Литмир - Электронная Библиотека
A
A

* Вега.

** Бэта і Гама сузор'я Ліры.

*** Дэльта Ліры.

І ў адчаі, разумеючы, што ўсё адно, што ў лепшым выпадку варта схопіць яго за буянства, Кірык зноў ускінуў да зор рукі і закрычаў:

– За-бі-ва-юць Хрыста-а-а-а!

Рэха, што заўсёды было ў вежах, падхапіла крык, пачало адкідаць, гуляць з ім, як з мячом. У верхніх ярусах званіцы пачалі выбухаць дзіўныя гукі:

– …ва-а… та-а… та-та-та!

І раптам здарылася дзіва. Ляснулі аканіцы, і ў акне з'явіўся белы твар.

– Чаго?

– Хрыста катаваць павялі.

Яшчэ і яшчэ галовы з'яўляліся ў вокнах.

– Дзе? Дзе?

– Хрыста забіваюць! У замку! Хрыстос прыйшоў у Гародню. Нас бараніць.

Адзін чалавек выйшаў з дому і другі. І трэці… Цяпер крычалі чатырох. Выйшаў заспаны чалавек з кордам.

– Што такое?

– Катаваць павялі! Ганец сказаў, што яны яго – па гардзёлцы! Што нам не ён патрэбен, а даўгавая турма!

Гэтая абраза перапоўніла чашу цярпення. Узвіўся да шпіляў званіц рык.

…І тут пайшло. Выбеглі з халупы два чалавекі з молатамі. Кінуўшы бедную крамку, выскачыў з бязменам гандляр.

– Хрыста ратаваць! – крычалі дзесяткі галасоў.

Усё абрастаючы, натоўп каціўся за Кірыкам. Грукалі ў дзверы, у вокны. Білі ў іх молатамі так, што ўздрыгвалі дамы, і, хочаш не хочаш, трэба было выходзіць.

Ля карчмы натоўп вырас удвая, прыядналіся бражнікі. Карчмар крыкнуў і, скінуўшы з пожага ў агонь курай – полымя шуганула, нібы з пекла, – прыяднаўся да тых, што ішлі. П'янічкі захапілі паходні. І калі раней у канцы вуліцы, на захадзе, ззяў у вочы людзям жоўты Арктур, пуцяводная лампада, то цяпер зоры нібы пабляклі ў чырвоным зарыве.

Непадалёку ад Ростані прыяднаўся да гурмы Зянон з сотняй людзей, а на самой Ростані – натоўп, які вялі Кляонік і Марка.

Валілі і валілі з дамоў, завулкаў, тупікоў яшчэ і яшчэ людзі. З ланцужнымі жгутамі, з доўбнямі, з іржавымі сякерамі, з друкамі, выламанымі з платоў, з лукамі.

Кінуўшы ля мясных радоў статак, прылучаўся да плыні пастух з прашчою, мяснік з разаком.

– Хрыстос прыйшоў у Гародню!

Цяпер ужо аніяк не менш за семсот чалавек валіла да замка.

Ноч чырванела агнём.

Сінедрыён на ўсе вочы разглядаў Багдана Роскаша. Відовішча было сапраўды дзіўнае. Пад мешкавінаю хітона тапырылася пацёртая шляхецкая чуга, у запазусе была мехавая шапка (нібы кот прыгрэўся і спаў). А на нагах – такія самыя мужыцкія поршні, як ва ўсіх.

Роскаш стаяў, ганарліва адставіўшы нагу. Даволі магутнае пуза – наперад, грудзі напнуў, твар – чырвоны, вочы – вырачаныя, вусы – заліхвацкія, звіслі да сярэдзіны грудзей, шчокі – трохі адвіслыя і такія круглыя, быццам ён іх назнарок надзьмуў.

Непрымірыма глядзелі на сінедрыён каламутна-сінія вочкі. Грэбліва быў скрыўлены рот – рот аматара выпіць і задзіры. Для паўнаты карціны не хапала толькі шаблі.

– Ты хто? – спытаў Лотр.

– Не чулі, ці што? – грэбліва кінуў Багдан. – Я Роскаш Багдан. Беларускі шляхціц. Вось.

– Ты зараз не шляхціц, а падсудны, – сказаў Лотр.

– Гэта вы – адзін выгляд, а шляхта была, ёсць і будзе. Зброю вось толькі я ў фургоне пакінуў, а то не на мяне б вы зараз выскаляліся, а на вечка сваёй труны.

– Што ж ты, шляхта, сярод валацуг? – спытаў з'едліва Лотр.

– Сам ты хамло і бадзяга, – сказаў Роскаш.

Лотр ледзь стрымаўся:

– Добра, кажы.

Роскаш стаў яшчэ больш зухаваты, адставіў нагу яшчэ далей.

АПАВЯДАННЕ БАГДАНА РОСКАША

– Мужыцкая толькі морда можа не ведаць, што такое род Роскашаў і да якога роду, суёму* і герба мы належым. Але я не здзіўляюся і велікадушна вам дарую, бо папы – збольшага ўчарашнія мужыкі – і самых важлівых рэчаў могуць і не ведаць.

* Суём – нешта накшталт клана.

Былі мы калісьці багатыя, як халеры, але літоўскі напад выбіў славуты род Роскашаў з сядла, хаця і не збіў з ног… Фальшывым загадам гэтага хама, гэтай кіслай аўчыны, Міндаўга, адабралі ў нас набытак продкаў, землі, і аддалі такому самаму кіпацю, як і Міндаўг, нейкаму бязведамнаму Квясткгайле. Засталіся мы на гэтай нашай зямлі гасцямі і высіліліся, але гонару не страцілі.

І асабліва заеўся я з гэтым аслянём, з малодшым Квясткгайлам, Тадэем. Мала яму было таго гонару, што на зямлі, якая яму няправедна належыць, сядзіць былы гаспадар, чалавек такога роду, як я, – ён падумаў з мяне яшчэ нейкую «гарэнду» браць, барбар такі… Вядома, не бачыў ён ад мяне дулі з макам і скідзельскага пачастунку.

У той дзень я высакародна араў сваё поле. Быў у гэтай вось футраной шапцы і, як то належыць лыцару, пры мячы на баку, пры гакаўніцы за спіною, пры рагу для пораху, або, як мы кажам, «маку». Зброя павінна быць пры сабе, бо твой гонар у тваіх руках, і яшчэ… кожную хвіліну нехта слабы можа прыпасці да ног тваіх, молячы аб лыцарскай тваёй дапамозе.

Скура ў мяне не такая грубая і закарэлая, як у нейкага там мужыка або ў польскага ці жмойскага двараніна, і таму я ішоў за высокай сваёй сахою асцярожна, каб церне не ўпялася ў нагу.

І тут пад'ехаў на паршывым сваім варанку гэты хам у магнацкай вопратцы, якая сядзела на ім, як на карове шытае сядло. Пад'ехаў і, паколькі не ўмеў весці высокую бяседу, адразу пачаў непрыстойна лезці і прыставаць з гэтай сваёй «гарэндай».

Некаторы час я маўчаў. Гэта таму, што гэтыя худародныя сівалапы маюць кепскі слых. Скажаш ім: «Слава Езусу» – Божага імя яны, пыхатыя, не чуюць. Але затое варта камусьці ў іхняй кампаніі трахнуць – яны пачуюць адразу. Кожнаму сваё. Кожны чуе тое, да чаго найбольш звык. Іхнія вушы прыстасаваныя не для гучання Божага імя, а для больш нізкіх гукаў. Вусны іхнія забылі, як вымаўляецца слова «Езус», і памятаюць толькі словы: «Ф-фу, хамства».

І вось ён ехаў побач са мной і звягаў. А я маўчаў. Аж датуль, пакуль ён не сказаў нешта наконт таго, што хай ён не будзе Тадэем Квясткгайлам, калі не прымусіць мяне заплаціць. Толькі тады, учуўшы брыдкае Богу ягонае імя, я зрабіў ласку адказаць і кінуў:

– Што твая «гарэнда» перад шляхецкім гонарам? Тфу!

Тады ён пачаў непрыстойна выхваляцца сваім захудалым шляхецтвам. І я сказаў яму з годнасцю:

– Тфу ты, а не шляхта! Вы з лясоў жмойскіх прыйшлі. Вы пісьма не ведалі, а Роскашы – карэнныя тутэйшыя. Вы на мядзведзях жаніліся, калі нас князь Усяслаў у лыцары вялебна ўсвяціў.

– Брэшаш. Мы вас заваявалі.

– Гэта мы вас заваявалі, – кажу. – На чыёй мове гаворыш, дзікун?!

Яму няма чым адказваць.

– Давай, – крычыць, – грошы!

А я яму, як соллю ў вочы, праўду:

– Вы ад Гедыміна па пятай бакавой малодшай лініі, а я ад Усяслава Полацкага – па другой. Тфу тваё дваранства перад маім!

– Хам! – насмеліўся ён.

– Дзікуны вы. З быдлам вы спалі ў круглых халупах сваіх. У шкурах хадзілі вы!

– Мужык!

Тут я, нібы праполваючы, выдраў чартапалох, святую нашу гербавую расліну, і сунуў яго пад хвост хамскаму каню гэтага хамскага нібы магната. Конь гэты даў свечку, і той вылецеў з сядла і бразнуўся ўсім целам аб раллю… І ён яшчэ казаў, што дваранін. Ды дваранін нізавошта б з каня не ўпаў – хіба што толькі зусім п'яны.

Я стаў над ім – не рухаецца.

– Я т-табе дам «мужык», – спакойна сказаў я.

Падумаў трохі, а потым выпраг каня, каб не пакутавала жывёліна, пацалаваў у храпу вернага свайго баявога сябра дый пайшоў па раллі да пушчы.

Перад Лотрам стаяў чарговы са святога сямейства. Той самы боўдзіла, што граў у містэрыі Хрыста. Ён перамінаўся з нагі на нагу, і падлога стагнала пад ім. Цяпер на ім не было залацістага парыка. Свае валасы, бруднавата-рыжыя ў іржу, былі зблытаныя. Лоб нізкі. Надброўныя дугі вялізныя. Тупаваты, але даволі дабрадушны твар – увасабленне флегмы.

– А ты? – спытаў Лотр.

– Гэна… Я? – спытаў, нібы здзівіўшыся, целяпень.

– Гэна… ты, – сказаў кардынал.

– Акіла Кіёвы, – сказаў чалавек.

– Распавядай, – сказаў Балвановіч.Целяпень плямкаў вуснамі, як мень.

АПАВЯДАННЕ АКІЛЫ КІЁВАГА

– Гэна… А я што? Я лесаруб… Прыстаў да іх, хай яно… Лесаруб я… Хаціну меў… гэткую… Ледзь, можа, болей… ну… за дупло… З хаціны… як жа яно… сагналі… Лес стаў запаветны… каралеўскі… Ну і потым, я на зборшчыка падаткаў выпадкова дуб пусціў. Спляжаны. І не сказаць, каб вялікі быў дуб. Так год на семдзесят. Ды, мабыць, трапіў па голым месцы.

25
{"b":"13178","o":1}