Люблю навальніцу на свята працоўных, калі разгуляецца ў небе пярун, а тут, на зямлі, са стыхіяй на роўных, свой верш прамаўляе паэт-гаварун. Нябёсы маланкай міргнуць дабрачынна, вясновую зліву ўзмацніўшы ўтрая, – прамокне наскрозь чарнявая дзяўчына, прынада, прынада, прынада мая!.. Да хаты вяртаецца ўдзячная моладзь з дзіцячых садкоў беларускіх і школ, нябеснага бацьку ў Жыровічах моляць, каб шчасце ды мір панавалі вакол. На ўсходзе даўно не здаралася путчаў, на захадзе хутка дазволяць аборт, а шчасны паэт, не раўнуючы Цютчаў, чакае натхнення, пускаючы “word”. Ён будзе пяяць пра сюжэт старадаўні. Пра іншае, дружа, пакуль памаўчы! Як кожнага году на першага траўня, галоўнае свята пачнецца ўначы. Курган векавечны амаль раскапаны, і хутка натоўп неразумных хазар, вампіры і ведзьмы, залётнікі й панны, калонай памкнуць на славянскі базар! Сябрына на шабаш, бы спожыць у кайстру, – без лебедзяў чорных і белых варон. І кожнай Мальгрэце – асобнага Майстра, і кожнаму Фаўсту – уласны патрон. Шатаны, анёлы, багі, дэміургі, прыходзьце, нясіце дары ў дарасхоў: зямля беспасажна-цнатлівых Вальпургій дагэтуль чакае сваіх жаніхоў! Я буду будаваць сабе кватэру, з буслам на даху й Будам на сцяне. Не бунгала, не будку бультэр’еру – бетонны бункер – не разбурыш, не! Каб днём бурлескам бузаваць паперу і бударажыць будуар у сне. Будуючы, у будучыню веру… Хоць з бадуну нам рай і ў будане. Будуйма! А падтрымкай нашым будням – Сямён Будзённы із Сымонам Будным, Афрык Сымон (музыка), дзядзька Сэм, Сім, Хам, Яфет… Збудуйма нармалёва і Будапешт, і Буда-Кашалёва, Буэнас-Айрэс, Бургас, Бэтлеем! Нам калыханкай сталіся здаўна гарматны гул і кулямётны строкат. Мы часцяком спыняліся за крок ад смяротнай бліскавіцы й перуна. Паслоў варожых пасылалi на… Блукалі па балотах, жэрлі блёкат, пілі атруту i, паснуўшы ўпокат, цвярозымi ўставалi давiдна. Без мараў пра хвалу і ўзнагароду жыццё аддаючы ў імя народу, на вогнішча ішлі, як Жанна д’Арк. Бо кожны з нас да звышгеройства звыклы, і вораг часта бачыў нашы іклы, заходзячы ў мясцовы заапарк. 1. Дзіўлюся намаганням чалавечым: забыўшыся на пляшку і графін, чытаннем зрок над свечкаю нявечым – і льецца на старонкі парафін. Лепш смерць ад кніжнай плесні ў галаве, чым тэлевізійны бог, Ісус “Навін”. І трызніць уначы сераднявеччам амаль абеларушчаны ліцьвін. Ён там, дзе воі гінуць на адхоне і трубіць Аліфант у Ерыхоне, і лопаюцца скроні трубача. Па даўняй гераічнай завядзёнцы хаўтурны стол чакае крумкача – і Шарлемань Бэн Нун спыняе сонца. 2. Дванаццаць пэраў – у адной палаце: дыягназ просты – печаняў цыроз. Ім лекар, што сядзіць тут на зарплаце, паліць не дазваляе папярос. Спіць Аліўе, чый твар даўно ў салаце: ён марыў паглядзець Ралан-Гарос, а бачыць Ганэлона ў маскхалаце, што зросся па кавалках і ўваскрос. Першасвятар Турпэн, зацяты вернік, дазнаўся, што на свеце быў Капернік і не было нязрушнае зямлі. Ой, Госпадзе, нябесны абаронца, калі зямля бяжыць наўкола сонца, дык што ж тады спынялі каралі?! Вагнер. Тэтралогія “Фаўст” І. Пра-Фаўст Ён век тапіў у ведзьміным нектары, як сведчыць знакаміты фаліянт; пяяў для Грэтхен нават без гітары, і спеў быў найчысцейшы, як брыльянт. Пасля ў вар’ятні білі санітары (няспраўджаны дагэтуль варыянт). Агент “0,7”, кароль усёй шклатары, ягоны цёзка і фаміліянт. Цяпер яго не вабяць пагулянкі: а мо шатэнкі й насамрэч шатанкі? Не, досыць! Ён адгарцаваў сваё! Як радца, мае ў Ваймары заробак, чытае Аляксандра-бацьку, то бок прыгоды д’Артаньяна й Рышэльё. ІІ. Бессань у ноч Вальпургіі Праз горы й красавіцкі начны холад у месяц травень рушыш напрасткі. У небе два сузор’і – Серп і Молат – плывуць, прычым у розныя бакі. Красуня на мятле й рагаты волат мілуюцца й скавычуць, як ваўкi; твой сябра Мефістофель (ён жа – Воланд). Што за народ? Вядома ж, землякі, што раз на год збіраюцца на Гарцы. Кульнуць па чарцы ды з’ядуць па скварцы – і браму пекла разаб’юць ушчэнт. І ўратаваны шараговец Каін, як гаспадар ад Брокену да ўскраін, паўсюдна здзейсніць поўны хэпі-энд. ІІІ. Гамункул Каспара, Мельхіёра й Бальтазара не будзе – я не веру ў трох цароў. З набыткамі вяртаюся з базару, каб хлопец не застаўся без дароў. Мне ж падарункам – здзейсненая мара: праз кропельніцу ўведзеная кроў бруіцца ў жылах, ажыла пачвара, ён нарадзіўся, Вагнер! Будзь здароў, чатырохкротны доктар і магістар, загартаваны ведаю філістар, няўдзячны імітатар хараства, ледзь не забіты сківіцай аслінай! Ты па начах над колбай пырскаў слінай – і стаўся зоркай новага Раства! Але памрэш, як жыў, – напаўраслінай. ІV. Галена Ты ўзнёс у ейны гонар не хаціну – гатычны замак, велічную цвердзь. Схуднеўшы ад кахання на траціну й цвярозы розум страціўшы на чвэрць, намаляваў уяўную карціну: любоўны вір, пяшчотаў кругаверць. Ды твораць неадольную плаціну яе каханкі, час, прастора й смерць. Ты прагнеш немагчымага, упарты, з нябыту клічаш валадарку Спарты, царыцу старажытнагрэцкіх сноў. Ды мара не скараецца нахабу: над прывідам схіляешся – і зноў, гаротны, узасмокт цалуеш жабу. |