Литмир - Электронная Библиотека

– Чайка, хлопцы!

– Cам Чайка, камандзір! – паляцела з хваста ў галаву. «Вужака» зламалася, пярэднія, не разумеючы, што там такое, марудзілі, азіраліся, заднія наступалі ім на ногі… Чайка неахвотна, адно дзеля таго, каб не парушаць гэтага ходу, прышпорыў бедную кабылу і трушком паскакаў уперад; Даніла за ім.

– Гураа! – крычалі ім радасна.

– Слава Чайку!

– Баян, хлопцы! Баян хутчэй!

І праўда – зараз жа наперадзе пачуліся гукі разладжанага інструмента. Не паспеў баяніст яшчэ як след прабегчыся пальцамі па «галасах», як грымнула, заглушыўшы і баян, і брахню сабак за платамі, песня – без запявалы, тысячным “харалам”:

Адвеку мы спалі і нас разбудзілі,
наўчылі, што трэба рабіць!
што трэба свабоды,
зямлі чалавеку,
што трэба зладзеяў пабіць!

Гэтае «пабіць!!!» так гаркнулі, што пад Чайкам, які вымушаны быў спыніцца і ўзяць пад казырок, шарахнулася кабыла, а самаму заклала вушы. І ў каторы раз, а цяпер асабліва, раздражненне «марсэльезай» дрыжыкамі прабегла па спіне; так прыкра стала ад гэтага наіўнарабскага прызнання, што доўга спалі (канечне, само сабой мянялася «п» на «р»)… Было штосьці, шкадобы вартае, і ў разладжаным баяне, і ў словах «гімна», і, канечне, у самім выглядзе людзей, на большменш арганізаваны натоўп бежанцаў падобных ці на касінераў Каліноўскага, толькі што без вілаў і косаў, а не на полк, як урачыста называе Жаўрыд, чакаючы іх з дня на дзень бы паратунку. У кажухах, у світках, многія ў лапцях, з паржавелымі карабінамі, з паляўнічымі стрэльбамі на вяроўчынах заместа рамянёў (скураны рэмень і дома ў гаспадарцы згадзіцца)… А вось жа пазналі яго, крычаць «слава!»і, самае дзіўнае, што і за гэта – за тое, што славяць яго, Чайку было прыкра…

«Марсэльезу» адспявалі; на словах «ніхай нас сустрэнуць палямі, лясамі грамады працоўных людзёў!» кампалка з ардынарцам абагналі калону і паскакалі да штаба.

Плошча, як і ўсе гэтыя бесталковыя дні і ночы, была перапоўнена народам. Цяпер чакалі грозаўцаў, бачылі ўжо калону, чулі «марсэльезу», многія падпявалі – не ў лад, некаторыя яшчэ і цяпер, калі Чайка спешваўся ля штабнога ганка, запознена цягнулі «ніхаай нас сустрэээнуць…» Іншыя гарлапанілі радасна, заразіўшыся тым самым, што і грозаўцы, узбуджэннем:

– Чайка, хлопцы! – нібы таксама першы раз кампалка ўбачылі.

– Гурааа! – і падкідвалі ўгору шапкі і фуражкі; назад лавілі не ўсе – галаўныя ўборы шлэпаліся ў брудную кашу пад ногі.

Даніла, ведучы ў повадзе кабылу, паехаў «да кватэры». Чайка забег у штаб.

У калідоры сутыкнуўся з Мірановічам, які выходзіў паглядзець на грозаўцаў.

– Жыве Беларусь! – паціскаючы Чайку руку, насмешліва павітаўся начальнік «контрвыведу». Гэта быў малады, статны, зеленавокапрыгожы, дагледжаны шляхцюк, да якога адзінокі Чайка прывязаўся больш чым да каго ў брыгадзе. Іх лічылі сябрамі. Вечна на лёгкім падпітку, разумны і з’едлівы, галоўны контрразведчык ні разу за жыццё, Чайку здавалася, не сказаў сур’ёзнага слова, і гэта таксама як бы радніла іх, стварала паміж імі тую сувязь, што бывае паміж акторамі, вымушанымі іграць у адным спектаклі.

Акрамя Чайкі, наўрад ці хто больш Мірановіча любіў, хоць і баяліся, гэта так. Была ў яго адна забаўка: выводзіць у лясок за Семежава палонных чырвонаармейцаў і «адпускаць» (потым знаходзілі непрыхаваныя трупы «адпушчаных»); «і гэты ўцёк, – і як яны так спрытна ўцякаць налаўчыліся?» – са смехам расказваў потым, Чайка сам чуў. Паміж сабой ніколі яны такой тэмы не закраналі, і нявінназеленавокі забойца, канечне, адзначаў у Чайку яшчэ і гэта – уменне не пераступаць мяжы.

– Дык жыве Беларусь? – пасміхнуўшыся, спытаў Мірановіч, які выдатна ведаў любоў кампалка да падобных атрыбутаў і рэдка не скарыстоўваў магчымасці лішні раз падкалоць.

– Жыве, жыве, – адказаў кісла Чайка. – Там недзе гэты… як яго, Мірончык. Сарваўся я з ім трохі… Далажыў ён?

– Далажыў. Сядзіць у каталажцы. Што гэта ты на яго палкана спусціў? Ён во хлопец. Мы з ім пры Балаховічы ў Тураве жыдоў патрашылі…

– Дык што – можа, выпусці яго?

– А сам не хочаш?

Чайка крутнуў галавою – не хачу. Павярнуўся ісці, Мірановіч прытрымаў яго.

– Можа, гарбаткі? Ці па сто? – паляпаў па біклажцы на рамяні.

– Мне цяпер хоць па дзвесце…

Зайшлі ў той самы клас, дзе з раніцы Жаўрыд са штабам прымаў веставых. Два афіцэры, стоячы каля акна, глядзелі на плошчу і спрачаліся аб нечым, штосьці адзін аднаму даказвалі… Убачыўшы старшых камандзіраў, разам змоўклі, казырнулі і паспешліва выйшлі, ціха прычыніўшы за сабою дзверы.

– Дзе два беларусы, там абавязкова тры партыі, – сказаў Мірановіч. Адчапіў ад рамяня біклагу. – Табе ў накрыўку?

– Мне так.

Адпіў пару добрых глыткоў (каньяк, дзе яны яго дастаюць толькі?).

– Не многа? – спытаў, вяртаючы біклажку.

– Ды пі, шчасце такое…

Чайка зняў мокрую фуражку, абтрос, кінуў на стол. Стомлена прысеў на нізкую парту, падкурчыўшы ногі. Ад каньяку, ды яшчэ калі закурыў, паплыло ў галаве… І Мірановіч, таксама прылажыўшыся да рыльца, таксама запыхкаў папяросаю. Стоячы спінаю да Чайкі, пазіраў у акно на, як ён выказаўся, «братанне».

– Мірановіч, – ціха сказаў Чайка, калупаючы падцёк фарбы на вечку парты, – Мірановіч, ты ведаеш, з чатырох дазораў не было ніводнага людскага, адзін усяго, там хлапчук стаіць… Вось. Я к таму гэта, – казаў ён без усялякай сувязі, – што мы ўляпаліся ў нейкае глупства… Табе не здаецца?

– Хіба? А Жаўрыда паслухаць, дык наадварот – становішча ў нас з усіх бакоў пераможнае, эўрапейскі розгалас…

– Чырвоная ануча для быка! Вось што такое для бальшавікоў гэты розгалас. Вельмі хутка яны пачнуць разбірацца, што ў іх тут робіцца пад бокам, і хопіць палка пяхоты і пары гармат, каб змяшаць нас у гэтым Семежаве з зямлёю… Табе не здаецца?

– А я хрышчуся, калі мне здаецца, – сказаў Мірановіч, раздзяляючы словы. – І, у адрозненне ад некаторых, за Беларусь мне і з зямлёю змяшацца не страшна…

Ён павярнуўся, і Чайка не паверыў сваім вачам – перад ім стаяў сур’ёзны Мірановіч; праўда, адзін міг усяго… Як бы на чым саромным злоўлены, як бы апраўдваючыся за гэтую сур’ёзнасць, дадаў развязна:

– Жартую, Чайка! Дык што, хадзем, адпусціш арыштанта? – перавёў на іншае размову, абодвум непрыемную. – Што ён натварыў, дарэчы?

– Нічога такога. П’яны… Пад гарачую руку падлез.

– Ну, дасюль працверазіўся, нябось! Пайшлі.

Чайка надзеў фуражку, падняўся, дрыгаючы зацеклымі нагамі.

– Пачакай, святло вазьму, – сказаў Мірановіч, – бо яшчэ галовы паскручваем на тых сходках, і гармат бальшавіцкіх не спатрэбіцца… – ён узяў з падаконніка лямпу, пабоўтаў ля вуха. – Трохі ёсць.

У вузкім доўгім калідоры, асабліва ў канцы яго, дзе стаяў яшчэ адзін днявальны, сапраўды было цёмна – калі б салдат не падаў голас, дык наляцелі б на яго і не заўважылі. Мірановіч запаліў лямпу. Па шчарбатых цагляных прыступках, якія вялі ўніз амаль вертыкальна, бы той карабельны трап, спусціліся ў сыры падвал. Раней, калі тут было вучылішча, у гэтым падвале размяшчаліся лабараторныя класы, сталярная майстэрня, а таксама розныя вялікія і малыя каморкі для дапаможнага вучэбнага інвентару. Цяпер усе яны служылі камерамі палонным чырвонармейцам і сваім «штрафнікам». Маленькія, пад самай столлю акенцы ў тых каморах, дзе яны былі, «зашылі» кратамі, на дзверы – ад вушака да вушака – навесілі засовы, зробленыя з дубовых плахаў, раздабылі навясныя замкі – і гатова турма, яна ж «цёмная», яна ж гаўптвахта, яна ж «чразвычайка» (і так некаторыя называлі). І тут, у гэтым падвале падумалася Чайку, што цікава не тое, што пачалі, як і любая іншая ўлада, з «цёмных», хоць і крычалі некалі, яшчэ ў Слуцку, калі абдумвалі план выступлення, – «якія там турмы, у нас што, іншага клопату няма, мы ж не палякі, не бальшавікі, не немцы і не балахоўцы, справа нашая святая і высокая», – цікава, што гэтыя камерыкаморкі ніколі не пустуюць.

17
{"b":"552545","o":1}