Литмир - Электронная Библиотека

Пасля таго як Дыгары доўгі час глядзеў на лес, ён заўважыў дзяўчынку, што ляжала на спіне каля дрэва. Яе вочы былі прымружаныя, нібыта яна знаходзілася паміж сном і явай. Ён доўга моўчкі глядзеў на яе. Нарэшце дзяўчынка расплюшчыла вочы і нейкі час глядзела на Дыгары, таксама моўчкі. Потым яна прамовіла сонным і задаволеным голасам:

– Мне здаецца, я бачыла цябе раней.

– Мне таксама так здаецца, – зазначыў Дыгары. – Ты даўно тут?

– О, вечнасць, – сказала дзяўчынка. – Прынамсі, не ведаю, вельмі доўга.

– І я таксама, – адказаў Дыгары.

– Няпраўда, – сказала яна. – Я толькі што бачыла, як ты з’явіўся з таго возера.

– І сапраўды, – збянтэжана пагадзіўся Дыгары. – Я й забыўся.

Потым яны абодва доўга маўчалі.

– Слухай, – сказала дзяўчынка праз некаторы час. – Цікава, мы сапраўды некалі бачыліся? Я ўзгадваю – нібыта малюнак у галаве – хлопчыка і дзяўчынку, падобных да нас, якія жывуць недзе ў зусім іншым месцы і робяць розныя рэчы. Магчыма, гэта проста сон.

– Думаю, мне сніўся такі ж сон, – адказаў Дыгары. – Пра хлопчыка і дзяўчынку, якія жылі ў суседніх дамах… і пра нейкае поўзанне сярод бэлек. Я памятаю, што ў дзяўчынкі быў брудны твар.

– А ты нічога не блытаеш? У маім сне брудны твар быў у хлопчыка.

– Я не памятаю яго твару, – сказаў Дыгары і потым дадаў: – Што гэта там?

– Нішто сабе! Гэта марская свінка, – здзівілася дзяўчынка. І сапраўды – гэта была тлустая марская свінка, якая нешта вынюхвала ў траве. Пасярэдзіне тулава яна была пераматаная стужкай з замацаваным яскравым жоўтым пярсцёнкам.

– Глядзі! Глядзі! – закрычаў Дыгары. – Пярсцёнак! І зірні! У цябе на пальцы такі ж. І ў мяне таксама.

Цяпер дзяўчынка села, нарэшце сапраўды зацікавіўшыся. Яны вельмі пільна паглядзелі адно на аднаго, спрабуючы ўзгадаць. І потым, у адзін і той жа момант, яна ўсклікнула: “Містар Кэтэрлі!”, а ён: “Дзядзька Эндру!” – і дзеці зразумелі, хто яны, і пачалі прыгадваць усю гісторыю. Праз некалькі хвілін жвавай гутаркі ўсё было высветлена. Дыгары распавёў, якім бесчалавечным аказаўся дзядзька Эндру.

– Што будзем рабіць? – запыталася Полі. – Возьмем марскую свінку і вернемся дамоў?

– Нам няма куды спяшацца, – сказаў Дыгары, шырока пазяхаючы.

– Думаю, ёсць, – адказала Полі. – Тут занадта ціха. Тут так… так сонна. Ты амаль задрамаў. Калі мы абодва заснем, то так і будзем ляжаць і спаць вечна.

– Тут вельмі добра, – запярэчыў Дыгары.

– Так, – пагадзілася Полі. – Але нам трэба вяртацца.

Яна паднялася і асцярожна пайшла да марской свінкі. Але пасля перадумала.

– Лепей пакінем яе тут, – сказала Полі. – Тут яна шчаслівая, а твой дзядзька зробіць з ёй што-небудзь кепскае, калі мы вернем яе.

– Не сумняваюся, – адказаў Дыгары. – Дастаткова ўзгадаць, як ён абышоўся з намі. Дарэчы, а як нам вярнуцца дамоў?

– Скокнуць назад у возера, думаю.

Яны ўдваіх падышлі да краю азярка і спыніліся, гледзячы ў спакойную ваду. Яна адлюстроўвала зялёныя, поўныя лістоты галіны, і таму азярко выглядала вельмі глыбокім.

– У нас няма ў чым плаваць, – сказала Полі.

– А нам нічога і не трэба, – адказаў Дыгары. – Можна нырнуць і ў вопратцы. Ці ты не памятаеш, што мы не намоклі, калі трапілі сюды?

– А ты ўмееш плаваць?

– Крыху. А ты?

– Ну, не зусім добра.

– Не думаю, што давядзецца плысці, – сказаў Дыгары. – Мы ж хочам спусціцца ўніз, так?

Ім абодвум не вельмі падабалася ідэя скокнуць у возера, але ніхто не вымавіў гэтага ўголас. Яны ўзяліся за рукі, сказалі: “Адзін – два – тры – давай!” – і скокнулі. Атрымаўся вялікі ўсплеск, і, вядома, дзеці зажмурыліся. Але, калі Полі і Дыгары расплюшчылі вочы, аказалася, што яны ўсё яшчэ пасярод зялёнага лесу, трымаюцца за рукі і стаяць у вадзе, якая ледзь даходзіць да шчыкалатак. Возера, відаць, было ўсяго некалькі сантыметраў глыбінёй. Яны пашлёпалі назад, на сухую зямлю.

– Чаму ў нас нічога не атрымалася? – спыталася Полі спужаным голасам, але не настолькі спужаным, як вы маглі б падумаць, бо ў тым лесе было складана сапраўды спужацца. Ён быў такі мірны.

– Зразумеў! – сказаў Дыгары. – Вядома ж, не атрымалася. Жоўтыя пярсцёнкі ўсё яшчэ надзетыя. Яны для перамяшчэння ў Іншае Месца. Зялёныя перанясуць нас дамоў. Трэба памяняць іх. У цябе ёсць кішэні? Добра. Пакладзі жоўты пярсцёнак у левую. У мяне два зялёныя. Вось адзін табе.

Яны надзелі зялёныя пярсцёнкі і вярнуліся да возера, але тут Дыгары ўсклікнуў: “Чакай!”

– Што здарылася? – запыталася Полі.

– Мне ў галаву толькі што прыйшла цудоўная ідэя, – сказаў Дыгары. – А што ва ўсіх іншых азярках?

– Што ты маеш на ўвазе?

– Глядзі: калі мы можам вярнуцца ў наш свет, скокнуўшы ў гэтае возера, мы, пэўна, патрапім куды-небудзь яшчэ, калі скокнем у іншае. Што, калі на дне кожнага возера знаходзіцца іншы свет?

– Але я думала, што мы ўжо ў тым Іншым Свеце, пра які казаў твой дзядзька Эндру, ці Іншым Месцы – як там ён яго называў? Ты хочаш сказаць, што…

– Забудзься на дзядзьку Эндру, – перапыніў Дыгары. – Не думаю, што ён нешта пра гэта ведае. У яго ніколі не хапала мужнасці перанесціся сюды самому. Ён казаў толькі пра адзін Іншы Свет. А што, калі іх дзясяткі?

– Ты думаеш, гэты лес можа быць толькі адным з іх?

– Не, я думаю, што гэты лес – зусім не свет. Мяркую, гэта проста нейкае месца паміж сусветамі.

Полі выглядала збянтэжанай.

– Няўжо ты не разумееш? – сказаў Дыгары. – Паслухай. Узгадай пра наш тунэль пад дахам. Ён не з’яўляецца пакоем аніводнага з дамоў. Яго нават цяжка назваць часткай якога-небудзь дома. Але можна хадзіць па ім і трапляць у розныя дамы. Гэты лес можа быць чымсьці падобным. Месца, якое не знаходзіцца ні ў адным з сусветаў, але вядзе ва ўсе сусветы!

– Нават калі так… – пачала Полі, але Дыгары працягваў, нібыта яе не чуў.

– І тады гэта ўсё тлумачыць, – сказаў ён. – Таму тут так ціха і сонна. Тут ніколі нічога не адбываецца. Як і там, у нас. Людзі ў дамах размаўляюць, робяць свае справы, ядуць. Нічога не адбываецца толькі ў месцах, якія знаходзяцца паміж нечым: паміж сценамі, па-над столлю, пад падлогай ці ў нашым тунэлі. Але калі ты выходзіш з яго, патрапляеш у той ці іншы дом. Я думаю, адсюль мы можам перанесціся куды заўгодна! Мы не абавязаны зараз скокаць у тое ж азярко, праз якое апынуліся тут. Давай паспрабуем іншае.

– Лес Паміж Сусветамі, – сказала Полі з выглядам чалавека, які лунае ў сваіх марах. – Гучыць даволі прывабна.

– Хадзем, – прапанаваў Дыгары. – Якое выберам?

– Слухай, – сказала Полі. – Я не збіраюся скокаць ні ў якое іншае возера, пакуль мы не ўпэўнімся, што можам вярнуцца назад праз гэтае. Мы нават не ведаем, ці гэта ўвогуле працуе.

– Ага, – адказаў Дыгары, – каб нас злавіў дзядзька Эндру і адабраў пярсцёнкі, а мы нават павесяліцца не паспелі. Ну, дзякуй.

– А ці не лепш нам нырнуць часткова, не да канца? – мовіла Полі. – Толькі каб паглядзець, ці атрымаецца. А калі так, мы памяняем пярсцёнкі ды зноў падымемся сюды, перш чым цалкам вярнуцца ў кабінет містара Кэтэрлі.

– А ці зможам мы нырнуць не да канца?

– Ну, спатрэбіўся ж нейкі час, каб падняцца сюды. Мяркую, у нас будзе час і на тое, каб вярнуцца.

Дыгары доўга супраціўляўся гэтай ідэі, але ўрэшце яму давялося пагадзіцца, бо Полі наадрэз адмовілася даследаваць іншыя сусветы, пакуль не пераканаецца, што можна вярнуцца ў іх уласны. Яна была амаль такой жа смелай, як Дыгары, калі справа тычылася небяспекі (напрыклад, восаў), але яе мала прываблівала ідэя даследаваць рэчы, пра якія ніхто раней не чуў. Дыгары ж быў з тых людзей, якія хочуць ведаць усё, і, пасталеўшы, ён стаў знакамітым прафесарам Кёркам, з якім мы сустрэнемся ў іншых нашых кнігах.

Пасля даволі зацятых спрэчак яны пагадзіліся надзець зялёныя пярсцёнкі (“Зялёны азначае бяспеку, – сказаў Дыгары, – таму ты не пераблытаеш”), узяцца за рукі і скочыць. Як толькі яны заўважаць, што вяртаюцца ў кабінет дзядзькі Эндру ці нават толькі ў іх уласны сусвет, Полі мусіла крыкнуць: “Мяняем!” – і тады яны здымуць зялёныя і надзенуць жоўтыя пярсцёнкі. Дыгары сам хацеў крычаць “мяняем”, але Полі не згадзілася.

5
{"b":"578343","o":1}