Литмир - Электронная Библиотека
A
A

– А мы і яму… паможам, – засмяяўся Кірык.

– Чым? – злосна сказаў Дудар. – Чым ты іх трахнеш? Адным гэтым сваім молатам? Сапраўды, разбалбаталіся аб тым, што калі яшчэ будзе. Лепей падумайце, як вы зіму пражывяце.

– Вось голад і закрычыць, – сказаў Вястун.

– Гэ! Хай сабе крычыць, – сказаў Турай. – Галавы ў яго няма. Іконы ў яго няма. А нашы людцы звыкнулі скопам толькі за цудатворнай.

– Пане Божа, – уздыхнуў Зянон. – Ну хаця б дрэнненькі які, абы наш, мужыцкі Хрыстос з'явіўся.

– Чакай, – сказаў Кляонік. – Яшчэ столькі чакай.

– То, можа, без яго? – іранічна спытаў Вястун.

Людзі сядзелі моўчкі. Грубаватыя твары трохі маршчыніліся ад не вельмі звыклых думак. Нікому не хацелася першаму кінуць слова.

Сказаў яго Зянон. Яму дагэтуль было нязручна. Сябры абаранілі яго, і горш за ўсё было тое, што яны могуць палічыць яго баязліўцам. І таму, хаця меха, на якім ён сядзеў, магло хапіць надоўга, няхай сабе і на зацірку, Зянон крэкнуў:

– Чаму ж, без яго дык без яго.

Вястун са здзіўленнем глядзеў у шэрыя, глыбока пасаджаныя Зянонавы вочы. Не чакаў ён ад яго гэтага спрыту. Бач ты, раніцай за сябе заступіцца не мог, а тут… Ну, не трэба ж і яму, Кірыку, быць горшым за такога ціхоню.

Ён устаў і, крутануўшы, кінуў свой молат угору па схіле. Молат апісаў вялізную дугу і ўпаў у траву і нізкі цярноўнік. І раптам адтуль са звонам падскочыла ў паветра і рассыпалася на пырскі шкляная суляя. А за ёю, успуджаныя, ускінуліся манах і жанчына.

Кінуліся ўцякаць.

Некаторы час сябры ашаломлена маўчалі. Потым пакаціўся рогат.

– Бач, як іх, – сказаў Вястун. – Ану, хадзем. Ты, Турай, з сынам, на Рыбны рынак, а я з Зянонам на Стары. Ціхон – на левы бераг. А ты, Кляонік, гані на слобады… Паспрабуем, ліха на яго, узняць канцы ды трахнуць гэтых, што дужа хлебныя, ды заадно і замкавыя склады.

Яны развіталіся ля моста. Кірык і Зянон рушылі ўгору, зноў на рынак, але прыйшлі туды ў неспакойны час. Варта якраз заспела абаіх прарокаў за недазволенымі казанямі.

І вось юрод кідаў у воінаў прыгаршчамі каровінага гною, а зверападобны Іллюк біў па руках, што адусюль цягнуліся да яго, і зверагласна крычаў:

– Не чапай! Я Ілія! Не чапай, кажу! З мяне ўжо галавы не здымуць! За мной Хрыстос ідзе!

Расстрыга страшна круціў вачыма.

– На беззаконні! Язык мой – звонам у роце!

– А вось мы табе зубы выб'ем, – сказаў яму Пархвер. – Тады языку твайму ў роце куды вальней боўтацца будзе.

Натоўп закрычаў:

– Не руш! Не руш, кажу, прарока! – наліваючыся крывёю, рыкаў знаёмы гаршчэчнік Хларэнт.

І тады Вястун з ходу ўварваўся ў «гульню».

– А вось мы вашыя свірны памацаем!

– А чаго?! – узвыў натоўп. – Чаго, сапраўды?! Даввай!

Варта, разумеючы, што справы дрэнь, ашчацінілася была дзідамі. І тады Хларэнт папляваў у далоні і, паддаўшы плячом, перакуліў на іхнія галовы воз сваіх жа гаршкоў. Да тых, што засталіся цэлыя, пацягнуліся адразу сотні рук, пачалі кідаць ва ўзброеных.

– Бі іх, – крычаў Хларэнт. – Усё адно варыць няма чаго.

Гаршкі звонка разбіваліся аб шаломы. Варта павольна адступала ад замка.

– Людзі! У доўбні! – крычалі адусюль. – Мы іх зараз!

Гігаталі і ўставалі дыбам коні. А над усім полем пабоішча юрод уздзяваў угору складзеныя «знакам» пальцы і крычаў:

– Ідзе! Ужо ідзе Хрыстос!

РАЗДЗЕЛ ІV «ЛІЦАДЗЕІ, СКАМАРОШКІ, БЛАЗНЫ НЕСАМАВІТЫЯ…»

Але злы дух сказаў у адказ: «Ісуса ведаю і Паўла мне вядомы, а вы хто?»

Дзеяніі,гл.19, ст. 15

Вачыма намізаюць, і ў дуды равуць, і хары авечыя і іншыя на вобразе Божым носяць, і беса цешуць, і, плешчучы далоньмі, клічуць: «Лада! Лада!» Сірэч бес і бог бесаў Ладон. А таму дуды іхнія і жалейкі ламаць і паліць.

Сярэдневяковы загад аб ліцадзеях

Днём напярэдадні ў мястэчку Свіслач адбылася сумная і журботная гісторыя: жыхары ўпершыню пазнаёміліся з ліцадзеямі, а тыя – з гасціннасцю мясцовых жыхароў.

Яшчэ і дагэтуль існуюць нетэатральныя гарады, – што ўжо казаць пра тыя часы?! Але нават тады, калі толькі батлейка ды вандроўныя жанглёры неслі ў масы святло мастацтва, гэта мястэчка было самае нетэатральнае з усіх нетэатральных мястэчак.

Рэдка-рэдка бараздзілі тады Белую Русь самотныя ліцадзейскія фургоны. Рэдка-рэдка вырастала з іхніх барознаў што-небудзь вартае. Хадзілі часам з містэрыямі бурсакі-шкаляры, спевакі, цыркачы. Часам трапляліся вечна галодныя акторы-прафесіяналы. На ўсіх іх, акрамя батлейшчыкаў, глядзелі з недаверам. Фокусы іхнія нагадвалі чарадзейства і не былі святой справай накшталт лерных спеваў. Ды, потым, занадта часта пасля іхняга адыходу знікалі з падстрэшша сыры і каўбасы, а з платоў – кашулі і іншае.

Таму, калі ў той дзень прыцягнуўся ў Свіслач прадзёрты палатняны фургон, запрэжаны парай кляч, жыхары не чакалі ад яго нічога добрага. Не чакалі, але глядзець прыйшлі, бо палічылі фургон за нечувана вялікую батлейку.

Містэрыя пачалася бліжэй да вечара, пад вялізным абшчынным дубам. Дзве дошкі, пакладзеныя на задок фургона, вялі з яго на памост, з якога, бывала, чытаў казані вандроўны прапаведнік ці агалашаў аб'явы панскі паюк.

Сядзеў на гэтым памосце і копны суд, калі прыязджаў у мястэчка.

А цяпер гэта была сцэна, і кулісамі ў яе былі з аднаго боку фургон, з другога – ствол старадаўняга дрэва. Мужыкі сядзелі на траве і вылуплівалі вочы на дзіўнае відовішча. Лялькі – гэта нястрашна, а тут жывыя людзі рабілі такое, ад чаго ратуй нас, Пане Божа.

Людзей тых было трынаццаць. Відаць па ўсім – нездарма. І рабілі яны, на думку мужыкоў і мяшчан, справу няправедную: рыхтаваліся распінаць Хрыста. Ніхто не бачыў, што праца гэтая людзям нязвыклая, што яны пакутліва стараюцца і што з гэтага нічога не выходзіць.

Пілат у хламідзе з паперы стаяў слупам пасярэдзіне памоста і круціў вачыма так, што бабы абміралі ад жаху. На галіне дуба стаяў чалавек у вопратцы анёла, якому, па ўсім відаць, трэба было неўзабаве спусціцца на памост па душу распятага. Вельмі высокі і моцны, шыракаплечы, са смешным абліччам і густымі бровамі, ён трымаў на грудзях канцы блакітных крылаў, каб не зачапіліся, і шаптаў нешта чалавеку, які стаяў пад ім, у ценю:

– Ну, які з Багдана Пілат, Іосія? Няварты Пілат.

– Пхе, – сказаў голас з цемры. – Пілат няварты быць не можа. Не прывязвайся да яго, Юрась. Ведай свае крылы і стой сабе. Глядзі сабе, як Шалфейчык добранька вісіць.

Адзін з распятых ужо разбойнікаў – па тыпу расстрыга, па носу запівоха – пакасіўся на іх і застагнаў, закаціўшы вочы.

Пілат паказаў рукою на крыж і, выгнуўшы даволі значнае пуза, агаласіў:

– А вось уліце яму воцату ў рот, каб не думаў пакутваць за чалавечы род. Прынясіце цвікі з асіны для сабачага сына.

– Для чалавечага сына, – падказаў распяты Шалфейчык.

– Сам ведаю, – голасна сказаў Багдан-Пілат. – Хам ты.

Гледачы, хто баяўся, а хто і шаптаў. Шапталі двух у адзеннях вандроўных гандляроў. Сядзелі яны збоку, адкуль відаць было анёла на дубе.

– Ведаеш, што мне здаецца? – спытаў адзін.

– Ну?

– Гэты, на дубе… Каплан з Ванячэ загадваў яго шукаць. Гэта, па-мойму, той, што на агнявым змеі зляцеў. Мы яшчэ яго перастрэлі ў пушчы. Спаў на гарачай зямлі.

– Быць не можа гэтага, – флегматычна адказаў другі.

– Я табе кажу. Глядзі, твар які смешны. У людзей часта ты такія бачыў? Зноў жа, крылы.

– Не можаць гэтага быць.

– Знакі нябесныя забыў? Чаго ён на праклятым месцы спаў? Чаго казаў, што ніякіх д'яблаў не баіцца? І запомні… і каплан, і магнат наш яго шукаць загадалі. Паліць такіх трэба. Сатана гэта.

– Быць гэ-та-га не можа.

– Глядзі, і корд той самы.

– Гэтага не можаць быць.

У гэты час у натоўпе раздаўся ўздых жаху. На сцэну з фургона вываліліся два эфіопы. Адзін быў здаровы, як халера, другі тонкі і вельмі жанчынападобны. Але абодва былі чорныя, як дзеці самога сатаны. Дошкі прагіналіся пад іхнімі нагамі, бо яны цягнулі пад рукі чалавека з пароды тых, пад якімі падаюць у непрытомнасці коні. На чалавеку быў залацісты парык, а з-пад яго глядзела тупая, але даволі дабрадушная морда.

12
{"b":"13178","o":1}