Адапхнуцца ад Ратушнай вежы ды рынуцца ў бездань,
каб магутныя крылы паноўных над местам званоў
падхапілі, панеслі, загойвалі даўнюю бессань,
занураючы ў фарбы ляткіх недабачаных сноў.
Бессэнсоўна лунаць, абмінаючы стрэчныя вежы,
прамінаючы коміны ў іхнай цаглянай красе.
І спачыць ад палёту, і пасвіць начныя відзежы
на бляшанай, старой, незнаёмай з дахоўкай страсе.
Назіраць, як у шпацырах вечар праводзяць львавяне,
па спякотных гадзінах лагодны вітаючы змрок,
удыхаючы водар з густоўнай павохнай кавярні,
пад павекамі цемры павольна губляючы зрок.
Усміхацца разумнаю ўсмешкай крылатага блазна
жабраку, што пры цэрквах на вечных жабрачых правах.
А калі заманецца агледзець усё падрабязна –
і самога сябе нечакана знайсці далавах.
Заблукаць, загубіцца, заблытацца, трапіўшы долу,
ў камяніцах, дзе genius loci дагэтуль жывы.
Са шматлікіх святыняў аддаць перавагу касцёлу –
пасля шклянкі-другой каньяку ля армянскай царквы.
Ля муроў Бернардынаў піць піва з вядомым паэтам;
калі ж зноў скалане наваколле стрывожаны спіж,
павучынай сягнуць па-над галіцкім бабіным летам,
як паветраны змей, самагубна ўзлятаючы ўвыш…
Заблукаўшы ў паветры, прасторы, няздзейсненым міце,
каляровы матыль, папяровы кітайскі дракон
патанае ў блакіце, блакіце, блакіце, блакіце…
І вялізарны звон пераможна плыве наўздагон.