Литмир - Электронная Библиотека
A
A

За імі грукатаў драны жалкі фургон, а перад імі ішоў чалавек.

З цярновым вянцом на лбе.

РАЗДЗЕЛ VІ СЫСЦЕ Ў ПЕКЛА

…тых людзі разбараняць, бо ў запекласці сваёй бакі і галовы папрабіваць маглі і іншыя члены папсаваць, і было б з таго шкода і псота вялікая іх мосці і верхнасці каралю. А людцы тыя біліся і дараносіцамі, і каўчэгамі, і з моста ў ваду, дзе на глыбокім, адзін аднаго звяргалі; як тыя катќ біліся, што засталіся ад абодвух адны хвасты; сысце пана Езуса нават іх не разбараніла б і не суцішыла.

Варлаамаў летапіс

Перад Старым рынкам, аддзеленая ад яго будынкам ратушы, ляжала маленькая квадратная плошча Ростань. Крыжападобна ішлі ад яе чатыры вулкі. Адна, самая кароткая, Старая вулка, злучала Ростань са Старым рынкам. Суседняя з ёю вуліца, Малая Скідзельская, вяла на ўсход. Яна злівалася з Вялікай Скідзельскай і за брамай выходзіла на Скідзельскі шлях, што вёў на Наваградак і Менск. Насупраць Малой Скідзельскай ляжала вулачка, што вялікай дугою ішла да заходняй брамы замка. Насупраць Старой – вуліца, што вяла да рамесніцкіх кварталаў.

Апоўдні таго дня на Ростані было непрытульна. Два натоўпы стаялі адзін супраць аднаго. З боку слабод напіралі мяшчане і рамеснікі з дручкамі, пожагамі, мечнымі палосамі.

З другога боку, загаціўшы выхад з Ростані на Старую, запоўніўшы ўвесь гэты кароткі завулак, калыхаўся натоўп гандляроў і багатых мяшчан. Гэтыя былі ўзброены лепей, але ў бойку лезці не спяшаліся. Атлусцелі. Спрыту не было ў членах. Ахвоты не было ў душах.

На чале натоўпу стаяў сам бурмістр Юстын, у кальчузе і пры мячы. За ім шчацініліся дзідамі шэрагі багатых купцоў, цэхавых. У атачэнні асабістай варты стаялі ратманы і лаўнікі.

Чакалі. Але ведалі: без бойкі не абыдзецца. З варожай вуліцы ўвесь час ляцела грознае:

– Хлеб! Хлеб! Хлеб!

Кірык Вястун не хацеў так, дарэмна, лезці на ражон. Паслаў у абход сыраядцам шэсцьдзесят падмайстраў і маладых мяшчан пад рукою разьбяра Кляоніка і Маркі Турая. Тыя нешта марудзілі. Проста перад сабою каваль бачыў вусы, разверстыя раты, налітыя крывёю вочы, зброю. Мільгнулі недзе сярод варожага натоўпу твары хлебніка і «рыбнага кардынала».

– Хлеб! Хлеб! Хлеб!

Кірык ведаў: не адаб'юць хлеба, не прымусяць падзяліцца – людзі неўзабаве пачнуць пухнуць. Вось гэтыя, звычайныя людзі, сябры. Гэты чорна-сівы Гіаў Турай, і Ціхон Вус з залатымі вышэй кісці рукамі, і гэты дудар, чыя дуда зараз плача над імі, і гэты шэравокі мужык Зянон, і сотні іншых мяшчан і мужыкоў.

Нехта крануў яго за плячо.

– Ты чаго тут, Марка?

– Выбраліся мы Шывальнай вуліцай на Заходні абход, а там духавенства ідзе. Дарогу перарэзала. Страшэнная сіла. Безліч. Калі вакол замка бегчы – не паспелі б. Яны вось-вось тут будуць. Хрэсным ходам разбараняць ідуць.

– Што рабіць? – спытаў суровы Кляонік.

– Ісці на гэтых, – змрочна сказаў Кірык. – Прашчнікаў сюды.

Народ павольна пачаў выціскацца з вуліцы на Ростань, расцякацца ў шэрагі.

– Вус, – сказаў каваль, – бяры дзесятак хлопцаў ды запры выхад з Заходняга абходу. Не пускай гэтых папоў нас разбараняць.

– Не хопіць. Мала нас.

– Як напруць, то адступай сюды.

– А як яны між намі і імі разбараняць палезуць?

– Бі па галовах, – гыркнуў Кірык.

– Папоў? З розуму з'ехаў, ці што?

– Папоў. Чаго ім у мірскія справы шчаміцца? Мы ў цэрквы не ломімся.

Шалёна зараўла над галовамі дуда. Засвісталі над галовамі, заляскалі – пакуль тое, па бруку, каб напалохаць – каменні.

– Хлеб! Хлеб! Хлеб!

Два натоўпы сутыкнуліся якраз на мяжы Ростані і Старой. Доўбні мільгалі рэдка, ды імі і нязручна было дзейнічаць у цеснаце. Спадзяваліся галоўным чынам на кулакі. Біліся з ярасцю, аж храбусцела.

– Хлеб! Куды хлеб падзелі, навалач?!

Натоўпы віравалі.

– Хлеб?! Гной вам есці! – крыкнуў хлебнік.

Каваль навярнуў яму. Марка і Кляонік урэзаліся ў рады багатых плячо да пляча.

І тут Вястун убачыў, як з трэцяй вуліцы пачала выплываць залітая золатам, іскрыстая маса. Над ёю клубамі віўся дым ладану.

Ішоў хрэсны ход. Плылі праваслаўныя харугвы і каталіцкія пратэсы. У кранальнай еднасці. Нібыта ніколі не было і нават не магло быць іначай.

– Ах ты, ратуй, Пане Божа, людзі твае! – вылаяўся Турай.

Людзі Ціхона Вуса, хаця і вельмі павольна, але адступалі перад духавенствам. Ім нельга было біцца, яны стрымлівалі хрэсны ход дрэўцамі дзідаў, але вага тых, што ішлі, была нязмерна большая.

Вястун ледзь не застагнаў. Два натоўпы біліся ўпарта: чулася лясканне камянёў аб латы, з храбусценнем ламаліся дрэўцы дзід, мільгалі кулакі. Лаянка, крык, праклёны стаялі над натоўпам.

Але збіць гандляроў пакуль не ўдавалася. Яны стаялі насмерць, ведаючы, што калі адступяць са Старой на рынак – рамеснікі кінуцца да крам і складаў, а самім ім давядзецца змагацца на мосце, а там, як гэта не раз ужо было, будуць звяргаць з вышыні ў ваду, у роў.

Яны разумелі, што, адступаючы, можна страціць і тавар і жыццё, і таму пасоўваліся назад вельмі павольна.

Усё бліжэй плылі да месца бойкі рызы, пратэсы, крыжы, статуі на памостах. І вышэй за ўсё плыў над натоўпам убраны ў парчу і золата Хрыстос з усмешлівым васковым абліччам.

– Прымірыцеся! – закрычаў Жаба. – Калі бракуе апекавання, падае народ, а пры шматлікіх дарадцах…

– Яшчэ горш падае, – зарагатаў Кляонік.

– …працвітае, благадзенствуе. Ну, што вам трэба? Рай жа ў нас. Памятаю, выпівалі…

Лотр, замыкаўшы ад ганьбы, вельмі спрытна прыкрыў яму далонню рот.

– Браткі, браціе! – выгукнуў Балвановіч. – Мір вам! Мір! Што вам у гэтым хлебе? Не хлебам адзіным…

З адчаем заўважыў Кірык, што бойка суцішылася. Шмат хто зняў магеркі. Рукі, якія толькі што крушылі ўсё на сваім шляху, пачалі класці крыжы.

– Пан Бог сказаў: царства маё не ад гэтага свету. А вы ў гэтым свеце хлеб сабе шукаеце.

– Гэй, бацька, спяваеш дужа салодка! – крыкнуў Дудар.

На яго гыркнулі. Невядома, чым гэта ўсё магло скончыцца, але сапсуў сваю ж справу біскуп Камар. Насупіўшы грозныя бровы, ён сказаў:

– А што хлеб? Тфу ён, хлеб!

І, нібы скарыстаўшыся з ягонай памылкі, раптам страсна залямантаваў Зянон:

– Язычнік ты! Паганец! На хлеб плюеш! А чым Ісус апосталаў прычашчаў?!

Другі раз за два дні здзівіўся мужыку Вястун. Але не толькі ён. Здзівіліся і астатнія. Блюзнерства сказаў біскуп. Па-простаму задумаў пагаварыць, халера.

Натоўп зароў. Друкі ўзляцелі над галовамі. Урэзаліся адна ў адну дзве масы, змяшаліся, спляліся. Шэсце, разубранае ў золата, ударылася аб жывы заслон, пачало свідраваць яго, імкнучыся стаць паміж тымі, што біліся. Гэта, аднак, не ўдавалася. Над месцам бойкі стаяў пах поту і пах ладану, вісела лаянка і дзікія гукі псалмоў, хісталіся – усё ўперамешку – крыжы, друкі, дзіды.

Зверху ўсё гэта моцна нагадвала тры стралы, нацэленыя вастрыямі адна ў адну, крыж з адламанай ножкай.

У крыжа не хапала адной часткі. Але ў самы разгар сутычкі з'явілася і яна: з Малой Скідзельскай вуліцы павольна выходзілі трынаццаць чалавек у радне. Трынаццаць, пакрытыя пылам усіх бясконцых беларускіх дарог. Такіх журботных, такіх манатонных, такіх пяшчотных.

– Стой-ойце! Глядзі-іце! – закрычаў нехта.

Крык быў такі, што бойка адразу суцішылася. Ашалелае маўчанне павісла над натоўпам. Кірык бачыў, што ўсе пераглядаюцца, але ніхто нічога не разумее. І раптам – спачатку нясмела, а потым ярасна – раскаціўся над гурмою багатых рогат.

Хлебнік паказваў пальцам на шэсце:

– Глянь, гэты ў мешкавіне.

– Крыж нясе, – рагатаў рыбнік. – І вянец. Гэй, дзядзька, лоб паколеш!

Рогат неўзабаве заразіў і бедных мяшчан.

– Морды ў іх штосьці мятыя, – скаліў зубы Зянон.

Кляонік трымаўся за жывот:

– Не, вы глядзіце, якая ў яго морда круцельская. Святы ваўкарэз.

Не рагатаў адзін Лотр. На вуснах ягоных была грэблівасць. Нават ён не зразумеў, што гэта містэрыяне.

15
{"b":"13178","o":1}