Литмир - Электронная Библиотека

Пастух спасьцярог дзяўчыну здалёк i, калi прыблiзiлася да яго, ня выказаў нiякага зьдзiўленьня, быццам вось пяць хвiлiн назад зь ёю бачыўся. Глядзеў на яе спакойна. Ля ног яго ляжаў Тапсiк i, выпяцiўшы язык, паглядаў то на гаспадара, то на дзяўчыну, быццам угадваючы што ён мае рабiць з прычыны паяўленьня гэтае наведвальнiцы ў полi.

У Януковых вачох Дуня дагледзiла нешта новае, чаго там не было раней. Хлапец спаважнеў, здавалася, падрос. Яна была пэўная, што ад часу, калi бачылiся, ён шмат перажыў. Гэта не магло мя мець уплыву на ягоную натуру.

— Але-ж ты рана справiлася, — сказаў зусiм спакойна Янук i паправiў правай рукой шэрую кепку на галаве.

— Гэта баравiкi вiнаватыя, а ня я, — хвалiлася, зiрнуўшы на кошык, Дуня.

— Многа ёсьцiка?

— Мястамi хоць ты касой касi. Шкода, што нi было куды браць.

— Дык можаш яшчэ раз схадзiць, не?

— Можа й схаджу яшчэ сягоньнiка. Алi перш можа ў Гацi пайду, трэба зёлкi Жыду занесьцi. А тады ўжо калi, дык па паўднi.

— Усё зьбiраiш ды зьбiраiш, — казаў хлапец, прыглядаючыся пузе.

— Трэба-ж. Жаць нi пайду.

— Ну што ў цябе там?

— Ды нiчога. Можа ты мне што новага скажаш?

— Сама, пэўня, знаiш. Усе людзi гаворуць.

— Ты пра гэтага баньдзiта, што на бацьку з ножам кiнуўся?

— Пра каго-ж яшчэ. Бадзяiцца, як той сабака, па чужых заўгольлях. Бацька прыпiльнаваў, дык i кiнуўся. Толька-ж я думаю сабе, чаго гэта ён якраз у нашую пуню прыйшоў? Ну добра, што пiраспацца, але чаму гэта нашу выбраў? Цi гэта ад бацькi хацеў чаго?

Дуня нiчога не адказала.

— I знаiш яшчэ што? Мушу табе расказаць. Прышоў я раз на Гараватку пад Архiпа. А там, угадай хто сядзiць: стары дзед Якуб. I каб ты чула, што ён мне расказаў. Доўгая гэта гаворка. Надта цiкавую лягэнду пра Гараватку расказаў, от што. Ды яна такая нiзвычайная, што от ужо столька дней думаю i нi магу да толку дайсьцi, цi так магло быць, цi не. Дзед мне добрую загадку даў. Алi мушу табе расказаць…

— Тапсiк, чорную кусi! — загадаў Янук сабаку.

— Дык раскажы, — сказала Дуня.

— Дык гэта так адным цi двумя словамi ня йдзець. От калi зьбярэсься ды будзеш час мець, то можа. Вiджу, што ты сьпяшысься, мусiць…

— Ну нiхай патвоему будзiць. А скажы мне, дзе гэта тут хто на дудцы йграў?

Янук крышку пачырванеў, спусьцiў вочы долу й нiчога не адказаў.

— Пакажы, дзе яна, — настойвала Дуня.

— А нашто табе? Ды якi там зь мяне iгрэц?

— Ну алi чаго-ж стыдаесься? Пакажы, можа i я заграю.

Янук падыйшоў да крушнi каменьня, што ляжала на ўзьмежжы, выцягнуў адтуль закручаную ў нейкi рызман бяроставую дудку. Падаў Дунi.

— Гляньце вы на яго! — дзiвiлася дзяўчына, уважна абглядаючы дудку. — I калi гэта ты яе зрабiў? Што табе ў галавы прыйшло?

— Нi я зрабiў, а ў лiпавiцкага Хвядоса выпрасiў. У яго iх нi адна.

— Дык што, музыкантам будзiш?

— Каб я знаў. Мне цяперака нi да граньня. Але от пагуджу дык душу адвяду…

— Ну а мне можна папробаваць?

— Чаму-ж не. Дуй.

Дзяўчына, нязручна трымаючы, прыклала дудку да вуснаў i няпялiлася. Аж пачырванелi шчокi, а дудка ледзь адгукнулася нiзкiм тонам.

— У-ух! — злавiла паветра Макарунiшка. — Гэта-ж, мусiць, ня так лёкка, як я думала.

Яна пачырванела ня толькi ад напружанага дзьмуханьня, але й ад сораму.

— Ну гэта-ж нi бабская работа, — задзiрыста сказаў Янук. — Дый на пусты жывот цяжка. Ты-ж цi ела яшчо?

— Не.

— Дык от другiм разам папробуеш на поўны жывот.

— Дык пайду, — сказала дзяўчына, аддаючы пастуху дудку.

— Прыдзi другiм разам калi, дык пiрадам табе, што мне дзед Якуб расказваў.

— Добра, забягуся калi.

Яна ўзяла на руку напоўнены бурагаловымi баравiкамi кош i пайшла, а Янук доўга глядзеў усьлед. Шкадаваў, што не магла пабыць зь iм якую гадзiну цi болей, каб падзялiцца думкамi, якiя вось ужо колькi часу не давалi яму супакою.

У Макатунiшыным падворку дзеткi корпалiся ў пяску, самы найменшы ганяўся за курыцай. Старая Макатунiха сварылася на яго, каб перастаў. Дуня на хаду хапiла астыўшую ўжо бульбiну з муньдзiрам, сербанула кiслага малака ды ўзялася за грыбы. Ладна прайшло часу, пакуль пачысьцiла, параскладала на бляхi й паставiла ў печ i на двор на падаконьнi сушыць баравiкi.

Ужо ля полудня пабегла яна з васiлькамi ў Гацi. У мястэчку быў адзiн крамнiк, што купляў зёлкi. Зваўся ён Габа. Было вельмi не на руку зьбiральнiкам зёлак, што Габа трымаў у Гацях зёлачны манаполь i плацiў менш, чымся рынкавыя цэны ў iншых далёкiх мястэчках, дзе зёлкамi гандлявалi Жыды. Хоць, праўда, усе тыя Жыды прапанавалi адну цану, як змовiўшыся, адылi на хуньце можна было якi лiшнi пятак вымантажыць. Але дзе-ж ты паедзеш такi сьвет дарогi. Цэлы дзень трэба трацiць. Не аплацiца аўчынка вырабкi. Дык i Дуня, адна з многiх, была на Габавай ласцы, калi прыносiла ў Гацi зёлкi.

Гэтым разам Жыда не было ў краме, а зёлкi прыняла старая Габiха. Грузная й таўстая над меру, брыдкая з твару, скупая на словы, яна папыталася Дуню, цi ўжо васiлькi скончылiся, ды якiя зёлкi яна цяпер зьбiрае. Раiла прыносiць усё назьбiранае да яе, бо яна дае найлепшую цану, нават большую, чымся ў Докшыцах цi Глыбокiм можна дастаць.

Дуня ведала цану жыдоўчыных словаў i таму дзiвiлася, як гладка гэтая таўстабрухая кабета магла чмуцiць. Не было-ж-бы для яе нiякага ўрону, каб не выхвалялася няпраўдай, каб памаўчала. Не, дык мусiць, ня ўцерпiць. Усе Жыды такiя, — думала дзяўчына.

Праз поўадчыненыя заднiя дзьверы, адкуль далятаў дзiцячы вэрхал, увайшоў у краму малы жыдзянёнак, гадоў так, можа, тры. У руках трымаў ён абкусаную вялiкую булку, якая — Дуня гэта ведала — каштавала ў пякарнi дзесяць грошаў. Хлопчык стаяў у дзьвярох замурзаны, дзьве сьвечкi з-пад носа аж у рот, ды мяў тую булку ў бруднай руцэ. Ажно Дунiны вочы разыйшлiся. Забылася, што мусiць сачыць, цi Габiха на вазе не ашукае, — зрок ейны ўпiўся ў тую булку. Малы паглядзеў на Дуню моўчкi, пасьля кiнуў булку вобземлю й пайшоў за дзьверы. Дзяўчына глядзела на булку, што ляжала на закарэлай i прагнiлай мейсцамi падлозе, ды нешта цiснула яе за горла.

Тымчасам Габiха адклала зельле й лiчыла грошы.

— Два злоты й фуфцiг, — сказала, перадаючы Дунi манэты.

— Як гэта? Тры кiлi было! — усхадзiлася дзяўчына.

— Нi было. Ты мяне асукаць хоца, — сказала Габiха. Чырвоны, як з на драждох падыйшоўшымi шчокамi твар задрыгаў пры гэтых словах.

— Матка iз бязьмен вазыла? — пыталася Дуню.

— На бязьмен, але-ж…

— Васа бязьмен нядобгы, — цьвердзiла сваё Жыдоўка. — Мая вес добгы, мая вес нi зманiць. От паглядзi!

Пры гэтых словах яна паклала на вагу кашолку, каб зважыць яе. Крыху нацiснула на кашолку рукой, каб збольшыць вагi. Рычаг паказаў блiзка паўкiляграма. Тады Жыдоўка высыпала ў яе высушаныя пялёсткi васiлькоў, гэтым разам iзноў не адымаючы i, як здалося Дунi, прытрымлiваючы вагу рукой. Дзюбкi рычагоў зыйшлiся гарызантальна. На талерцы ляжалi важыкi ў два з паловай кiляграмы.

— Ну вiдзiс, мае вес добгы, гэта васа бязьмен нядобгы.

Дуня была злосная. Нават стары Габа быў сумленьнейшым. Яна бяз слова загарнула грошы ў хусьцiнку, завязала iх старанна ды, цiснучы ў потнай руцэ, выйшла з крамы.

— Гэта лахудра, каб яе гаручка, абманываiць на вачох, — гаварыла дома Дунi матка. — Трэба было глядзець яе, ато жыць нябудзiць, калi не абманець.

41
{"b":"103052","o":1}