Литмир - Электронная Библиотека
@ @ @
даўномінулыя рэчы прыходзяць у сны вар’яту
і згадкі грызуць сумленьне і памяць дзятлам дзяўбе
на гэтым сьвеце ўсё болей якаснага антыкварыяту
і меней і меней месца няякаснаму табе
ды ёсьць яшчэ сонца анфас і месяц зь цёмнага боку
а значыць будуць заплывы ў зьлівы і будуць пленэры ў сьпёку
гадзіны прух і няпрух і вечны мастацкі рух
навобмацак да намётаў сябровак і проста падруг
і будуць новыя творцы ў вершах старанна якаць
палохаючы старанна зробленымі пачварынамі
а новы няякасны аўтар шукацьме такую якасьць
каб антыкварныя вершы зрабіліся ўрэшце кварнымі
на дарозе
па пояс у джынсах брыдзеш супраць плыні шашы
твае непужаныя думкі як іншаходцы ў прэрыі
і стэрэа-скавышы як госьці на сьвяце душы
новаю аранжыроўкай гудуць у плэеры
аблокі ўгары няспынныя як аўто
між пятым і трыццаць пятым агораным кілямэтрам
ня спыніш нікога й цябе ня спыніць ніхто
і першы сустрэчны акажацца проста ветрам
будуеш з амкі з паветра і першы блін
выходзіць нечым сярэднім між бібліятэкай і вежай
на гэтым сьвеце так многа кніг і цаглін
а ты з усіх акадэмій ня скончыў нават мядзьведжай
і можна згубіцца ў трох дарожных слупох
і ў думках так ціха – чуваць як робіцца муха
сланом і ты так доўга ў дарозе што Бог
здаецца сузор’ем Вялікага Віні-Пуха
@ @ @
больш нічога не адбываецца
толькі неба ў вадзе адбіваецца
@ @ @
дзьве лыжкі солі на шклянку цёплага мора
якое цячэ з валасоў і на твары ня стыне
ляціш празь мяжу на сустрэчу са сьветлым tomorrow і ўпадаеш у мора ў раёне гданьска і гдыні
вільготны вецер зранку мазгі прамывае
зьвіліны вашых маршрутаў – на гданьскіх мапах
міма цябе пралятаюць аблокі птушкі трамваі
караблі з вэстэрплятэ і электрычкі на мальбарг
вучыш замежныя мовы па караоке
джаз-фэстывалі чаек на молах і пірсах
кожная дзеўка анёл найчасьцей каравокі
на языках без касьцей сустракаецца пірсінг
у плянэтарыі сьпіш пад коўдрай вялікай мядзьведзіцы
і загараеш пад хмарным небам на злосьць прагнозам
істота якая здалёк чырвонаю скураю сьвеціцца
выкладчык ліцэю паэт з абгарэлым носам
а потым дашлеш па пошце альбо напішаш у посьце
верш-апраўданьне сам сабе абаронца
што ты тут паводзіўся як і належыць госьцю
не згараў на буйках і не заплываў за сонца
@ @ @
ён гаварыў ёй дурноты ён дарыў ёй канвалі
немагчымыя гэтай парою ў іншым сюжэце
яны абдымаліся так часта нібы іх увесь час фатаграфавалі
толькі вочы казалі: майму (маёй) не кажэце
балтыйскія дні і ночы пражываліся наўздагад
ды вочы ад недахопу сну не зьліпаліся ні на ёту
там дзе месца сустрэчы неба і мора цнатліва прыкрыў плякат
рэклямуючы па-над пляжам аўтамабіль таёту
а калі джэніз джоплін перакрыквала гданьскі прыгарадны цягнік
і зрывалася на цішыню што наступала пасьля яе
ён зразумеў што цуд незваротна зьнік
калі хутка дыхаеш
неба ня ў тое горла трапляе
і можна казаць як дрэнна страляюць п’яныя амуры
як цяжка ў сучасным шоў з мэлядрамай старою
а проста свая кашуля бліжэйшая да апаленай скуры
немагчымай у гэтым сюжэце іншай парою
@ @ @
веру ў прагнозы надвор’я і ўласнаму воку
ад смагі ня будзе адбою смазе ня скажаш адбой
нібы ў запой уваходжу ў дзесяцідзённую сьпёку
мінус надзея трапіць сюды з табой
зранку шаманю ганяю сухія хмары над галавою
часам закліньвае думку але заклінае рука
і хмары ідуць без канвою – сюжэтнай канвою
на ліпеньскіх краявідах знаёмага мастака
зь першага дня на галовы валіцца ліпень
саракаградусным сонцам але не здаюся бяз бою
веру што ў Вільні якраз пачынаецца лівень
і напаўзае на Трокі й спыняецца над табою
і я не магу заснуць адмарожаны сьпёкаю
гіпнатызуючы словы якіх табе не скажу
а ноч такая вялікая а ты такая далёкая
што падаесься літоўскаю кропляй дажджу
Et si tu n’existais pas…
калі б цябе не было ў вялікім сусьветным раскладзе
я выдумаў бы што ты далёкі касьмічны спалах
сьвятлом бы табе дасылаў эсэмэскі ва ўмоўным ладзе
і дарогу б чытаў па тваіх зорных ініцыялах
я наносіў бы тваё ймя на зямныя й нябесныя мапы
прамаўляў бы яго на ўдыху захлынаючыся ад шаленства
і ня верыў што нават малпа можа паходзіць ад малпы
бо ўсё выглядала б створаным на божае падабенства
я складаў пра цябе й гарлаў бы невядомыя іншым песьні
і суседзі прачнуўшыся ўночы ня зналі б каго я клічу
я глыбока сярод зімы пасылаў бы іх… на прадвесьне
і ўпершыню ў жыцьці не баяўся б таннага кічу
калі б цябе не было выдумляў бы цябе як твор я
і павольна канаў ад шчасьця ня просячы эўтаназіі
мой аловак бы лётаў па-над зямлёй як указка прагнозу надвор’я
але ты ў мяне ёсьць і ня ведаю што рабіць са сваёй фантазіяй
11
{"b":"551915","o":1}