Литмир - Электронная Библиотека

– А як жа тыя, што апынаюцца ў Іншым Месцы? – сказаў Дыгары. – У добрую ж сітуацыю яны трапляюць, калі не могуць вярнуцца!

– Ты ўсё яшчэ глядзіш на рэчы з няправільнага боку, – прамовіў дзядзька Эндру нецярпліва. – Ці ты не разумееш, што гэта выбітны эксперымент? Я хачу даведацца, якое яно, Іншае Месца. Таму неабходна кагосьці туды паслаць.

– У такім выпадку чаму вы самі не адправіцеся туды?

Дыгары ніколі не бачыў, каб некага так здзівіла і абразіла такое простае пытанне.

– Я? Я сам?! – усклікнуў дзядзька Эндру. – Ты, напэўна, звар’яцеў! Чалавеку майго ўзросту і стану здароўя зведаць шок ды небяспеку раптоўнага перанясення ў адрозны ад нашага свет? Ніколі ў жыцці не чуў такой бязглуздзіцы! Ты разумееш, што кажаш? Падумай, што азначае Іншы Свет: ты можаш сустрэць там усё, што заўгодна. Што заўгодна!

– І толькі што вы адправілі туды Полі, – вымавіў Дыгары. Яго шчокі палалі ад гневу. – Нават нягледзячы на тое, што вы мой дзядзька, – дадаў ён, – я магу сказаць толькі адно: адправіць дзяўчыну замест сябе можа толькі баязлівец.

– А ну змоўкніце, малады чалавек! – сказаў дзядзька Эндру, апусціўшы рукі на стол. – Я не збіраюся трываць такога абыходжання ад маленькага мурзатага школьніка. Ты не разумееш! Я – выбітны навуковец, чараўнік, майстар, які праводзіць дослед! Вядома ж, мне патрэбныя суб’екты, на якіх яго праводзіць. Гляньце на яго! Ты яшчэ скажы, што мне трэба было запытацца дазволу ў марскіх свінак, перш чым іх выкарыстоўваць! Нельга дасягнуць вялікай мудрасці без ахвяраў. Але ідэя пайсці самому – гэта бязглуздзіца. Гэта як прасіць генерала біцца замест звычайнага жаўнера. А калі мяне заб’юць, што стане са справай усяго майго жыцця?

– Ды хопіць ужо, – сказаў Дыгары. – Вы збіраецеся вярнуць Полі?

– Я збіраўся сказаць табе, але ў той момант ты груба мяне перапыніў, – адказаў дзядзька Эндру. – Нарэшце я знайшоў спосаб вярнуцца. Зялёныя пярсцёнкі вяртаюць назад.

– Але ў Полі няма зялёнага пярсцёнка.

– Няма, – прамовіў дзядзька Эндру з бязлітаснай усмешкай.

– Тады яна не зможа вярнуцца! – крыкнуў Дыгары. – Гэта ўсё адно, што вы забілі б яе!

– Яна можа вярнуцца, – адказаў дзядзька Эндру, – калі нехта іншы, надзеўшы жоўты пярсцёнак, пойдзе за ёю і возьме два зялёныя: адзін, каб вярнуцца самому, і адзін, каб вярнуць яе.

Цяпер Дыгары, вядома, зразумеў пастку, у якую яго злавілі. І ён вырачыўся на дзядзьку Эндру, нічога не кажучы і шырока адкрыўшы рот. Яго шчокі збялелі.

– Спадзяюся, – сказаў дзядзька Эндру вельмі важным і ўладарным голасам, нібыта ён быў узорным дзядзькам, які толькі што даў некаму каштоўную падказку і добрую параду, – спадзяюся, Дыгары, што ты не баязлівец. Мне будзе вельмі непрыемна думаць, што нехта з нашай сям’і не мае дастаткова годнасці і высакароднасці, каб прыйсці на дапамогу – э-гм – даме ў небяспецы.

– Хопіць ужо! – адказаў Дыгары. – Калі б вы мелі хоць які-колечы гонар, вы пайшлі б самі. Але я ведаю, што вы гэтага не зробіце. Добра. Відаць, мне давядзецца пайсці. Вы сапраўдны мярзотнік. Вы ўсё гэта спланавалі, каб яна, не ведаючы, пайшла, і каб пасля я быў вымушаны адправіцца за ёю.

– Вядома, – сказаў дзядзька Эндру з гнюснай усмешкай.

– Выдатна. Я пайду. Але ёсць адна рэч, якую я скажу спярша. Да сённяшняга дня я не верыў у чарадзейства. Цяпер бачу, што яно ёсць. Калі так, значыць, усе старыя казкі больш-менш праўдзівыя, і якраз вы – той зламысны, бязлітасны чараўнік, як у казках. І ведаеце, я ніколі не чытаў гісторыі, у якой такія людзі ў канцы не атрымалі б па заслугах. Магу паспрачацца, што вы таксама атрымаеце. І так вам і трэба.

З усяго, што выказаў Дыгары, гэта сапраўды закранула дзядзьку Эндру. Ён здрыгануўся, і на яго твары з’явіўся такі жах, што, хаця ён і быў страшэннай пачварай, яго амаль што хацелася пашкадаваць. Але праз імгненне ён узяў сябе ў рукі і з даволі-такі змушаным смяшком мовіў:

– Так, так, мяркую, такая думка натуральная для дзіцяці, якога гадавалі жанчыны. Жаночая балбатня, га? Дыгары, не думаю, што табе трэба хвалявацца аб пакаранні, якое пагражае мне. Ці не лепей падумаць пра небяспеку, у якой знаходзіцца твая сяброўка? Яна знікла ўжо даволі даўно. Калі Там ёсць нейкая пагроза, ведаеш, будзе крыўдна спазніцца на імгненне.

– Нібыта вас гэта моцна турбуе, – агрызнуўся Дыгары. – Але мне ўжо да смерці надакучылі гэтыя размовы. Што трэба рабіць?

– Табе сапраўды варта навучыцца кантраляваць свой тэмперамент, хлопчык мой, – халодна сказаў дзядзька Эндру. – Інакш вырасцеш такім жа, як твая цётка Лэці. Так. Хадзі сюды.

Ён падняўся, надзеў пальчаткі і падышоў да падноса, на якім ляжалі пярсцёнкі.

– Яны працуюць толькі тады, – патлумачыў ён, – калі датыкаюцца непасрэдна тваёй скуры. У пальчатках я магу браць іх – вось так, – і нічога не адбываецца. Калі такі пярсцёнак ляжыць у цябе ў кішэні, нічога не здарыцца. Але, вядома ж, тады трэба быць асцярожным, каб не апусціць руку ў кішэню і выпадкова не дакрануцца да яго. Ты знікнеш з гэтага свету ў той момант, калі дакранешся да жоўтага пярсцёнка. Калі ты будзеш у Іншым Свеце, я мяркую… вядома, гэта яшчэ не даказана, але я мяркую, як толькі ты дакранешся да зялёнага пярсцёнка, ты знікнеш з Таго Свету і зноў з’явішся ў гэтым. Цяпер я бяру два зялёныя пярсцёнкі і кладу іх у тваю правую кішэню. Добра запомні, у якую. Адзін для цябе і адзін для дзяўчынкі. А зараз вазьмі адзін жоўты пярсцёнак сабе. На тваім месцы я надзеў бы яго на палец. Каб не згубіць.

Дыгары ўжо амаль узяў жоўты пярсцёнак, але раптам узгадаў адну рэч.

– Паслухайце, – сказаў ён. – А як жа мама? Раптам яна запытаецца, дзе я?

– Чым хутчэй ты выправішся, тым хутчэй вернешся, – бадзёра адказаў дзядзька Эндру.

– Але вы не можаце дакладна сказаць, ці змагу я вярнуцца.

Дзядзька Эндру перасмыкнуў плячыма, перасёк пакой, расчыніў дзверы і сказаў:

– Як сабе хочаш. Можаш спускацца ўніз на абед. Пакінь дзяўчынку на з’ядзенне дзікім звярам. Ці хай яна патоне, ці памрэ з голаду, ці згубіцца, калі ты так вырашыў. Мне ўсё адно. Магчыма, перад гарбатай ты можаш забегчы да місіс Пламэр і патлумачыць, што яна ніколі больш не пабачыць сваёй дачкі, бо ты збаяўся надзець пярсцёнак.

– Каб вы толькі ведалі, – сказаў Дыгары, – як бы я хацеў быць дарослым, каб даць вам у нос!

Потым зашпіліўся, глыбока ўздыхнуў і ўзяў пярсцёнак. І падумаў (як заўсёды думаў і пазней), што іншага годнага выйсця не было.

Раздзел 3. Лес Паміж Сусветамі

Дзядзька Эндру і кабінет адразу ж зніклі. Потым на імгненне ўсё змяшалася. Пасля Дыгары ўсвядоміў мяккае зялёнае святло, якое тачылася зверху, і цемру ўнізе. Выглядала на тое, што ён ні на чым не стаяў, не сядзеў і не ляжаў. Ён ні да чаго не дакранаўся.

“Думаю, я ў вадзе, – сказаў сам сабе Дыгары. – Ці пад вадой”. На секунду гэтая думка спалохала яго, але амаль адразу ён адчуў, што хутка падымаецца наверх. Затым раптоўна вынырнуў і пачаў караскацца на роўны ўтравелы бераг.

Падняўшыся на ногі, ён заўважыў, што з яго не капае вада і ён не аддыхваецца, чаго варта было чакаць. Адзенне было сухое. Ён стаяў у лесе, на краі невялічкага азярка, не больш чым тры метры ад аднаго берага да іншага. Дрэвы раслі блізка адно да аднаго, і на іх было так шмат лістоты, што неба не праглядалася. Святло было зялёнае, бо праходзіла праз лісце, і сонца мусіла быць вельмі моцным, бо святло было яскравае і цёплае. Гэта быў самы ціхі лес, які толькі можна сабе ўявіць. У ім не было ані птушак, ані кузурак, ані жывёлаў, ані ветру. Здавалася, можна было пачуць, як растуць дрэвы. Азярко, з якога ён толькі што вынырнуў, было не адзінае. Навокал такіх былі дзясяткі: праз кожныя некалькі метраў – наколькі хапала зроку. Можна было амаль адчуць, як дрэвы п’юць ваду каранямі. Гэты лес быў жывы. Калі Дыгары спрабаваў апісаць тое месца пасля, ён заўсёды казаў: “Яно было насычанае, як слівавы пірог”.

Але самае дзіўнае было тое, што, нават як след не агледзеўшыся, хлопчык забыўся, чаму сюды трапіў. Прынамсі, ён дакладна не думаў ні пра Полі, ні пра дзядзьку Эндру, ні нават пра маму. Ён не адчуваў ні страху, ні хвалявання, ані цікавасці. Калі б у яго запыталіся: “Адкуль ты?” – ён напэўна сказаў бы: “Я заўсёды тут быў”. У гэтым месцы ты адчуваў бы сябе так, нібыта заўжды знаходзіўся тут і табе ніколі не было сумна, хаця тут ніколі нічога не адбывалася. Як казаў Дыгары значна пазней: “Гэта не тое месца, дзе нешта адбываецца. Дрэвы растуць, вось і ўсё”.

4
{"b":"578343","o":1}