Литмир - Электронная Библиотека
A
A

* Клявец – востраканечны малаток для насякання жорнаў.

– Чаго табе?

– Хлеба.

Хлебнік зірнуў на рудога суседа. Замест адказу спытаў:

– Дзяцей у цябе многа?

– Хопіць.

– Ну вось, каб у мяне так зернеек было… А чаго ты да каго з паноў не пойдзеш ды купу* не возьмеш?

* Пазыка.

Рука Зянонава паказала на клявец:

– Гэта ўсё адно што вось адразу г э т а аддаць… Гэта ўсё адно што вось зараз яго табе аддаць ды пайсці.

– Гэтую цацку?

– Гэта т а б е яно – цацка.

– Бач, горды… Няма ў мяне хлеба.

Зянон уздыхнуў, зразумеўшы, што пазычыць не выйдзе. Была ў яго ў хаце шкура срэбнай лісіцы, яшчэ зімовая, ды ўсё бярог, і вось толькі ўчора, жадаючы прадаць даражэй, заквасіў апошнюю жменю мукі ды намазаў шкуру з мяздранага боку. Не выпадала аддаваць апошнюю манету, мала што можа здарыцца за два тыдні, пакуль не прадасць лісіцу (мог прыехаць, напрыклад, поп, і тады не абярэшся лаянкі, а можа, і горшага), ды што зробіш.

Ён выцягнуў манету з-за шчакі, лінуў на яе вадою з цэбра, што стаяў на зрубе.

– Чаго мыеш?

– Я-то здаровы. А бываюць розныя, пракажоныя хаця б. Хоць усё гэта і ад Бога, а ў рукі браць брыдка.

– Ну, гэта як каму, – усміхнуўся хлебнік.

– То дасі?

Хлебнік пачухаў галаву:

– Дынарый кесара. Любы ты мой чалавек. Чалавек ты ўжо дужа харошы. Горды. Ну, можа, наскрабу. – І манета знікла, нібы яе й не было.

Зянон стаяў і чакаў. Праехаў паўз яго воз з сенам да брамы бернардынаў. Побач ішоў здаровы дурыла-манах. Калматы сялянскі конік пацягнуўся быў да воза – манах ударыў яго па храпе. Конік звыкла – нібы заўсёды так было паложана – апусціў галаву са слёзнымі вачыма.

І тут Зянон убачыў, як напярэймы возу ідзе знаёмы каваль, Кірык Вястун, боўдзіла, можа, толькі на галаву ніжэйшы за славутага Пархвера. Твар адмыў, а рукі – чорт ты іх нават за тыдзень адмыеш. Смяецца, зубы прадае. Жоўты ў пшанічны колас, як агонь у ягонай кузні. Вочы ястрабіныя. Скураны фартух цераз плячо, у адной руцэ молат. А з ім ідзе яшчэ адзін здаравіла (ох, і здаровы ж гародзенскія мяшчане, дый паўсюль па Белай Русі не горшыя!), толькі што худзейшы ды валасы занадта доўгія. Гэты – у бялюткай, як снег, світцы і ў данельга заляпаных гразёю поршнях. Цераз плячо – казіныя мяхі вялізнай дуды.

Дудар глянуў на сцэну з конікам, пайшоў да воза і скубануў адтуль вялікі ахапак сена. Манах сунуўся быў да яго, але тут павольна падышоў Вястун.

– Чаго табе, чаго? – спытаў нявінным голасам.

Дудар ужо кінуў сена коніку.

– Еш, Божая худоба, – і трапануў яго па грыўцы, што звісла на вочы. Жывёла прагна пацягнулася да сена.

– Сена шкадуеш, куражэр? – спытаў Кірык. – От так табе чэрці ў пекле халоднай вады пашкадуюць.

– Сам у пекле будзеш, дысыдэнт*, – сказаў бернардынец.

* Хрысціянін, не каталік.

– За што? За тое, што не так жагнаюся? Патрэбна гэта Пану Богу, як тваё мінулагодняе дзярмо.

– Блюзнер! – круцячы вачыма, як баран перад пратэсамі, прахрыпеў мніх.

– Скубі яшчэ ахапак! – скамандаваў Кірык.

Валыншчык марудзіў, бо манах пацягнуўся да корда. І тады каваль узяў яго за руку з кордам, хвіліну павагаўся, адольваючы немалое супраціўленне, і павёў руку з кордам да мніхава лба:

– А вось я цябе навучу, як схізматы хрысцяцца. Хаця раз ды саграшы.

Каб не параніцца, бернардынец расціснуў кулак. Корд змейкаю бліснуў у пыле. Дудар падумаў, узняў яго, з сілаю шпурнуў у студню. Там гулькнула. Ён паправіў дуду і пайшоў да воза.

– Вось так, – Вястун з сілаю прыпячатаў мніхаў кулак да ягонага лба. – І вось так, – мніх сагнуўся ад штуршка ў жывот. – А цяпер правы плячук… Куды ты, куды? Не левы, а правы. А вось цяпер – левы.

І з сілаю адкінуў мніха ад сябе.

– Блюзнерства гэта, Кірык, – няўхвальна сказаў дудар. – Гарэзаванне.

– Кінь, – плюнуў каваль. – Унь Кляонік каталік. Што я, прымушаў яго па-нашаму жагнацца? Ды я яго кулаком абмахаў, а не пяццю пальцамі. Кінь, дудар, сам хвігаю жагнаешся.

Конік удзячна хітаў галавою. І тут сёй-той на плошчы, і Зянон, і нават сам каваль свіснулі. З абскубенага воза тырчалі жаночыя ногі, падціскаліся. Мніх з бліскавічнай хуткасцю ссунуў на іх сена, пабег побач з коньмі, падганяючы іх.

Брамнік з грукатам адчыніў перад возам браму. Усміхнуўся з разуменнем справы.

Воз знік. Ляснулі палавіны брамы.

– Бачыў? – з рогатам спытаў Кірык. – Вось табе і скубанулі.

– Вачам не веру, – палез у патыліцу дудар.

Сябры з рогатам рушылі вуліцай, стараючыся заняць як мага больш месца.

«Трэба будзе з кавалём пагаварыць», – падумаў Зянон.

Хлебнік ужо выйшаў з невялічкім хатульком. Гледзячы ў спіны сябрам, шапянуў:

– Ерэтыкі. Цяпер вядома, адкуль такія лісткі падмётныя, вабныя з'яўляюцца, ад якіх такіх братэрстваў.

Зянон убачыў клуначак.

– Ты што? Пабойся Бога, хлебнік.

– Уздаражэла збожжа, – пазяхнуў той. – Ну і… потым… табе ўсё адно праз тыдзень прыходзіць, то астачу, столькі ж, тады возьмеш. Каб не навальваўся адразу, каб далей хапіла. Я цябе шкадую.

– А збожжа тым часам яшчэ ўздаражае?

– Шкадуй пасля гэтага людзей, – сказаў рыбнік.

– Слухай, ты, – засіпеў хлебнік. – Мала ў мяне хлеба. Зусім амаль няма. І мог бы я табе і праз тыдзень нічога не даць, і ўвогуле не даць. Ціхон Вус твой сябар?

– Ну, мой.

– Не ведаеш закону? Між сяброў кругавая парука. Вус мне двойчы па столькі вінен. Ідзі… І калі хочаш, каб увесь горад цябе па языках трапаў, каб усе ў цябе пальцамі торкалі і казалі: «Вось, кіпаць*, мужык прагны, сябра, чулі, як шкадуе, як выручыць не згадзіўся?…», калі хочаш прытчай і наруганнем агульным быць – тады прыходзь праз тыдзень за другой паловай.

* Кіпаць – зняважлівае, даўнейшае прозвішча мужыкоў: кулак, скупая цёмная дзеравеншчына.

Зянон стаяў бледны. Ён ведаў: яго толькі што бессаромна падманулі. І што цяпер даваць дзецям? Але ён ведаў і тое, што ні праз тыдзень і ніколі не прыйдзе па астатняе збожжа. Звычай ёсць звычай. Ніхто не дапаможа, усе будуць паказваць пальцамі на чалавека, які не заплаціў доўг за бліжэйшага друга, не дапамог яму.

Акруціў, навалач-хлебнік.

Заграбаючы поршнямі пыл, Зянон рушыў ад крам. Што ж цяпер рабіць? Што будуць есці дзеці?

Рука ягоная трымала клунак, зусім не адчуваючы яго, нібы ватнымі пальцамі. Усё больш разгіналіся яны – ён не заўважаў, глядзеў невідушчымі вачыма перад сабой.

Хатулёк выслізнуў у пыл і, не завязаны, а проста сабраны, расхінуўся. Жыта пасыпалася ў пыл. Ён хацеў сагнуцца і падабраць хаця тое, што ляжала купкаю, але ў гэты момант са стрэх, з дахаў, са званіц касцёла бернардынцаў, адусюль, са свістам разразаючы паветра, падаючы проста грудзьмі, рынулі на яго соценныя чароды галубоў.

Ежы ім апошнія месяцы не хапала. Ашалелыя ад голаду, забыўшыся на ўсялякае самазахаванне, яны біліся перад Зянонам у пыле, дзяўблі зямлю і адзін аднаго, суцэльным комам варушыліся перад ім.

– Вестуны Божага міру, – разумеючы, што ўсё прапала, сказаў мужык. Не даваць жа выспятка, не таптаць было святую птушку. Зянон махнуў рукою.

– Разява, – зарагатаў ля крамы рыбнік. – Рукі ў…

Зянон не пачуў. Ён доўга ішоў бязмэтна, а потым падумаў, што ўжо ўсё адно, што трэба, ад няма чаго рабіць, хаця б знайсці Вестуна, пагаварыць трохі, адцягнуць нясцерпнае вяртанне дахаты.

І ён пайшоў у той бок, дзе зніклі дудар і Вястун. Не дайшоў. Насустрач яму ішлі яшчэ знаёмыя. Адзін, шырокі ў касці, да сіняга чорны і добра такі сівы, падстаркаваты гараджанін цягнуў, нібы звязку аеру, ахапак адкутых мечных палосаў. Другі, малады і вельмі падобны на падстаркаватага, такі самы сухі тварам, гожы, праманосы, з добра выразаным усмешлівым ротам, валок інструмент. Гэта былі мечнік Гіаў Турай і ягоны сын, Марка.

– Здароў, Зянон, – сказаў Марка.

– Дзень добры, – сказаў Гіаў.

– Здароў.

– Чаго гэты ты, нібы каня няўдала ўкраў? – спытаў Марка.

Зянон неахвотна расказаў усё. Гіаў свіснуў і раптам сказаў сыну:

9
{"b":"13178","o":1}