сем гадзін на паўднёвы ўсход на старэнькім “ЛАЗе”
і вясна за Кармой, і ты ўсё лета ў Чачэрску
дзе сусед-вэтэран, што ведае ўсё аб празе
і смазе з раніцы, лаецца не па-чэску
дзе нас на летні час пераводзяць крыкамі пеўні
у кінатэатры “Акцябар” піраты і магараджы
а вечарамі з плястмасавай крышкі ўсё больш упэўнена
п’ецца мядзьведжая кроў на развалінах ратушы
шыкоўныя “ГАЗ” і “ЗІЛ” на пляцоўцы ля ДОСААФа
сто дваццаць км на сьпідомэтры і мы амаль неўміручыя
і хто мог знаць, што мясцовы маёр, буйнагабарытная шафа
так спрытна бегае й так балюча вушы накручвае
і вечаровыя рамантычныя падарожжы
з мэтай калгасных яблыкаў стырыць у садзе
і першыя траўмы – купаньні старэйшых суседак у Сожы
у таварыстве мальцаў, зь якіх кожны чацьверты сядзе
і Сож быў глыбокі, і віскат быў гучны, і малец быў хуткі
і пад вадою добра чыталіся ўсе іх рухі
і мы, ня ведаючы, як правільна пішацца ПРАСТЫТУТКІ
на прыбярэжным пясочку пісалі ШЛЮХІ
гэта праз год усё выглядала проста
бусі марусі, танькіны станікі, ленкі каленькі
і нязьменны стандарт 90/60/90
хлопцы ўносілі па 90 капеек, а я 60 як самы маленькі
а пасьля міма касы ў краме – лепей ужо маўчы
слоік зь бярозавым сокам – першы сур’ёзны твор мой
і на дзіцячай пляцоўцы недзіцячыя махачы
проста каб разагрэцца ці пахваліцца формай
помню шчарбатага хлопца – пярэднія нехта выбіў
шорты ніжэй за калена і губы ў таматным соўсе
ён замахнуўся двойчы і двойчы схібіў
а на маю нагу потым сам напароўся
думаю, зараз заб’е, а ён хутка залез на плот
і залізвае там баявыя раны
і раптам як закрычыць на ўвесь свой таматны рот
ТЫ ЯШЧЭ ЖЫЗЬНІ НЯ БАЧЫЎ КАРАТЭІСТ ЗАСРАНЫ!
яшчэ памятаю дзьве бойкі ў гонар дзявочай плоці
адна была з дошкамі, іншая з парай лёгкіх гантэляў
але нішто не закрэсьліць байца на чачэрскім плоце
які два разы замахваўся і два разы не пацэліў
і цяпер, калі нехта па п’яні жадае біцца
я адказваю ветліва: “слухай, наконт біцьця
пры ўсёй калясальнай павазе да тваіх мэга-біцэпсаў
ніхто з нас – ні я, ні ты – яшчэ ня бачыў жыцьця”