*** Сівыя пчолы… Сівыя пчолы, сівыя птушкі, сівыя людзі, я заблудзіў, бадзяга, у ваш лес, дзе дацьвітае пяціпалы бэз, каб вашу мудрасьць, як раку, прыгубіць. Сівыя людзі, сівыя птушкі, сівыя пчолы, па вашых пожнях сьцелецца смуга, у вашым небе выраяў туга — там чутны голас маёй птушкі кволай. Сівыя людзі, сівыя пчолы, сівыя птушкі, прыйду да вас аднойчы назаўжды, прыйду празь сьнег, сьпякоту і дажджы, віном зь сьлязою прошласьць памянуўшы. Зьмяіны Цар Мой гаспадар Зьмяіны Цар, ты ведаеш, як словы над вогнішчам купальскіх чар складаюцца ў замовы. Мой гаспадар Зьмяіны Цар, сьвятлом сваёй кароны ты кажаш шлях сярод імшар у храм дуброў зялёных. Мой гаспадар Зьмяіны Цар, ад хіжакоў дубровы хаваюць дзіўны твой аўтар без абразоў і словаў. Мой гаспадар Зьмяіны Цар, твайго аблічча рысы да аўтара нясём, як дар, і я, і сёстры рысі. Лес Хутка змрок абцяжарыць пчаліныя лёгкія скрылцы, мёдам Лес набрыняе да сутвы нямых каранёў, але — Лес не нямы: і ў лісточку, і ў кволенькай жылцы мова тчэцца лясная зь мільярдаў лясных галасоў. Нават самы няздатны і самы глухі з чалавецтва зразумее яе і забудзе, прасьветлены ёй, пра людскую душу, што спазнала пакуты калецтва, калі смагу спатоліла брата Іюды душой. Пан Лес Лес — гэта храм. У ім акрыяе Хам. Лес — гэта сьвятарнае мейсца, для душаў аблудных меса. Меў золата, срэбра Крэз, але калі б ён убачыў хоць раз наш бурштынавы Лес вышэй ад варагавых мачтаў, — паблякнула б срэбра яго і золата б паржавела, пад ногі б каменьнем лягло і сэнсу б суздром ня мела, бо Лес — гэта больш чым лес. Вам ранілі гострым сэрца, крывавіць, баліць парэз, і хочацца толькі сьмерці, стрывайце, знайдзіце моц дайсьці, дапаўзьці да Лесу, ён з боскай крыві прарос пакутнікам правіць месу, ён спыніць жывіцай кроў — такога ня змогуць людзі, і, быццам прадвесьні гром, у Вас немаўля прабудзіць. Жыцьцё і тым болей сьмерць загубяць свой сэнс цялесны — Пан Лес не дазволіць мець пачуцьцяў, што шкодзяць Лесу, бо нельга паганіць храм, бо нельга сьвятое нішчыць, куды ж тагды прыйдзе Хам ад хамства душу ачысьціць? Чырвоны радок
Кожны мой золак пачынаецца з сонца як пэргамэнты Слова пачыналіся з чырвонай літары а паганскія сьвяты з ахвярнай крыві Богу Сонца бо спачатку было Сонца і Сонцам быў Я і выкрэсьліў Я вам Слова і пачалося яно з крыві Ігара Дух …ды слова не прагняві, Бо слова належыць Духу, Кіньце слова гайні — I паляціць пацяруха. Змоўчыць абражаны Дух, Новае слова народзіць, Спыніць натоўпу рух, Каб гаварыць аб народзе. Зноў прыляціць гайня, Выйдзе зь яе плюгавы. «Дух — гэта, людзі, Я!» — Скажа, а сам з рагамі. Людзі разявяць рот — Як жа ж, такія словы: «З намі — увесь народ! Шлях — да адзінай мовы!» Людзі закрыюць рот, Кожны сябе спытае: «Гэта ж і я — народ — Лёс такі прычакаю?» Людзі закрыюць рот, Людзі апусьцяць вочы… Вось табе і народ, Думаць прывыкнуў моўчкі. З думай такой і вы: Выжыве Дух-заступнік, Знойдзе для нас правы, Зьнішчыць пасад наш кутні… Выжыве — гэна так! Знойдзе… I вам на тацы Медны падасьць пятак: «Вось вам на хлеб, засранцы!» |