Литмир - Электронная Библиотека
@ @ @
лёс цалуе цябе ў шчаку ты яму падстаўляеш вусны
бо жывеш да нашае эры і ня лічыш нашых гадоў
твая мэтрыка даўні эпас дагамэраўскі дзёньнік вусны
белай пенаю раскіданы па сузор’і сямі гарадоў
ты ня бачыш павольных сноў і ня танчыш павольных танцаў
бо твая рытмічная памяць захавала выбух і ўсхліп
не хапае паветра ў лёгкіх ды ня хочаш лёгкіх дыстанцыяў
бо ня маеш часу і месца на паўторны відэакліп
алімпійскія гульні жарсьці на якіх за цябе заўзею
а вакол равуць стадыёны і прыемна што мы адны
засынаем да новай эры і прыходзяць дзіўныя сны
як жыцьцё што бачым з акна авангардавага музэю
@ @ @
ты ўмееш гадаць бяз кавы досьць цынамону й гвазьдзікі
арыентуесься ў музыцы і паралельных сусьветах
юная нібы яшчэ не запалены маладзік і
старая як вечнасьць таму пагашаны ў небе ветах
заўсёдніца ў кожным касьцёле сынагозе і кірсе
гатовая ехаць стопам а потым вяртацца па шпалах
а потым выйсьці на подыюм хістаючыся як на пірсе
такая лёгкая што здаецца змые любы фотаспалах
покуль мэтро развозіць па навагоднім аргане
покуль мяне развозіць – праўду мяшаў з маною
ты засынаеш у недасяжнай дзявочай фата-маргане
і прачынаесься ў ложку побач са мною
сто пудоў адзіноты

I just called to say I love you

Stevie Wonder
сто пудоў адзіноты больш чым пацягне ліфт
за акном то зьліва то пролівень то залева
ходзяць думкі налева і ўлева схіляюць шрыфт
і пішу пачынаючы з рыфмаў справа налева
сёньня дзень і ноч пагадзіліся на нічыю
і ніякай нябеснай манны максымум манка
а назаўтра вечар з раніцы зуб даю
гэта восень будзе вільготнай як німфаманка
гэта восень будзе вільготнаю сто пудоў
нібы горла не прасыхацьме да небакраю
але будзь я нават нэграм пахілых гадоў
я вазьму тэлефон і скажу што цябе кахаю
@ @ @
ты ведаеш хто такія боб дылан і дылан томас
я ведаю толькі тое што я твой верны фанат
што я – калі я з табою – бываю ручны як тормаз
а ты са мною – самай ручною з усіх на сьвеце гранат
што я з табою маленькі і голы нырэц з абтоку шры-ланка
калі ты здымаеш нумар і майткі хоць я далёка ня бог
маланка тваёй сукенкі нібы шаравая маланка
б’е электрычным токам па пальцах і па зубох
што мы зьбіраемся пазлам бываем плазмай і плазам
што я кладуся а ты сядзіш на мне нібы наркаман
і чуючы твае словы: чакай давай кончым разам
хто скажа што мы дачытваем адзін на дваіх раман

З кнігі “Бэрлібры” (2008)

Стары паэт
Стары паэт
ня мае шкодных звычак,
бо ад сьпіртнога зранку бывала пякотка,
а ад цыгарэтаў жаўцелі зубы;
потым зубоў ня стала,
ды не мяняць жа звычак на схіле гадоў.
Што да наркотыкаў,
дык ён мог бы намякнуць на знаёмства зь імі
дзеля таннай папулярнасьці ў моладзі,
але хай моладзь сама
дбае пра танную папулярнасьць,
а стары паэт
шырока вядомы,
хоць і ў вузкіх колах,
затое настолькі шырока,
што юныя літаратары
пасьля паэтычных чытаньняў,
апынуўшыся ў прыбіральні
ля суседняга з мэтрам пісуара,
ад хваляваньня забываюць расшпіліць прарэх.
“Вось здорава! – думае паэт. –
Я б так ня змог!”
Бо стары паэт
прачытаў за жыцьцё
сорак восем кніжак,
дваццаць дзьве зь якіх былі ягоныя,
яшчэ да дваццаці дзьвюх ён напісаў перадмовы,
а першыя чатыры ён памятае смутна;
хоць мае на паліцы
дзьве з паловай тысячы томікаў сваіх калегаў,
усе, вядома ж, з аўтографамі,
каб, Божа барані, ня здаў у букіністычную кнігарню,
але ён часам такі здае.
У маладосьці зь яго кпілі за неадукаванасьць
ды іранічна казалі: “Вучыцца, вучыцца й вучыцца!”,
а цяпер не, таму
што стары паэт
наведаў дзьве з паловай тысячы школаў,
каб кожная навучэнка,
апроч вечару страты нявіннасьці
ды выпускной вечарыны,
запомніла яшчэ і ягоную творчую вечарыну,
але ж ніводная не запомніла,
а калі якая й пазнае яго на вуліцы,
дык аказваецца
суседкаю па лесьвічнай пляцоўцы
альбо ўнучкаю.
Стары паэт
дагэтуль хвалюецца перад выступамі,
думаючы, ці будуць крычаць “брава!”
ды выклікаць “на біс”,
і таму чытае з падкрэсьленым выклікам,
нібы пытаючы: “Хто тут супраць мяне?
Вы за ці супраць?”
Але ўсё абыходзіцца,
і заля дружна крычыць:
“ЗА!” і “БІС!”.
Прагрэс у літаратуры
А ўсё-ткі меў рацыю
францускі казачнік,
які кляўся й бажыўся,
што ёсьць ён, прагрэс у літаратуры.
Сёньняшні Гамэр
ніяк не залежыць
ад перабояў электраэнэргіі,
цалкам можа кіраваць
новай Нацыянальнай бібліятэкай,
хоць у душы крыху зайздросьціць
Рансару й Бэтховэну:
найлепшыя творчыя вечарыны
ладзіліся ў ДК таварыства глухіх.
Сапфо
больш не балятуецца на пасаду
дзясятай музы,
бо адмовілася на карысьць кінематографа;
і хоць не спазнала шчасьлівага каханьня,
затое атрымала свой нобэль
за прапаганду паліткарэктнасьці,
апярэдзіўшы Вэрлена, Рэмбо і Жорж Санд.
Стары Анакрэёнт
даўно кінуў піць
і можа толькі мроіць пра дзяўчатак,
затое ўключаны ў праграму
ўсіх школ і ўнівэрсытэтаў Грэцыі.
Віён
на поўніцу адчуў
усемагутнасьць праваабаронцаў,
хоць у краіне так і не скасавалі
сьмяротнага пакараньня,
а нават калі скасуюць –
што зьменіць купка дысыдэнтаў
з транспарантамі “дзе Віён?”
Усімі адрынуты Гюго
на ўласным досьведзе зьведаў,
што выраз “мець гемарой”
мае ня толькі пераносны сэнс.
Затое цяпер ёсьць шоў-бізнэс
і можна пісаць словы на музыку.
Ганкур
вядзе жывы дзёньнік у інтэрнэце.
Пакутуе на падваеньне асобы.
Фолкнэр і Маркес
канкуруюць на рынку турпаслугаў,
прапануючы гарачыя туры
ў Ёкнапатафу і Маконда.
І толькі Катул
не адчуў асаблівых зьменаў:
як дзьве тысячы зь нечым год таму,
ён аплаквае вераб’я сваёй каханай.
Птушыны грып, знаеце…
12
{"b":"551915","o":1}