– А казаў жа я… Пі… піць не трэба было.
– І ўрэшце ты, апошні, – сказаў цыганаватаму кардынал. – І хутчэй. Бо першая варта ідзе да канца.
– Пане Божа, – уздыхнуў Лявон. – То ж бо, гляджу, я аж раз'юшыўся, так есці хачу.
– Нагаду-уюць вас, – іранічна сказаў Лотр. – Назаўсёды нагадуюць… Ну, кажы.
Вясёлы чорны чалавек відавочна махлярыў, нават вачыма.
– Я Міхал Іліяш. Майстра на ўсе рукі.
Ягоны рот усміхаўся вуснамі, зубамі, мускуламі шчок. Дрыжэлі, нібы ад затоенага смеху, бровы.
АПАВЯДАННЕ МІХАЛА ІЛІЯША
– Спачатку я… гм… гандляваў конямі… У мяне бабуля цыганка. Каралева краіны Цыганіі. Тут ужо нічога не зробіш. Супраць крыві не папрэш. Так наканавана, і гэта яшчэ Ян Багаслоў казаў, калі ўвесь іхні апостальскі хаўрус абвінавацілі ў канакрадстве.
– Няпраўда, – сказаў Камар. – Якое там яшчэ канакрадства? Іх не за тое…
– Хэ! А як яны белага асла дасталі? Бог ім сказаў, а яны пайшлі браць, а гаспадары спыталі, нашто ім асёл… А тыя ўзялі. То конь асёл ці не? Конь. То што вам яшчэ трэба? Шкада толькі, што так павольна дабрэе чалавек. Тады Пану Богу нашаму за гэта некалькі калоў загналі. Цяпер беднаму цыгану заганяюць адзін, але так, што гэта не лягчэй, і ніякага я тут поступу не бачу… Але дзед мой і маці з бацем былі тутэйшыя… Кінуў я гэты занятак. Нездаровы занятак дужа. Пайшоў прафесарам у акадэмію.
Конец ознакомительного фрагмента. Полный текст доступен на www.litres.ru