Литмир - Электронная Библиотека
A
A

– Ану, пайшлі з ім. Кідай справу.

– Чакай, Кляоніка возьмем. Дый цяжар там пакінем.

– Ну, давай.

Яны пакрочылі да невялікай майстэрні ў суседнім Разьбярным куце.

– Вы, хлопцы, Ціхону Вусу толькі нічога не кажыце. Сорам! Задражняць. Скажуць: «Кіпаць».

– Ты, дзядзька, маўчы, – сказаў Марка.

Перад домікам разьбяра пылу не было. Усю вулку тут засцілаў тоўсты слой стружак і габлюшак, і старых, пацямнелых, і пахучых, новых. Пад навесам, што апаясваў будыначак, стаялі загадзя зробленыя падмайстрамі балванкі, недаробленыя багі. І вялікія, і сярэднія, і зусім малыя. Над нізкімі дзвярыма – складзень з двума адкінутымі, як аканіцы, палавінамі (каб прыкрыць у дождж ці завіруху). У складні, на немалую спакусу ўсім – Маці Божая, як дзве кроплі вады падобная на славутую зеляніўшчыцу з Рыбнага рынку Фаўстыну, нават не каталічку. Фаўстына, склаўшы ручкі і схіліўшы ўсмешлівую, чарцячую галоўку, з цікаўнасцю, бы з яра на голых купальшчыкаў, глядзела на людзей.

– Кляонік, дружа! – гукнуў Марка.

Адчынілася слюдзяное акенца. Выглянула, як на майстра, то і зусім саплівая (год пад трыццаць), галава. Смяецца. А чаго не смяяцца, як дагэтуль халасты, як усе цябе любяць, нават прыгажуня непараўнальная, Фаўстына.

Кляонік, вітаючы, узняў руку з разцом. Валасы, як залацістая хмара. Цёмна-блакітныя вочы і велікаваты рот смяюцца. І Марка засмяяўся яму ў адказ. Сябры! Усмешкі аднолькавыя. Вельмі прыемныя, трохі лісіныя, але бяспечныя.

– Выходзь, Кляонік, справы.

– Чакай, вось толькі задніцу святой Інэсе дараблю, – сказаў разьбяр.

– Як задніцу? – спытаў Гіаў.

Замест адказу Кляонік паказаў у акно драўляную, у палову сажня, статуэтку жанчыны, якая ўкленчыла перад кімсьці. У жанчыны былі доўгія, да зямлі, валасы. Невядома, як гэта ўдалося разьбяру, але каштанавае дрэва гэтых валасоў было лёгкае нават на выгляд і, здавалася, празрыстае. А паколькі жанчына трохі схілілася, прыціскаючы гэтыя хвалі да грудзей, валасы ўпалі наперад, прыагаліўшы частку спіны. Дзіўнай прыгажосці была гэтая спіна, схопленая мастаком ў лёгкім, амаль непрыкметным, але поўным грацыі выгіне.

І нічога тут не было кепскага, але разьбяр нібы саромеўся трохі і гаварыў грубавата.

– А так. Яна ж валасамі галізну прыкрыла ў паганскай турме. Дзіва здарылася.

– Дык, пэўна, і… спіну? – сказаў прыгаломшана Гіаў.

– А мне што? Усё адно яна ў нішы стаяць будзе. Хто заўважыць? А мне практыкавацца трэба. Усе святыя ў рызах, бы язык у звоне, а тут рэдкі выпадак.

Некалькімі амаль нябачнымі, пяшчотнымі рухамі ён падправіў статую, кінуў ёй на галаву фартух – прыкрыйся! – і выйшаў да гасцей, падпёршы трэсачкаю дзверы.

Вестуна, Дудара і Зянонавага сябра Ціхона Вуса знайшлі ля Ціхонавай майстэрні ў залатым радзе.

Ціхон, і сапраўды такі вусаты, што каштанавыя хвалі вусоў віселі да сярэдзіны грудзей, выслухаўшы, скрывіўся.

– Дурань ты, дружа, – сказаў ён Зянону. – Я за той хлеб яму адрабіў. Пярсцёнак залаты з хрызапразам зрабіў ягонай… гм… яшчэ ў мінулым лістападзе. Яна ў лістападзе нарадзілася, то хрызапраз ёй – шчаслівы камень. Няўжо такая праца паловы бязмена збожжа не вартая? Я думаў – мы разлічыліся. І потым, калі галубы вінаватыя – ён павінен табе аддаць. Пляц, на якім ягоная крама стаіць, належыць Цыкмуну Жабе. І ён за яго ані шэлега Жабе не плоціць, а за гэта абавязаны галубоў з Бернардынскай і Янавай галубятняў гадаваць. То ён, відаць, ад нясытасці не гадуе. Вочы ў яго шырэйшыя за пуза і прагныя, як ястрабава валлё. Святых птушак да разбою прывучыў. Што ж рабіць?

Кірык схаваў у кішэнь косці, якімі ад няма чаго рабіць мужыкі гулялі ўтрох, і ўстаў.

– Ану, хадзем.

– Куды яшчэ? – спытаў Зянон. – Вечна ты, Марка, раззвоніш.

– Хадзем, хадзем, – падтрымалі каваля сябры.

Ціхон таксама ўстаў. У яго былі дзіўныя рукі, брудна-залатыя аж вышэй кісцяў – так за дзесяць год уеўся ў іх бязважкі залацісты пылок, адзінае багацце майстра. Жылаватыя вялізныя рукі.

І гэтыя залатыя рукі раптам сціснуліся ў кулакі.

…У суднай зале чыталі прысуд. Чытаў ларнік* суда, нават па выгляду дурны, як левы бот. Вырачваў вочы, рабіў жэсты пагрозы, жэсты міратворня, жэсты ўрачыстыя. А словаў зразумець было амаль нельга – быццам гарачую кашу варочаў у роце чалавек.

* Архіварыус, натарыус, часам – сакратар.

– Ясней там, – усміхнуўся Лотр.

– «…з гэтага сыходзячы, – ларнік адкашляўся, як Пярун, – высокі наш суд загадвае сатанінскаму гэтаму адроддзю…» Слухай!

Ад пярунападобнага голасу мышы ў клетцы сталі на заднія лапкі. Ларнік павучальна і ўжо ад сябе сказаў ім:

– Сказана бо, здаецца, у «Кнізе Выйсця»: «Шма, Ізраіль!» Гэта, значыцца, «слухай, Ізраіль», во як.

– У вас што, усе тут такія абдараваныя? – спытаў Лотр.

– Многа, – сказаў дамініканец.

Ларнік чытаў са скрутка далей:

– «Загадвае высокі наш суд асудзіць тых на баніцыю*, выгнаць тых мышэй за межы слаўнага княства і за межы слаўнага каралеўства, да ерэтыкоў, – няхай ведаюць. А паколькі яно высокае, наша правасуддзе, – выдаць ім ахоўную грамату ад катоў і варон». Вось яна.

* Выгнанне.

Карніла ўзяў у ларніка скрутак, пайшоў у кут, пачаў запіхваць яго ў мышыную нару. І раптам скрутак, нібы сам сабою, паехаў у падмосце, а яшчэ цераз хвіліну адтуль даляцеў радасны, сатанінскі віск.

– То ж бо, – сказаў сотнік. – З моцным не судзіся.

Волат Пархвер прыслухаўся:

– Яны, па-мойму, яго ядуць. У мяне слых тонкі.

– Іхняя справа, – буркнуў Сотнік.

У падмосці пачалася радасная валтузня.

– Бачыце? – сказаў змрочны Камар. – І яны прыйшлі. І гэтым цікава.

Кардынал устаў.

– Думаю, не павінны мы забываць аб літасці, аб чалавечнасці, а ў гэтым выпадку – аб анімалізме. Трэба даць два тыдні спакою маткам з малымі мышатамі… Нельга ж гэта, каб у дваццаць чатыры гадзіны.

– Розум добра, а дурасць – гэта дрэнна, – як заўсёды, ні з пушчы ні з поля сказаў Жаба.

– І месяц тэрміну для цяжарных мышэй, – сказаў Басяцкі.

Ларнік слухаў, што яму кажуць і шэпчуць, крэмзаў нешта пяром. Потым устаў і агаласіў:

– У адваротным жа выпадку – анафема!

Сябры стаялі ля хлебнікавых дзвярэй. Хлебнік шныпарыў вачыма па суседзях-крамніках, але тыя, відавочна, не хацелі звязвацца са здаравеннымі, як буйвалы, рамеснікамі.

– То што, – спытаў Вус, – пярсцёнка майго не лічыш?

– Чаму? – схаваў вочы хлебнік. – Ну, памыліўся. Ну, памылка. Насыплю яму яшчэ вузлік.

– І той насып, – змрочна сказаў «грак» Турай.

– Гэта чаму? – узвіўся хлебнік.

– А таму, – сказаў, смеючыся, Марка. – Чыя справа галубоў гадаваць? Ціснешся, скупірака? З-пад сябе з'еў бы?!

– Ты ўжо змоўч, шчанюк, – засычэў быў на яго хлебнік.

– А я вось табе дам «вузлік», – заступіўся за сябра Кляонік.

– Ты чаго лезеш?! Ты?! Каталік! Брат па веры!

– Брат я табе на нашых могілках буду: ты ля капліцы, я – з краёчку, дарма што я багоў рабіў, а ты іх рабаваў.

– Блюзнер! – кіпеў хлебнік.

– Змоўч, кажу, – усміхаўся Кляонік. – А то я з цябе лішняе дрэва здыму або зусім зраблю з цябе Яна Непамуцкага*.

* Адрэжу галаву.

– А вось табе і торба дзеля гэтага. – Кірык кінуў да ног хлебніка мех.

– Гэта яшчэ нашто? – пачырванеў той.

– Ён даў табе дзесятую частку талера. Гэта больш паловы вось гэтага меха.

Зянону было хоць праз зямлю праваліся. Сам не здолеў, лабідуда, то вось сябры за яго распінаюцца.

– Не, – ледзь выдушыў хлебнік.

– Значыцца, не дасі жыта?

– Раджу, ці што?

– Та-ак, – падазрона спакойна сказаў Кірык. – Духі святыя ўсё падзяўблі, мышы падсудныя.

І ён раптоўна ўзяў хлебніка за грудзі.

– П'янюга, мачыморда, рабаўнік, ты ў мяне зараз Нёманаву ваду будзеш піць да страшнага суда.

– Дзядзька… Дзядуля… Татуля… Швагер.

– Ідзі, – кінуў яго ў дзверы Вястун.

Хлебнік пабег у склад.

– Дзі-ур-лі-бе-бе-бе-бя-бя-бя, – непераймальна, да самых нізкіх гукаў спускаючыся, прабляяла яму наўздагон дуда. Нібы вялізны дурны баран аддаваў Пану Богу садухі.

10
{"b":"13178","o":1}