схіліўшыся ўначы да офіснае лямпы
што некалі правёў у кожны дом ільліч
глядзець на манітор дзе штампы штампы штампы
і кожны дабл клік як ваяўнічы кліч
сусьветнае лайно прымаючы варожа
як пералётны птах сапсець на правадах
а потым карабель пачатак падарожжа
сьпярша суцэльны жах а потым зьедзе дах
а навакольны сьвет хоць ты яшчэ падлетак
ня грэбуе табой і пад сябе грабе
сьціскаеш у кулак камяк нэрвовых клетак
і пераймае дых і вусьцішна табе
бяссоньніца гулец у словы словы словы
засмучаны габрэй вяршуе за сталом
ты сьпісак шындлера прагледзеў да паловы
і кожнаму з мужоў пасьпеў сказаць шалом
ня чуюць мерцьвякі а пераможцы сьвіньні
як скажа адысэй вярнуўшыся дамоў
каханьне багавіц патоне ў багавіньні
разьюшаным багом не да тваіх прамоў
раўнівыя мужы няверная галена
як сьцьвердзіў буалё адпраўлены ва ўтыль
п’яному караблю сем футаў па калена
парыскаму арго пасуе ўсякі штыль
і гумбэрт на вадзе й лаліта ў залюстроўі
паветраны пацук кажан на караблі
ты страціў наўсуцэль псыхічнае здароўе
ня ведаеш чаму і немавед калі
што ты гэкубе й што табе да той гэкубы
нябога гэракліт стаячая вада
траянскаму каню не зазірай у зубы
як гаварыў кароль паўцарства за дада
гуляюць у футбол аякс і макавеі
бязногі ахілес ганяе чарапах
спакусьлівая плоць бяз скуры ружавее
i цемрай зеўраюць вачніцы ў чарапах
нам троя й картаген дзіцячаю пляцоўкай
узброены амур нам проста авадзень
багіня-карабель з крывавай распальцоўкай
зь цямрэчы паўстае вітайма новы дзень