Яны надзелі зялёныя пярсцёнкі, узяліся за рукі і яшчэ раз крыкнулі: “Адзін – два – тры – давай!” Гэтым разам усё атрымалася. Вельмі складана апісаць, як усё адбылося, бо адбылося гэта вельмі хутка. Спачатку з’явіліся зыркія агеньчыкі, якія рухаліся па чорным небе. Дыгары заўсёды думаў, што гэта былі зоры, і нават кляўся, што даволі блізка бачыў Юпітар – настолькі блізка, што мог разгледзець яго спадарожнікі. І амаль адразу пасля гэтага з’явіліся шэрагі дахаў і комінаў, яны пабачылі сабор Святога Паўла і зразумелі, што глядзяць на Лондан. Дзеці бачылі скрозь муры дамоў. Потым яны заўважылі дзядзьку Эндру. Яго цьмяная постаць з кожным імгненнем рабілася ўсё больш выразнай і больш рэальнай, нібыта на яе наводзілі фокус фотакамеры. Але, перш чым дзядзька Эндру зрабіўся зусім сапраўдным, Полі закрычала: “Мяняем!” – і яны памянялі пярсцёнкі. Наш сусвет развеяўся, як сон, а зялёнае святло зверху пачало рабіцца ўсё мацнейшым і мацнейшым, пакуль іх галовы не апынуліся на паверхні азярка і дзеці не выбраліся на бераг. Усё гэта заняло менш за хвіліну.
– Вось так! – сказаў Дыгары. – Усё працуе. А зараз – прыгоды. Можам выбраць любое возера. Хадзем. Давай паспрабуем тое.
– Стой! – крыкнула Полі. – Можа, трэба пазначыць гэтае, наша?
Яны паглядзелі адно на аднаго і збялелі ад разумення той страшнай рэчы, якую Дыгары толькі што збіраўся зрабіць. Бо ў лесе была бясконцая колькасць азёр, яны ўсе былі аднолькавыя, і ўсе дрэвы былі аднолькавыя. Такім чынам, калі б яны аднойчы пакінулі тое азярко, што вядзе ў наш сусвет, без аніякай адзнакі, у іх наўрад ці атрымалася б знайсці дарогу дадому.
Дрыготкай рукой Дыгары дастаў кішэнны нож і выразаў доўгую палоску дзірвану на беразе. Зямля смачна пахла, і яе чырванавата-карычневы колер быў добра бачны на зялёным.
– Добра, што адзін з нас мае крыху розуму, – сказала Полі.
– Толькі не надумай увесь час пра гэта ўзгадваць, – адмахнуўся Дыгары. – Хадзем. Я хачу паглядзець, што ў іншых азёрках.
Полі рэзка адказала яму, а ён сказаў нешта ў адказ, яшчэ больш з’едліва. Спрэчка доўжылася некалькі хвілін, але цалкам прыводзіць яе нецікава. Давайце прапусцім яе і пяройдзем да моманту, калі яны, усхваляваныя, з засяроджанымі тварамі, стаялі на беразе незнаёмага азярка, надзеўшы жоўтыя пярсцёнкі і трымаючыся за рукі. Яны зноў сказалі: “Адзін – два – тры – давай!”
Плюх! Ізноў не спрацавала. Гэтае азярко таксама аказалася лужынай. Замест таго, каб апынуцца ў новым сусвеце, яны толькі намачылі ногі другі раз за раніцу (калі гэта была раніца: падобна, у Лесе Паміж Сусветамі заўсёды быў адзін і той жа час).
– Ах ты! – усклікнуў Дыгары. – Што не так гэтым разам? Мы надзелі жоўтыя пярсцёнкі. Ён жа сказаў, што жоўтыя – для вандровак у іншы свет.
Але насамрэч дзядзька Эндру, які нічога не ведаў пра Лес Паміж Сусветамі, меў няправільнае ўяўленне пра пярсцёнкі. Жоўтыя не пераносілі ў іншы свет, і зялёныя не пераносілі дамоў. Прынамсі, не ў тым сэнсе, як ён разумеў. Рэчыва, з якога былі зроблены пярсцёнкі, паходзіла адсюль, з лесу. Рэчыва жоўтых пераносіла ў лес. Яно імкнулася вярнуцца назад, у сваё месца, што знаходзіцца пасярод сусветаў. А рэчыва зялёных пярсцёнкаў намагалася пакінуць гэтае месца і пераносіла вас з лесу ў іншы сусвет. Разумееце, дзядзька Эндру працаваў з тым, у чым не да канца быў абазнаны; большасць чараўнікоў такія. Вядома, Дыгары таксама да канца не ўсведамляў праўды, прынамсі, да пэўнага часу. Але, абмеркаваўшы ўсё, дзеці вырашылі паспрабаваць скокнуць у новае азярко, надзеўшы зялёныя пярсцёнкі, – проста каб паглядзець, што адбудзецца.
– Я пайду, калі ты пойдзеш, – сказала Полі. Але насамрэч яна сказала так, бо цяпер адчувала, што ніякія пярсцёнкі не спрацуюць на новым азярцы, і ў самым горшым выпадку атрымаецца яшчэ адзін плюх. Я не ўпэўнены, што Дыгары не пачуваўся гэтак жа. У любым выпадку, яны абое надзелі зялёныя пярсцёнкі і вярнуліся да беражка. Цяпер, ізноў узяўшыся за рукі, яны былі значна весялейшыя і менш урачыстыя, чым у першы раз.
– Адзін – два – тры – давай! – сказаў Дыгары. І яны скочылі.
Раздзел 4. Звон і малаток
Гэтым разам не было ніякага сумніву, што творыцца Магія. Яны падалі ніжэй і ніжэй, спачатку скрозь цемру, а пасля скрозь шматлікія размытыя формы, якія круціліся і маглі быць чым заўгодна. Рабілася святлей. Потым яны раптам адчулі, што стаяць на нечым цвёрдым. У наступны момант усё навокал перастала быць размытым, і яны змаглі агледзецца.
– Якое дзіўнае месца! – сказаў Дыгары.
– Мне тут не падабаецца, – мовіла Полі і здрыганулася.
Перадусім яны звярнулі ўвагу на святло. Яно не было падобным да сонечнага ці электрычнага святла, ці святла ад лямпы або свечак, ці да любога іншага святла, якое яны калі-небудзь бачылі. Гэта было прыглушанае, чырванаватае, невясёлае святло. Яно было роўным і не давала бляску.
Дзеці стаялі на брукаванай пляцоўцы, вакол высіліся будынкі. Над галавой не было даху; месца нагадвала ўнутраны двор. Неба было надзвычай цёмнае: сіняга, амаль чорнага колеру. Пабачыўшы такое неба, вы б здзівіліся, што ўвогуле ёсць нейкае святло.
– Якое тут дзіўнае надвор’е, – сказаў Дыгары. – Быццам зараз будзе навальніца ці сонечнае зацьменне.
– Мне тут не падабаецца, – паўтарыла Полі.
Яна абодва, самі не ведаючы чаму, размаўлялі шэптам. І нягледзячы на тое, што больш не было патрэбы трымацца за рукі, яны не адпусцілі адно аднаго.
Муры вакол двара былі вельмі высокія, з вялікімі вокнамі без шыбаў, скрозь якія не было бачна нічога, акрамя цемры. Ніжэй, зеўраючы чарнатою, як уваходы ў чыгуначныя тунэлі, стаялі вялікія аркі на слупах. Было даволі халодна.
Здавалася, што камяні, з якіх збудавана ўсё навокал, – чырвоныя, але так магло толькі здавацца з-за незвычайнага святла. Яны, відавочна, былі вельмі старыя. Шмат якія з плоскіх камянёў у брукаванцы раскалоліся. Ніводзін з іх не прылягаў да іншага шчыльна, і ўсе вострыя вуглы сцерліся. Адзін арачны ўваход быў напалову завалены бітым каменем. Дыгары і Полі ўвесь час паварочваліся, каб бачыць розныя бакі двара. Яны баяліся, што нехта – ці нешта – глядзіць на іх з вокнаў, калі яны паварочваюцца спінай.
– Як думаеш, тут хто-небудзь жыве? – сказаў нарэшце Дыгары, усё яшчэ шэптам.
– Не, – адказала Полі. – Усё зруйнавана. Мы не чулі ні гуку з таго самага моманту, як трапілі сюды.
– Давай крыху пастаім ціха і паслухаем, – прапанаваў Дыгары.
Яны замерлі і прыслухаліся, але пачулі толькі грукат уласных сэрцаў. Гэтае месца было, прынамсі, такім жа ціхім, як Лес Паміж Сусветамі. Але цішыня тут была іншага кшталту. Цішыня лесу была насычаная, цёплая (амаль можна было пачуць, як растуць дрэвы) і поўнілася жыццём. А тут цішыня была мёртвая, сцюдзёная і пустая. Немагчыма было ўявіць, каб у гэтым месцы нешта расло.
– Давай вернемся дамоў, – сказала Полі.
– Але мы яшчэ нічога не пабачылі, – мовіў Дыгары. – Калі ўжо мы тут, мы проста мусім агледзецца.
– Тут няма абсалютна нічога цікавага.
– Які сэнс знайсці чароўныя пярсцёнкі, якія перанясуць цябе ў іншы свет, а потым баяцца паглядзець на яго?
– Хто сказаў, што я баюся? – запярэчыла Полі, адпускаючы руку Дыгары.
– Мне проста здалося, што табе не вельмі падабаецца ідэя агледзець гэтае месца.
– Я пайду паўсюль, куды ты пойдзеш.
– Мы можам вярнуцца ў любы момант, калі пажадаем, – сказаў Дыгары. – Давай здымем зялёныя пярсцёнкі і пакладзем іх у правыя кішэні. Трэба толькі памятаць, што жоўтыя пярсцёнкі – у левых кішэнях. Трымай руку побач з кішэняй, але толькі не ўнутры, а то кранешся жоўтага пярсцёнка і знікнеш.
Яны паклалі пярсцёнкі і ціха пайшлі да адной з вялікіх арак, што вялі ў будынак. Стоячы на парозе, дзеці зазірнулі ўнутр і пабачылі, што там было не настолькі цёмна, як спачатку здавалася. Уваход вёў у вялікую, змрочную залю, якая аказалася пустой. Але ў далёкім канцы быў шэраг слупоў, злучаных аркамі, і праз гэтыя аркі тачылася такое ж бляклае святло. Дзеці перасяклі залю, ідучы павольна, бо пільнаваліся дзірак у падлозе ці чагосьці, што магло б ляжаць на шляху і аб што можна было спатыкнуцца. Ім здавалася, што ішлі яны вельмі доўга. Калі ж урэшце прайшлі скрозь аркі, то апынуліся ў іншым, большым двары.