Литмир - Электронная Библиотека

Не хацелася заходзіць у штаб, механічна казыраць, выслухоўваць рапарты і аддаваць распараджэнні. Не хацелася больш, накінуўшы на твар маску фальшывай заклапочанасці, удзельнічаць у гэтым няўдалым спектаклі, у поспех якога Чайка не верыў ад пачатку і прымусіць сябе паверыць, як ні стараўся, не мог.

І ў рэдкія, такія вось, як цяпер, хвіліны адзіноты, і на людзях, – а ён умеў гаварыць адно, адначасова думаць другое і рабіць трэцяе, – ён толькі са здзіўленнем пытаў сябе: як жа так? Навошта ён узяўся і камандуе гэтымі людзьмі, калі ні ўва што не верыць?.. Увогуле, якія прычыны – што ён апынуўся раптам тут?! Як ён дакаціўся да гэтага?!

З пакутнай настырнай упартасцю, адчуваючы ў гэтым нават пэўную прыемнасць самакатавання, ён усё адкручваў і адкручваў час назад, разбіраючыся ў гэтых прычынах… Што ж было напачатку?

Было адступленне палякаў. Быў дзядзькі Паўла хутар, дзе Чайка прытуліўся. Быў прыезд СокалКутылоўскага, была лёгкая фанабэрыя, што не забылі яго, цэняць, фурманку нават прыслалі… Трохі прыемна было слухаць угаворы «спакушальніка», ганарыстага дваранчыка, які яшчэ нядаўна, калі служылі разам у савецкім ваенкамаце, ва ўпор Чайку не заўважаў (ці, можа, таму, што проста быў блізарукі, а акуляры насіць саромеўся).

«Толькі вы, пан Чайка, казаў пан Сокал, з вашым аўтарытэтам… Усё адно бальшавікі вас расстраляюць, а ў нас, з вашым гераічным мінулым… Падымеце баявы дух…» – і Чайка, гледзячы яму ў блізарукія, няшчырыя вочы, развесяліўся раптам і падумаў, што Кутылоўскі, мабыць, проста падзіцячы зайздросціць яго бразготкам – у самога ўсяго адзін Георгіеўскі крыж, які то знікае, то зноў з’яўляецца на грудзіне ў залежнасці ад зменаў улады…

Навошта ён тады згадзіўся?.. Чым думаў, на што разлічваў?.. Што ўскалыхнецца Беларусь і столькі сялян паўстане, што змятуць чырвоных? Ці што памогуць палякі (якім цяпер хоць самім памагай)?.. Ці паслухаў пераконванні Кутылоўскага, што ў Расіі – «самыя свежыя, даставерныя звесткі!» – голад, людаедства, спеюць аграмадныя бунты, восьвось бальшавікоў пачнуць рваць на кавалкі, а як толькі пакончаць з імі, маскоўцам не да нас будзе, не да Беларусі, вось тады і ўедзем на белых конях, па дарозе, усыпанай кветкамі ад шчаслівых вызваленых беларусцоў, у Менск, а там, дасць Бог, і ў Смаленск…

Так, паслухаў, і паверыў, як ні сорамна ўспамінаць аб гэтым і самому сабе прызнавацца… Але больш, канечне, звычайны імпульс. Проста момант такі падгаданы быў «спакушальнікам». Трыццацігадоваму здароваму мужчыну, яму (Чайку, а не СокалКутылоўскаму) не было дзе прыткнуцца, не было да чаго прыкласці рук. Не сядзець жа сіднем на дзядзькавай шыі, у якога сваіх поўна: жонка, дачка, трое ўнучак (зяць, Чайкаў аднагодак, не вярнуўся з германскай), ды мала таго, што сядзець – яшчэ і пад манастыр людзей падводзіць: «сокрытие враждебных Советской власти и злосно дезертировавших из Красной армии карается по всей…».

Вось яна, прычына галоўная: куды падзецца?.. У свае трыццаць ён быў адзін, як кол, і гол, як сакол, нічому людскаму за жыццё не навучыўшыся, толькі ваяваць, ці, яшчэ лепш, падказваць іншым, як трэба ваяваць. Чалавек без радзімы, без сям’і і без дамоўкі, адрэзаная скіба… Матка памерла яшчэ пры ім, калі ён вучыўся ў Іркуцку, – «ад клімату, казала яна, задыхаючыся, распухлая ўся, бы пчоламі пакусаная, – клімат мне тут, сынку, дужа паганы!»… Бацька проста прапаў, знік, падобна тысячам і тысячам такіх, як сам, галодных, халодных і бяспраўных, што знікалі бясследна ў дарэшты разрабаваным і белымі, і чырвонымі, і саюзнікамі, і проста бандытамі горадзе; хутчэй за ўсё ўламаліся сярод белага дня ў іхні казённы, ад чыгункі, домік якіясь марадзёры, застрэлілі, адарвалі ў падлозе пару дошак і закапалі, а то і не закапвалі – пусцілі чырвонага пеўня ды пайшлі сабе… Старэйшая сястра пры жывой яшчэ матцы выйшла замуж, з чалавекам з’ехалі ў Хабараўск, потым, здаецца, у Томск, і таксама прапала недзе назаўсёды – ні пісьма, ні весткі.

На Румынскім фронце, калі ўжо ясна было, што ненавіснай вайне канец, штабскапітан Чайка, перад тым, як заснуць, уяўляў сабе не ўладзівастоцкі порт і не сопку Арлінае Гняздо, а беларускі, самотнапрыгожы, лесам атулены хутарок, з сажалкай, гародчыкам, з невялікай сцёпачкай у кутку двара, у якой можна было б збіць з дошак які тапчан або проста накідаць сена і заслаць посцілкай… Страшна падумаць – ён не меў свайго кута, хоць бы той самай сляпой сцёпачкі з тапчанам, гадоў дваццаць!.. Вольнымі вечарамі, а такіх хапала цяпер, ён палюбіў валэндацца з мапамі, падоўгу разглядаў іх, асабліва ўсходнееўрапейскую частку; па карце Беларусь ад Румыніі не так і далёка, у параўнанні, само сабою, з Уладзівастокам… Бальшавікі даўно разбэшчвалі полк, ваўсю вялі сваю прапаганду. Ён не перашкаджваў ім, і яму адплацілася тою ж манетай – калі прабіў час, не зачапілі і яго. «Нах хаўз, таварыш капітан, – аб’явіў неяк пад вечар, уваліўшыся ў штабную канцылярыю, памахваючы маўзерам, здаравезны латыш з перабінтаваным правым кулаком:

– Вайне капут, адкрываем другі фронт – буржуяў рэзаць! Так што…»

Затым Чайку сваталі ў нейкі «беларускі полк пры Румынскім фронце», паказвалі нейкі, генералам Шчарбачовым падпісаны, загад. Ён наадрэз адмовіўся.

З адной катомкаю за плячыма, дзе ляжалі гасцінцы, крыху грошай, дакументы, узнагародныя лісты, чатыры ордэны: Св. Ганны і Св. Станіслава 3х ступеней і Св. Ганны і Св. Уладзімера 4х ступеней і два разы па столькі медалёў, а таксама загорнуты ў палатно кіцель з пазалочанымі пагонамі і з аксельбантамі, ён удала дабраўся да Баранавічаў (па іроніі лёсу ў цяплушцы таго самага эшалона, якім удалося пераправіць з Румыніі у Мінск частку зброі і амуніцыі для будучага беларускага войска). Пехам, распытваючы дарогу – вайна ўсё выцерла з памяці, дапаўтакі Лютавіч, прамінуў пад уважлівымі, маўклівымі паглядамі людзей зза платоў даўжэзную вуліцу і за ваколіцай, на узлеску, убачыў такі самы, як і мроіўся яму, хутар, з сажалкай, з агародчыкам… Каля варот стаяў, узіраючыся, прыклаўшы руку да ілба, дзядзька Павал, бы дзве кроплі вады падобны на нябожчыка брата – яны нарадзіліся ў адзін дзень, 12 ліпеня, у свята – так іх і назвалі: Пятро і Павал.

Запыленыя дзядзькавы боты, яго залатаны старэнькі пінжачок… Барада сена зачапілася за галіну ігрушы і трапечацца па ветры… Кучка вераб’ёў на ўсліжанай палазамі дарозе трыбушыць конскія «яблыкі»… Даўно забытыя гукі мовы, пахі, колеры, усе гэтыя блізкія і родныя колісь і ўспомненыя зараз малюнкі – усё цяпер нахлынула, закружыла галаву, шчымлівай цеплынёй сціснула сэрца блуднага штабскапітана. Высыпалі з хаты і скаціліся з высокага ганка тры дзяўчынкі, адна перад адной меншая, і потым, ужо ў хаце, калі ваенны дзядзька, збянтэжаны гэтай захопленаурачыстай цішынёй і ўтаропленымі ў яго нецярпячымі вочкамі, развязаў катомку і пачаў выкладаць на стол сціплыя свае гасцінцы (кансерваў бляшанка, трохі цукру, пачак галет, скрыпучых на зубах, як каўчук), адна з сястрычак, самая малая, гадоў чатырох, ускараскалася яму на калена, ашчаперыла за шыю і прыціснулася да яго. Яна думала, гэта тата, якога яна ніколі не бачыла, прыйшоў з вайны. Вось тады яму на міг і заманулася, што ён нарэшце дома. Калі ўвечары, пасля лазні, яму далі чыстыя нагавіцы і сарочку, ён, перш чым надзець іх, доўга разглядаў, пасміхаючыся, круціў іх у руках і пагладжваў. Крэсла ў штанах зашпільвалася інакш, чым у галіфэ, сарочка таксама не падобная была на гімнасцёрку… У тую ноч спалася яму кепска. На двары адлегла, са страхі з манатоннай перыядычнасцю сасклізваў падталы снег і плюхаўся пад сцяну; ніяк не можна было задрамаць. У вушах стаяла дзіўнае, нязвыклае «тата», а калену і цяпер яшчэ цёпла было ад чужога цяпла…

На досвітку ён ціхенька падняўся. Выцягнуў зпад ложка катомку, спароў з кіцеля пагоны, адарваў аксельбанты. На двары пад паветкаю знайшоўся заступ; ускінуўшы яго на плячо, як Рабінзон Круза на ілюстрацыі, Чайка пашыбаваў у цёмны яшчэ лес.

Адліжная зямля капалася лёгка, толькі чмокала, пакідаючы ямку, ды патрэсквалі перасякаемыя вострым жалязняком карэньчыкі. Калі ён старанна, і праўда адчуваючы нейкую палёгку, быццам пахаваў не картонныя пазалочаныя прамакутнікі з кавалкам белай пераплеценай вяроўкі, а ўсе свае ранейшыя, з жыцця вырваныя, гады, увесь свой непрыкаяны лёс, таптаўся ботамі па магіле, у лесе пачало віднець. На сасновых лапах тамсям яшчэ трымаўся прымезлы снег уперамешку з касмыкамі сіняга туману. З галін капала ў сінія лужынывочкі, што былі пад кожным дрэвам, і недзе зусім блізка ранняя сініца перадражнівала гэты сонны капеж сваім звонкім пільканнем; гучала амаль рыфмаю: канец вайне – пільпіль вясне… Досыць! Наваяваўся. Нічога не скончана ў трыццаць дзевяць гадоў, думалася словамі Балконскага, – галоўнае, не забіла, не пакалечыла… Усё яшчэ можа быць – і будзе! – і сінія вочкі, і цяпло на калені, і слова «тата». Апрасціцца, зажыць патутэйшаму… Абабіцца. Хай не дзеўка, для дзеўкі стараваты, ды і куды яе ўзяць, а ўдава сама да сябе прыме. А скончыцца гэтая карусель, можна і магілу матчыну праведаць, сястрынскіх, бацькавых слядоў пашукаць…

15
{"b":"552545","o":1}