён, тутака. Заходзь вось сюды, там Васіль Васілій у канцы калідору сядзіць, гарбату п'е з сакратаркаю.

Усё. Пасьміхнуўшыся, зь цяжкасьцю вытрымліваючы патрэбную адлегласьць між вейкамі, Стах няцвёрдым крокам рушыў да дзьвярэй. Ліхтар над ганкам ласкава папляскаў яго па плячы. Усё. Цяпер — толькі да прахадной.

Удар ззаду па патыліцы быў вытанчаны й мастацкі.

Ачомаўшыся, Стах знайшоў сябе на круглай паляне, прывязанага тросам да тоўстага слупа. Вакол стаялі людзі ў спэцоўках, ды й знаходзіўся Стах, безумоўна, на прадпрыемстве — на няроўным даляглядзе выразна віднеўся характэрны профіль галоўнага канвееру, а калі глянуць направа — плаўныя, жаноцкія абрысы ЦТСЛ.

— Прывядзіце Галіну Ігнацьеўну! — скамандаваў адзін з мужыкоў, па ўсім відаць, брыгадзір. Не мінула й хвіліны, як з-за ялінак (якія ялінкі? не было тут ніякіх ялінак) некалькі маладзёнаў, асцярожна ступаючы па закіданай нейкім ламаччам зямлі, вывелі старую індыянку, зморшчаныя грудзі якой боўталіся пад падбародзьдзем, нібы амулеты. Яе клапатліва правялі праз паляну й паставілі перад Стахам. Ён зірнуў са страхам у яе вочы. З пустых вачніцаў яму адказала сустрэчным позіркам справядлівасьць.

— Просім цябе, дарагая ты наша Галіна Ігнацьеўна, правер гэтага бледнажопага.

Кашчавая рука лягла на Стахаў твар. Стах чакаў, што яго зараз званітуе. Не, гэта было ня так гідка, толькі козытна. Ён з радасьцю ўсьвядоміў, што скрутак усё яшчэ ў руцэ, заціснуты ў кулаку, нябачны для тых, хто паланіў яго, Стаха, у гэты вар'яцкі вечар. Стах пачаў раскалупваць канцом дроту трос, і той паддаўся — зь неахвотаю, але паддаўся. Галіна Ігнацьеўна засланяла ягоныя маніпуляцыі ад прысутных, і ўсё гладзіла, вывучала, дасьледвала шурпатую скуру Стахавага твару мілімэтар за мілімэтрам.

— Ня ён.

У тое ж імгненьне Стах сарваў путы, піхнуў старую нагой у жывот, войкнуў ад болю й пабег да ялінак. Яны апынуліся паркавым сквэрам, дзе калісьці. Кал. Лісьце. Калісьці на… Сьвяціла ісьціна, цяпер калісьціна. Прадпрыемства ў іншым баку. А можа, кінуць тут гэты скрутак гробаны і паперкі ў сьнег. Яны пусьцілі сабакаў… і вось жа трамвай. У горадзе не дагоняць. Але Антоныч, і Дзеленстап Каўкомавіч, і Цыцка, і Сьняжана, і Мурло з Бурцэвічам, і Васіль Васіліч — добры ж, мусіць, мужычоккк… Зь імі як быць? Стах рэзка павярнуўся й з той жа хуткасьцю памкнуў насустрач перасьледнікам. Бо ў тым баку прадпрыемства, а ў гэтым, блін, што? Васіль Васіліч атрымае свой дрот. Свой дрот і свае паперкі. Пераследнікі заўважылі яго й зьбянтэжана прыпыніліся.

— Во фарба дзейнічае, — з зайздрасьцю сказаў Цыцка. — Мне б так…

— Шанцуе дурням маладым, — падаў голас Бурцэвіч, набіраючы ваду ў малянкоўскую шклянку, кожнае рэбра якой поўнілася зімовым сонцам. — Успрыімлівы які хлопец.

— Якая белая… белая прыгажосць, — нахіліўшыся над тварам, прашаптала гучна Сьняжана, засаромелася ды адыйшла ў куток — вачэй не адвяла.

— Вось каго Яна… абрала, — самому сабе прамовіў Кірыла Антоныч. — Я верыў, мужычкі, я ведаў. Ёй жыць трэба, а мы… Прабрала хлопца. Далібог, прабрала. Цыцка, накрывай на стол. Пасьля такога працаваць грэх.

У самым пачатку дваццаць першага стагодзьдзя (на тысячу кілямэтраў вакол ні карэйцаў, ні кубінцаў), у цесным пакойчыку для маляроў («Тата, а хто такія будзёнаўцы?») сядзіць малады чалавек (які здольны падрабязна патлумачыць, што такое структуральны аналіз паэтычнага тэксту) зь дзіўным мяном Стах і робіць сьценгазэту. Збляднелы, з запалымі вачыма, на якіх ярка-чырвоным выдзеленыя маршруты сьледваньня цяжка нагружаных цягнікоў, што праносяцца праз палярную ноч у ягонай галаве. На стале творчае бязладзьдзе, карнавальнае шэсьце рознакаляровых алоўкаў, гумовым пылам прысыпаная прамакатка, намагаюцца разагнуцца скамечаныя лісты, варушацца, лежачы на стосе чыстай паперы. Самае складанае тут прыстасаванне — Стахава асадка, яна нацэленая Стаху ў сэрца — годная сьмерць. Як на кожным гуляньні, тут маецца свой жабрак, гэта просты аловак, на якім марудна астывае пот Стахавых пальцаў — ён, як звычайна, марна просіць падаць яму хаця б якую міласьціну — колерам або лязом. Стах працуе натхнёна й велічна, у вачох ягоных адбіваюцца зусім іншыя дзьверы, і зусім іншыя вокны дораць яму ачмуральныя краявіды. Даўно ён не атрымліваў такога задавальненьня ад жывапісу. Стах зараз — нешта сярэдняе паміж Хрыстом і прынтэрам «Лексмарк». У кішэні ягонай — пісьмовы дазвол застацца на прадпрыемстве пасьля заканчэння працоўнага дня, выдадзены Кірылам Антонычам.

Працуючы… пардон, творачы, Стах не задумваецца над тым, што ягоны занятак, па сутнасьці, спадчынны. Абодва Стахавы дзеды ў далёкія трыццатыя малявалі сьценгазэты, прычым адзін зь іх умеў перамалёўваць з кніг чырвоных кавалерыстаў, а ў другога лепей выходзілі былинники речистые. Правадыроў яны выразалі з газэтаў і наклейвалі зьлева ад назвы, так, каб тыя дыхалі адзін адному ў патыліцу. Сапраўдная сьценгазэта — гэта каляж. А Стахава маці? Дзе толькі не даводзілася ёй рабіць сьценгазэты. У задушлівай школьнай клясе, на настаўніцкім стале, дзе перасякаліся змрочныя цені ўзгрувашчаных на парты крэслаў, пад калідорнае скавытанне вядра прыбіральшчыцы й пыласоснае скуголеньне заваконнай завірухі. У актавай залі, дзе па-над сцэнаю гайдалася турэмная лямпачка й вецер перабіраў шарыкі на сьценах. На дыване бацькоўскай кватэры, нага да нагі з аднаклясьніцай Людай Шавардак. У піянэрлягеры, пакуль астатнія члены атраду гулялі ў піянэрбол ці піянэрылі ў малых цукеркі. У пустых аўдыторыях інстытуту, у засені бародаў вялікіх матэматыкаў зь незапамінальнымі прозьвішчамі. А Стахаў бацька, той навогул быў у школе рэдактарам сьценгазэты, а апрача таго яшчэ й палітінфарматарам, юнатам ды старшынём савету дружыны. І падчас вучобы ва ўнівэрсытэце папісваў. Толькі калі стаў асьпірантам, сьценгазэта адклеілася ад яго. Але тады ўжо кожны разумны чалавек маліўся на дзядзюшку Сэма: няхай хаця б дзеці мае, хаця б унукі ня ведаюць, што ж гэта такое — сьценгазэта. Дзядзюшка Сэм зрабіў усё, што ад яго залежала, а вось пра сьценгазэту, відаць, забыўся. І таму зараз, калі невядомы кадэбіст за вакном перапранаецца ў зімушку-зіму, Стах сядзіць за ліпучым сталом, цыркулем выставіўшы локаць, і робіць сьценгазэту. Зрэшты, ні пра што такое ён не разважае. Мэдытатыўнасьць ягонага занятку, тая ж, якая ўласцівая абіральшчыкам бульбы, вязальшчыцам і сакратаркам фіктыўных фірмаў, схіляе Стаха да ўспамінаў пра дзень учорашні. Стах шчыра не разумее, як можна не заўважаць насалоды ўспамінамі. З гэтых раздробленых костачак, звараных у кіпячым часе, можна высмактаць шмат цікавага й карыснага.

28
{"b":"825743","o":1}