Литмир - Электронная Библиотека

К. С. Льюіс

Пляменнік чараўніка

Сям’і Кiлмер прысвячаецца

© Кім Н.В., пераклад на беларускую мову, 2016

© Сустаў Р.М., вокладка, 2016

© ПВУП «Пазiтыў-цэнтр», 2016

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017

Пра галоўнага героя гэтай кнігі

«… Спадзяюся, прачытаўшы гэта, ты ўбачыш, што ў кнізе схаваны больш глыбокі сэнс. Уся гісторыя Нарніі – пра Хрыста. Я запытаў сябе: «Калі б сапраўды існаваў свет, падобны да Нарніі, і калі б справы ў ім (як у нашым свеце) пайшлі кепска, і калі б Хрыстос пажадаў прыйсці ў гэты свет і выратаваць яго (як Ён зрабіў у нашым), што б здарылася?» Гэтыя гісторыі – мой адказ. Нарнія – свет Гаваркіх Істотаў, і таму я падумаў, што там Ён стаў бы для іх Гаваркой Істотай, як Ён зрабіўся чалавекам тут. Я адлюстраваў Яго як ільва таму, што:

А) Леў лічыцца царом звяроў.

Б) У Бібліі Хрыста называюць “Ільвом Юды”.

В) Мне сніліся дзіўныя сны пра львоў, калі я пачаў пісаць кнігу.

Кожная з кніг раскрывае сваю частку:

“Пляменнік чараўніка” распавядае пра стварэнне свету і пра тое, як зло прыйшло ў Нарнію;

“Леў, Вядзьмарка і гардэроб” – пра ўкрыжаванне і ўваскрасенне;

“Прынц Каспіян” – пра ўзнаўленне сапраўднай веры пасля адступніцтва;

“Конь і яго хлопчык” – пра пакліканне і навяртанне паганца;

“Падарожжа «Заваёўніка світанку»” – духоўнае жыццё (асабліва ў Рыпічыпа);

“Срэбнае крэсла” – працяглая вайна з сіламі цемры;

“Апошняя бітва” – прыход Антыхрыста (Малпы), канец свету і Апошні Суд».

Клайв Стэйплз Льюіс у лісце да Ан, 5 сакавіка 1961 года.

Раздзел 1. Не тыя дзверы

Гэтая гісторыя пра тое, што адбылося даўным-даўно, калі ваш дзядуля быў яшчэ немаўляткам. Гісторыя вельмі важная, бо тлумачыць, як пачаліся вандроўкі з нашага свету ў Нарнію і назад.

У тыя часы містар Шэрлак Холмс яшчэ жыў на Бэйкер Стрыт і Бэстаблы[1]яшчэ шукалі скарб на Люішэм Роўд. У тыя часы хлопчыкі штодня мусілі насіць цвёрдыя каўняры, і школы былі горшыя, чым цяпер. Але вось ежа была лепшая, а што да цукерак, то не буду апісваць вам, якія смачныя і танныя яны былі, бо ад гэтага ў вас пацякуць слінкі. І ў тыя часы ў Лондане жыла дзяўчынка, якую звалі Полі Пламэр.

Яна жыла ў адным з дамоў, што стаялі цесным шэрагам, сцяна да сцяны. Аднойчы раніцай яна выйшла ў сад за домам і ўбачыла, як нейкі хлопец залез на плот з боку суседскага саду. Полі вельмі здзівілася, бо раней у тым доме ніколі не было дзяцей. Там жылі старыя халасцякі: містар Кэтэрлі і міс Кэтэрлі, брат і сястра. Таму яна зацікаўлена паглядзела на хлопца. Яго твар быў вельмі брудны, нібыта ён спачатку выпацкаў рукі ў зямлі, моцна паплакаў і пасля выцер твар рукамі. Сказаць папраўдзе, амаль гэтак і было.

– Вітаю, – прамовіла Полі.

– Вітаю, – азваўся хлопчык. – Як цябе клічуць?

– Полі, – сказала Полі. – А цябе?

– Дыгары, – адказаў хлопчык.

– Ого, якое смешнае імя, – хіхікнула Полі.

– А Полі – яшчэ больш смешнае, – заўважыў Дыгары.

– Няпраўда, – запярэчыла Полі.

– Праўда, – адказаў Дыгары.

– Прынамсі, я ўмываюся, – сказала Полі. – Табе варта было зрабіць тое самае, асабліва пасля… – тут яна змоўкла. Яна збіралася мовіць: “Пасля таго, як ты плакаў,” але падумала, што гэта будзе няветліва.

– Так, я плакаў! – сказаў Дыгары гучным голасам. Яму было ўсё адно, што пра яго падумаюць, бо ён быў моцна засмучаны. – Ты б таксама плакала, – працягнуў ён, – калі б усё жыццё пражыла за горадам, мела поні, у вас у садзе цякла рака, а пасля цябе прывезлі б жыць у гэтую жудасную дзірку.

– Лондан – зусім не дзірка! – абурылася Полі.

Але хлопчык быў настолькі ўзрушаны, што не звярнуў на яе ніякае ўвагі і працягнуў:

– … і калі б твой бацька быў далёка ў Індыі, і табе трэба было пераехаць да цёткі і дзядзькі, сапраўднага вар’ята (а каму такое спадабаецца?), і калі б гэта было праз тое, што яны даглядаюць тваю маму, якая вельмі хворая і… і… памірае. – Тут яго твар скрывіўся, як у чалавека, які спрабуе стрымаць слёзы.

– Я не ведала, прабач… – сказала Полі. І потым, каб перавесці размову на штосьці больш вясёлае, запыталася:

– Містар Кэтэрлі насамрэч вар’ят?

– Ну, ён ці з глузду з’ехаў, – адказаў Дыгары, – ці яшчэ што. Цётка Лэці забараняе мне заходзіць у яго кабінет на гарышчы. Ужо адно гэта падазрона. І вось яшчэ што: кожны раз, калі ён звяртаецца да мяне падчас абеду, – а з ёй ён ніколі нават не спрабуе паразмаўляць, – цётка загадвае яму змоўкнуць. Яна кажа: “Не турбуй хлопчыка, Эндру”, або: “Я ўпэўненая, што Дыгары не хоча слухаць пра гэта”, ці: “Дыгары, ці не пагуляць табе ў садзе?”

– А што ён спрабуе сказаць?

– Я не ведаю. Ён ніколі не паспявае сказаць шмат. Але гэта яшчэ не ўсё. Учора ўвечары, калі я ішоў спаць, то праходзіў міма лесвіцы на гарышча. І мне здалося, што я пачуў ускрык.

– Магчыма, ён замкнуў там звар’яцелую жонку.

– Так, я пра гэта ўжо думаў.

– Або друкуе фальшывыя грошы.

– Ці, можа, ён былы пірат, як той чалавек у пачатку “Выспы Скарбаў”, і ўвесь час хаваецца ад сваіх былых сяброў-піратаў.

– Як цікава! – сказала Полі. – Ніколі не думала, што твой дом такі незвычайны.

– Табе, можа, ён і здаецца цікавым, – адказаў Дыгары. – Але ты б так не думала, калі б табе давялося там спаць. Як бы табе спадабалася ляжаць без сну і прыслухоўвацца да крокаў дзядзькі Эндру, які крадзецца да дзвярэй твайго пакоя? І ў яго такія жудасныя вочы.

* * *

Так Полі і Дыгары пазнаёміліся. Быў пачатак летніх вакацыяў, ніхто з іх не паехаў на мора, і яны бачыліся ледзь не кожны дзень.

Іх прыгоды пачаліся перш за ўсё таму, што тое лета было адным з самых дажджлівых і халодных за апошнія гады. Таму дзеці даследавалі будынак. Проста дзіва, як шмат можна дазнацца з дапамогай свечкі ў вялікім доме ці ў двух суседніх дамах. Полі ўжо даўно разведала: калі адчыніць невялічкія дзверы ў каморы на гарышчы яе дома, пабачыш бак для вады і цёмны прагал за ім, у які можна асцярожна залезці. Гэты цёмны прагал нагадваў тунэль з цагляным мурам з аднаго боку і схілам даху з іншага. У даху былі невялічкія шчыліны паміж лістамі шыферу, праз якія прабівалася святло. Падлогі ў тунэля не было, даводзілася пераступаць з бэлькі на бэльку, а паміж імі быў толькі гіпс. І калі наступіш на яго, то правалішся наўпрост у пакой. Прастора за бакам была кантрабандысцкай пячорай Полі. Яна прынесла туды рэшткі скрыняў, сядзенні ад старых крэслаў, іншыя рэчы такога ж кшталту і зрабіла паміж бэлькамі нейкае падабенства падлогі. Тут яна трымала скрынку з рознымі скарбамі, аповед, які яна пісала, і, само сабою, пару яблыкаў. Полі часта піла тут імбірны ліманад: старыя бутэлькі рабілі гэтае месца яшчэ больш падобным да пячоры кантрабандыстаў.

Дыгары спадабалася пячора (свой аповед Полі яму не паказала), але больш яго зацікавіў тунэль.

– Як ты думаеш, – запытаўся ён, – ці доўгі гэты тунэль? У сэнсе – ці ён сканчаецца там, дзе й твой дом?

– Не, – адказала Полі. – Ён цягнецца далей, не ведаю на колькі.

– Тады мы можам прабрацца ўздоўж усяго шэрагу дамоў.

– Так, – сказала Полі. – І… ого, неверагодна!

– Што?

– Мы можам трапіць у іншыя дамы.

– І нас схопяць як злодзеяў! Ну не, дзякуй.

– Разумнік. Я думала пра наступны дом пасля твайго.

– А што ў ім такога?

– Ён пусты. Тата кажа, што, колькі мы тут жывём, ён заўсёды быў пусты.

– Слухай, давай паглядзім, што там, – сказаў Дыгары. Ён быў значна больш узрушаны, чым можна было б меркаваць па яго голасе. Вядома ж, ён (як і вы на яго месцы) думаў пра розныя прычыны, чаму гэты дом так доўга стаяў пусты. Полі таксама разважала пра гэта. Ніхто з іх не вымавіў словаў “дом з прывідамі”, і абодва адчувалі: калі ўжо ўзнікла ідэя паглядзець, што ў гэтым доме, было б ганьбай адступіць.

вернуться

1

Бэстаблы – сям’я з прыгодніцкіх кніг ангельскай аўтаркі Эдзіт Нэсбіт.

1
{"b":"578343","o":1}