– Якая дзіўная думка, – адказаў дзядзька Эндру, усміхнуўшыся. Яго смяшок гучаў вельмі натуральна, але Дыгары ўбачыў прагны, амаль сквапны, выраз на яго твары.
– Полі! Стой! – крыкнуў ён. – Не чапай іх!
Але было занадта позна. Акурат у той час, калі ён крыкнуў гэта, Полі дакранулася да аднаго з пярсцёнкаў і імгненна, без выбліску ці шуму, знікла. Дыгары і яго дзядзька засталіся ў пакоі адны.
Раздзел 2. Дыгары і яго дзядзька
Гэта было настолькі нечакана і страшна, нават горш ад начнога кашмару, што Дыгары ўскрыкнуў. Рука дзядзькі Эндру імгненна закрыла яму рот.
– Ціха! – прашыпеў ён на вуха хлопчыку. – Калі ты пачнеш шумець, твая маці пачуе, а ты ведаеш, што з ёй можа здарыцца, калі яна спалохаецца.
Як Дыгары казаў пасля, яму ледзь не стала млосна ад такой жудаснай подласці. Але ён, вядома, больш не крычаў.
– Вось так, – сказаў дзядзька Эндру. – Зрэшты, я цябе разумею. Упершыню пабачыць, як нехта знікае, – гэта сапраўды шок. Нават я ўразіўся, калі марская свінка знікла ўчора вечарам.
– Дык гэта вы тады ўскрыкнулі? – запытаўся Дыгары.
– Ты пачуў? Спадзяюся, ты не шпіёніў за мной?
– Не, – гнеўна адказаў Дыгары. – Але што здарылася з Полі?
– Павіншуй мяне, мой дарагі хлопчык, – мовіў дзядзька Эндру, паціраючы рукі. – Мой эксперымент атрымаўся. Нашая маленькая дзяўчынка знікла з гэтага свету.
– Што вы з ёй зрабілі?
– Адправіў яе, так бы мовіць, у іншае месца.
– Што вы маеце на ўвазе?
Дзядзька Эндру сеў і сказаў: – Я распавяду табе. Ты чуў калі-небудзь пра старую місіс Лефэй?
– Яна была маёй стрыечнай бабуляй? – запытаўся Дыгары.
– Не зусім, – адказаў дзядзька Эндру. – Яна была мая хросная. Гэта яе партрэт там, на сцяне.
Дыгары паглядзеў і ўбачыў выцвілы фотаздымак старой жанчыны ў каптуры. І цяпер ён узгадаў, што аднойчы бачыў здымак гэтай жа самай жанчыны дома, у старасвецкай камодзе. Ён запытаўся ў маці, хто гэта, але маці не надта хацела пра яе гаварыць. Твар у жанчыны быў непрыемны, падумаў Дыгары. Але па старых фотаздымках ніколі нельга сказаць з упэўненасцю.
– А хіба… Мне здавалася, з ёй было нешта не так? – запытаўся Дыгары.
– Ну, – сказаў дзядзька Эндру, – гэта залежыць ад таго, што ты называеш “не так”. Людзі не ўмеюць мысліць шырока. Яна, вядома, стала вельмі дзіўнай у старасці. Рабіла вельмі неразумныя рэчы. Таму яе і замкнулі.
– У вар’ятні, вы маеце на ўвазе?
– О не-не, – адказаў дзядзька Эндру, – зусім не. Яе проста пасадзілі ў турму.
– Ого! – усклікнуў Дыгары. – Што яна зрабіла?
– Бедная жанчына, – уздыхнуў дзядзька Эндру. – Паводзіла сябе вельмі неабачліва. Шмат было рознага, не мае сэнсу корпацца ва ўсім. Яна заўсёды была вельмі добрай да мяне.
– Але паслухайце, якое дачыненне гэта мае да Полі? Я б вельмі хацеў, каб…
– Усё ў свой час, мой хлопчык, – сказаў дзядзька Эндру. – Старая місіс Лефэй выйшла з турмы перад смерцю, і я быў сярод тых нямногіх, каго яна прымала. Яна не любіла звычайных, прымітыўных людзей, разумееш. Я сам іх не люблю. Нас з ёй цікавілі адны і тыя ж рэчы. За некалькі дзён да смерці яна загадала мне падысці да старой камоды, адчыніць патаемную шуфлядку і дастаць куфэрачак, які там быў. Як толькі я ўзяў яго, у мяне закалола ў пальцах, і я зразумеў, што трымаю ў руках нейкую вялікую таямніцу. Яна аддала куфэрак мне і змусіла паабяцаць, што я не буду заглядаць унутр і спалю яго, як толькі яна памрэ. Я не стрымаў гэтае абяцанне.
– Ведаеце, вы зрабілі кепска, – зазначыў Дыгары.
– Кепска? – перапытаў дзядзька Эндру, збянтэжана глянуўшы на хлопца. – А, зразумеў. Ты маеш на ўвазе, што маленькія хлопчыкі мусяць выконваць абяцанні. Вельмі слушна, і я рады, што цябе гэтаму навучылі. Але ты павінен зразумець, што правілы такога кшталту, якімі б высакароднымі яны ні здаваліся маленькім хлопчыкам, ці слугам, ці жанчынам, ці нават людзям наогул, не могуць стасавацца да выбітных навукоўцаў, вялікіх мысляроў і мудрацоў. Не, Дыгары. Такія, як я, што валодаюць таемнымі ведамі, вольныя ад агульных правілаў і адрэзаныя ад агульных радасцяў. Нам прыгатаваны вышэйшы і самотны лёс, мой хлопчык.
Сказаўшы гэта, ён уздыхнуў, выглядаючы так урачыста, высакародна і загадкава, што на секунду Дыгары падумаў: дзядзька Эндру сапраўды сказаў нешта слушнае. Але потым хлопец узгадаў агідны выраз на дзядзькавым твары за імгненне да таго, як знікла Полі, і адразу зразумеў, што хавалася за пафаснымі словамі. “Гэта азначае, – сказаў Дыгары сам сабе, – што ён думае, нібыта яму дазволена рабіць усё, каб атрымаць, што ён хоча”.
– Вядома, – працягваў дзядзька Эндру, – я доўгі час не наважваўся адчыніць той куфэрачак, бо ведаў, што ў ім можа быць нешта вельмі небяспечнае. Мая хросная была асаблівай жанчынай. Рэч у тым, што яна была адной з апошніх смяротных у гэтай краіне, якія мелі ў сваім родзе фей. Яна казала, што ў яе час было яшчэ дзве такіх. Адна – герцагіня, а другая – прыбіральшчыца. Насамрэч, Дыгары, ты зараз размаўляеш з апошнім чалавекам, у каго хросная была фея. Вось так! Табе будзе што ўзгадаць, калі станеш стары.
“Яна была злая фея”, – падумаў Дыгары і прамовіў:
– Але што наконт Полі?
– Ды што ты прычапіўся да гэтай тэмы! – усклікнуў дзядзька Эндру. – Гэта ж неістотна! Спярша я, вядома, вывучыў сам куфэрак. Ён быў вельмі старажытны. Ужо тады я ведаў дастаткова, каб зразумець, што ён не з Грэцыі, не са старажытнага Егіпта, Вавілона, Хецкай дзяржавы ці Кітая. Ён быў куды старэйшы за ўсе гэтыя нацыі. О, гэта быў вялікі дзень, калі я спазнаў праўду. Куфэрак быў са зніклай выспы Атлантыда. Гэта азначала, што ён існаваў на стагоддзі раней за любыя рэчы з каменнага веку. І ён не быў падобны да гэтых грубых недасканалых вырабаў. Бо на пачатку часоў Атлантыда ўжо была вялікім горадам з палацамі, храмамі і адукаванымі людзьмі.
Ён спыніўся на імгненне, нібыта чакаючы, што пляменнік нешта скажа. Але дзядзька Эндру з кожнай хвілінай падабаўся Дыгары ўсё меней і меней, таму ён нічога не сказаў.
– Прайшоў час, – працягваў дзядзька Эндру, – і рознымі шляхамі (было б няправільна адкрываць іх дзіцяці) я даведаўся пра Магію агулам. Гэта значыць, што я меў даволі выразнае ўяўленне пра тое, што магло быць у куфэрку. Праводзячы розныя эксперыменты, я змог звузіць колькасць варыянтаў. Мне давялося пазнаёміцца з некаторымі, ну… некаторымі надзвычай дзіўнымі людзьмі і прайсці праз некаторыя страшэнна непрыемныя рэчы. Ад гэтага ў мяне пасівелі валасы. Бо нельга проста так узяць і стаць чараўніком. У выніку маё здароўе было падарванае. Але я ачуняў. І вось урэшце я пра ўсё даведаўся.
І хаця ніхто не мог іх пачуць, ён нахіліўся і амаль прашаптаў:
– У скарбонцы з Атлантыды было штосьці з іншага свету, прынесенае тады, калі наш свет толькі пачынаўся.
– Што? – запытаўся Дыгары, які нечакана для сябе моцна зацікавіўся.
– Толькі пыл, – адказаў дзядзька Эндру. – Дробны сухі пыл. Нічога асаблівага. Але калі я паглядзеў на яго (я прыклаў усе намаганні, каб да яго не дакранацца) і падумаў, што кожная пылінка была ў іншым свеце, – я не маю на ўвазе іншую планету, ведаеш, бо яны – частка нашага свету і да іх можна дабрацца, калі паляцець дастаткова далёка, – у сапраўдным Іншым Свеце, іншай Прыродзе, недзе, куды б ты не здолеў дабрацца, нават калі б ляцеў скрозь космас вечна; у свеце, куды можна трапіць толькі з дапамогай чараўніцтва, – вось!
Тут дзядзька Эндру пацёр рукі так, што костачкі затрашчалі, як феерверк.
– Я ведаў, – працягнуў ён, – што гэты пыл перанясе цябе туды, адкуль ён быў узяты, калі надаць яму належную форму. Але належную форму было цяжка знайсці. Усе мае ранейшыя эксперыменты ляснулі. Я спрабаваў на марскіх свінках. Некаторыя з іх проста памерлі. Некаторыя выбухалі, як маленькія бомбачкі…
– Гэта вельмі жорстка, – сказаў Дыгары, у якога некалі была марская свінка.
– Не перапыняй! – абурыўся дзядзька Эндру. – Жывёлы існуюць для гэтага. Я сам іх набываў. Так, пра што я казаў? А, вось. Нарэшце ў мяне атрымалася зрабіць жоўтыя пярсцёнкі. Але з’явілася новая праблема. Цяпер я быў упэўнены, што жоўты пярсцёнак адашле любое стварэнне, якое да яго дакранецца, у Іншае Месца. Аднак якая з гэтага карысць, калі адтуль ніхто не вернецца, каб распавесці мне, што там?