Литмир - Электронная Библиотека

– Тут трэба асцярожна, – сказала Полі, паказваючы на месца, дзе мур нахіліўся і выглядаў так, нібы вось-вось абрынецца ў двор. У адным месцы паміж дзвюма аркамі не хапала слупа, і тая частка, дзе аркі судакраналіся, ледзь трымалася без апірышча. Было зразумела, што гэтае месца пакінулі сотні, а можа і тысячы год таму.

– Калі яно прастаяла дагэтуль, мяркую, пастаіць яшчэ крыху, – зазначыў Дыгары. – Але мы мусім паводзіць сябе вельмі ціха. Часам шум можа нешта абрынуць – ведаеш, як лавіну ў Альпах.

* * *

Яны падняліся па высокіх прыступках і прайшлі праз анфіладу велізарных пакояў, такіх велізарных, што ад іх аграмаднасці круцілася галава. Час ад часу дзецям здавалася, што зараз яны выйдуць на адкрытую пляцоўку і пабачаць, што ж за краіна ляжыць навокал гіганцкага палаца. Але кожны раз яны траплялі толькі ў чарговы ўнутраны двор. Пэўна, калі людзі яшчэ жылі тут, гэтыя двары былі велічнымі і пышнымі. У адным з іх калісьці быў фантан. Агромністая каменная пачвара стаяла з распасцёртымі крыламі і разяўленай пашчай. У яе горле ўсё яшчэ тырчэў кавалак трубы, праз якую некалі лілася вада. Цяпер басейн быў сухі, як костка. У іншых месцах можна было заўважыць сцябліны нейкай паўзучай расліны, якая абвілася вакол слупоў і даўно ўжо засохла. Тут не было ні мурашоў, ні павукоў, ані якіх іншых жывых істотаў, якія звычайна жывуць у руінах. У шчылінах паміж камянямі не было моху ці травы: толькі сухая зямля.

Усё навокал было такім панурым і аднолькавым, што Дыгары падумваў, ці не лепей ім надзець жоўтыя пярсцёнкі і вярнуцца ў цёплы, зялёны, жывы Лес Паміж Сусветамі. Але тут яны падышлі да велічных дзвюхстворкавых дзвярэй, зробленых з нейкага металу, магчыма, золата. Адна створка была прыадчыненая. Дзеці зайшлі ўнутр і застылі ад здзіўлення.

На секунду ім здалося, што пакой поўны людзей – соцень людзей, – якія сядзелі і зусім не рухаліся. Полі і Дыгары, як вы маглі здагадацца, таксама стаялі нерухома. Але праз нейкі час яны вырашылі, што тыя, на каго яны глядзяць, не могуць быць сапраўднымі людзьмі. Ніхто не варухнуўся, і не чулася дыхання. Гэта былі найбольш дасканалыя васкавыя фігуры, якія камусьці толькі даводзілася бачыць.

Гэтым разам Полі рушыла першай. У пакоі было штосьці, што зацікавіла яе: усе постаці былі апранутыя ў неверагодна прыгожае адзенне. Яскравасць фарбаў гэтага адзення рабіла пакой не тое каб радасным, але, прынамсі, багатым і пышным пасля пылу і пустэчы іншых пакояў. Таксама ў ім было больш вокнаў, а таму нашмат святлей.

Апісаць адзенне даволі складана. Усе фігуры былі апранутыя ў мантыі, і ў кожнай на галаве была карона. Барвовыя, срэбна-шэрыя, насычана-пурпуровыя і яскрава-зялёныя мантыі былі расшытыя ўзорамі, выявамі кветак і дзівосных звяроў. Каштоўныя камяні неверагодных памераў і зыркасці ззялі на каронах, звісалі на ланцужках з шыяў, выблісквалі адусюль, дзе былі зашпількі.

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «ЛитРес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.

Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.

7
{"b":"578343","o":1}