Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Слухай, што гэта — Слока? Юрмала, Дзінтара — ведаю: Узбярэжжа, Янтарнае. А што, па-вашаму, Слока?

Ён усміхаецца, нібы і сам чакаў, што я задам яму іменна гэтае, такое важнае пытанне, а ён, на радасць нам, адкажа — лёгка, проста і шматзначна.

— Слока — па-расейску вальдшнэп.

І мы як быццам здзіўляемся гэтаму цуду слова, які прыйшоў да нас так дарэчы іменна сёння і тут. Я раскашуюся ў гэтым цудзе, узмацняю яго яшчэ адным адкрыццём.

— Па-вашаму sloka, па-нашаму слонка. І па-польску таксама slonka або ў Міцкевіча — slomka. Паслухай, ты зразумееш мяне.

Мне ўспамінаецца наймілейшая ў свеце краса маіх родных мясцін і той, хто апісаў тую красу найлепш.

— Я буду гаварыць паволі і выразна.

І я чытаю яму, яшчэ ў маленстве назаўсёды паложаны ў памяць радок, адзін з вечна свежых — на кожны покліч і дотык:

W wieczor slychac w zaroslach szept ciagnacej slomki…[13]

— Ну, зразумеў? — пытаюся, ад шчасця нетактоўна.

Ды ён не крыўдзіцца. І я нарэшце схамянуўся — успамінаю, што ён і нашу мову вывучыў, і польскую не толькі адчувае… А можа, тут, у гэтай святыні высокіх пачуццяў, па-маладому хмельна-паэтычнага настрою — можа, тут хопіць і аднаго адчування музыкі слова?..

Вось яна, песня аргана, зноў пачалася. Зноў я гляджу туды, угару…

…Сёння не першы снег, сёння не першая шэрань.

Сёння ўжо на дварэ канчаецца люты. Кіслы, хлюпотны, занудлівы люты. Сёння за тоўста-каменнымі сценамі, за стралістымі скляпеннямі гэтай старадаўняй святыні ідзе звычайны снег — вельмі няпэўны, мокры, не першы…

А мне — пад музыку нашай нябачнай багіні — ціха, шчасліва і вельмі чыста, беленька ўспамінаецца сёлетні першы снег.

Ён, як заўсёды, прыйшоў нечакана. Перад гэтым мы, чатыры сябры, проста ўзялі білеты на рэйсавы аўтобус, каб паехаць нарэшце ў тую гарадзенскую глыбінку, куды нас прасілі вясковыя чытачы. Узялі білеты і, яшчэ прасцей, дамовіліся сустрэцца ўранні на вакзале. Нават і блізка не думаючы пра тое, што гэта быў апошні шэры адвячорак золкай восені.

А снег тым часам ноччу пайшоў, і ўранні мы глядзелі на яго праз вокны аўтобуса не так сабе, а па-святочнаму прыўзнята.

На цэлым свеце — белы снег, на ўсіх палях і дахах. На ўсіх на свеце дрэвах і дратах — першая шэрань. У вялікім, хуткім аўтобусе многа людзей. І ўсе яны — унучка, бабуля, студэнтка, адпускнік-салдат, заклапочаны бацька-калгаснік і валасата-бяздумны з выгляду юнак, — усе вельмі рады гэтаму беламу шчасцю, аднаму для ўсіх, і толькі не зразумела, чаму не спяваюць пра гэта, не смяюцца звонка, хоць бы, нарэшце, чаму не гавораць.

І недзе там… Грымі, мой нябесны арган, спявайце, сардэчныя скрыпкі!.. Недзе — у белым полі, святочным і безыменным — стаяў сабе шэры, трохі гудлівы тэлеграфны слуп. Не адзін, вядома, а ў рэдкай чарзе такіх самых слупоў, пад ацяжэлымі ад шэрані дратамі, але адзін толькі патрэбны мне і незвычайны. Каля слупа таго сядзеў… Так, не стаяў, а іменна сядзеў пянёчкам шэры заяц. Да зайца полем, па белай нерушы памалу, задаволена брыў чалавек са стрэльбай. Ён святкаваў сваю радасць, бо ведаў, што заяц, падбіты, нікуды не дзенецца, дапусціць яго на яшчэ адзін, найбліжэйшы стрэл. І шэры ведаў гэта і моўчкі чакаў, упершыню, адзіны раз у жыцці адчуваючы, як з яго выплывае чырвоная цеплыня.

І мы адчулі гэта, усе пасажыры аўтобуса. Заварушыліся, загаманілі. Раптам, нібы абурана, адны памкнуліся да акон гэтага боку, а другія прыўсталі. Але аўтобус махнуўся каля той безыменнай мясціны — стрэлу мы не пачулі.

Што — незвычайны аўтобус? Напоўнены толькі паэтамі, па-дарожнаму трохі сентыментальнымі? Ніхто са стрэльбай не хадзіў? Ніхто не ведае радасці першай парошы, удалага стрэлу?

Усё — не так. Я зусім не пра тое…

Той першы снег, з яго шчаслівай, чыстай маладосцю, тут нагадала мне задушэўная, урачыстая песня аргана, а кажучы не так узрушана і дакладней — яшчэ і снегапад, які праводзіў нас да самага парога Домскага сабора.

Ад чаго ж тады — апроч першага снегу ў дарозе — мне цяпер так жыва, так выразна нагадалася яшчэ і маладая, духмяная, як сырадой, салодкая канюшына? Круты, але не рэзкі і не дзіўны пераход: ад снежнай неабсяжнасці — да зялёна-нізенькага гушчару. Так робіцца толькі ў казках, у музыцы. Ну, а калі прасцей, дык мне і шэрае нагадала пра шэрае — заяц пра зайчыка.

Шэры, абсівераны слуп — гэта, па колеры, не шэры, бывалы, таксама абветраны заяц. А заяц, каторы бывалы, гэта не шэранькае зайчаня. Нават і коцікі на вербах не такія шэрыя і цёплыя, як поўсць на знойдзеным у канюшыннай кашы зайчаняці. На ім яна як пух на жаўранку, які яшчэ малы, не ўздымаецца ў вышыню ды не звоніць, а толькі ціхенька дрыжыць у гняздзе, пад рукой чалавека, якая зверху апускаецца над яго безабаронным жахам. На зайчаняці поўсць драпяста-шэрая, мякка-варсістая і цёплая — так і хочацца, так і боязна да яе дакрануцца.

Хлопчык ведаў, што зайца так, як птушаня ў гняздзе, не накрыеш. Тут ужо трэба маладзецтва, небывалае здарэнне, — каб ён, такі імклівы, няўлоўны, ды апынуўся ў тваіх руках. Але аднойчы такі цуд адбыўся. А што не з зайцам, а з маленькім зайчыкам, дык цуд ад гэтага быў ані крышку не меншы. Іх тады, цэлы вывадак зайчанят, не проста знайшлі ў канюшыне, а выкасілі. Як жа добра, што не падрэзалі касою! Вялікія, хто касіў, кінулі косы і пачалі лавіць зайчанят, што сыпанулі ва ўсе бакі. І смешна так, як завадныя, і не вельмі хутка. Цяжка сказаць, як гэта ён сам, той хлопчык, не дагнаў ніводнага. Можа, таму, што хацеў палавіць усіх адразу. А аднаго яму далі. Рука дарослага трымала зайчаня за вушкі, толькі пальцамі. А шарачок па-немаўлячы пацешна дрыгаў заднімі лапкамі, нібы ад радасці, нібы з усмешкай. Хлопчыку сказалі, што зайца няможна браць за спіну, а толькі за вушы, і малы чалавек, з вялікай асцярожнасцю і трывогай, узяў малога зайца так, як трэба браць, адчуў у пальцах і цёплыя лапінкі вушэй, і дрыганне ножак, а потым, ужо без парады дарослых, палажыў яго ў шапку і, нібы ў гняздзе, панёс трушком ды подбегам дахаты.

Так была знойдзена ў зялёным полі казка, ледзь не разгадана таямніца вельмі блізкай і далёкай радасці жыцця, нібы зразумелай, нібы і не, а так жа любай, пажаданай і вялікай — на ўвесь свет.

Казка не захацела далей раскрывацца. Зайчык не толькі не захацеў гаварыць, усміхацца, падміргваць, а нават і малака не хлябтаў, не еў свежай травіцы. Сядзеў на дне пустое бочкі… І не сядзеў, а ляжаў, калі зверху глядзець, як вялікая, шэрая рукавіца.

Хлопчыка выхоўвала маці. Часцей за ўсё без лішняга далікацтва, бо і сама яна была часамі ледзь не па-мужчынску грубаватая, заваленая клопатам, пажылая, з выгляду суровая ўдава. Гадавала хлопца тым розумам, што ўзяла ад бацькоў, ад людзей, ад народнае мудрасці, ды ад добрага сэрца. А яшчэ былі кнігі, у хаце і ў школе. Нямнога ды няхітрыя, бо чытачу таму толькі што споўнілася восем гадоў. Якраз неўзабаве пасля таго, калі ў бочцы з'явілася зайчаня. У сялянскіх сем'ях таго часу дзень нараджэння не быў ні святам, ні падзеяй. Добра яшчэ, калі хто ўспомніць. Маці не забывалася. Колькі тае работы не было, — якраз жніво, — яна знаходзіла час, каб спячы малому піражок. Сын зрабіў тады сваё свята яшчэ весялейшым — вызваліў зайчаня. Занёс за гумно, яшчэ трохі далей, і пусціў у авёс.

Дзеці сентыментальнымі не бываюць. Вельмі проста можна падумаць, што рашэнне тое хлопчыку падказала маці. Хутчэй за ўсё па-свойму грубавата: «Будзеш цацкацца з ім, а ён возьме ды здохне!» Можна ўспомніць і мудрыя казкі, якіх ён за некалькі зім свайго жыцця чуў ад яе нямала. Можна і кнігі згадаць добрым словам, — скажам, той вершык з чытанкі, дзе добрыя дзеці паслухалі маму і выпусцілі на волю вынятую з сіла сініцу.

Сентыментальным хутчэй магу быць я, не па гадах, не па доўгім вопыце літаратара, наіўна прыкрываючы свой уласны ўспамін нейкім іншым, уяўным хлопчыкам. Калі на чалавечы век глядзець як на большую ці меншую траекторыю, дык мая, апісаўшы сваю, даволі ладную дугу, ужо тым часам прыгнулася да першай унучкі, набліжаецца зноў да вытоку жыцця, да чароўнага свету маленства, з асэнсаваным разуменнем яго, з развітальнай тугой.

вернуться

13

Увечары чуваць у зарасніку шамаценне — цягне слонка…

92
{"b":"205400","o":1}