Литмир - Электронная Библиотека

– Як наконт прабрацца туды зараз? – запытаўся Дыгары.

– Давай, – пагадзілася Полі.

– Можам не ісці, калі не хочаш, – сказаў Дыгары.

– Я пайду, калі ты пойдзеш, – адказала яна.

– А як мы даведаемся, што мы менавіта ў тым доме?

Яны вырашылі, што вернуцца на гарышча і памераюць крокамі яго, а таксама адлегласць ад адной бэлькі да наступнай. Так яны даведаюцца, колькі бэлек над адным пакоем. Пасля трэба будзе дадаць яшчэ прыкладна чатыры крокі на адлегласць паміж двума гарышчамі і столькі ж на спальню абслугі. Такім чынам атрымаецца даўжыня аднаго дома. Калі прайсці такую адлегласць двойчы, яны будуць у канцы дома Дыгары. Пасля любыя дзверы прывядуць іх у пусты дом.

– Але я не думаю, што ён сапраўды пусты, – сказаў Дыгары.

– А што ты думаеш?

– Мяркую, там нехта таемна жыве і выходзіць толькі ўначы з ліхтаром. А раптам мы выкрыем банду злачынцаў і атрымаем узнагароду? Не можа быць, каб дом пуставаў усе гэтыя гады. У ім павінна быць нейкая таямніца.

– Тата казаў, што гэта, магчыма, з-за каналізацыі, – прамовіла Полі.

– Пфф! Дарослыя заўсёды знаходзяць нецікавыя тлумачэнні, – сказаў Дыгары.

Цяпер, калі яны размаўлялі пры дзённым святле, а не пры свечках у Кантрабандысцкай Пячоры, ім здавалася значна менш верагодным, што ў пустым доме жывуць прывіды.

Яны памералі крокамі гарышча, узялі аловак і склалі, што ў іх атрымалася. Напачатку ў іх выйшлі розныя адказы, і нават калі яны нарэшце вынайшлі агульны, я не ўпэўнены, што ён быў слушны. Але дзеці спяшаліся распачаць экспедыцыю.

– Трэба ісці ціха, – сказала Полі, пакуль яны ізноў прабіраліся за бак з вадой. Паколькі справа была сур’ёзнай, кожны з іх узяў свечку (у Полінай пячоры іх захоўвалася шмат).

У тунэлі было вельмі цёмна, пыльна, а таксама цягнула пройма. Яны пераступалі з бэлькі на бэльку моўчкі і толькі шапталі адно адному: “Мы прайшлі вашае гарышча”, або: “Тут павінна быць сярэдзіна нашага дома”. Ніхто з іх не спатыкнуўся, свечкі не згаслі, і нарэшце яны дабраліся да маленькіх дзвярэй справа ад іх. Вядома, дзверы былі без ручкі ці засаўкі на гэтым баку, бо яны былі зробленыя, каб выходзіць, а не заходзіць. Але меўся шпінгалет (як у гардэробах), і дзеці не сумняваліся, што патрапяць унутр.

– Адчыняць? – запытаўся Дыгары.

– Я пайду, калі ты пойдзеш, – паўтарыла Полі.

Абое адчувалі, што ўсё вельмі сур’ёзна, але ніхто з іх не павярнуў назад. Дыгары з намаганнем адсунуў шпінгалет. Дзверы расчыніліся, і дзеці заміргалі ад нечаканага святла, з вялікім здзіўленнем зразумеўшы, што яны не на закінутым гарышчы, а ў пакоі з мэбляй. Зрэшты, мэблі тут было няшмат. Панавала ціша. Зацікаўленая пабачаным, Полі задзьмула свечку і бязгучна, як мыш, зайшла ў дзіўны пакой.

Па форме ён быў, вядома, як гарышча, але абстаўлены як гасцёўня. Кожны сантыметр сцен быў заняты паліцамі, і кожны сантыметр паліц быў застаўлены кнігамі. У каміне гарэў агонь (вы памятаеце, што лета ў тым годзе было вельмі вільготнае і халоднае), перад камінам стаяў фатэль з высокай спінкай. Паміж фатэлем і Полі месціўся, займаючы амаль усю сярэдзіну пакоя, вялікі стол, завалены самымі рознымі рэчамі. Там былі кнігі, нататнікі, бутэлечкі з атрамантам, пёры для пісання, воск і мікраскоп. Але першае, што кінулася ў вочы, – ярка-чырвоны драўляны паднос, на якім ляжалі некалькі пярсцёнкаў. Яны былі парныя: адзін зялёны і адзін жоўты разам, пасля крыху месца, пасля яшчэ адзін жоўты і адзін зялёны. Памерам яны былі як і звычайныя пярсцёнкі. Іх нельга было не заўважыць: так зырка яны блішчалі. Гэта былі самыя цудоўна-бліскучыя дробныя рэчы, якія толькі можна ўявіць. Калі б Полі была крыху меншай, ёй захацелася б пакласці адзін з іх у рот.

У пакоі было настолькі ціха, што чулася, як цікае гадзіннік. Але суцэльнай цішыні не было. Аднекуль даносілася слабое – вельмі-вельмі слабое – гудзенне. Калі б у тыя дні ўжо вынайшлі пыласосы, Полі падумала б, што гэта далёкі гул пыласоса – некалькімі пакоямі далей і некалькімі паверхамі ніжэй. Але гук быў больш прыемны і больш музыкальны, адно што ледзь чутны.

– Усё ў парадку, тут нікога няма, – сказала Полі. Яна ўжо не шаптала. Дыгары, вельмі брудны, як, дарэчы, і Полі, міргаючы, зайшоў у пакой.

– Кепска, – адказаў ён. – Гэты дом зусім не пусты. Лепей нам сысці, пакуль ніхто не прыйшоў.

– Як ты думаеш, што гэта? – запыталася Полі, паказваючы на рознакаляровыя пярсцёнкі.

– Ды кінь ты, – сказаў Дыгары. – Чым хутчэй …

Ён так і не скончыў фразы, бо ў гэты момант нешта адбылося. Фатэль з высокай спінкай, які стаяў перад агнём, раптоўна павярнуўся, і з яго, як дэман у спектаклі, паднялася вусцішная постаць дзядзькі Эндру. Яны былі зусім не ў пустым доме, а ў тым самым кабінеце ў доме Дыгары, куды яму было забаронена заходзіць! Дзеці разам выгукнулі: “Во-о-ой!”, зразумеўшы сваю жахлівую памылку. Трэба было раней здагадацца, што яны прайшлі недастаткова!

Дзядзька Эндру быў высокі і вельмі худы. У яго быў доўгі добра паголены твар, востры нос, вельмі яскравыя вочы і зблытаная кучма сівых валасоў.

Дыгары заняло мову, бо цяпер дзядзька Эндру выглядаў у тысячы разоў больш небяспечным, чым калі-небудзь. Полі пакуль што не настолькі спужалася, але хутка ёй стала страшна. Таму што дзядзька Эндру перасёк пакой і замкнуў дзверы на ключ. Потым павярнуўся, паглядзеў на дзяцей сваімі яскравымі вачыма і ўсміхнуўся, паказваючы ўсе зубы.

– Вось так! – сказаў ён. – Цяпер мая бязглуздая сястра не зможа да вас дабрацца!

Звычайна дарослыя так сябе не паводзяць. Сэрца Полі скокнула ў горла, і яны з Дыгары пачалі адступаць да маленькіх дзвярэй, праз якія сюды трапілі. Але дзядзька Эндру быў хутчэйшы. Ён зайшоў ззаду, замкнуў тыя дзверы і стаў перад імі. Потым ён пацёр рукі і храбуснуў костачкамі. У яго былі вельмі доўгія прыгожыя белыя пальцы.

– Рады вас бачыць, – прамовіў ён. – Двое дзяцей – якраз тое, што мне трэба.

– Калі ласка, містар Кэтэрлі, – сказала Полі. – Ужо амаль час абедаць, і мне трэба ісці дадому. Адпусціце нас, калі ласка.

– Не зараз, – адказаў дзядзька Эндру. – Я не магу страціць такую цудоўную магчымасць. Мне якраз не хапала дваіх дзяцей. Разумееце, я праводжу вялікі эксперымент. Я спрабаваў на марскіх свінках, і ўсё спрацавала. Але марскія свінкі нічога не могуць распавесці. Ім не растлумачыш, як вярнуцца.

– Паслухайце, дзязька Эндру, – сказаў Дыгары. – Ужо сапраўды час абедаць, і нас пачнуць шукаць у любы момант. Вы мусіце адпусціць нас.

– Мушу? – запытаўся ён.

Дыгары і Полі паглядзелі адно на аднаго. Яны не наважыліся нічога сказаць, але погляды азначалі: “Гэта жахліва!” і: “Нам трэба яго неяк улагодзіць”.

– Калі вы зараз адпусціце нас на абед, – сказала Полі, – мы вернемся пасля.

– Так, але як вы дакажаце, што вернецеся? – запытаўся дзядзька Эндру з хітрай усмешкай. Ды раптам ён нібыта перадумаў.

– Добра, – пагадзіўся ён. – Калі вам сапраўды трэба ісці, то ідзіце. Не думаю, што двум маладым людзям будзе цікава размаўляць з такім старым дурнем, як я. – Ён уздыхнуў і працягнуў: – Вы нават не ўяўляеце, якім самотным я часам пачуваюся. Аднак неістотна… Ідзіце абедайце. Але я хачу падарыць вам нешта, перш чым вы пойдзеце. Не кожны дзень я бачу ў маім затхлым старым кабінеце маленькіх дзяўчат. Асабліва, калі мне дазволена так казаць, такіх прыгожых маленькіх лэдзі, як вы.

Полі пачала думаць, што, магчыма, не такі ўжо ён, урэшце, і вар’ят.

– Падарыць табе пярсцёнак, мая даражэнькая? – спытаў дзядзька Эндру.

– Вы маеце на ўвазе адзін з гэтых жоўтых і зялёных пярсцёнкаў? – усклікнула Полі. – Як цудоўна!

– Толькі не зялёны, – сказаў дзядзька Эндру. – Баюся, зялёны я падарыць не магу. Але я з задавальненнем і любоўю аддам табе любы жоўты пярсцёнак. Хадзі сюды і надзень адзін з іх.

Полі ўжо не баялася. Вядома, гэты стары чалавек ніякі не вар’ят. А ў гэтых яркіх пярсцёнках ёсць нешта вельмі прыцягальнае. Яна падышла да стала.

– Нішто сабе! Мне здаецца, – сказала яна, – што гудзенне тут грамчэйшае. Нібыта яно ідзе ад пярсцёнкаў.

2
{"b":"578343","o":1}