Литмир - Электронная Библиотека
@ @ @
Вы мне прызначалі спатканьне ля КДБ
і на будоўлі новай бібліятэкі,
у чыстым полі, дзе нехта граў на губе,
выцягваў гукі з разьбітай гітарнай дэкі.
І я прыходзіў, і Вы прыходзілі ў час,
спазьніўшыся пунктуальна на паўгадзіны,
як толькі мне здавалася, нібы ў Вас
я верасьнёвым вечарам не адзіны.
Ды ўрэшце яшчэ здалёк пазна ю па хадзе,
і хваляваньне згарае, нібыта ў печцы.
І хай уся дзяржбясьпека адпачываць ідзе,
бо Вы цяпер у бясьпецы і я ў бясьпецы!
@ @ @
Блякнуць знакі Задыяка,
ля гарматы сьпіць ваяка,
сьпіць у келіху каньяк,
сьпіць з ахвяраю маньяк.
Сьпяць машыны ў гаражы,
сьпіць бамжыха на бамжы,
зьбеглі зайкі ўсе ў лясы –
засынай і ты, касы!
Сьпяць вяскоўцы й менчукі,
сьпяць шпрыцы і касякі,
сьпяць у будцы і гнязьдзе,
сьпяць у Крупках і Узьдзе.
На ляту заснула гусь,
дрэмле трактар “Беларусь”,
сьпіць на фабрыцы станок,
сьпяць Ханок і Лучанок.
Сьніцца рыба рыбаку,
мухаморы – грыбніку;
сьніць прапойца – “Двух буслоў”,
Хадановіча – Арлоў.
Засынае родны край.
Ты таксама засынай.
Хутка й любая засьне.
Як заўсёды, безь мяне.
@ @ @
Пішу Вам зь yahoo на tut.by,
а ў сеціве страйкуе пошта,
не заўважаючы таго, што
Вам дасылаюць “баю-бай!”
Ня я даўмеўся ўпершыню
складаць увечар калыханкі
і слаць іх удалечыню
на адрас да сваёй сяброўкі.
Вам адначасна шлю лісты
й званю па хатнім – не выходзіць,
і зноўку перайсьці на “ты”
мне з Вамі нешта перашкодзіць.
Хтось адарваўся ад зямлі,
камусьці замінае праца,
і з Афрадытай разабрацца
няма калі.
Ды зноўку не засну ўначы,
Вам калыханку пеючы:
лісты Вам шлю, лісты-Вам-шлю-лі-
сты-Вам-шлю-лі… люлі… люлі…
@ @ @
Каб Вы былі навучэнкай і лезьлі штодня пад колы,
усяго за крок ад пешаходнага пераходу,
я зьяўляўся б і Вас ізноў выратоўваў ля школы.
Вы б мяне пачалі ненавідзець.
Я рабіў бы сабе на шкоду.
Каб Вы былі наркаманкай і спраўна глыталі колы,
я б даставаў Вас: ня трэба сядзець на колах!
Вы пасылалі б мяне, а я – пасылаў Вас на ўколы,
не крыўдуючы ані кроплі: Вы – хворая, я – нарколяг…
Каб Вы былі прэзыдэнтам – і найвышэйшыя колы
абяцалі б усім, хто супраць, панізіць IQ і аклады –
я пацягнуўся б на грэбаны выбарчы ўчастак да школы,
плакаў бы й галасаваў супраць трэцяга тэрміну ўлады…
@ @ @

…і чуеш, як родны памежнік

кажа мне:

“Здравствуйте!”

У. Арлоў
Між Летувой і РБ – тэрыторыя нічыя.
Колы змаўкаюць. Мытнікі абходзяць вагоны.
Зараз будуць глядзець у пашпарт, бы там – ня я,
а каляровы здымак Мэдузы Гаргоны…
Толькі раптоўна:
“Спадар Хадановіч? Андрэю!”
Слухаю – і дурэю.
Нібы з марозу добра заліў за каршэнь,
я адчуваю радасьці поўную аблачыну
у штанах, куды па пашпарт лезу ў кішэнь,
зачараваны ілюзіяй, што вярнуўся ў сваю айчыну.
@ @ @
На кожным кроку чаргуюцца храмы і рэстарацыі.
Ты блытаеш назвы страваў з раскладамі набажэнстваў.
Адно галубы не губляюць сябе ў прастрацыі,
штодня на варшаўскім бруку, нібы на працы,
ганяюць за булкай з энэргіяй пажылых адраджэнцаў.
Сядзіш у Варшаве, бы ў псыхіятрычнай лякарні,
і адчуваеш сябе шторанку ўсё меней хвора,
і гоніш тугу так далёка, куды Макар не
ганяў цялятаў, пакуль мясцовы Макартні
левай рукою кратае сваё “Ўчора”.
І гоніць па Вісьле вёслы вецер-галернік,
і кожны завулак табе прапануе прытулак,
і круцяцца – сонца, і зоры, і медны Капэрнік,
і круціць жоўтай лістотай польскі październik, зьбіваючы з ног салодкім водарам булак.
@ @ @
восень. мухі блыталіся ў марлі
на акне. ты ў рэгі Боба Марлі
недзяржаўную пачытваў прэсу
рыхтаваў да ўдараў мышцы прэсу
і дарма што спраў чакала горка
аздабляў вясельлі крыкам “горка!”
не шукаў сабе цяжкое долі
паляваў зь японцамі на Долі
любаваўся ружачкамі ў вазе
і ня меў астатняга на ўвазе
загартоўваў сьпеў струной тугою
і пабраўся з восеньскай тугою
подых верша стаў гаркавы, ёлкі
нібы водар леташняе ёлкі
і жывеш засмучаны і рады
ані ў чым сабе ня даўшы рады
але ўдзячны папрадухам-паркам
за чарговы шпацыр менскім паркам
@ @ @
Няма чаго лавіць, апроч
апошняе маршруткі!
Куды ні руш, куды ні кроч,
дагоняць халады.
Бо верасьнёвай цеплыні
не утрымаць за грудкі.
Папрэсься ў цемры на агні,
а трапіш не туды.
Куды зьнікае ўчора й дзе
канец тваім прыгодам?
Няма ратунку ў горадзе,
і ў доме ні душы.
Праходзяць лета зь верасьнем
падземным пераходам
і замыкаюць дзьверы снам,
і ў сьпіну – скавышы.
8
{"b":"551915","o":1}