у чорным-чорным лесе
за чорнай-чорнай ракой
і ўсе чачэрскія дзеці штовечар гублялі спакой
на чорнай-чорнай паляне
і зырылі ў рот дзевяцігадовай Ульляне
стаіць чорны-чорны дом
а ў ім чорны-чорны… замоўкні, дурань, ніякі ня дзядзя Том
у чорным-чорным пакоі
заткніся, разумнік, чорт ведае, што такое
на чорным-чорным ложку чорная-чорная падушка
не рагачы, Андрушка
у чорнай-чорнай падушцы чорная-чорная голка
цішэй, Міколка
з чорнаю-чорнаю ніткай
хто хоча працягу – частуй шакаляднай пліткай
і мы пагаджаліся з гэтай драпежнай палітыкай
бо ў Валеркі бывалі цукеркі
жуйкі ў буржуйкі Валі
і ўсе давалі
дык вось, прынесьлі дадому бохан чырвонага хлеба
іншага ў краме не засталося, а есьці трэба
елі мама і тата, і сын, і сястра ягоная
(а буханка чырвоная!)
толькі заснулі, як у сьцяне адчыняецца дзьверца…
АДДАЙ МАЁ СЭРЦА!
міжгародні аўтобус спыняецца на прыпынку
маці выбегла на хвілінку
пакінуўшы ў ім дзяўчынку
праходзіць хвіліна, і дзесяць, а мамы няма і няма
дзяўчынка выходзіць сама
шукае маму – дарма
мінае восень, зіма
а тата-міліцыянт яе ўсё ня знойдзе
і толькі ўлетку будаўнікі, зламаўшы асфальт,
знайшлі валасы і пазногці
на глыбіні два з паловай мэтры
а ўночы з мамінай шафы зьявіўся прывід у маміным швэдры
і тут найстарэйшы з нашай кампаніі, Коля
абсалютна бясплатна пагнаў гісторыі, што яму ў школе
апавядаў прасунуты прэпад па маляваньні
пра труп, схаваны ў лядоўні, пра кроў нябожчыка ў ваньне
пра тое, як муж сваю жонку замураваў у сьцяне
мы слухалі, нібы ў сьне
як сэрца забітага стукала пад паркетам
настаўнік быў геніем, вучань – таксама някепскім паэтам
і мы траплялі ў адаптаваныя для райпо
пекла Лаўкрафта і рай По
толькі тут мы заўважылі, што сапраўды ўжо вечар
што згусьцілася цемра і ў доме насупраць
на словах “…Маргарэт Тэтчэр…”
радыё змоўкла раптоўна, а дом наагул
карыстаўся нядобрай вядомасьцю
гаспадары неяк зьніклі з усёй іх маёмасьцю
а бабуля казала, што добрых людзей ніколі ў ім не жыло
часам у вокнах запальвалася, потым гасла сьвятло
часам гучала і раптам змаўкала радыё
вось і цяпер: сядзім мы на ганачку й самі ня радыя
што калі гэты дом – насамрэч дом з прывідамі?
прывіды людзі сур’ёзныя, помняць абразы з крыўдамі
тэрарызуюць жывых злачынствамі даўнімі
нават такімі, як мы, не пагрэбуюць даўнамі
тут усе спалатнелі
Таня і Сьветка, і нават сястра яе Нэлі
біла дрыготка Жэню
што сарамліва хаваў свае пальцы ў кішэню
я ўжо маўчу пра сваё трымценьне
раптам над намі навісьлі два велізарныя цені
зарагатаўшы на два галасы нелюдзк ія:
ШТО, ГАРАДЗКІЯ?!
шчэрачы чорныя зубы й чырвоныя дзясны
Воўка Уздоўскі і Чэчык, граза Калгаснай
з крыкам НЯ ССЫ!
кідалі ў валасы
Сьветцы, якая ляжала са складзенымі на грудзях ручкамі
як і належыць спалоханай прывідам даме
лопухавымі калючкамі
а па-чачэрску – ДЗЯДАМІ