На ганку, на дзьвюх лавачках за столікам,
сядзелі зь Юрам, Славікам і Толікам
і трэці запар дзень гулялі ў карты:
занятак варты,
калі партнэр упарты й сам змагар ты.
А пойдзе карта – гэта вам ня мапа!
Гулялі ў “гаўналяпа”.
На што гуляць, каб сэнс наш меў занятак?
На распрананьне? Дык няма дзяўчатак.
Гуляць сур’ёзна? Скончыліся грошы.
На інтарэс? Занятак нехарошы.
На пстрычкі? Біць сяброў ніхто ня стане.
Сышліся, што гуляем на жаданьне.
Вядома, хто застаўся гаўналяпам…
Каб знаць, што пажадае Толік – кляпам
заткнуў бы рот, бо ён са мной дарма так:
я быў павінен заўтра пасьвіць статак!
Агульны статак – трыццаць тры каровы,
і раз на месяц – графік несуровы,
як на сям’ю, бо кожная ў чарзе.
(Ухілісься – сумленьне загрызе.
А шчэ суседзі! Шмат бы хто з суседзяў
сумленьне ў справе “грызьці” б апярэдзіў.) Ды нашая чарга яшчэ праз тыдзень,
а Толікава – заўтра. Толік – злыдзень!
Устаць за чвэрць гадзіны пад два гімны.
На мацюкі і туалет інтымны
згубіць хвілінаў дзевяць або дзесяць,
язык і пугу на плячо павесіць –
і можна сьмела шыбаваць на луг
з каровамі і купкай недалуг.
Наперадзе ішоў дзядуля Толіка
хадою вэтэрана й алькаголіка:
шмат ведаў пра жанчын і мэдалі,
каторыя далі і не далі.
За ім – ягоны сябар і пляменьнік,
мясцовы рыбнагляд і шызафрэнік,
па сумяшчальніцьве паэт-аматар:
паслухай верш – дасьць пакатацца катэр.
Наступны – бацька Толі, трактарыст,
спартсмэн і фан каманды “Джудас прыст”.
Ягоная палова – цёця Каця,
што працавала ў лодачным пракаце.
Будзь Толік, дык сабралася б сям’я.
І ў давяршэньне ўсёй клаўнады – я.
Ідзем і размаўляем з “рыбнадзорам”:
– Андрэйка, а ты вершы любіш? Сорам!
Як не любіць высокай прыгажосьці?
Вось ты паслухай, пачытаю штосьці:
“А над Чачэрскам зор, нібы гароху!..”
Я ўжо таксама вершаваў патроху
і, галяком купнуўшыся ўначы,
мог у адказ мэтафару сьпячы,
што зор там, як укусаў камароў
на срацы. Параўнаньне будзь здароў?
Ды вернемся з вышыняў да кароў!
Над вухам авадні вясёлай фугай.
Адмахваемся – хто хвастом, хто пугай.
Парнакапытным хораша на траўцы.
Мужчыны абмяркоўваюць, як знаўцы,
далікатэсы з торбы цёці Каці,
якімі ўчора грэбавалі ў хаце.
Салодка сьпіцца на чачэрскім сонцы
пярэстай халмагорцы і херсонцы,
цялушцы Зорцы і старэнькай Лысцы.
Сьпіць вэтэран, як немаўля ў калысцы,
пакінуўшы загад – глядзець Чарнушку,
бо гэта можа зладзіць нам вайнушку:
штодня ўцякае з лугу, чорт рагаты,
і іншых за сабой вядзе дахаты.
“Рагаты чорт” хутчэй была бязрогай.
Штодня ўцякала іншаю дарогай,
ня кожны раз трапляючы дадому.
Шукай пасьля й ці знойдзеш – невядома.
Ну, так і ёсьць. Бяжыць. Забудзь пра стому.
Дарэмна я гуляў у карты ўчора!..
Бягу за ёй, наперадзе Чачора,
фарсірую раку, як быў, у ботах,
лячу ўгару і пераводжу подых
адно каб азірнуцца на пагорку…
“Чорт! Мужыкі, трымайце Лыску й Зорку!”
Ці дзень такі, ці пасьвілі нягегла,
але палова статку такі зьбегла.
Ганяў яе па пустках і садах.
Вярнуўся, згодна з назвай, у дзядах,
зь вялікім гузаком на галаве,
паабстрыкаўшы рукі ў крапіве.
Але злавіў за Замкавай гарой
і потым пачуваўся, як герой.
А цераз тыдзень пасьвіць яшчэ раз…
Пасьля крычаў картыжнікам: “я пас!”
А калі хто казаў: “не на карову”,
я пачынаў сьмяяцца нездарова.