Натоўп узвыў ад жаху.
– Чэрці! – крычаў нехта.
І тут з дуба раздаўся анёльскай прыгажосці голас. Быў ён мяккі, гучны і моцны. Гэта, схаваўшыся за ствол, каб не заўважылі, гаварыў чалавек з крыламі.
– Ціха вы. Не чэрці гэта – эфіопы. Сажай яны намазаліся.
– Брашы! – крыкнуў нехта.
– Праўду кажу. Зваць іх Сіла і Ладысь Гарнцы.
– Хрыста нашто крыжуеце?!
– І ён не Хрыстос. Знарок ён гэта. Дрывасек ён былы. Зваць яго Акіла Кіёвы.
– Ну, глядзі, – трохі супакоіўся натоўп.
Эфіопы цягнулі Акілу-Хрыста да крыжа. Акіла пручаўся. І ясна было, што Гарнцам не пад сілу весці яго.
– Чуў? – спытаў адзін гандляр у другога. – Голас гэтага, крылатага, чуў? Голас той самы.
– Не можаць гэ… Праўда твая, браце. Той самы голас.
Натоўп весела рагатаў, сочачы, як лётаюць эфіопы вакол Хрыста.
– Дай ім, дай!
Акіла круціў рукамі, напінаўся, але ўсё ж ішоў наперад. Урэшце мурыны, скрыгочучы зубамі, узвалаклі яго на крыж.
– Ану, прыбівайце, каб не сышоў! – рыкаў Пілат.
І толькі тут сёй-той у натоўпе зразумеў: гэта табе не жартачкі. Крычалі-крычалі, а тут, бач ты, Бога распінаюць.
– Хлопцы, – спытаў легкаверны голас, – гэта што ж?
– Бог… Амаль голы.
– Адзенне дзеляць.
Анёл пачаў шаптаць таму, хто стаяў ніжэй яго:
– Скажы Аўтуху і Лявону, хай не дзеляць.
«Салдаты» не зважалі на шэпт. Дзялілі са смакам і з веданнем справы. Над натоўпам вісеў размераны – як па труне – грукат малатка.
Акіла на крыжы закінуў галаву, закаціў вочы і выпусціў дух. Эфіопы адступілі, каб з выглядам мастакоў палюбавацца сваёю працай. І тут здарылася непапраўнае.
Пад вагою Акілы крыж склаўся напалам (так яго было зручней перавозіць у фургоне: складны, з прыступачкай для ног, з надпісам «ІNRІ», які толькі што так велічна аблямоўваў Акілаву галаву). Крыж склаўся, і пад ім, паказваючы небу зад, стаяў вялізнай перавернутай іжыцай Акіла Кіёвы, няўдалы Езус.
– Хлопцы, гэта што ж? – спытаў нехта. – Што ж гэта, у Госпада Бога нашага зад быў? Ану, спытаем у гэтых.
– Ерэтыкі!
Ратуючы становішча, Юрась скочыў на лёгкіх крылах уніз. Апусціўся на памост. І тут закрычаў адзін з вандроўных гандляроў:
– Гэты! Гэты! Ён на агнявым зміі спусціўся! Хапаць яго загадана! Гэта сатана!
Паветра раздзёр свіст. Натоўп прыйшоў у рух і пачаў насоўвацца на памост… Анёл ліхаманкава аддзіраў ад памоста крыж. Распяты разбойнік разам з крыжам кінуўся ў фургон. Але ў паветры ўжо замільгалі гнілая рэпа, цыбуля і іншае. Коні рванулі з месца, кінуўшы людзей.
…Яны ўцякалі палявой дарогаю з усіх сіл, таму што ззаду, не дужа даганяючы, але і не адстаючы, з гікам беглі ганіцелі.
Паперадзе ўсіх ляцеў легкакрылы анёл. Твар у яго быў адухоўлены. Залацістыя – свае – валасы луналі па ветры. Віўся хітон, адкрываючы голыя лыткі.
За анёлам ляцеў звар'яцелы фургон. Коні ўскідвалі ашчэраныя храпы, імкнуліся з усёй сілы і ўсё ж не маглі дагнаць Братчыка. У фургоне бразгатала зброя і рэшткі рэквізіту.
За фургонам лупіў на апошніх жылах ягоны гаспадар, лысы Мірон Жарнакрут, а побач з ім задыхаўся пад цяжарам крыжа «распяты разбойнік» Шалфейчык.
Ён адставаў і адставаў, і разам з ім адставаў канвой – два эфіопы. За імі ўваўсю беглі астатнія ліцадзеі ў разнастайных вопратках. І ўрэшце, наступаючы ім на пяткі, рука да рукі, чыкільгалі два салдаты, магутны ў чэраве Пілат і Акіла-Хрыстос. Хрыстос быў голы, таму што адзенне ягонае неслі салдаты.
– Наддай! – шалёным голасам крычаў той чалавек, якога анёл зваў Іосіем.
Яны беглі, а за імі з галёканнем і свістам валіў натоўп раз'ятраных праследавацеляў.
…Хто хоча ўцячы – уцячэ. Гэтыя ўцякалі і ўцяклі. Усяго цераз якую гадзіну яны перасталі чуць галасы за спіною, а яшчэ хвілін праз трыццаць прыходзілі да прытомнасці на невялічкай палянцы.
Цурчаў пад нагамі ручай, нібы гаварыў аб марнасці чалавечых намаганняў. Сядала за вязамі вялізнае чырвонае сонца. Жарнакрут гаротна войкаў у фургоне: спрабаваў скласці паламаныя дзіды.
Пілат адсопваўся, надзімаў тоўстыя шчокі:
– Абтрасём прах гэтага горада… вух-х… ад ног нашых… Хамы… Гэта яны так… беларускага двараніна… Хай я не буду Багдан Роскаш… хай я… не ад Усяслава паходжу, а ад свінні, ад гіены, ад малпы… калі я ім гэтага не папомню.
Акіла-Хрыстос сядзеў над ручаінай, мацаў сіняк пад вокам, паліваў яго вадою:
– Гэна… Б'юцца як… Хай яно…
І яму тураваў, таксама мацаючы сінякі, Жарнакрут:
– Сцеражыцеся ж людзей: бо яны будуць аддаваць вас у судзілішчы і ў сінагогах сваіх будуць біць вас.
Адчэпленыя крылы адпачывалі побач з Братчыкам.
– Не так вы гэта, – раптам з сумнай усмешкай сказаў ён.
– А як? – гнеўна спытаў лысы Жарнакрут. – Гэта я ліцадзей. Я ведаю, як яно граць трэба. А вы тут усе – набрадзь. Вљчыце тут мяне, а правал – з-за вас. З-за вас мне ўсё паламалі. А гэта ўсё грошай каштуе.
– Што ім у тваіх містэрыях? Яны людзі цёмныя. Гэта не тое, што прывычныя шкаляры. У нас, бывала…
Жарнакрут раптам устаў:
– Слухай, Юрась Братчык… Ведаем мы, што ты за шкаляр. Кажы, што гэта там крычалі пра агнявога змія? На кім гэта ты прызямліўся?
– Крычалі таму, што бедныя, цёмныя людзі, – непарушна сказаў Братчык. – Я шкаляр з Міра.
Мірон Жарнакрут выбухнуў:
– А білі… Білі нас з-за каго?
– Білі нас за тое, што мы кепска гралі. І яшчэ таму, што яны ніколі не бачылі такога. Што ім у тваіх містэрыях? Тут трэба, як у казцы пра асіну і распяцце. Цвікі не палезлі ў рукі, а асінавыя калкі палезлі (яны, мужыкі, ведаюць, бо асінавы цвік і ў бервяно палезе). І тады распяты затросся і закляў асіну: «Каб жа ж ты ўсё жыццё так трэслася, як я зараз трасуся». Т а к о е яны ведаюць. Т а к о м у яны павераць.
– А што, – сказаў Роскаш. – Праўда.
– Праўда! Праўда! – перадражніў Жарнакрут. – Мне лепей ведаць. Я – гаспадар.
– А як гэта ты, гаспадар, адзін апынуўся на дарозе з фургонам цэлага пазорышча, у якім чалавек пятнаццаць было? Знайшоў дзе?
Жарнакрут плямкнуў вуснамі, быццам скрыню зачыніў.
– Вось што, – сказаў «анёл». – Махлярыць дык махлярыць. Што нам у гэтых бедных мястэчках? Хадзем адразу ў вялікі горад, у Гародню. І зусім без розных там вяшчальнікаў пераапранёмся за мурамі ды ў горад. І – тавар лепшым бокам.
– У Гародні людзей больш, – сказаў, мацаючы сінякі, Акіла.
– То што?
– Ты Хрыста ў Гародні сам іграй, – сказаў Юрасю Акіла. – Я цяжкі на бягу. Для мяне гэта работа дужа шкодная.
РАЗДЗЕЛ V АНАФЕМА
Я сказаў яму, што няма чаго запасіць, саліць, сушыць лаянку там, дзе яе і так досыць. Нашто гэтая справа, калі і так свет трымаецца толькі на ёй і лаюцца ўсе, ад папы і да таго, хто ходзіць з чарпаком. І чым больш лаюцца, тым больш лаянка – гарох у сценку… І потым, пры чым тут рыжы кот?
Фарс аб анафеме рыжаму кату
Гаршком назаві, ды ў печку не стаў.
Беларуская прымаўка
У той год Рым анафемстваваў Лютара і ўсіх, хто з ім, успамінаў праклёнам Арыя, Вальдэнса*, чарнакніжніка Агрыпу, Гуса і Героніма Пражскага і іншых ерэсіярхаў. У той год Масква ўспамінала анафемай Святаполка Акаяннага і ноўгарадскіх «жыдоўствуючых», якія адмаўлялі манастыры і царкоўнае землеўладанне і казалі, што Хрыстос і без біскупа ёсць Хрыстос, а біскуп без Хрыста – тфу, і нашто ён тады ўвогуле?
* Вальдэнсы – рэлегійная секта, якая ўзнікла на поўдні Францыі ў канцы ХІІ ст. Заснавальнік – П'ер Вальд, ліонскі купец (рэд.).
У той год Гародня анафемствавала мышэй.
Ніхто не кінуў горада: ні цяжарныя, ні легкаважная моладзь. Нават калі і былі гэткія богабаязныя, то было іх так мала, што іхнія ўцёкі практычна не змянілі колькасці мышынага статка.
…Над Гародняй білі званы. Глуха бухаў дамініканскі касцёл, пагражаў бернардынскі, надрываліся званы Каложы і манастыра Барыса і Глеба, трывожна гудзелі святая Ганна і набрамная Зафея, стагналі званы францысканцаў.